Праграма для інтэрнатаў

Жыллё для іншагародніх студэнтаў — з тых праблем, якія былі і застаюцца аднымі з самых важных для любой установы адукацыі. Прычым праблема гэтая — мнагагранная, і вялікае значэнне мае ўдасканаленне работы па кожным яе кірунку. Напрыканцы мінулага года на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта прайшоў рэспубліканскі метадычны семінар, прысвечаны ўдасканаленню нарматыўнай прававой базы па прадастаўленні інтэрнатаў, іншых актуальных пытаннях, звязаных з жыллём для студэнтаў і навучэнцаў.

Аптымізацыя

Прадстаўнікі больш чым 40 УВА краіны прынялі ўдзел у гэтым маштабным мерапрыемстве, праведзеным па ініцыятыве Міністэрства адукацыі і БДУ. Удзельнікі семінара, а гэта былі асобы, якія адказваюць за мэтавае выкарыстанне жылога фонду ўстаноў адукацыі, начальнікі аддзелаў выхаваўчай работы з моладдзю, дырэктары студэнцкіх гарадкоў, а таксама прадстаўнікі студэнцкага самакіравання інтэрнатаў, абмеркавалі праект Палажэння аб парадку прадастаўлення жылых памяшканняў (іх частак), валодання і карыстання імі ў інтэрнатах, якія знаходзяцца ў падначаленні дзяржаўных устаноў адукацыі, пытанні выхаваўчай работы. Працавала школа студэнцкага актыву.

Унясенне (ці неўнясенне) змен у Палажэнне — справа будучыні. А вось вопыт аптымізацыі працэсу засялення пры дапамозе сучасных інфармацыйных тэхналогій на прыкладзе праграмнага модуля “Студгарадок СКБД (Сістэма кіравання базай даных. — Заўв.аўтара) “Студэнты” — справа важная. Расказаць пра магчымасці і перавагі гэтага модуля ў рабоце па засяленні студэнтаў у інтэрнаты мы папрасілі начальніка службы засялення і рэгістрацыі студэнцкага гарадка БДУ Алену Мікалаеўну Васільеву.

— Праграмны модуль з’явіўся ў нас некалькі гадоў назад, але так шырока сваім вопытам па яго карыстанні мы ўпершыню падзяліліся з калегамі зараз, на рэспубліканскім семінары, — расказала А.М.Васільева. — Ідэя была такой, каб давесці да аўтаматызму працэс засялення ў інтэрнаты. Калі гэта робіцца ўручную, узнікае шмат памылак, звязаных з так званым чалавечым фактарам. Часцей за ўсё памылкі ўзнiкаюць у прозвішчах, імёнах, імёнах па бацьку, ці тады, калi хлопцаў могуць размеркаваць у дзявочыя пакоі, размясцiць зусiм не ў той пакой. Шмат памылак было таксама і пры афармленні дагавораў найму жылого памяшкання.

Для таго каб мінімізаваць памылкі, кіраўніцтва студэнцкага гарадка БДУ вырашыла сістэматызаваць работу. Было распрацавана тэхнічнае заданне з вызначэннем таго, што пажадана мець у такой праграме. Заданне выканала камп’ютарная кампанія, якая супрацоўнічае са студгарадком БДУ і да гэтага часу. Праграмісты кампаніі ўлічылі пры стварэнні праграмнага модуля ўсе пажаданні не толькі дырэкцыі студгарадка, але і дэканатаў, загадчыкаў інтэрнатаў.

Сістэма ўдасканальвалася кожны год зыходзячы з таго, якія недахопы ў ёй выяўляліся, якія новыя патрабаванні ўзнікалі і ўзнікаюць (напрыклад, з пункту гледжання заканадаўства). Пэўныя змены, зразумела, пры неабходнасці ўносяцца і цяпер, калі, скажам, спецыялісты па засяленні хочуць мець у сваім распараджэнні новыя даныя. Напрыклад, у праграмным модулі з’явілася магчымасць мець загады аб залічэнні кожнага студэнта або фарміраваць спісы па гендарным складзе.

Улічваючы, што толькі іншагародніх студэнтаў, магістрантаў, слухачоў і навучэнцаў ліцэя і юрыдычнага каледжа Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта больш за 10 тысяч, магчымасць засялення пры дапамозе праграмнага модуля прыйшлася асабліва дарэчы.

