Падтрымка на старце

У Беларусі дзейнічае маладзёжны савет педагогаў рэспубліканскага ўзроўню (пры Беларускім прафсаюзе работнікаў адукацыі і навукі) і адпаведныя рэгіянальныя падраздзяленні. Маладзёжны савет Мінскай гарадской арганізацыі галіновага прафсаюза ўзначальвае настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 61 Таццяна Пятроўна Арлоўская. Да яе мы і звярнуліся, каб лепш зразумець, чым жыве савет, як падтрымлівае маладых педагогаў.

Перш за ўсё мая суразмоўніца адзначыла галоўнае: маладзёжны савет — грамадская арганізацыя, якая аб’ядноўвае ініцыятыўных, зацікаўленых ва ўласным развіцці маладых педагогаў усіх раёнаў сталіцы (у кожным раёне ёсць сваё аб’яднанне), мэтанакіраваных выкладчыкаў школ, каледжаў, ліцэяў. Першае пасяджэнне савета адбылося 17 верасня 2014 года, і з першага дня яго ўзначальвае Т.П.Арлоўская.

— Пра тое, што ў Мінску ёсць такая грамадская арганізацыя пры гарадскім прафсаюзным камітэце, усе маладыя спецыялісты даведваюцца вельмі хутка, пасля таго, як пачынаюць працаваць на першых рабочых месцах, — расказвае Таццяна Пятроўна. — На пачатку навучальнага года гаркам прафсаюза праводзіць сустрэчу з пачаткоўцамі “Ці лёгка быць маладым?”, і мы ў ёй абавязкова ўдзельнічаем. Маладыя спецыялісты на такіх сустрэчах даведваюцца пра ўсе магчымасці, якія дае ім заканадаўства, высвятляюць, куды могуць звяртацца са сваімі пытаннямі, і, зразумела, мы пэўным чынам рэкламуем савет, пакідаем нумары тэлефонаў усіх раённых аддзяленняў.

Галоўную мэту сваёй работы старшыня маладзёжнага савета вызначае максімальна дакладна: зрабіць так, каб маладыя спецыялісты, якія прыйшлі ў школы і іншыя ўстановы па размеркаванні, засталіся працаваць у галіне, у ідэале — на першым рабочым месцы. Застаюцца, г.зн. працуюць пасля размеркавання больш за вызначаны тэрмін, каля 60% маладых педагогаў сталічных устаноў, па даных за мінулы год. У 2014 годзе адпаведная лічба складала 50,4%. Прагрэс, як відаць, ёсць. Хочацца верыць, што ў належны час пераважная большасць з тых 732 маладых настаўнікаў, якія прыйшлі ў мінскія школы і іншыя ўстановы летась, таксама застануцца ў іх працаваць.

Безумоўна, найважнейшае значэнне маюць гарантыі для маладых спецыялістаў, дапамога ў вырашэнні жыллёвага пытання (нядаўна, напрыклад, прафсаюз арганізаваў сустрэчу маладых педагогаў з прадстаўнікамі Беларусбанка па жыллёвым крэдытаванні), але ў такой рабоце нельга недаацэньваць іншыя складнікі, тым больш што савет працягвае работу з маладымі спецыялістамі і пасля таго, як тыя адпрацуюць тэрмін, вызначаны размеркаваннем. Строга кажучы, у полі зроку гэтай грамадскай арганізацыі — усе маладыя педагогі, якімі ў нас лічацца спецыялісты ва ўзросце да 35 гадоў.

Але пачынаецца ўсё з самых маладых, якім, канечне, неабходна асаблівая падтрымка. Акрамя юрыдычнай і кансультацыйнай дапамогі, гэта мерапрыемствы, якія праводзіць савет і ў якіх ён актыўна ўдзельнічае. Такія — сучасныя і крэатыўныя — мерапрыемствы натхняюць на работу, развіццё, творчасць, — гаворыць Т.П.Арлоўская. — А натхненне дае жаданне працаваць.


Вось, напрыклад, штогадовы Мінскі маладзёжны фестываль педагагічных ідэй і рашэнняў, мэта якога — выяўленне таленавітых маладых педагогаў, здольных да актыўнай дзейнасці ў прафесійных педагагічных суполках. А яшчэ гэта добрая пляцоўка для абмену вопытам паміж маладымі настаўнікамі Беларусі і Расіі з розных рэгіёнаў — майстар-класы, трэнінгі, прэзентацыі, дыскусіі.

