Калі сэрца патрабуе добрых спраў

Добрых спраў і дабрыні ніколі не бывае многа. Калі дабрыня жыве толькі ў думках, засяроджана ў чалавеку і не мае рэальнага выхаду, то разгледзець яе каштоўны сэнс зможа не кожны і не адразу. Калі ж ідэі, якія нясуць у сабе ўнікальнасць, набываюць рэальнае аблічча і ўвасабляюцца ў жыццё праз рэалізацыю сацыяльна значных праектаў, тады вынік абяцае быць цікавым.

Адной са структур, якая сёння дапамагае школьнікам і моладзі ў рэалізацыі сацыяльных ідэй, з’яўляецца Рэспубліканскі валанцёрскі цэнтр. На чым будуецца яго работа і што цэнтр прапануе для развіцця дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі? Пра гэта і многае іншае расказала дырэктар установы Яна Уладзіміраўна ШАРАМЕЦЬЕВА.

— Яна Уладзіміраўна, у краіне распрацаваны праект Стратэгіі развіцця дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі на перыяд да 2030 года. Як у ім будзе ўдзельнічаць валанцёрскі цэнтр? На чым, згодна з ім, будзеце рабіць акцэнт, рэалізуючы сваю дзейнасць?

— Сёння маладзёжны валанцёрскі рух актыўна развіваецца, а пытанні падтрымкі валанцёрскай дзейнасці знайшлі сваё адлюстраванне ў Стратэгіі развіцця дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі на перыяд да 2030 года.

Цэнтр як галоўны каардынатар усяго валанцёрскага руху ў краіне асноўны акцэнт робіць на прасоўванні і папулярызацыі валанцёрскіх каштоўнасцей, падтрымцы сацыяльных праектаў, распрацоўцы і забеспячэнні рэалізацыі мерапрыемстваў па развіцці валанцёрскага руху ва ўстановах адукацыі, у тым ліку праз стварэнне адпаведных рэсурсных цэнтраў у рэгіёнах. Таксама наша ўстанова спрыяе ўзаемадзеянню грамадскіх аб’яднанняў, устаноў і ведамстваў, якія займаюцца рэалізацыяй праграм для валанцёраў.

— Рэалізацыяй якіх сацыяльных праектаў займаецца цэнтр? Якія найбольш значныя ідэі былі рэалізаваны за апошні час?

— Цэнтр рэалізоўвае праекты не толькі для валанцёраў, але і для арганізатараў валанцёрскай дзейнасці. Гэта такія праекты, як “Акадэмія валанцёраў”, “Менеджмент валанцёр­скай дзейнасці”, анлайн-лагер “Юны валанцёр”. Напрыклад, сёння рыхтуем да старту праект па прафарыентацыі і прасоўванні ідэй валанцёрства для школ.

З 15 па 17 верасня ў рамках рэспубліканскай акцыі “Год народнага адзінства — год добрых спраў” мы правялі марафон “Валанцёрства — гэта мы”. У­дзел у ім прынялі 144 каманды ўстаноў адукацыі з усёй краіны. Каманды штодня атрымлівалі заданні, якія неабходна было выканаць, а 17 верасня па ўсёй краіне прайшлі валанцёрскія і дабрачынныя акцыі.

Не так даўно адбыўся рэспубліканскі фестываль метадычных распрацовак па арганізацыі тэматычных заняткаў па валанцёрстве. Мэта фестывалю — выяўленне і распаўсюджванне паспяховых метадычных распрацовак для работы з валанцёрамі ва ўстановах адукацыі краіны. Ужо рыхтуецца да выпуску зборнік метадычных матэрыялаў, у якім сабралі гульні, практыкаванні і трэнінгі, што змогуц­ь выкарыстоўваць педагогі, якія працуюць з валанцёрамі.

У кастрычніку адбудзецца рэспубліканскі форум, удзел у якім прымуць 100 спецыялістаў з усёй краіны, якія курыруюць валанцёрскую дзейнасц­ь ва ўстановах адукацыі. Удзельнікі фэсту змогуць падзяліцца сваім вопытам работы з валанцёрамі, наведаць інтэрактыўныя пляцоўкі, а таксама разам абмеркаваць перспектывы развіцця валанцёрскага руху.

— Якія магчымасці для самарэалізацыі школьнікаў і моладзі сёння існуюць?

— У многіх установах адукацыі працуюць валанцёрскія гурткі, атрады і цэнтры, якія не толькі прапануюць навучэнцам уключыцца ў валанцёрскія акцыі, але і дапамагаюць рэалізоўваць уласныя ідэі і сацыяльныя праекты.

Наш цэнтр таксама падтрымлівае ініцыятыву валанцёраў. І калі ў маладых людзей ёсць ідэя, але няма разумення, як яе рэалізавац­ь, мы з радасцю дапаможам у гэтым.

Яшчэ цэнтр забяспечвае работу валанцёраў падчас правядзення рэспубліканскіх і міжнародных мерапрыемстваў. Спартыўныя падзеі, футбольныя матчы, Мінскі паўмарафон, фестываль “Вытокі” — гэтыя і іншыя маштабныя мерапрыемствы не абыходзяцца без удзелу нашых валанцёраў. Дарэчы, інфармацыю аб наборы валанцёраў мы размяшчаем у сваіх сацыяльных сетках.

