У прыярытэце лагер працы і адпачынку

Адным з важных кірункаў узаемадзеяння школы і сям’і з’яўляецца арганізацыя адпачынку дзяцей і падлеткаў. Асабліва важнае гэта пытанне ў адносінах да тых навучэнцаў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, а таксама пастаўлены на прафілактычны ўлік у ІСН. Цяпер, перад пачаткам летніх канікул, гэтая праблема, як ніколі, актуальная. Толькі пры ўмове правільна наладжанай сістэмы арганізацыі канікул можна дасягнуць значных паказчыкаў зніжэння правапарушэнняў сярод непаўналетніх. Ці магчыма гэта? І якія рэсурсы неабходна задзейнічаць, каб усё атрымалася? Дзейсным інструментам правільнай арганізацыі вольнага часу падлеткаў з’яўляецца стварэнне лагераў працы і адпачынку.

Пра асаблівасці арганізацыі такіх лагераў для падлеткаў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, а таксама на прафілактычным уліку ў ІСН, расказвае намеснік начальніка аддзела сацыяльнай і выхаваўчай работы Брэсцкага аблвыканкама Ала Уладзіміраўна СЯНЬКЕВІЧ.

Менавіта вопыт Брэсцкай вобласці ў стварэнні лагераў працы і адпачынку для дзяцей і падлеткаў, якія знаходзяцца на асаблівым кантролі сацыяльных службаў, можна лічыць унікальным, а сістэму арганізацыі лагераў — граматнай і дасканалай.

— Ала Уладзіміраўна, згодна з якімі дакументамі ў Брэсцкай вобласці ствараюцца лагеры працы і адпачынку для дзяцей і падлеткаў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, а таксама на прафілактычным уліку ў ІСН?

— Брэсцкая вобласць першай у краіне стала выкарыстоўваць (арандаваць) базу прафесійна-тэхнічных навучальных устаноў для арганізацыі аздараўленчых лагераў. У прыярытэце — арганізацыя лагераў працы і адпачынку. Гэты год не стаў выключэннем. На базе 10 устаноў прафесійнай адукацыі вобласці будуць функцыянаваць 12 такіх лагераў. Напрыклад, на базе Івацэвіцкага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці ў лагеры працы і адпачынку будуць працаваць і аздараўлівацца падлеткі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Прыкметна, што на працягу апошніх 5 гадоў назіраецца станоўчая дынаміка арганізацыі работы лагераў працы і адпачынку. Калі гаварыць больш дакладна, сістэма арганізацыі аздараўленчых лагераў у Брэсцкай вобласці засноўваецца на рашэнні Брэсцкага аблвыканкама. У ім дакладна прапісваецца план па арганізацыі лагераў, у тым ліку лагераў працы і адпачынку. Пытанні арганізацыі лагераў працы і адпачынку для дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, а таксама тых, хто пастаўлены на прафілактычны ўлік у ІСН, з’яўляюцца прыярытэтнымі. Згодна з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 662 ад 2 чэрвеня 2004 года “Аб некаторых пытаннях арганізацыі аздараўлення дзяцей”, яшчэ да пачатку красавіка ў кожным рэгіёне павінен быць гатовы пералік арганізацый, якія прымуць да сябе на работу тых падлеткаў, што выказалі жаданне правесці летнія канікулы ў лагеры працы і адпачынку. Акрамя гэтага, згодна з пастановамі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь “Аб устанаўленні спіса работ, на якіх забараняецца прымяненне працы асоб, якія не дасягнулі 18-гадовага ўзросту” і “Аб устанаўленні пераліку лёгкіх відаў работ, якія могуць выконваць асобы ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў”, павінен быць вызначаны і пералік работ, якія будуць выконваць навучэнцы.

Такім чынам, лагер працы і адпачынку ствараецца для падлеткаў 14—18 гадоў. Гэта тая ўзроставая катэгорыя, для якой ужо рэгламентаваны віды работ. Перш чым трапіць у ЛПА, 14—16-гадовым падлеткам неабходна атрымаць пісьмовую заяву ад аднаго з бацькоў. Тыя, каму ад 16 да 18 гадоў, ужо маюць права самастойна пісаць заявы. Дарэчы, падчас уладкавання ў лагер працы і адпачынку важную ролю іграе медыцынскае заключэнне. Толькі калі ўрачы дазволяць падлетку выконваць пэўны пералік работ, непаўналетняга залічаць у лагер.

