Будучыя выхавальнікі з прадпрымальніцкай жылкай

Пазабюджэтная дзейнасць даўно стала часткай работы ўстаноў адукацыі, у тым ліку дашкольнай. Яна дазваляе зарабіць дадатковыя сродкі на развіццё ўстановы і прапанаваць бацькам дадатковыя паслугі для іх дзяцей. Каб паспяхова вырашаць абедзве гэтыя задачы, супрацоўнікам надзвычай важна валодаць пэўнымі прадпрымальніцкімі кампетэнцыямі. У Сацыяльна-гуманітарным каледжы Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова дзеля фарміравання такіх навыкаў рэалізоўваюць інавацыйны праект “Укараненне педагагічнай сістэмы фарміравання прадпрымальніцкай кампетэнтнасці будучых педагогаў дашкольнай адукацыі ў каледжах”.

Да праекта прывёў эксперымент

Гурткі, школы развіцця дзяцей ранняга і дашкольнага ўзросту, падрыхтоўка малых да школы — паслугі, якія карыстаюцца папулярнасцю ў многіх бацькоў. А таму сучасны выхавальнік павінен быць гатовым да вырашэння праблем і задач новага пакалення, у тым ліку да стварэння груп кароткачасовага знаходжання дзяцей, адкрыцця садоў у жылых дамах (сямейныя дзіцячыя сады), арганізацыі работы груп па інтарэсах на платнай аснове (эстэтычнага, эканамічнага, фізкультурна-аздараўленчага, экалагічнага і іншых кірункаў, вывучэння замежных моў і г.д.), прасоўвання новых відаў платных паслуг, ажыццяўлення рэкламнай дзейнасці ў сферы адукацыі і г.д. Канечне, без адпаведнай падрыхтоўкі справіцца з гэтым цяжка. І ў каледжы, які ўзначальвае Алена Усеваладаўна Кравец, гэта добра разумеюць.

Акрамя ўсяго іншага, Канцэпцыя бесперапыннага выхавання дзяцей і навучэнскай моладзі прадугледжвае са­дзейнічанне пазітыўным маладзёжным ініцыятывам у прадпрымальніцтве.

— Будучым спецыялістам падчас навучання ў каледжы варта авалодаць асновамі эканамічнай дасведчанасці яшчэ і для таго, каб у далейшым даваць эканамічныя веды сваім выхаванцам, а таксама мець магчымасць пры жаданні адкрыць прыватны бізнес. Гэта можа быць адным са шляхоў вырашэння праблемы забяспечанасці дзяцей месцамі ва ўстановах дашкольнай адукацыі, — гаворыць намеснік дырэктара каледжа Ірына Ула­дзіміраўна Яўменчык. — Мы, асэнсаваўшы актуальнасць гэтага, у 2017/2018 навучальным годзе сталі ­ўдзельнікамі эксперымента па апрабацыі педагагічнай сістэмы прадпрымальніцкай кампетэнтнасці навучэнцаў нашай установы. Па яго выніках Міністэрства адукацыі зацвердзіла каледж у якасці базы для рэалізацыі інавацыйнага праекта. Кансультуе нас метадыст цэнтра навукова-метадычнага забеспячэння прафесійнай адукацыі Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Наталля Вацлаваўна Агеева. 

Безумоўна, тое, што сацыяльна-гуманітарны каледж праводзіў спачатку эксперыментальную дзейнасць, дапамагае яму працаваць па інавацыйным праекце, бо яшчэ тады была створана мадэль працэсу фарміравання прадпрымальніцкіх кампетэнцый будучых выхавальнікаў, наладжана сістэма сацыяльнага партнёрства, вызначаны комплекс фарміравання такіх кампетэнцый ва ўмовах гэтага партнёрства, вучэбна-метадычнае забеспячэнне, алгарытм работы. 

