Моладзь пачынае… і выйграе

Размеркаванне дае маладым спецыялістам шэраг магчымасцей больш цвёрда стаць на ногі, адчуць сябе ўпэўнена на першым рабочым месцы. Якія канкрэтна перавагі мае малады спецыяліст з дыпломам беларускай УВА, каледжа, установы прафесійна-тэхнічнай адукацыі? Самы дакладны адказ на гэтае пытанне ведае начальнік упраўлення юрыдычнай работы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Святлана Васільеўна Котава. З ёй мы і пагутарылі на актуальную для кожнага маладога спецыяліста тэму.

— У пачатку, думаю, лепш дакладна вызначыцца з тым, хто з’яўляецца маладым спецыялістам і на працягу якога тэрміну лічыцца ім пасля заканчэння ўстановы вышэйшай адукацыі, каледжа, прафтэхустановы?

— Малады спецыяліст — гэта выпускнік, які працуе па размеркаванні (пераразмеркаванні) або накіраваны (перанакіраваны) на работу ў адпаведнасці з дагаворам аб мэтавай падрыхтоўцы спецыяліста (рабочага, служачага) i атрымаў адукацыю на дзённай форме навучання.

З гэтага правіла ёсць выключэнне: маладымі спецыялістамі будуць з’яўляцца і выпускнікі, якія атрымалі сярэднюю спецыяльную або вышэйшую адукацыю I ступені, не менш за палову тэрміну навучання якіх фінансавалася за кошт сродкаў бюджэту і ажыццяўлялася на дзённай форме атрымання адукацыі (за выключэннем асоб, якія на момант размеркавання вучацца на вячэрняй або завочнай форме і якія працуюць па атрыманай спецыяльнасці (напрамку спецыяльнасці, спецыялізацыі), а таксама тыя, хто вучыўся на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. Статус маладога спецыяліста захоўваецца на ўвесь час работы па размеркаванні.

Тэрмін работы па размеркаванні для выпускнікоў, якія атрымалі вышэйшую і сярэднюю спецыяльную адукацыю, — 2 гады, а прафесійна-тэхнічную — 1 год. Тэрмін абавязковай работы пры накіраванні для выпускнікоў, якія атрымалі вышэйшую адукацыю на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, вызначаецца не менш за 5 гадоў, для выпускнікоў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі — не менш за 3 гады, для выпускнікоў, якія атрымалі прафесійна-тэхнічную адукацыю на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, — не менш за 2 гады.

— Растлумачце, калі ласка, ці з’яўляецца адпачынак пасля заканчэння навучальнай установы перад пачаткам работы льготай для маладога спецыяліста і на працягу якога тэрміну ён устанаўліваецца.

— Гэта не льгота, а гарантыя, устаноўленая заканадаўствам. Адпачынак прадастаўляецца выпускніку да пачатку яго працоўнай дзейнасці. Ён складае 31 каляндарны дзень, а ў выпускнікоў, накіраваных для работы ў якасці педагагічных работнікаў, — 45 каляндарных дзён. Па ініцыятыве выпускніка працягласць адпачынку можа быць скарочана.

— Святлана Васільеўна, раскажыце, якая грашовая дапамога прадастаўляецца маладым спецыялістам ад наймальнікаў, ці ёсць адрозненні па галінах?

— Адрозненняў па галінах няма, акрамя накіраваных для работы ў якасці педагагічных работнікаў. Так, маладым спецыялістам прадугледжана грашовая дапамога ў памеры месячнай стыпендыі, прызначанай ім у апошнім перад выпускам семестры (паўгоддзі), а маладым рабочым (служачым), якія атрымалі прафесійна-тэхнічную адукацыю, — з разлiку тарыфнай стаўкi па прысвоенай iм квалiфiкацыi (разрадзе, класе, катэгорыі) або адпаведнага акладу.