Не сакрэт, што лагер працы і адпачынку — гэта цудоўная магчымасць самастойна зарабіць грошы. Безумоўна, менавіта гэта і з’яўляецца першай прычынай, па якой дзеці запісваюцца сюды. Яшчэ такія лагеры дазваляюць падлеткам сацыялізавацца, навучыцца кантактаваць з рознымі людзьмі, у прыватнасці, з патэнцыяльнымі працадаўцамі. Да таго ж гэта цудоўная альтэрнатыва летнім канікулам, якія праводзяцца дома.

— Вопыт арганізацыі лагера працы і адпачынку на базе Малоткавіцкай дапаможнай школы-інтэрната з’яўляецца ўнікальным. Раскажыце, калі ласка, у чым асаблівасці арганізацыі ЛПА на базе гэтай навучальнай установы?

— Штогод у Брэсцкай вобласці арганізоўваецца каля 170 ЛПА, у якіх могуць аздаравіцца і з карысцю правесці вольны час 3—3,5 тысячы падлеткаў. Я вельмі часта заўважаю, што дзённы лагер працы і адпачынку знаходзіцца ў пэўных рамках і падчас яго наведвання дзеці проста працуюць, часу на ўсё астатняе не хапае. Зараз растлумачу, што маю на ўвазе. Згодна з працоўным заканадаўствам, якое павінна выконвацца падчас арганізацыі ЛПА, рабочы час для падлеткаў 14—16 гадоў не павінен перавышаць 4 гадзіны 36 мінут у дзень. Тыя, каму ад 16 да 18 гадоў, працуюць па 7 гадзін. А гэта значыць, што ў такіх дзяцей не будзе магчымасці адпачыць, прыняць уд зел у выхаваўчых ці забаўляльных мерапрыемствах. Падлеткі прыйдуць у лагер, адпрацуюць, амаль як дарослыя, вызначаны час і пойдуць дадому. Дарэчы, згодна з дагаворам аб залічэнні і знаходжанні ў ЛПА, тут нават рэгламентаваны час для перарыву на абед. Але нават гэты час не дасць магчымасці правесці з дзецьмі пэўныя мерапрыемствы. Улічваючы ўсё гэта, неабходна перагледзець падыход да дзейнасці лагераў працы і адпачынку. Важна ствараць іх пад рэальныя працоўныя месцы, павялічваць колькасць адпаведных лагераў з кругласутачным знаходжаннем дзяцей. Толькі тады іх можна назваць у поўнай меры аздараўленчымі. І сёння такія лагеры ў Брэсцкай вобласці ёсць. Яны арганізоўваюцца на базе прафесійна-тэхнічных устаноў і ўстаноў адукацыі інтэрнатнага тыпу.

Паказальным з’яўляецца прыклад Малоткавіцкай дапаможнай школы-інтэрната, якая знаходзіцца ў Пінскім раёне. Сёлета тут ужо трэці раз будзе абласны лагер працы і адпачынку для дзяцей, якія маюць асаблівасці ў псіхафізічным развіцці. Каб такія дзеткі маглі трапіць у ЛПА, бацькі павінны напісаць заяву ў раённым аддзеле адукацыі. Лагеры працы і адпачынку для асаблівых дзетак — гэта цудоўная магчымасць знайсці новых сяброў, адаптавацца да новых умоў. Калі гаварыць пра віды работ, якія могуць выконвацца дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, то для іх у Малоткавіцкай сярэдняй школе існуе некалькі варыянтаў. І ў гэтым заслуга дырэктара навучальнай установы Вячаслава Рыгоравіча Ізотава. Так, дзецям прапануецца паспрабаваць свае сілы ў пашыве пасцельнай бялізны, рэстаўрацыі мэблі, а таксама працаваць на пасецы, даглядаць пчол.

Увогуле, калі гаварыць пра арганізацыю кругласутачных лагераў працы і адпачынку, то іх стварэнне на базе як інтэрнатных, так і прафесійных устаноў — ідэальны варыянт. На выхаванні ў Малоткавіцкай дапаможнай школе знаходзяцца не толькі дзеці, якія засталіся без бацькоў, але і тыя, у каго ёсць сям’я. Відавочна, што летам такія ўстановы таксама працуюць. Такім чынам, дзеці, якіх забіраюць бацькі, вызваляюць месцы, а гэта значыць, што ў лагер на летні перыяд можна пасяліць іншых дзяцей.

— Якія ўмовы павінны быць выкананы, каб на базе спецыяльных навучальных устаноў можна было арганізаваць лагер працы і адпачынку?

