Маўчаць нельга гаварыць

Выпадкі канфліктаў паміж настаўнікамі і навучэнцамі, як правіла, не выносяцца на ўсеагульнае абмеркаванне. Шырокі рэзананс атрымліваюць толькі тыя здарэнні, якія ў сценах школы захаваць не магчыма. На жаль, такія сітуацыі, аб якіх нельга маўчаць, здараюцца. І калі справа даходзіць да пошуку вінаватых, прайграўшым можа быць як выкладчык, так і вучань.

Тым не менш мірна ўрэгуляваць школьны канфлікт можна. І адным з дзейсных сучасных інструментаў урэгулявання спрэчных пытанняў у школьным асяроддзі з’яўляецца медыяцыя.

Так, на працягу апошніх двух гадоў цэнтрам “Медыяцыя і права” пры падтрымцы Міністэрства адукацыі ў краіне рэалізоўваўся праект па развіцці школьнай медыяцыі. Для таго каб даведацца, наколькі ахвотна школы ўдзельнічалі ў спрэчным эксперыменце і як настаўнікаў і навучэнцаў вучылі слухаць адно аднаго і ісці на кампраміс, мы звярнуліся з пытаннямі да в.а. дырэктара вучэбна-практычнай установы “Цэнтр “Медыяцыя і права” выканаўчага дырэктара выканаўчай дырэкцыі грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз юрыстаў” Ірыны Уладзіміраўны АРЛОЎСКАЙ.

Дыягностыка праблемы

Ці можа канфлікт быць правільным?

 

Для Беларусі медыяцыя — з’ява новая. Закон “Аб медыяцыі” быў прыняты ў 2013 годзе. Сёння медыяцыя можа быць прыменена ў многіх сферах. І відавочна, што ў кожнага кірунку гэтай сістэмы вырашэння канфліктаў свае асаблівасці. Галоўнымі прычынамі, якія падштурхнулі да развіцця школьнай медыяцыі, сталі сур’ёзныя непаразуменні паміж настаўнікам і вучнем ці непасрэдна паміж самімі навучэнцамі. На жаль, школьныя спрэчкі апошнім часам адбываюцца нярэдка.


“Даючы матэрыял дзецям, які выступаюць у якасці школьных медыятараў, заўсёды тлумачу наступнае: калі адбыўся канфлікт, у выніку якога было прыменена фізічнае насілле, то той, хто яго здзейсніў, вінаваты, — расказвае прынцып работы з навучэнцамі Ірына Арлоўская. — І, безумоўна, насілле — гэта крымінальны элемент. У медыяцыі праз усведамленне віны чалавек павінен прыйсці да разумення таго, як ён гатовы загладзіць сваю віну. Звычайна падчас працэсу абодва бакі разумеюць, у чым вінаватыя. Знаходзячыся разам, канфліктуючыя асобы “вентылююць” свае эмоцыі: выкрыкваюць, даказваюць кожны сваю пазіцыю. І гэта нармальна. Нават дарослыя людзі не ў стане адразу прымірыцца. Эмоцыі, гнеў перашкаджаюць дамовіцца.

Два гады назад медыяцыя пачала развівацца ў школах. На працягу двух гадоў рэалізоўваўся праект па вырашэнні канфліктаў. Цяпер разумею, што гэта быў правільны крок. Я назірала за тым, як складваюцца адносіны дачкі, якая вучылася ў 6 класе, з аднакласнікамі. Пачынаючы з 4 класа паміж навучэнцамі пачалі ўзнікаць канфлікты. Прычым падштурхоўваў усіх да гэтага адзін хлопчык. Мне як маме, якая назірала за ўсім збоку, было зразумела, што з навучэнцамі трэба працаваць. Таму ў 2015/2016 навучальным годзе ў школе, дзе вучыцца дачка, пачалі вучыць дзяцей медыяцыі. Праз год былі заключаны пагадненні з камітэтам па адукацыі Мінгарвыканкама і з Мінскім гарадскім інстытутам развіцця адукацыі, у выніку чаго праект па школьнай медыяцыі пачалі развіваць ва ўсіх 9 раёнах горада. Да ініцыятывы далучыліся шматлікія школы, а таксама сацыяльна-педагагічныя цэнтры.