Акрамя таго, творчая група, якая рэалізоўвае праект, зрабіла аналіз патрабаванняў адукацыйнага стандарту, заказчыкаў кадраў, спажыўцоў адукацыйных паслуг, стану матэрыяльна-тэхнічнай базы каледжа, крытэрыяў вызначэння схільнасцей да прадпрымальніцкай дзейнасці, распрацавала індывідуальныя планы фарміравання прадпрымальніцкай кампетэнтнасці ў будучых педагогаў дашкольнай адукацыі, выканала іншыя задачы.

— Мы, канечне, сфармулявалі паняцце такой кампетэнтнасці, — расказвае Ірына Уладзіміраўна. — Гэта сукупнасць асобасных і прафесійна-дзелавых кампетэнцый выхавальніка, валоданне якімі дазваляе аптымізаваць вырашэнне функцыянальных і прафесійных задач, дасягаць эфектыўных вынікаў педагагічнай дзейнасці ў дзяржаўных і прыватных установах адукацыі.

Для рэалізацыі праекта быў абноўлены змест адукацыйнага стандарту, тыпавога вучэбнага плана і тыпавых вучэбных праграм па вучэбных дысцыплінах, вучэбнай і вытворчай практыцы. Пры яго ўдалай рэалізацыі магчыма стварыць цэнтр падрыхтоўкі педагогаў дашкольнай адукацыі ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі WS на базе адной з устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі, што паспрыяе пашырэнню працаўладкавання маладых спецыялістаў ва ўстановы рознай формы ўласнасці, дазволіць ім самастойна ажыццяўляць індывідуальнае прадпрымальніцтва па рэалізацыі праграмы дашкольнай адукацыі і тым самым забяспечыць стабільнасць у кадравай палітыцы на спецыялістаў гэтай катэгорыі, вырашыць іншыя задачы.

Новыя грані прафесіі

— Фарміраванне прадпрымальніцкіх кампетэнцый у будучых педагогаў-да­школьнікаў — працэс няпросты, уключае шмат крокаў, — заўважае мая суразмоўніца. — Мы даём магчымасць навучэнцам уключацца ў яго праз розныя адукацыйныя формы: семінары і трэнінгі, псіхалагічную падрыхтоўку, куратарскія гадзіны, сустрэчы з паспяховымі людзьмі. Спецыяльная падрыхтоўка дазволіць выпускнікам каледжа быць канкурэнта­здольнымі на рынку працы.

Так, у мінулым годзе ва ўстанове ўкаранілі мадэль працэсу фарміравання прадпрымальніцкіх кампетэнцый будучых выхавальнікаў дашкольнай адукацыі ў каледжах, у адпаведнасці з якой удзельнікі інавацыйнага праекта прынялі ўдзел у мерапрыемствах па павышэнні матывацыі да выбранай прафесіі, фарміраванні гатоўнасці навучэнцаў да прадпрымальніцкай дзейнасці ў сферы адукацыі, развіцці прадпрымальніцкіх, арганізатарскіх, камунікатыўных здольнасцей і г.д.

Набыць практычныя навыкі прадпрымальніцкай кампетэнтнасці можна праз розныя віды прафесійнай дзейнасці: правядзенне майстар-класаў з дзецьмі ранняга і дашкольнага ўзросту і іх бацькамі, аніматарства, правядзенне заняткаў па ЛЕГА-канструяванні і робататэхніцы, правядзенне віртуальных экскурсій, квестаў, доглядзе і выхаванні дзяцей дома, ажыццяўленне адукацыйных паслуг, правядзенне святочных тэматычных мерапрыемстваў, вечарын, комплекснай работы на дзіцячых пляцоўках у гандлёвых цэнтрах і інш.

У рамках вучэбнага працэсу і пазавучэбнай дзейнасці былі арганізаваны прак­тыкумы, дыялогі, дзелавыя гульні, круглыя сталы, майстар-класы, семінары, распрацоўка бізнес-праектаў, мазгавы штурм, сустрэчы з прадстаўнікамі арганізацый — заказчыкаў кадраў, удзел у алімпіядах, віктарынах, навукова-практычных канферэнцыях, у тым ліку міжнародных (напрыклад, у III Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Навука і адукацыя ў сучасным свеце: выклікі ХХІ стагоддзя”), конкурсах прафесійнага майстэрства.