Грашовая дапамога павінна быць выплачана наймальнікам у месячны тэрмін з дня заключэння працоўнага дагавора з выпускніком у поўным памеры незалежна ад колькасцi выкарыстаных iм дзён адпачынку. Трэба адзначыць, што ў выпадку, калі маладыя спецыялісты і выпускнікі не атрымлiвалi стыпендыi ў апошнiм перад выпускам семестры (паўгоддзі), iм выплачваецца адпаведная грашовая дапамога з разлiку сацыяльнай стыпендыi, устаноўленай на дату выпуску.

А вось накіраваным для работы ў якасці педагагічных работнікаў выпускнікам установай адукацыі выплачваецца грашовая дапамога за 45 каляндарных дзён за кошт сродкаў рэспубліканскага або мясцовых бюджэтаў з разліку месячнай стыпендыі, прызначанай ім у апошнім перад выпускам семестры (паўгоддзі), не пазней за выдачу пасведчання аб накiраваннi.

— А што гаворыць заканадаўства аб кампенсацыйных выплатах маладым спецыялістам, якія атрымліваюць работу не па месцы жыхарства?

— Згодна з заканадаўствам, маладому спецыялісту пакрываюцца: кошт праезду спецыяліста і членаў яго сям’і (мужа, жонкі, дзяцей і бацькоў мужа і жонкі, якія знаходзяцца на іх утрыманні і пражываюць разам з імі) на тых жа ўмовах, што і пры накіраванні работніка ў службовую камандзіроўку; расходы па правозе маёмасці чыгуначным, водным і аўтамабільным транспартам (агульнага карыстання) у колькасці да 500 кілаграмаў на маладога спецыяліста і да 150 кілаграмаў на кожнага члена сям’і (па пагадненні бакоў могуць быць аплачаны расходы па правозе большай колькасці маёмасці); сутачныя за кожны дзень знаходжання ў дарозе ў адпаведнасці з заканадаўствам аб службовых камандзіроўках; аднаразовая дапамога на маладога спецыяліста ў памеры яго месячнай тарыфнай стаўкі (акладу) па новым месцы работы і на кожнага члена сям’і, які пераязджае, у памеры адной чацвёртай дапамогі на самога маладога спецыяліста.

Пад іншай мясцовасцю, як правіла, маецца на ўвазе іншы населены пункт па існуючым адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзеле. Пры гэтым выплата ўстаноўленых кампенсацый ажыццяўляецца ў сувязі з пераездам на работу ў іншы населены пункт у адносінах да населенага пункта, дзе малады спецыяліст зарэгістраваны па месцы жыхарства.

Кошт праезду членаў сям’і маладога спецыяліста і правозу іх маёмасці, а таксама аднаразовая дапамога на іх выплачваюцца толькі ў тым выпадку, калі яны пераязджаюць на новае месца жыхарства работніка да заканчэння аднаго года з дня фактычнага прадастаўлення ім жылога памяшкання.

— Якую дапамогу атрымлівае малады спецыяліст для вырашэння жыллёвага пытання, якія ёсць магчымасці ў гэтым плане?

— Паводле норм заканадаўства, абласныя, Мiнскi гарадскi Саветы дэпутатаў, наймальнікі могуць устанаўліваць грашовую дапамогу, выдзяляць сродкі з мэтай кампенсацыі выдаткаў на найм жылых памяшканняў. У калектыўных дагаворах, якія дзейнічаюць у арганізацыях, могуць змяшчацца нормы аб такой кампенсацыі, а таксама вызначацца яе памеры.

— Святлана Васільеўна, а ці застрахаваны маладыя спецыялісты ад звальнення, пераводу на работу не па спецыяльнасці?

— Заканадаўствам устаноўлена забарона на звальненне або перавод маладога спецыяліста на работу не ў адпаведнасці з атрыманай спецыяльнасцю (напрамкам спецыяльнасці, спецыялізацыяй) і прысвоенай кваліфікацыяй да заканчэння тэрміну абавязковай работы. Разам з тым заканадаўства змяшчае пералік выпадкаў, калі малады спецыяліст можа быць звольнены. Гэты пералік закрыты, г.зн. па прычыне, не ўключанай у пералік, звальняць маладога спецыяліста забараняецца.

