Ад шчасця не стамляюцца

Не сакрэт, што менавіта выхаванне дзяцей для бацькоў з’яўляецца найбольш затратнай дзейнасцю, але нават не ў плане фінансаў. Для таго каб дзеці выраслі прыстойнымі і адукаванымі, у іх патрэбна пастаянна ўкладваць новыя рэсурсы: веды, эмоцыі, уражанні. На жаль, з-за празмернай загружанасці на рабоце і стомленасці не ўсім бацькам і не заўсёды ўдаецца знайсці для гэтага час. А як спраўляюцца тыя, хто выхоўвае 10 дзяцей, а не 1 ці 2?

Для таго каб знайсці адказы на гэтыя пытанні, мы паехалі ў Смалявічы да Тамары Канстанцінаўны Лучанок.

У дом сямейнага тыпу, які знаходзіцца ў Смалявічах на вуліцы Мыцішчанскай, мы паехалі разам з начальнікам ІСН Смалявіцкага РАУС Алай Русановіч. Напярэдадні летніх канікул супрацоўнікі ІСН праводзяць з дзецьмі і іх бацькамі прафілактычныя размовы, накіраваныя на недапушчэнне няшчасных выпадкаў з удзелам непаўналетніх. Звычайна такія мерапрыемствы праводзяцца ў школах, але дамы сямейнага тыпу ідуць асобным планам. Паколькі дзяцей у сям’і многа, пагаварыць з імі дома — ідэальны варыянт. І гэта была цудоўная падстава, каб пазнаёміцца з сям’ёй Тамары Лучанок і яе мужа Анатоля Саламенкі.

Дом сямейнага тыпу, у якім сёння жывуць 10 дзяцей, упершыню адчыніў свае дзверы 3—4 гады назад. А першы прыёмны сын, 12-гадовы Віця, з’явіўся ў Тамары Канстанцінаўны Лучанок крыху больш чым 6 гадоў назад.

Заходзім у прасторны двухпавярховы дом. Першым нас сустракае вялікі сабака, а следам за ім выходзяць дзеці і іх мама — менавіта так называюць маму-выхавальніцу ўсе яе 10 дзяцей.

— У мяне 3 родныя сыны, паміж сярэднім і малодшым — 13 гадоў розніцы, — расказвае Тамара Канстанцінаўна. — Майму Лёшку было сумна аднаму, яму хацелася, каб побач быў сябар, брацік. Я на той момант працавала ў аддзеле кадраў раённага аддзела адукацыі, дакладна ведала ўсе асаблівасці ўсынаўлення. У адзін з дзён прыйшла ў органы апекі і папячыцельства, расказала аб сваіх планах. Яны мяне адправілі ў бальніцу паглядзець на аднаго хлопчыка. Едучы туды, ведала, што бацькі Віці пазбаўлены правоў на выхаванне сына. Калі спытала Віцю, ці пойдзе са мной, ён адразу згадзіўся.

Сабраўшы неабходныя дакументы, Тамара Канстанцінаўна стала мамай яшчэ аднаго хлопчыка. А праз 7 месяцаў задумалася над тым, што было б цудоўна, калі б у сям’і з’явілася і дзяўчынка. Пасля размовы з псіхолагам мнагадзетная мама паехала ў прытулак, дзе пазнаёмілася з 15-гадовай Надзяй, якая адразу згадзілася пайсці ў новую сям’ю. У маі 2013 года жанчыне патэлефанавалі і прапанавалі ўзяць на выхаванне яшчэ дваіх дзетак.

— Патэлефанавалі і сказалі, што ў прытулку жывуць цудоўныя хлопчык і дзяўчынка, — прыгадвае жанчына, — брат і сястра. Я згадзілася. Менавіта так 5 гадоў назад нашай сям’ёй сталі 10-гадовая Зарына і яе 13-гадовы брат Саша. А роўна год назад да нас у сям’ю прыйшлі брат і сястра Ілья і Аліна. Такім чынам, сёння ў нас дзве Аліны — вялікая і маленькая. Калі гаварыць пра арганізацыю дома сямейнага тыпу, нам сюды прапанавалі пераехаць у чэрвені 2014 года.

