Блокчэйн — ідэальнае асяроддзе для развіцця навукі

Фінансавая дасведчанасць — гэта ў першую чаргу, разумныя фінансавыя паводзіны. Вучыць ім, як і ветлівасці і павазе да дарослых, трэба з дзіцячага ўзросту, бо дзеці — гэта будучыя ўкладчыкі, пазычальнікі і падаткаплацельшчыкі. Вялікая роля ў павышэнні фінансавых ведаў належыць факультатывам па эканоміцы і фінансах, а таксама праектам і конкурсам, што праводзяцца ў краіне.

На чым трэба акцэнтаваць увагу, размаўляючы з вучнямі аб эканоміцы і эканоміі? Ці трэба далучаць да праектаў па фінансавай дасведчанасці педагогаў? Гэта і іншае нам падрабязна растлумачыла навуковы супрацоўнік Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Анастасія ЛУЗГІНА.

— Анастасія, якія праграмы ці праекты, накіраваныя на павышэнне фінансавай дасведчанасці, з’явіліся ці працягва­юць развівацца ў краіне пасля таго, як у красавіку 2019 года Саветам Мініс­траў была зацверджана і падпісана пастанова “Аб плане сумесных дзеянняў па павышэнні фінансавай дасведчанасці насельніцтва на 2019—2024 гады”?

— Справа ў тым, што гэты план па павышэнні фінансавай дасведчанасці насельніцтва з’яўляецца ўжо другім. Першы быў рэалізаваны ў 2013—2018 гг. У рамках яго выканання быў атрыманы шэраг станоўчых вынікаў. Напрыклад, калі параўноўваць даныя апытанняў грамадзян у 2013 і 2016 гг., то за 3 гады ўзрасла доля тых, хто мае выдатны і добры ўзровень ведаў і ўменняў па фінансавай матэматыцы. Большасць грамадзян правільна ацэньваюць памеры скідкі і выгаднасць пакупкі. У параўнанні з іншымі краінамі СНД узровень фінансавай дасведчанасці беларусаў таксама знаходзіцца на даволі высокім узроўні. Згодна з данымі Нацыянальнага банка, паступова павялічваецца доля безнаяўных разлікаў. У той жа час структура фінансавых паводзін грамадзян за мінулы перыяд практычна не змянілася. Асноўную частку даходаў насельніцтва траціць, а зберажэнні робіць па астаткавым прынцыпе. Невысокі ўзровень ведаў назіраўся таксама ў сферы аперацый з каштоўнымі паперамі. Такім чынам, нягледзячы на пэўныя станоўчыя тэндэнцыі, існуе патрэба ў далейшым павышэнні фінансавай дасведчанасці грамадзян. У сувязі з гэтым у плане па павышэнні фінансавай дасведчанасці насельніцтва на 2019—2024 гады вылучаюць наступныя прыярытэтныя сферы: персанальныя фінансы, базавыя фінансавыя веды, лічбавыя фінансавыя тэхналогіі, падатковая дасведчанасць, страхаванне і абарона правоў спажыўцоў фінансавых паслуг. Безумоўна, усе пералічаныя кірункі вельмі важныя і шматгранныя. Разам з гэтым я лічу, што найбольш складаным сегментам з’яўляецца павышэнне ведаў у галіне лічбавых фінансавых тэхналогій: у гэтым выпадку фінансавыя веды павінны быць падмацаваны лічбавымі навыкамі.

Калі гаварыць пра канкрэтныя праекты ў галіне фінансавай дасведчанасці, то ў гэтым кірунку вядзецца актыўная работа з боку як Нацыянальнага банка так і іншых дзяржаўных структур, устаноў адукацыі і інш.

Толькі ў бягучым годзе была праведзена алімпіяда па фінансавай дасведчанасці сярод вучняў старшых класаў. А на базе БДУ арганізуецца школа па фінансавай дасведчанасці для старшакласнікаў, таксама праводзяцца рознага роду конкурсы, турніры і віктарыны для моладзі. Аплатная сістэма Visa прапануе анлайн-гульні па лічбавай бяспецы фінансаў, а вясной быў арганізаваны шэраг мерапрыемстваў у рамках Тыдня фінансавай дасведчанасці ва ўсіх абласцях краіны. Акрамя таго, на базе Мінскага палаца дзяцей і моладзі ўжо не адзін год функцыянуе Рэсурсны цэнтр асноў эканамічных ведаў, фінансавай дасведчанасці і прадпрымальнасці.

— Згодна з пастановай, як павінна весціся работа са школьнікамі? Чым яна можа быць карысная тым, хто сёння сядзіць за партай і далёкі ад матэматыкі?