Напрыклад, калі работнік будзе парушаць працоўную і выканальніцкую дысцыпліну, то ў наймальніка ёсць права прыцягваць яго да дысцыплінарнай адказнасці, аж да звальнення. У любым выпадку наймальнік павінен паведаміць ва ўстанову адукацыі, якая выдала выпускніку накіраванне, пра перавод або звальненне маладога спецыяліста да заканчэння тэрміну абавязковай работы, з указаннем прычын і прыкладаннем дакументаў, што пацвярджаюць іх, у месячны тэрмін з моманту пераводу або звальнення.

Наймальнік, да якога спецыяліст накіраваны ў адпаведнасці з дагаворам аб мэтавай падрыхтоўцы, павінен паведаміць установе адукацыі, якая накіравала да яго маладога спецыяліста, пра скасаванне працоўнага дагавора, у тым ліку і ў сувязі з пераводам, у трохдзённы тэрмін з моманту скасавання дагавора.

— Выпускнікам якіх навучальных устаноў прадастаўляюцца дадатковыя гарантыі (даплаты і іншыя)?

— Заканадаўствам прадугледжаны дадатковыя гарантыі ў выглядзе даплат, павышанай аплаты, у тым ліку для выпускнікоў пэўных навучальных устаноў. Засяродзім увагу на некаторых з іх.

Напрыклад, тарыфныя стаўкі (аклады) маладых спецыялістаў — выпускнікоў БДЭУ, БНТУ, БДПУ імя Максіма Танка, якія завяршылі навучанне з адзнакай і прысваеннем кваліфікацыі спецыяліста з вышэйшай адукацыяй, а таксама якім прысвоена ступень магістра і якія працуюць па размеркаванні ў бюджэтных арганізацыях і іншых арганізацыях, што атрымліваюць субсідыі, работнікі якіх прыраўнаваны па аплаце працы да работнікаў бюджэтных арганізацый, — павышаюцца на 10%.

Разам з гэтым павышэнне тарыфных акладаў (ставак) на 10% прадугледжана на працягу двух гадоў з дня заключэння з імі працоўнага дагавора (кантракта) усім выпускнікам, якія атрымалі вышэйшую і сярэднюю спецыяльную адукацыю, якім месца работы прадастаўлена шляхам размеркавання, накіравання ў бюджэтныя арганізацыі і іншыя арганізацыі, што атрымліваюць субсідыі.

Таксама ўстаноўлены павышэнні тарыфных акладаў (ставак) на 25% педагагічным работнікам бюджэтных арганізацый і іншых арганізацый, якім у адпаведнасці з заканадаўствам прадастаўлена права ажыццяўляць адукацыйную дзейнасць, якія рэалізоўваюць адукацыйную праграму дашкольнай адукацыі, адукацыйныя праграмы спецыяльнай адукацыі на ўзроўні дашкольнай адукацыі (за выключэннем прафесарска-выкладчыцкага складу).

Робяцца штомесячныя даплаты маладым спецыялістам з вышэйшай медыцынскай, фармацэўтычнай адукацыяй, якiя працуюць па накіраванні ўстаноў адукацыі (пасля праходжання інтэрнатуры) у дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя, што фінансуюцца з бюджэту, у памеры адной тарыфнай стаўкі першага разраду, устаноўленай Урадам Рэспублікі Беларусь для аплаты працы работнікаў дзяржаўных арганізацый, якія фінансуюцца з бюджэту і карыстаюцца дзяржаўнымі датацыямі.