Менавіта ў такім складзе, на той момант з 5 дзецьмі, Тамара Канстанцінаўна і яе муж Анатоль Іванавіч засяляліся ў дом сямейнага тыпу. А крыху пазней у дружнай сям’і з’явіліся сёстры і браты Аліна і Кірыл, а таксама Дана і Андрэй. Апошняй прыйшла Маша. Але пасля дзяўчынку забрала мама, якая на момант змяшчэння дачкі ў дом сямейнага тыпу знаходзілася ў лячэбна-прафілактычнай установе. Цікаўлюся ў Тамары Канстанцінаўны, ці не шкада было развітвацца з дзяўчынкай.

— Безумоўна, шкада, — гаворыць Тамара Канстанцінаўна. — Маша, калі была ў нас, гаварыла, што хоча заставацца тут, але з той умовай, каб прыязджалі мама і тата…

Тамара Канстанцінаўна не забараняе сваім дзецям падтрымліваць сувязь з роднымі. Напрыклад, Дана чакае, калі да яе ў госці прыедзе бабуля, а Аліна часта размаўляе па тэлефоне з цёткай.

Працатэрапія, самастойнасць і кнігі

Пакуль мы размаўляем, дзеці сядзяць насупраць за вялікім кухонным сталом, малююць. За акном пачуліся галасы.

— Гэта наша Зарына прыйшла! — радасна ўсклікнулі дзеці.

Сарамлівая Зарына, зайшоўшы на кухню, села побач з Данай. Дзяўчынкі абняліся. Гледзячы на такія цёплыя адносіны і шчаслівыя позіркі, чужы чалавек ні за што б не здагадаўся, што дзяўчынкі — не родныя сёстры.

— Дзеці любяць адно аднаго, але без спрэчак таксама не абыходзіцца, — як быццам прадбачыўшы пытанне, расказвае Тамара Канстанцінаўна. — Не сакрэт, што нават родныя браты і сёстры, якія з дзяцінства гадаваліся разам, могуць паспрачацца з-за дробязі. А ў мяне дома — усе асобы, з індывідуальным характарам. Так, яны таксама знаходзяць глебу для канфліктаў, але я ўмею вырашаць усе праблемы. Вельмі дзейснай з’яўляецца працатэрапія. Аднаму прапаноўваю дапамагчы памыць посуд, а другі ўдзельнік канфлікту ў гэты момант займаецца чымсьці іншым. Пакуль дзеці заняты справай, яны абдумваюць свае ўчынкі, усведамляюць, у чым вінаваты адно перад адным, а пасля ўжо гатовы мірыцца. Яшчэ адным дзейсным метадам, які дапамагае “астыць”, з’яўляецца чытанне кніг. Іх у нас у сям’і любяць.

Вялікая бібліятэка, якая ёсць у доме, цудоўна пацвярджае словы Тамары Канстанцінаўны. Акрамя чытання кніг, усе дзеці займаюцца спортам. Праўда, нехта — на ўзроўні ранішняй гімнастыкі, а хтосьці — прафесійна.

— Аліна займаецца вольнай барацьбой, а Дана хадзіла на танцы, — заўважае гаспадыня вялікага дома. — Я лічу, што дзяўчынцы неабходна зноў пачаць танцаваць. Праўда, Дана? (У гэты момант жанчына паглядзела на дачку.) У яе гэта цудоўна атрымліваецца. Дарэчы, каб быць у добрай фізічнай форме, мы абсталявалі дзецям куток для заняткаў фізкультурай. А кожную раніцу абавязкова ўсе без выключэння робім зарадку. Дзеці павінны быць здаровымі і фізічна развітымі.