— Работа са школьнікамі дазваляе закласці ў маладыя пакаленні грамадзян асновы кіравання фінансамі. Гэтая дзейнасць, зыходзячы з плана сумесных дзеянняў, можа ўключаць падрыхтоўку метадычных дапаможнікаў, правядзенне факультатыўных заняткаў, пазакласнай работы ў выглядзе школы зберажэнняў, дэбатаў, развіццёвых гульняў, тэатральных сцэнак і экскурсій у фінансавыя інстытуты.

Адукацыйныя мерапрыемствы, акрамя студэнтаў і школьнікаў, праводзяцца таксама для выкладчыкаў, работнікаў арганізацый, журналістаў, пажылых людзей, маладых бацькоў. Вялікую ролю ў павышэнні фінансавай дасведчанасці грамадзян адыгрывае Адзіны партал фінансавай дасведчанасці fingramota.by, які быў створаны Нацыянальным банкам. На ім публікуюцца асноўныя навіны і мерапрыемствы ў сферы фінансавай дасведчанасці, гульні і праграмы, а таксама вучэбныя і інфармацыйныя матэрыялы.

— Наколькі і чаму важна ўключаць у праграму навучання па фінансавай дасведчанасці педагогаў? Якія спосабы для гэтага лічыце найбольш эфектыўнымі?

— Навучанне фінансавай дасведчанасці настаўнікаў з’яўляецца важнай задачай, бо гэта дазваляе трансліра­ваць веды дзецям, калі педагогі дапамагаюць ім разабрацца ў разнастайнасці фінансавых прадуктаў і сутнасці фінансавага рынку. Таксама гэта дазваляе закласці асновы эфектыўнага кіравання асабістымі фінансамі, паўдзельнічаць у рознага роду конкурсах і алімпіядах па фінансавай дасведчанасці і, магчыма, вызначыцца з будучай прафесіяй. Што тычыцца спосабаў навучання педагогаў, то, на мой погляд, яны могуць быць даволі разнастайнымі. Гэта могуць быць семінары, лекцыі, трэнінгі, відэакурс, вучэбныя дапаможнікі і матэрыялы.

— Ці змяніліся за апошнія гады мадэлі фінансавых паводзін насельніцтва?

— Калі разгледзець агульнасусветныя трэнды, то расце цікавасць да фінтэх-прадуктаў. Наша краіна не з’яўляецца выключэннем. Асабліва гэта характэрна для сферы плацежных сэрвісаў. Калі паглядзець на нашу фінтэх-карту, то можна ўбачыць, што папулярнасцю карыстаюцца інвестыцыйныя анлайн-пляцоўкі. Разам з імі развіваецца краўдфінансаванне і персанальныя фінансы. Уплыў лічбавізацыі на традыцыйныя фінансавыя інстытуты вызначае рост банкаўскіх сэрвісаў, якія можна атрымаць у анлайн-фармаце. Безумоўна, найбольш лаяльнымі карыстальнікамі анлайн-сэрвісаў з’яўляюцца фрылансеры і моладзь. У сувязі з гэтым важным элементам навучання павінны стаць праграмы па павышэнні не толькі фінансавай, але і лічбавай дасведчанасці старэйшых узроставых груп насельніцтва.

— Інстытут сацыялогіі НАН праводзіў даследаванне па тэме “Развіццё дзейнасці па павышэнні фінансавай дасведчанасці насельніцтва: аналіз і перспектывы” і выявіў, што студэнты, выбіраючы фінансавую паслугу, шукаюць інфармацыю пра яе ў інтэрнэце. Магчыма, было б дарэчы праводзіць ва ўніверсітэтах факультатывы ці ўвесці новыя дысцыпліны па фінансавай дасведчанасці?

— З улікам таго, што развіццё фінансавых прадуктаў адбываецца даволі імкліва, а кіраванне персанальнымі фінансамі ўплывае на дабрабыт і фінансавую бяспеку кожнага чалавека, знаёміць з асноўнымі трэндамі і новымі прадуктамі фінансавага рынку неабходна пачынаць са школьнай парты і нават з дзіцячага сада. Што тычыцца непасрэдна УВА, то ўжо сёння шэраг беларускіх універсітэтаў увялі прадметы, у рамках якіх не толькі вывучаюцца традыцыйныя інструменты і працэсы фінансавага рынку, але і аналізуюцца сучасныя фінансавыя тэхналогіі. Напрыклад, у БДУ выкладаюць такія курсы, як “Аналітыка фінтэха” і “Фінансавыя тэхналогіі ў лічбавай эканоміцы”. А ў БДЭУ ёсць курс “Інфармацыйныя тэхналогіі банка”, а таксама “Геаінфармацыйныя тэхналогіі ў фінансавай дзейнасці”. Такім чынам, УВА прапануюць курсы, якія знаёмяць студэнтаў асобных спецыяльнасцей з сучаснымі тэхналогіямі, працэсамі і прадуктамі ў фінансавай сферы. Але паколькі  свет фінансаў становіцца ўсё больш складаным і шматгранным, я лічу, што варта было б разгледзець магчымасць выкладання асноў фінансавых паводзін і сучасных фінансавых тэхналогій у якасці агульнаадукацыйнай дысцыпліны (або як частку курса па эканоміцы) для студэнтаў не толькі эканамічных спецыяльнасцей.