Для таго каб дзяцей навучыць медыяцыі, ад нашага цэнтра ў навучальныя ўстановы былі накіраваны практыкуючыя медыятары. У выніку майстэрству школьнай медыяцыі былі навучаны 150 чалавек, з якіх 96 — навучэнцы школ. Ад кожнай школы назначаўся куратар, сярод якіх намеснікі дырэктара, выкладчыкі дысцыплін, сацыяльныя педагогі. Безумоўна, хацелася б больш цесна ў гэтым кірунку працаваць і з класнымі кіраўнікамі, таму што менавіта яны ў першую чаргу павінны ўмець вырашаць канфлікты паміж навучэнцамі. Але пакуль што класныя кіраўнікі не так актыўна далучаюцца да развіцця праекта.

Такім чынам, кожны куратар збіраў каманду ад сваёй навучальнай установы — 9 навучэнцаў і 4 настаўнікі. Пасля гэтага пачынаўся курс навучання медыяцыі. Усё адбывалася па праграме, якая была распрацавана менавіта для таго, каб навучыць азам медыятыўных тэхналогій тых, хто будзе ў далейшым працаваць у школьных службах вырашэння канфліктаў”.

Ад школьных спрэчак — да сямейнай медыяцыі

Што рабіць, калі агрэсія жыве ў сям’і?

“Для таго каб адпрацаваць тэарэтычную частку, мы наўмысна аб’ядноўвалі навучэнцаў з настаўнікамі, — дзеліцца вопытам спецыяліст. — Кожны разумее, што ў школе строга выконваецца субардынацыя. Ёсць настаўнік, які вучыць, і навучэнцы, якія павінны слухаць і падпарадкоўвацца. Тым не менш нам важна зрабіць так, каб тыя, хто працуе ў школьнай службе медыяцыі, працавалі ў камандзе. Гэта не значыць, што навучэнец павінен забываць пра павагу да выкладчыка і ставіцца да яго, як да роўнага. Проста яны павінны быць аб’яднаны адной ідэяй, якая прыносіць карысць школе. Чаму ў камандзе павінны працаваць менавіта настаўнік і навучэнец? Таму што некаторыя праблемы без настаўніка не вырашацца. Безумоўна, навучэнцу лягчэй даверыцца свайму равесніку, чым старэйшаму таварышу. Калі ж адбыўся канфлікт навучэнца з выкладчыкам, разбірацца ў гэтай праблеме павінны менавіта ўдзельнікі канфлікту, а роля медыятара заключаецца ў тым, каб дапамагчы правільна арганізаваць працэс перагавораў. У такой сітуацыі ідэальным вырашэннем пытання будзе ўдзел у перагаворах двух медыятараў (школьніка і настаўніка) і непасрэдна тых, хто паспрачаўся.

Быў выпадак, калі прыйшлі разбіраць спрэчку паміж навучэнцамі, а ў выніку атрымалася так, што школьны канфлікт перавёў нас на сямейную медыяцыю. Канфлікт тады адбыўся паміж хлопчыкамі. Дзеці паспрачаліся і пабілі адзін аднаго. Здаецца, банальная сітуацыя. Тым не менш для вырашэння гэтага канфлікту ў школу былі запрошаны бацькі падлеткаў. Як толькі мы селі за стол перагавораў, пачалі разбіраць сітуацыю і праводзіць паралелі з агрэсіўным настроем аднаго з навучэнцаў, які і справакаваў спрэчку, на паверхню выйшла відавочнае. Аказваецца, хлопчык, які быў прыкладам для многіх і ў паводзінах, і ў вучобе, пачаў бойку не проста так. Менавіта так ён выказваў пратэст супраць той сітуацыі, якая склалася ў яго дома. Мама і тата хлопчыка пастаянна сварыліся, высвятлялі адносіны і ўжо даўно падалі заяву ў суд на скасаванне шлюбу. Усё гэта нанесла дзіцяці цяжкую псіхалагічную траўму. Падлетак стаў замкнёны, перастаў вучыцца, а агрэсіўнасць пачала праяўляцца нават у дробязях, у банальных зносінах з аднакласнікамі. І вельмі добра, што своечасова высветлілася прычына такіх паводзін.