Перш чым пусціць у лагер дзяцей, установа адукацыі, на базе якой плануецца адкрыць ЛПА, піша праект, у якім падрабязна тлумачыцца працэс арганізацыі адпачынку і метадаў працы для непаўналетніх. Малоткавіцкая школа, якая стала першапраходцам у арганізацыі такіх лагераў, са сваім праектам штогод перамагае. Цудоўна, што ў нас у гэтай дзейнасці ёсць нераўнадушныя людзі.

Пасля таго як мы ўпершыню арганізавалі ў Малоткавічах працоўны лагер, кругласутачныя ЛПА пачалі стварацца і ў іншых раёнах вобласці. У кожным існуюць цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, якія і сталі месцам адкрыцця ЛПА для асаблівых дзяцей, у тым ліку тых, хто знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, а таксама на прафуліку ў ІСН.

Дарэчы, калі гаварыць пра арганізацыю лагераў працы і адпачынку для дзяцей катэгорыі СНС, менавіта яны знаходзяцца ў прыярытэце. Таксама ў лагер клічуць дзяцей з малазабяспечаных, мнагадзетных сем’яў, падлеткаў, якія трапілі пад прафілактычны нагляд ІСН.

Кожны раз, закранаючы пытанне аб арганізацыі кругласутачнага лагера працы і адпачынку, нагадваю, што ён можа быць створаны на базе любой прафесійнай навучальнай установы, у якой ёсць свабодныя інтэрнаты. Цудоўнай пляцоўкай з’яўляюцца тыя прафесійна-тэхнічныя ўстановы, у якіх ёсць свая гаспадарка, агароды.

Як і ў мінулым годзе, сёлета 10 устаноў сярэдне-тэхнічнага профілю створаць на сваіх базах кругласутачныя ЛПА. Такія лагеры арганізоўваюцца і фарміруюцца сумесна з супрацоўнікамі раённых аддзелаў адукацыі. Важна, каб усе былі зацікаўлены ў арганізацыі летняга адпачынку дзяцей, таму што менавіта занятасць з’яўляецца галоўным інструментам прафілактыкі проціпраўных дзеянняў.

— Ала Уладзіміраўна, колькі сёлета будзе каштаваць пуцёўка ў ЛПА для дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, а таксама пад прафілактычным наглядам?

— Кошт пуцёўкі ў лагер залежыць ад таго, у якую летнюю аздараўленчую ўстанову едзе дзіця — дзённы ці кругласутачны лагер. Так, кошт пуцёўкі ў 9-дзённы кругласутачны лагер працы і адпачынку будзе складаць прыкладна 109 рублёў, а ў 18-дзённы лагер — прыкладна 245 рублёў. Для таго каб падлетак мог наведваць дзённы лагер, патрэбна выдзеліць з сямейнага бюджэту 108 рублёў. А пуцёўка ў профільны лагер будзе каштаваць не менш чым 110 рублёў. Калі гаварыць пра сярэдні кошт пуцёўкі ў аздараўленчы лагер з кругласутачным знаходжаннем, гэтая сума будзе складаць каля 370 рублёў.

Колькі б ні каштавала пуцёўка, варта памятаць: лета — час, калі дзеці павінны адпачываць з карысцю. Адпачынак дома, у двары таксама мае права на існаванне, але, на жаль, большасць дарослых не ведае, чым займаюцца дзеці і падлеткі, калі застаюцца адзін на ад зін з вуліцай. А ў лагеры, у прыватнасці, у ЛПА, хлопчыкі і дзяўчынкі пад наглядам. І, акрамя адпачынку, яны атрымаюць каштоўны вопыт працоўных зносін.

Варта пахваліцца яшчэ адным важным дасягненнем Брэсцкай вобласці ў арганізацыі лагераў працы і адпачынку. У 2016 годзе праект арганізацыі ЛПА “Працуючая краіна 52/24”, рэалізаваны ў сярэдняй школе № 2 Кобрына аддзелам адукацыі, спорту і турызму Кобрынскага райвыканкама, заняў 1-е месца на заключным этапе Рэспубліканскага агляду-конкурсу на лепшы аздараўленчы лагер у намінацыі “Новыя мадэлі арганізацыі дзіцячага адпачынку “Зробім лета ярчэйшым”. На сёння гэты праект па арганізацыі ЛПА застаецца самым лепшым у краіне.

Гутарыла Наталля САХНО.
Фота з архіва Алы СЯНЬКЕВІЧ.

Пра праект арганізацыі ЛПА “Працуючая краіна 52/24” чытайце ў наступных нумарах “Настаўніцкай газеты” на тэматычнай старонцы “Сацыяльны ракурс”.