— Чытала, што сёння многа хто з сацыёлагаў гаворыць пра ўплыў блокчэйна на развіццё навукі. Наколькі мэтазгодна ўкараняць тэхналогію блокчэйна ў гэтую сферу?

— Сапраўды, тэхналогія блокчэйна можа быць выкарыстана ў шэрагу галін эканомікі, фінансаў, сацыяльнай сферы і дзяржаўным кіраванні. Таксама вывучаецца магчымасць прымянення гэтай тэхналогіі і ў навуковай сферы. Напрыклад, разгляданне навуковых ідэй і гіпотэз, размешчаных на блокчэйне, можа адбывацца пры захаванні ананімнасці аўтараў. Такая магчымасць можа быць прывабнай для даследчыкаў, якія хочуць пазбегнуць прамой крытыкі і разам з гэтым атрымаць каментарыі па сваёй навуковай рабоце. Таксама блокчэйн можа стаць спрыяльным асяроддзем для абмену інфармацыяй і вынікаў прамежкавых даследаванняў у рамках складаных міждысцыплінарных і міжнародных навуковых праектаў. У гэтым выпадку хуткі абмен данымі паміж лабараторыямі і навуковымі калектывамі бу­дзе садзейнічаць скарачэнню часу даследаванняў. Нарэшце на блокчэйне мэтазгодна праводзіць рэцэнзаванне навуковых артыкулаў і работ. У гэтым выпадку не толькі скарачаецца час на перасылку дакументаў, але і павышаецца празрыс­тасць працэсу рэцэнзавання. Укараненне блокчэйна ў навуковай сферы, у бізнесе або дзяржаўнай сістэме немагчыма без наяўнасці высокакваліфікаваных спецыялістаў. Зыходзячы з міжнародных даследаванняў, шэраг вядомых УВА разглядаюць блокчэйн-тэхналогію як перспектыўную. Напрыклад, у Нацыянальным універсітэце Сінгапура, Каліфарнійскім універсітэце ў Берклі і пенсільванскім універсітэце выкладаюць ад 4 да 6 курсаў аб крыптавалютах і блокчэйн-тэхналогіі. Аднак бясспрэчнымі лідарамі ў галіне вывучэння блокчэйна з’яўляюцца Стэнфардскі ўніверсітэт і Карнелскі ўніверсітэт, якія распрацавалі больш за 8 курсаў у гэтай сферы.

У нашай краіне цікавасць да тэхналогіі блокчэйна з боку УВА таксама паступова развіваецца. Напрыклад, у БНТУ быў распрацаваны курс “Крыптавалюты і дэрыватывы”.

— Анастасія, што ты­чыцца крыптапляцовак для насельніцтва, што новага з’явілася за апошні час? Ці давяраюць ім людзі?

— У нашай краіне сёння афіцыйна зарэгістравана некалькі крыптабірж (currency.com і iexchange), а таксама функцыянуе інвестыцыйная анлайн-платформа Finstore, на якой гандлююць токенамі кампаній. Цяжка сказаць, наколькі давярае насельніцтва новым фінансавым інструментам. Тым не менш зыходзячы з таго, што на крыптапляцоўках з’яўляецца ўсё больш і больш прапаноў, можна выказаць здагадку, што попыт на інавацыйныя фінансавыя прадукты ёсць. Станоўча на яго можа ўплываць больш высокая даходнасць крыптаактываў у параўнанні, напрыклад, з традыцыйнымі фінансавымі прадук­тамі. У якасці стрымліваючых фактараў могуць выступаць няпоўная інфармава­насць насельніцтва пра асаблівасці работы з рознымі відамі фінансавых актываў, а таксама недастатковы ўзровень лічбавых навыкаў. На мой погляд, далейшы рост інвестыцыйнай актыўнасці грама­дзян на фінансавым рынку, у тым ліку ў сегменце крыптаінструментаў, патрабуе далейшай работы па павышэнні фінансавай і лічбавай дасведчанасці.

Гутарыла Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.