— Як арганізавана работа валанцёраў ва ўстановах адукацыі, у прыватнасці, у школах?

— Сёння атрады валанцёраў ёсць у многіх школах, гімназіях, каледжах, ліцэях і ва ўстановах вышэйшай адукацыі.

Валанцёрскія цэнтры УВА, акрамя правя­дзення акцый, аказання адраснай дапамогі, шэфскай дапамогі сацыяльным установам, арганізоўваюц­ь свае традыцыйныя праекты і мерапрыем­ствы, якія наш цэнтр дапамагае рэалізаваць, зрабіць іх больш маштабнымі, павялічыць колькасць у­дзельнікаў. Бо разам мы можам больш.

Так, напрыклад, валанцёрскі клуб “СЛОН” Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў ужо 4 гады рэалізуе праект “Асаблівы модны паказ “Каляровыя сны”. Дзякуючы яму, выхаванцы школ-інтэрнатаў, дзеці-інваліды, дзеці-сіроты з усёй краіны выходзяц­ь на подыум у якасці мадэляў.

У Пінску на базе Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта сёлета ўжо шосты раз прайшоў міжуніверсітэцкі фестываль валанцёрскіх каманд “Наш выбар — здаровы лад жыцця!”. Валанцёрскія каманды ўстаноў вышэйшай адукацыі з усёй Беларусі ў­дзельнічаюць у інтэрактывах, дыялогавых пляцоўках, майстар-класах, абменьваюцца вопытам.

Валанцёрскім цэнтрам БДУІР арганізоўваецца школа студэнцкага актыву “Лідар”, якая паспела стаць традыцыйнай. Падчас яе правядзення для студэнтаў праходзяць трэнінгі, семінары, дэбаты, практычныя заняткі па тэме лідарства ў валанцёрстве. Такая падрыхтоўка дапамагае ўдзельнікам у будучыні стаць рэальнымі лідарамі ў сваіх камандах і прывесці іх да паспяховай рэалізацыі задач.

Паспяховы вопыт аб’яднання лідараў валанцёрскіх атрадаў устаноў адукацыі Мінска ёсць у школы валанцёраў “Сёння”, што дзейнічае ў крэатыўна-інавацыйным цэнтры Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і мола­дзі. Школа валанцёраў дапамагае хлопчыкам і дзяўчынкам знайсці справу па душы і аднадумцаў, атрымаць каштоўны вопыт і падрыхтавацца да рэалізацыі ўласнага сацыяльнага праекта.

— Як матываваць моладзь далучыцца да валанцёрства? Якія інструменты выкарыстоўвае для гэтага ваш цэнтр?

— Гаворачы пра тое, чаму лю­дзі становяцца валанцёрамі, варта адзначыць, што матывы і прычыны ва ўсіх розныя. У кожнага свой інтарэс, унікальная матывацыя і інш. Для кагосьці стаць валанцёрам — гэта магчымасц­ь дапамагаць, мяняць свет да лепшага, для іншых — знаёмства з новымі лю­дзьмі, а для некаторых — магчымасц­ь право­дзіць вольны час з карысцю для сябе і лю­дзей.

Мне здаецца, што трэба ўдзяляць асаблівую ўвагу папулярызацыі валанцёрства, прасоўванню ідэй валанцёрства ў інтэрнэце. Я часта гавару пра тое, што расказваць пра свае добрыя справы — не значыць выхваляцца. Гэта магчымасць рэалізавац­ь сябе, свае ідэі, знайсці сяброў, атрымаць новы вопыт, стаць часткай маштабных і значных па­дзей. Увогуле, да добраахвотніцкага руху можа далучыцца кожны, і кожны можа знайсці сабе справу па душы.

— Яна Уладзіміраўна, што патрабуецца для эфектыўнага развіцця валанцёрскага руху?

— Для эфектыўнай дзейнасці значным з’яўляецца метадычнае суправаджэнне валанцёрскага руху. Для каардынатараў, якія даўно і паспяхова працуюць з валанцёрамі, гэта магчымасць дзяліцца сваім вопытам, напрацоўкамі ў пытаннях падрыхтоўкі і навучання добраахвотнікаў. Для тых, хто толькі ўключаецца ў валанцёрства, — дакладнае разуменне таго, як арганізаваць валанцёрскі атрад, як матываваць і заахвочваць валанцёраў.

Вядома, валанцёрскі рух існуе даўно, і я ўпэўнена, ён будзе існаваць і далей. Згадзіцеся, заўсёды ёсць людзі, якія гатовы бясплатна рабіць дабро. І такіх людзей многа. Але, на мой погляд, для эфектыўнага развіцця валанцёрства як маладзёжнага руху неабходна зладжаная і сістэмная работа па яго арганізацыі. Гэта неабходна для таго, каб з кропкавых спраў і даручэнняў добраахвотніцтва станавілася ладам жыцця, сацыяльнай адказнасцю, сістэмай самавызначэння і спосабам самарэалізацыі яго ў­дзельнікаў.

Гутарыла Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Расказваць пра свае добрыя справы — не значыць выхваляцца. Гэта магчымасць рэалізавац­ь сябе, свае ідэі, знайсці сяброў, атрымаць новы вопыт, стаць часткай маштабных і значных падзей.

Пытанні падтрымкі валанцёрскай дзейнасці знайшлі сваё адлюстраванне ў Стратэгіі развіцця дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі на перыяд да 2030 года.