Так, для развіцця і ўдасканалення прафесійнай кампетэнтнасці, камунікатыўных здольнасцей, навыкаў арганізатарскай работы навучэнцы эксперыментальнай групы разам з выкладчыкамі актыўна ўключыліся ў рух WorldSkills. На базе каледжа нават быў праведзены абласны этап нацыянальнага чэмпіянату WorldSkills—Belarus—2020 па кампетэнцыі “Дашкольная адукацыя”. Навучэнка каледжа на ІV Рэспубліканскім конкурсе WorldSkills—Belarus—2020 у сваёй кампетэнцыі заваявала дыплом ІІ ступені.

З мэтай паглыблення ведаў навучэнцаў у галіне арганізацыі платных паслуг у дашкольных установах былі арганізаваны экскурсіі. А падчас праходжання практыкі дзяўчаты выконвалі індывідуальныя заданні для вывучэння работы па арганізацыі дадатковых адукацыйных паслуг на платнай аснове ва ўстановах дашкольнай адукацыі.

Для рэалізацыі інавацыйнай дзейнасці былі распрацаваны элементы вучэбна-метадычных комплексаў па дысцыплінах “Асновы эканомікі адукацыі”, “Інфармацыйныя тэхналогіі”, факультатываў “Праектная і даследчая дзейнасць установы дашкольнай адукацыі” і “Інфармацыйна-рэкламная дзейнасць”. Удзельнікі творчай групы выкладчыкаў павышалі кваліфікацыю, у тым ліку для правядзення інавацыйнай работы.

— Мы бачым, якія вынікі дае работа ў рамках праекта, і разумеем, што яна дазваляе нашым навучэнцам выходзіць за рамкі праграмных патрабаванняў, прагназаваць уласны патэнцыял, фарміруе асобасныя кампаненты прадпрымальніцкай кампетэнтнасці будучых педагогаў дашкольнай адукацыі, — заўважае І.У.Яўменчык. — Аналіз атрыманых вынікаў паказвае, што праект актуальны, ён дазваляе ўкараняць інавацыі ў сістэму дашкольнага выхавання, спрыяе рэалізацыі ўласных бізнес-праектаў у сферы дашкольнай адукацыі, развівае многія здольнасці і ўменні нашых навучэнцаў напрыклад вучыць іх правільна ацэньваць рызыкі пры арганізацыі тых ці іншых відаў дзейнасці, выконвае іншыя важныя задачы.

Удзельнікамі інавацыйнай дзейнасці ў мінулым навучальным годзе былі больш за 50 навучэнцаў, у творчую групу ўваходзяць метадысты, педагогі-псіхолагі, выкладчыкі. У 2020/2021 навучальным годзе рэалізацыя праекта працягваецца. У прыватнасці, праграма інавацыйнай дзейнасці Сацыяльна-гуманітарнага каледжа МДУ імя А.А.Куляшова на гэта год прадугледжвае распрацоўку практычнага дапаможніка па арганізацыі платных паслуг ва ўстановах дашкольнай адукацыі; падрыхтоўку праграм некалькіх факультатыўных курсаў, у тым ліку курса “Асновы фінансавай дасведчанасці”; партфоліа дасягненняў і самарэалізацыі будучых педагогаў дашкольнай адукацыі; стварэнне спецыялізаваных кабінетаў “Прыватныя методыкі”, “Эканоміка адукацыі, прадпрымальніцкай дзейнасці і кіравання праектамі” .

Укараненне ў адукацыйны працэс эксперыментальна ­апрабаванай педагагічнай сістэмы фарміравання прадпрымальніцкай кампетэнтнасці будучых педагогаў-дашкольнікаў бачыцца праз пэўны час рэальным. А неабходнасць валодання адпаведнымі навыкамі і ведамі адчувае, здаецца, кожны, хто сёння працуе ў сістэме адукацыі, і не толькі дашкольнай. У магілёўскім каледжы, ва ўсялякім выпадку, у гэтым упэўнены.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва каледжа.