Пакуль Тамара Канстанцінаўна расказвае, заўважаю на сцяне графік дзяжурства па доме. У ім распісана, хто з дзяцей у якія дні сочыць за парадкам на кухні, у фае, ванным пакоі.

— Тое, што дзеці дапамагаюць па доме, цудоўна, — тлумачыць мама 10 дзяцей. — І графік у нас вельмі зручны. У мяне растуць 4 пары родных сясцёр і братоў. І менавіта так, па роднасці, мы іх упісалі ў графік. З улікам таго, што дзеці ходзяць у школу ў дзве змены, у першай палове дня адказным па доме з’яўляецца нехта адзін, а далей эстафета па падтрымцы чысціні перадаецца другому дзіцяці. Яшчэ мы любім разам гуляць у шахматы, шыць, гатаваць. Я лічу, што зараз мая галоўная задача — дапамагчы дзецям адаптавацца ў соцыуме, а таксама навучыць іх быць самастойнымі і адказваць за свае ўчынкі.

Ёсць вельмі важнае правіла, якое ў сям’і лічыцца асновай гармоніі і ўзаемапавагі: у любой сітуацыі гаварыць адно аднаму толькі праўду. Так, дзеці могуць схітрыць, але вопытная мама разумее гэта адразу.

— Я дзецям заўсёды нагадваю, што і ў адносінах да саміх сябе, і да навакольных трэба быць сумленнымі, — расказвае аб залатым правіле жанчына. — Калі бачу спробу схітрыць, адразу кажу, што добра гуляю ў шахматы, а гэта навучыла мяне пралічваць наперад хады кожнага са сваіх дзяцей.

Тамара Канстанцінаўна не хавае, што ў адносінах з некаторымі выхаванцамі ёсць складанасці, але гэта звязана з тым, што ім раней давялося перажыць.

— Я павінна быць упэўнена, што мае дзеці пасля ўрокаў нікуды не ўлезуць, вернуцца дадому здаровымі і не дадуць падстаў чырванець, гледзячы суседзям і знаёмым у вочы, — гаворыць мама-выхавальніца. — Таму ў нас дзейнічае яшчэ адно абавязковае правіла. Пакуль я не прыехала ў школу, дзеці павінны знаходзіцца менавіта на тэрыторыі навучальнай установы. У мінулым годзе ў нас былі невялікія праблемы з адным з хлопчыкаў. Кірыл любіў пасля школы пагуляць, дадому вяртаўся не адразу.

І няма падстаў сумнявацца ў тым, што і гэты недахоп сям’я таксама здолее выправіць. Тым больш што Тамары Канстанцінаўне дапамагаюць і калегі з аддзела адукацыі, прадстаўнікі апекі, псіхолагі, а таксама супрацоўнікі ІСН, калі гэта трэба. Як заўважыла жанчына, у іх сям’і добрыя адносіны з усімі адказнымі структурамі. А інакш і быць не можа, таму што ўсе разам яны робяць адну вялікую справу.

“Мяне няма, але я побач”

У сям’і Тамары Канстанцінаўны дзень распісаны па хвілінах. Для таго каб маці была мабільнай і магла ў любы момант паехаць па сваіх справах, старэйшы сын аддаў ёй у карыстанне ўласны аўтамабіль. Але, як прызнаецца суразмоўніца, для ўсёй вялікай сям’і яго мала, не ўсе ўмяшчаюцца. Ужо некалькі разоў маці-выхавальніца звярталася ў мясцовыя органы ўлады, пісала лісты ў абласныя структуры з просьба, каб для дома сямейнага тыпу выдзелілі мікрааўтобус, але пакуль што безвынікова.