У праграмны модуль уносяцца толькі даныя тых маладых людзей (беларускіх, замежных студэнтаў, навучэнцаў і г.д.), якім неабходна месца ў інтэрнаце. Тыя, хто вырашае, што будуць жыць у родных або наймаць кватэру, не пішуць заявы на інтэрнат i, адпаведна, не ўключаюцца ў праграму. Усе замежныя перша-, друга- і трэцякурснікі засяляюцца ў інтэрнаты абавязкова, старшакурснікі, магістранты і аспіранты — па жаданні.

У цэлым жа больш за 70% іншагародніх студэнтаў БДУ штогод засяляюцца ў інтэрнаты. Студэнцкі гарадок Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ўключае 9 студэнцкіх інтэрнатаў і 1 інтэрнат для супрацоўнікаў, два з іх размяшчаюцца ў студэнцкай вёсцы. Усе інтэрнаты дзеляцца на тры катэгорыі: жыллё кватэрнага тыпу, блочнага і калідорнага. У кожным ёсць умовы і для вучобы, і для адпачынку, абсталяваны трэнажорныя ці тэнісныя залы. Наладжана работа сэрвісных службаў: цырульняў, майстэрань па рамонце абутку і г.д.

Базавыя даныя

Усе неабходныя даныя для модуля бяруцца са студэнцкай базы аддзела кадраў універсітэта, прычым робіцца гэта аўтаматычна.

— Гэта вельмі зручна, — тлумачыць мая суразмоўніца. — Нават усе змены па стане студэнта мы атрымліваем аўтаматычна і аператыўна. А гэта можа быць яго перавод на наступны курс, адлічэнне, калі такое здараецца, сыход у акадэмічны водпуск і г.д. Усё адразу адлюстроўваецца ў нас.

Камісіі па жыллёва-бытавых пытаннях навучэнцаў збіраюць i ўносяць у сiстэму даныя па сваіх студэнтах, улічваючы даведкі аб ільготах. Імі карыстаюцца і ў студгарадку. Льготнікаў сярод студэнтаў і навучэнцаў розны працэнт па розных катэгорыях. Так, дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, — 108 студэнтаў і 6 навучэнцаў; маладых людзей, якія ўключаны ў банк таленавітай і адоранай моладзі, — 135 студэнтаў і 18 навучэнцаў. Яшчэ першачарговым правам засялення ў інтэрнат карыстаюцца прыезджыя з раёнаў, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Іх у БДУ больш за 1200 чалавек.

Універсітэт па сваіх крытэрыях таксама вылучае студэнтаў, якія маюць права на першачарговае засяленне. Гэта выдатнікі, пераможцы конкурсаў і алімпіяд, грамадскія актывісты — у кожнага дасягнення ёсць свой рэйтынг, што таксама ўплывае на чаргу. Праграма “Студэнты” арганізавана так, што сама складае спіс тых, каму патрэбен інтэрнат, у належным парадку: па катэгорыях ільгот, паспяховасці і іншых даных.

Да таго ж у такіх спісах дакладна вывераны ўсе асабістыя даныя студэнтаў, памылак у іх імёнах і прозвішчах быць не можа. Адразу бачна і колькасць месцаў, у тым ліку мужчынскіх і жаночых, у кожным інтэрнаце, сістэма нават сама выпраўляе памылкі ў плане засялення, калі такія ўзнікаюць.

Акрамя ўсяго пералічанага, з дапамогай праграмнага модуля “Студгарадок СКБД “Студэнты” лягчэй кантраляваць аплату за пражыванне ў інтэрнатах. Дзякуючы сiстэме, спецыялісты могуць атрымаць таксама інфармацыю аб тым, у якіх інтэрнатах ужо жыў студэнт, якія пакоі займаў, калі высяляўся. А гэта важна, бо засяленне ў БДУ праводзіцца кожны год. Такім чынам, увесь “жыллёвы” шлях студэнтаў і навучэнцаў бачны як на далоні.

Пытанні і адказы

На семінары вопыту ўніверсітэта ў справе аптымізацыі засялення студэнтаў быў прысвечаны асобны блок работы. І гэты вопыт зацікавіў многіх. А.М.Васільева правяла майстар-клас для калег з рэгіёнаў і навучальных устаноў Беларусі: яна падрабязна і дакладна паказала шлях па засяленні ў інтэрнат канкрэтнага студэнта на працягу ўсёй яго вучобы ва ўніверсітэце.