Маладым спецыялістам з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, якія ажыццяўляюць педагагічную дзейнасць у сферы фізічнай культуры і спорту, а таксама спецыялістам, якія ажыццяўляюць педагагічную дзейнасць у сферы фізічнай культуры і спорту і атрымалі адукацыю на ўмовах аплаты і накіраваны на работу па размеркаванні, робяцца штомесячныя даплаты ў выглядзе адной тарыфнай стаўкі першага разраду на працягу двух гадоў з дня заключэння з імі працоўнага дагавора (кантракта); па асноўным месцы работы маладога спецыяліста (спецыяліста, які атрымаў адукацыю на ўмовах аплаты); прапарцыянальна адпрацаванаму часу (аб’ёму выкананых работ), але не вышэй за памер адной тарыфнай стаўкі першага разраду; у межах сродкаў, якія выдзяляюцца штогод са сродкаў рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў на забеспячэнне функцыянавання спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў, сярэдніх школ — вучылішч алімпійскага рэзерву.

Маладым спецыялістам з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, прынятым у арганізацыі аграпрамысловага комплексу, выплачваюцца штомесячныя даплаты ў памеры двухразовай тарыфнай стаўкі першага разраду, устаноўленай Урадам Рэспублікі Беларусь, на працягу двух гадоў з дня заключэння працоўнага дагавора (кантракта) па асноўным месцы работы прапарцыянальна адпрацаванаму часу.

— Якія льготы ёсць для тых спецыялістаў, якіх размяркоўваюць у раёны, што пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС?

— Пэўнай катэгорыі маладых спецыялістаў, а менавіта выпускнікам ўстаноў сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, накіраваным на работу або для праходжання службы (ваеннай службы) на тэрыторыю радыеактыўнага забруджвання, у зоне наступнага адсялення і ў зоне з правам на адсяленне, устаноўлена штогадовая выплата ў памерах, кратных тарыфнай стаўцы першага разраду, якая ўстанаўліваецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь, пасля першага года работы — 10; пасля другога — 12; пасля трэцяга года — 15.

Названыя выплаты з’яўляюцца кампенсацыйнымі і ажыццяўляюцца за кошт сродкаў, прадугледжаных у рэспубліканскім бюджэце на ліквідацыю наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

— На якія яшчэ моманты трэба звярнуць увагу выпускнікам?

— Напрыклад, у тэрмін абавязковай работы па размеркаванні або пры накіраванні на работу па жаданні выпускніка залічваюцца перыяд ваеннай службы па прызыве, службы ў рэзерве ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь, іншых войсках і воінскіх фарміраваннях, перыяд знаходжання ў водпуску па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім узросту трох гадоў, іншыя перыяды, якія вызначаюцца Урадам Рэспублікі Беларусь.
Маладыя спецыялісты могуць размяркоўвацца ў арганізацыі як дзяржаўнай, так і прыватнай форм уласнасці. У першую чаргу выпускнікі размяркоўваюцца ў базавую арганізацыю, якая заключыла дагавор аб узаемадзеянні з установай адукацыі.

Неабходна адзначыць: нягледзячы на тое, што да маладых спецыялістаў не адносіцца катэгорыя выпускнікоў, якія атрымалі вышэйшую або сярэднюю спецыяльную адукацыю на дзённай форме атрымання адукацыi за кошт сродкаў фізічных асоб або ўласных сродкаў грамадзян i накiраваны на работу па іх жаданні і пры наяўнасці месцаў работы, якія засталіся пасля размеркавання, ім даюцца такія гарантыі, як кампенсацыя ў сувязі з пераездам на работу ў іншую мясцовасць, іншыя гарантыі, а таксама выплачваецца грашовая дапамога.

Маладому спецыялісту гэтак жа, як і іншым катэгорыям работнікаў, наймальнік мае права змяніць істотныя ўмовы працы. Аднак існуюць пэўныя асаблівасці. Нагадаю, што сярод дапушчальных падстаў звальнення маладога спецыяліста не пазначана звальненне, звязанае з адмовай ад працягу работы ў сувязі са зменай істотных умоў працы. Для змены названых умоў работы неабходна ўнесці змены ў працоўны дагавор, што дапускаецца толькі па згодзе наймальніка і работніка. Таму, калі такой згоды з боку маладога спецыяліста няма, то ён працягне працаваць на ранейшых умовах.

Гутарыла Марына ХІДДЖАЗ.