Часта не толькі навучэнцы, але і іх бацькі падліваюць масла ў агонь і распальваюць канфлікт яшчэ да большых памераў. Так, у адной са школ вучылася дзяўчынка, у якой з дзяцінства была касавокасць. Безумоўна, дзіцяці было псіхалагічна цяжка чуць здзекі ў свой адрас. У пэўным узросце дзяўчынцы правялі аперацыю на вачах, і ўсё, здавалася б, павінна было нармалізавацца. Тым не менш комплекс застаўся. І зноў адзін з аднакласнікаў па звычцы абазваў дзяўчынку, як і раней, крыўдным словам. Уявіце, наколькі цяжка было гэтай вучаніцы. Дзяўчынка, у якой накаплівалася крыўда за здзекі, у выніку праявіла ўвесь негатыў, нагаварыла хлопчыку шмат крыўднага. У школу выклікалі абедзвюх мам. Безумоўна, мама дзяўчынкі таксама перажывала разам з дачкой, і ёй было крыўдна за тое, што і цяпер з дзіцяці не перастаюць кпіць. Як толькі ў школу прыйшла мама хлопчыка, жанчыны накінуліся адна на адну. Спрэчка ўжо амаль перарасла ў бойку. У выніку 2-гадзіннай медыяцыі канфлікт быў урэгуляваны. Спачатку мамы выказалі ўсе свае эмоцыі, а пасля чарга дайшла і да дзяцей. У канцы аднакласнікі прыдумалі правілы, якія ў адносінах адно да аднаго нельга парушаць. Абгаварылі, чаго хоча дзяўчынка, і зразумелі, на што гатовы пайсці хлопчык, каб мірна ўрэгуляваць такую непрыемную сітуацыю. Сэнс усяго гэтага заключаўся ў тым, каб даць эмоцыям выйсці, а пасля ўжо сесці і прагаварыць сітуацыю”.

Настаўніцкая медыяцыя

Як навучыць дзяцей сябраваць з канфліктам?

Як заўважыла Ірына Арлоўская, школьная медыяцыя пакуль што развіваецца не так хутка, як бы хацелася. Тым не менш у навучальных установах гэты кірунак трэба развіваць. На зімовых канікулах прафесіяналы сустракаліся са школьнікамі-медыятарамі і абмяркоўвалі праблемы, з якімі навучэнцы сутыкаюцца падчас рэалізацыі праекта ў сваіх навучальных установах.

“Сёлета будуць праводзіцца мерапрыемствы з удзелам нашых юных медыятараў, — канстатуе Ірына Уладзіміраўна. — Часцей за ўсё арганізуем такія сустрэчы ў фармаце дзелавых гульняў, падчас якіх абмяркоўваюцца не толькі праблемы, з якімі даводзіцца сутыкацца, але і выказваюцца аргументы “за” і “супраць” медыяцыі. Для таго каб развіццё школьнай, настаўніцкай медыяцыі набыло большы маштаб, плануем падключыць да праекта і будучых педагогаў, студэнтаў педагагічнага ўніверсітэта.

Самай цікавай часткай дзелавых гульняў з’яўляецца абмеркаванне практычных выпадкаў, калі юныя медыятары расказваюць пра вынікі канфліктаў у сваіх школах.

Здараецца, што да медыяцыі далучаюць інспектараў па справах непаўналетніх. Так, у адной са школ узнік канфлікт паміж хлопчыкамі. І гэта скончылася сур’ёзнымі наступствамі. Адзін з удзельнікаў бойкі атрымаў цяжкія траўмы. Зразумела, што такая справа замоўчанай застацца не можа. Тут важна даць зразумець, што медыяцыя не адменіць крымінальнага ці адміністратыўнага пакарання. Калі было здзейснена злачынства, то ў любым выпадку ўсё павінна вырашацца згодна з законам, і гэта правільна. Акрамя гэтага, падлетак павінен разумець, што калі за яго ўчынак адказваюць бацькі (а так часцей за ўсё і здараецца, калі, напрыклад, маме даводзіцца плаціць грашовую кампенсацыю), то ён сам пасля павінен загладзіць сваю віну. Пакаранне павінна прысутнічаць, але праз усведамленне віны. І менавіта гэтага часцей за ўсё не хапае ва ўзаемаадносінах з падлеткамі. Такім чынам, медыяцыя — гэта толькі разумнае дапаўненне да вырашэння канфлікту.