Маладзёжны савет Мінскай гарадской арганізацыі прафсаюза цесна супрацоўнічае з саветам маладых педагогаў Масквы: мінчане былі ўдзельнікамі семінара “Малады педагог і інавацыі ў адукацыйнай арганізацыі. Траекторыя развіцця прафесіяналаў”, педагагічнага аўтапрабегу і г.д. У рамках супрацоўніцтва з рэгіёнамі Расіі маладыя педагогі Мінска ўдзельнічалі ва Усерасійскім форуме маладых педагогаў у Рэспубліцы Марый Эл, Міжнародным конкурсе “Педагагічны старт”, іншых мерапрыемствах.

Вялікі блок работы складаюць спартыўныя праекты. Так, незабыўныя ўражанні пакінуў турнір па пейнтболе, калі змагаліся каманды розных раёнаў Мінска. Не меншы зарад даюць удзельнікам спаборніцтвы па кулявой стральбе (у многіх школах ёсць добрыя базы для заняткаў гэтым відам спорту), велапрабегі па памятных мясцінах, прысвечаныя звычайна Дню Перамогі. Для тых, хто аддае перавагу інтэлектуальным спаборніцтвам, арганізоўваюцца брэйн-рынгі, “мазгабойні”, гульня “Адзін супраць усіх”. А яшчэ праводзяцца творчыя майстар-класы, пару гадоў назад быў рэалізаваны праект “Педагагічная сальса” ў Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі са справаздачным канцэртам пасля завяршэння.

Дарэчы, Мінская гарадская арганізацыя Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі падтрымлівае сваё “дзіця” — савет маладых педагогаў — і маральна, і матэрыяльна. Так, экскурсіі па Беларусі, якіх адбылося ўжо нямала, былі для маладых настаўнікаў бясплатнымі. А ў Год культуры прафсаюз дапамог з арганізацыяй тэатральнага маладзёжнага прафсаюзнага праекта “Настаўнік-артыст: парадыгма поспеху” на базе Нацыянальнага мастацкага музея і Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Праект не толькі дазволіў педагогам наведаць музей, тэатральныя пастаноўкі , але і даў магчымасць пагутарыць з артыстамі, рэжысёрамі. Як гаворыць мая суразмоўніца, настаўнікі таксама своеасаблівыя артысты, таму і зносіны былі вельмі цікавымі.

І, канечне, педагагічная моладзь удзельнічае ў конкурсах прафесійнага майстэрства “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі” ў намінацыі “Мы — маладыя”, прафсаюзным конкурсе “Мінскі майстар”. Савет, безумоўна, сваіх падтрымлівае, члены савета былі ўдзельнікамі конкурсаў, станавіліся лаўрэатамі.

Ёсць, зразумела, і такія маладыя педагогі, якім застацца ў галіне не дапаможа нішто: тут усё зразумела — дыплом атрыманы для “птушачкі”. Але многім, хто вагаецца, час, адпрацаваны па размеркаванні, дапамагае зрабіць выбар на карысць сваёй высакароднай прафесіі. Працаваць, заахвочваць пры гэтым неабходна ўсіх, “даходзіць” да кожнага, пераканана старшыня савета.

Сама Таццяна Пятроўна, уладальніца, прынамсі, дыплома з адзнакай і спецыяльнасці “Эканамічны пераклад”, якую атрымала ў БДУ паралельна з вучобай у педуніверсітэце, прызнаецца, што пэўную ролю ў яе рашэнні застацца працаваць у школе адыграла занятасць у савеце маладых педагогаў.

— Усё гэта дае неверагодны стымул для работы ў школе, — гаворыць маладая настаўніца. — Важна і тое, як маладога спецыяліста сустракае адміністрацыя ўстановы. Мне ў гэтым пашанцавала: і дырэктар, Ірына Віктараўна Цубікава, і калектыў моладзь падтрымліваюць. Дапамагаюць таксама курсы павышэння кваліфікацыі, напрыклад, у гарадскім інстытуце развіцця адукацыі, дзе мы знаёмімся з новымі тэхналогіямі і методыкамі. Плюс работа ў савеце дае штуршкі для руху наперад, і я разумею, што знаходжуся на сваім месцы.

Марына ХІДДЖАЗ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*