— У цёплае надвор’е праблема адсутнасці транспарту не настолькі заўважная, як зімой, — гаворыць Тамара Лучанок. — Мы можам і пяшком прыйсці са школы дадому, а вось зімой праблема падвозу дзяцей застаецца актуальнай. Фізічна ўсе разам не ўмяшчаюцца ў наш аўтамабіль. Тое самае і са школьным аўтобусам. Інфраструктура ў нашым раёне не вельмі развітая, транспарт сюды не ходзіць. Каб даехаць да школы, дзеці хадзілі на аўтобус, які едзе з Мінска, а пасля на ім жа ў любое надвор’е вярталіся дадому. З лютага гэты аўтобус перастаў хадзіць. Я адвожу дзяцей толькі ў выключных выпадках, калі, напрыклад, на вуліцы дрэннае надвор’е, калі яны спазняюцца ў звычайную школу ці музычную, а таксама ў паліклініку. Мне б хацелася павазіць дзяцей у басейн, які знаходзіцца ў пасёлку Акцябрскім, але менавіта з-за таго, што ў нас няма добрага аўтамабіля, мы пакуль адмовіліся ад сваёй мары і радуемся таму, што можам хаця б летам у двары паставіць уласны басейн.

Падчас размовы Тамара Лучанок заўважае, што вучыць дзяцей не толькі самастойнасці, але і адкрытасці. Жанчына лічыць, што ўменне кантактаваць з незнаёмымі людзьмі вельмі неабходна для правільнай сацыялізацыі дзіцяці. Каб зрабіць дзяцей сацыяльна адаптаванымі, Тамара Канстанцінаўна прымяняе ўласна прыдуманую гульню.

— Мы назвалі гульню “Мяне няма, але я побач”, — тлумачыць жанчына. — Сэнс заключаецца ў тым, каб навучыць дзяцей самастойна вырашаць пэўныя цяжкасці. Напрыклад, нядаўна мы ездзілі ў Мінск, зайшлі ў метро. Першымі ў мяне заўсёды ідуць дзеці, а я — следам за імі, сачу. Я іх вучу арыентавацца ў незнаёмай сітуацыі, расказваю, што не варта баяцца звярнуцца да незнаёмых людзей, калі раптам не ведаеш, куды ехаць, дзе шукаць пэўны адрас. Такім чынам, у метро я назірала, як мае дзеці пыталіся ў дзяжурных па станцыі, як даехаць да патрэбнай станцыі метро. Ідучы наперадзе, яны ўвесь час азіраліся, дзе я. Зразумела, ім трэба ведаць, што ў любой сітуацыі маці іх абароніць. Так яно і будзе. Але быць самастойнымі таксама важна.

Тамара Канстанцінаўна працуе ў сістэме замяшчальнага бацькоўства ўжо даволі доўга. Безумоўна, за гэты час было шмат цяжкасцей, але з усімі імі жанчына спраўляецца. Пытаюся, у чым жа сакрэт і што дапамагае знаходзіць сілы на штодзённыя клопаты.

— Сакрэту няма, — усміхаючыся, гаворыць Тамара Канстанцінаўна. — Я люблю тое, чым займаюся. Мне падабаецца прысвячаць сябе дзецям, дапамагаць ім. Я — дапамога на іх шляху. І магу сказаць, што я знайшла сябе. Безумоўна, як і любы чалавек, часам стамляюся. Але ўсё праходзіць, праблемы вырашаюцца. І калі бачу, як мае дзеці растуць і становяцца добрымі, чулымі людзьмі, маё сэрца радуецца. Я разумею, што знаходжуся ў той час і ў тым месцы, дзе і павінна быць. Так, у сістэме замяшчальнага бацькоўства нехта бачыць пэўныя недахопы. У нас ніякіх цяжкасцей не ўзнікае. Па-першае, таму што дапамагаюць усе спецыялісты, да якіх звяртаюся. А па-другое, разам са мной знаходзяцца мае дзеці, якія прыносяць шчасце. А ці стамляюцца ад шчасця?

Наталля САХНО.
Фота аўтара і з архіва Тамары ЛУЧАНОК.