Быў выпадак, калі сям’я знаходзілася ў сацыяльна небяспечным становішчы. Больш за ўсё, зразумела, ад гэтага пакутавала дзіця. У выніку разбору сітуацыі выйшлі на сямейную медыяцыю. Як аказалася, мама з татам даўно знаходзіліся ў разводзе, але не маглі ўрэгуляваць нюансы з жыллём. Тата праз некаторы час выйшаў з медыяцыі, і працэс перарваўся. Пасля, калі цікавілася ў школе пра гэтую сям’ю, даведалася, што мама з сынам пераехалі, знайшлі сабе жыллё, а сям’ю знялі з уліку”.

Непаразуменні ў школе

Як пазбегнуць трагедыі?

Часцей за ўсё канфлікты паміж навучэнцамі і выкладчыкамі ўзнікаюць на фоне непаразумення, узаемнай нелюбові. Дзеці скардзяцца на тое, што настаўнікі іх не чуюць. Але, як правіла, калі ў настаўнікаў ужо склаўся стэрэатып наконт таго ці іншага вучня, адваротную сітуацыю стварыць будзе цяжка.

“Дзеці зрываюць урокі, і настаўнікі адразу ж вядуць навучэнца да дырэктара, яго намесніка, сацыяльнага педагога. Чамусьці мала хто задумваецца наконт таго, што любы негатыўны ўчынак на ўроку можа быць наступствам іншай, больш глабальнай прычыны. Магчыма, дзіця нехта пакрыўдзіў, а можа, зноў жа праблема хаваецца ў сям’і, — разважае медыятар. — Здараецца і так, што віной усяму крыўда на настаўніка. І першапрычыну трэба абавязкова шукаць. Для гэтага педагог павінен знайсці час, каб паразмаўляць з вучнем. У першую чаргу гаворка ідзе пра класных кіраўнікоў. На нядаўняй сустрэчы з юнымі медыятарамі адна з дзяўчынак расказала, што ўдалося пасадзіць настаўніка і навучэнца за стол перагавораў. Сітуацыя заключалася ў тым, што адзін з хлопчыкаў увесь час спрабаваў сарваць урок настаўніцы, кпіў з яе. Не вытрымаўшы, выкладчыца прыгразіла, што пойдзе да дырэктара. Аднак пашанцавала, што педагог згадзілася пагаварыць з навучэнцам. Падчас медыяцыі вучань растлумачыў, чаму сябе так паводзіць. Аказалася, яшчэ ў мінулым годзе настаўніца абвінаваціла хлопчыка ў тым, чаго ён не рабіў. Вінаватым быў іншы, але менавіта гэты трапіў на вочы строгай выкладчыцы. Настаўніца, безумоўна, прыгадала сітуацыю і растлумачыла, на аснове чаго зрабіла пэўныя вынікі. Безумоўна, фінальнай кропкай у гэтай гісторыі стала тое, што настаўніца і вучань папрасілі адно ў аднаго прабачэння.

Разглядаючы выпадак у гімназіі № 74, калі навучэнец напаў на настаўніцу, лічу, што пры дапамозе медыяцыі шматлікія пытанні можна было б зняць. Многае, думаю, стала б зразумела для абодвух бакоў, калі б і выкладчыца, і падлетак пагаварылі адно з адным. У такім выпадку выкладчыца пачула б тое, чаго раней не заўважала. І вучань змог бы інакш паглядзець на сітуацыю. Але эмоцыі ўзялі верх.

Калі адбылося гэтае здарэнне, мы толькі пачыналі развіваць школьную медыяцыю. Выпадкі агрэсіі ў адносінах да настаўнікаў, а таксама прадузятыя адносіны выкладчыкаў да навучэнцаў не павінны быць прычынай пакут і слёз як з аднаго, так і з другога боку. Таму варта навучыцца не толькі даваць ці атрымліваць веды, але і ўмець слухаць і чуць”.

Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.