— Пытанняў у калег аб рабоце і стварэнні праграмнага модуля было шмат, — прызнаецца Алена Мікалаеўна. — Вельмі зацікавіла многіх магчымасць аўтаматычнага размеркавання студэнтаў у чарзе на засяленне ў адпаведнасці з іх ільготамі — як заканадаўчымi, так і лакальнымi. Было і такое пытанне: “Ці дае магчымасць сістэма адразу ж пасля прадастаўлення інтэрната аўтаматычна сфарміраваць пратаколы пасяджэнняў, загады адміністрацыі УВА, якія тычацца засялення студэнтаў?”. Так, гэтая магчымасць ёсць.

Многія задавалі пытанні аб тым, ці вядзецца ўся неабходная дакументацыя на паперы. Так, вядзецца. Больш за тое, кожны год ва ўніверсітэце збіраюць камісію з удзелам адміністрацыі навучальнай установы, прафсаюзнага камітэта, студэнцкага самакіравання па праверцы вядзення дакументацыі па ўліку і прадастаўленні жылых памяшканняў камісіямі падраздзяленняў навучальнай установы. Камісія вывучае спісы чаргавікоў, пратаколы пасяджэнняў, іншыя дакументы, вучэбныя справы на кожным факультэце ўніверсітэта. Дакументаабарот, канечне, вялікі, але ва ўніверсітэце пакуль ад гэтай практыкі не адмаўляюцца ў адпаведнасці з сучаснымі заканадаўчымі нормамі. Як гаворыцца, закон суровы, але гэта закон.

Па звестках галоўнага ўпраўлення па выхаваўчай рабоце і маладзёжнай палітыцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, забяспечанасць студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі месцамі ў інтэрнатах складае 85,5% у сярэднім па краіне. Навучэнцы ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі забяспечаны месцамі ў інтэрнатах на 97%. Маладыя людзі, якія атрымліваюць прафесійна-тэхнічную адукацыю, забяспечаны жыллём на 100%.

Зараз у студэнцкай вёсцы ў Мінску працягваецца будаўніцтва двух інтэрнатаў — адзін з іх будуюць з прыцягненнем дапамогі Кітая для кітайскіх студэнтаў з выдзяленнем месцаў для студэнтаў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Усяго інтэрнат разлічаны крыху больш чым на 1000 месцаў. Другі інтэрнат, які будуецца ў вёсцы, згодна з генеральным планам будаўніцтва, разлічаны на 1800 месцаў.

А засяленне ўжо на працягу многіх гадоў пачынаецца ў апошнія дні жніўня (часцей за ўсё 25 жніўня) і заканчваецца строга да 1 верасня. Для кожнага курса адведзены свой дзень, і гэты парадак загадзя ведаюць і супрацоўнікі, і студэнты. З дапамогай модуля ўсе дакументы рыхтуюцца хутка і без памылак, без якіх раней не абыходзілася.

— За час, які прайшоў пасля рэспубліканскага семінара па пытаннях арганізацыі засялення студэнтаў і навучэнцаў у інтэрнаты, да нас ужо звярталіся калегі з іншых устаноў адукацыі, — расказала А.М.Васільева. — Так, тэлефанавалі з адной навучальнай установы Віцебска з пытаннямі па налічэнні аплаты за інтэрнат і адлюстраванне запазычанасцей у праграме. Таксама цікавіліся падрабязнасцямі стварэння рэйтынга тых, каму неабходна месца ў інтэрнаце па ўнутрыўніверсітэцкіх крытэрыях. Людзі, як я разумею, жадаюць арганізаваць у сябе штосьці падобнае, прыстасаваўшы ідэю нашага праграмнага модуля пад свае канкрэтныя ўмовы і асаблівасці.

Яшчэ да правядзення семінара да А.М.Васільевай прыходзілі яе калегі з Мінскага медуніверсітэта, каб бліжэй пазнаёміцца з праграмай. Сказалі, што нешта падобнае ва ўстанове пастараюцца зрабіць для сябе. Пры гэтым Алена Мікалаеўна як практык, які працуе з модулем не першы год, адзначае, што гэта не ідэальная сістэма, але якраз той рэсурс, які вельмі аблягчае і паскарае працэс засялення студэнтаў у інтэрнаты. Безумоўна, камп’ютарызацыя наладжана ва ўсіх студгарадках, але менавіта ў такім дасканалым выглядзе мала дзе. І вопыт, назапашаны ў студгарадку БДУ, можа быць карысным для многіх.

Марына ХІДДЖАЗ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*