Студэнцкі спорт варты падтрымкі

Якую б спецыяльнасць ні асвойваў той або іншы студэнт, у якой бы ўстанове вышэйшай адукацыі ні вучыўся, пэўны час у яго будуць заняткі па фізкультуры. А ёсць яшчэ і спаборніцтвы рознага ўзроўню, і заняткі па жаданні ў секцыях па розных відах спорту. Для ўсяго гэтага, безумоўна, патрэбна матэрыяльна-тэхнічная база — дастатковая, бяспечная, сучасная. Як з гэтым ідуць справы ў Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце, як развіваецца студэнцкі спорт і яго забеспячэнне інвентаром, пляцоўкамі, якімі бачацца перспектывы? Паспрабуем разабрацца.

У прызах

…Калі мы ідзём да кабінета загадчыка кафедры фізічнага выхавання і спорту БДТУ доктара педагагічных навук Мікалая Мікалаевіча Філіпава, заўважаем стэнды са спартыўнымі кубкамі і фатаграфіямі. Паколькі прыйшлі пагаварыць якраз пра спорт, не можам тут не спыніцца.

— Мы не аднойчы прымалі ўдзел у Мінскім паўмарафоне, і нашы студэнты 4 гады запар атрымлівалі пераходны кубак за крэатыўнасць і масаваць, — тлумачыць Мікалай Мікалаевіч. — Вось гэты — за ўдзел у Рэспубліканскай універсіядзе, дзе мы ў сваёй групе (УВА ад 3 да 10 тысяч студэнтаў) пастаянна займаем прызавыя месцы, у тым ліку летась. Гэта — пераходны кубак Дар’і Домрачавай, а гэты кубак — за перамогу ў лёгкаатлетычным кросе студэнцкіх каманд краіны. А на фота — нашы выпуск­нікі. Вось, напрыклад, Юрый Іосіфавіч Пунтус, былы трэнер нацыянальнай каманды, БАТЭ і іншых футбольных каманд. Тут партрэт нашага іншага выпускніка — Максіма Эдуардавіча Самойлава, заслужанага трэнера, які падрыхтаваў алімпійскага чэмпіёна па фрыстайле Аляксея Грышына.

На стэндах яшчэ нямала партрэтаў і кубкаў, і пра кожны экспанат загадчык кафедры можа падрабязна расказаць. Зразумела, што таксама зацікаўлена ён расказвае пра работу кафедры.

— На кафедры працуюць 27 чалавек, з якіх — 1 доктар навук, 4 дацэнты — кандыдаты педагагічных навук, 2 заслужаныя трэнеры — Уладзімір Іванавіч Канцавенка і Уладзімір Мікалаевіч Маркашанскі, былыя спартсмены, многа майстроў спорту.

Гэтая выкладчыцкая каманда, як мы вышэй пераканаліся, рыхтуе нямала выдатных спартсменаў. Варта, бадай, дадаць, што толькі па гульнявых відах спорту 5 зборных каманд універсітэта гуляюць у групе А. Або, напрыклад, а­рмрэслінг: сёлета БДТУ заняў 2-е месца ў гэтым відзе спорту сярод 26 УВА Беларусі, летась — 1-е сярод 28 каманд беларускіх устаноў вышэйшай адукацыі. Упершыню за апошнія 10 гадоў каманда тэхналагічнага ўніверсітэта трапіла на прызавое месца ў лыжных гонках, выступаючы на Рэспубліканскай універсіядзе.

Па інтарэсах

Што да матэрыяльна-тэхнічнай базы для заняткаў фізкультурай і спортам, то ўніверсітэт мае 4 невялікія спартыўныя залы: гэта зала барацьбы, гульнявая, для заняткаў лячэбнай фізкультурай і зала аэробікі. Здаецца, нядрэнна, але, па словах майго суразмоўніка, залы не адпавядаюць стандартам, неабходным для правядзення спаборніцтваў рэспубліканскага ўзроўню. А Мікалай Мікалаевіч і яго калегі лічаць гэта неабходным для развіцця студэнцкага спорту ў БДТУ і ў цэлым у краіне.

 Гадоў 8 назад універсітэт за пазабюджэтныя сродкі пабудаваў стадыён на беразе Свіслачы, недалёка ад вучэбных карпусоў і інтэрнатаў. Выдаткавалі тады каля 2,5 млрд рублёў (гэта быў час да грашовай рэформы). Стадыён, праўда, атрымаўся не такім вялікім, як лічыць правільным спецыяліст, але, паколькі ўніверсітэт знаходзіцца ў цэнтры сталіцы, дзе зямлі нямнога, адбылося менавіта так. Змаг­лі ўсё ж зрабіць нямала: футбольнае поле 65 на 45 метраў з сучасным пакрыццём штучнай травой. Абсталявалі 6 стаметровых дарожак, бегавыя дарожкі даўжынёй 257 метраў, 4 валейбольныя пляцоўкі, 1 баскетбольную, гімнастычны гарадок для сілавых практыкаванняў, 2 тэнісныя корты з добрым пакрыццём. Ёсць на стадыёне і трыбуны на 120 месцаў, 2 раздзявалкі. Мае БДТУ сваю велабазу, тое-сёе яшчэ.

— Новы спартыўны інвентар мы набываем не кожны год, але ўсё ж нярэдка, фінансаванне кіраўніцтва ўніверсітэта выдзяляе і на гэта, і на іншае. Толькі на спаборніцтвы штогод мы расходуем больш за 40 тысяч рублёў, каля 50 тысяч рублёў — на спартыўны інвентар і абсталяванне, — заўважае М.М.Філіпаў. — Універсітэт мае каля 350 пар лыж, лыжаролеры. Сёлета закуплялі іх маркі Ficher — для нашых зборных каманд, 50 пар лыж беларускай вытворчасці. Спартсмены трэніруюцца на лыжаролернай трасе ў Вяснянцы, на веласіпедных дарожках, часта выязджаем у Раўбічы. У нас 1 мяч прыходзіцца на 2 студэнтаў: маем больш за 100 баскетбольных, па столькі ж футбольных і валейбольных мячоў. Гандбольных — 20—25.

Між іншым у БДТУ ёсць спартыўны клуб, які займаецца спартыўна-масавай работай сярод студэнтаў, арганізацыйнай работай па падрыхтоўцы ўніверсітэцкіх спартсменаў да ўдзелу ў спаборніцтвах, пазабюджэтнай дзейнасцю, скажам, арганізоўвае заняткі для жадаючых у фітнес-клубе.

Акрамя абавязковых заняткаў фізкультурай, студэнты могуць займацца ў групах спартыўнага ўдасканалення па відах спорту, прасцей кажучы, у секцыях. Колькасць груп мяняецца з года ў год — іх бывае ад 23 да 34, у гэтым навучальным годзе, напрыклад, 25. Сёлета ўпершыню кафедра правяла апытанне сярод першакурснікаў наконт іх спартыўных інтарэсаў і прапанавала заняткі гэтымі відамі ў групах (заўважу, што пераможцы спартыўных спаборніцтваў маюць прыярытэтнае права на месца ў інтэрнаце).

— Працэнтаў 90 першакурснікаў пажадалі займацца тым або іншым відам спорту, — з задавальненнем расказвае Мікалай Мікалаевіч. — Даўшы студэнтам магчымасць займацца ў цікавых для іх групах, мы стымулюем іх да заняткаў спортам не толькі на абавязковых занятках па фізкультуры, а самі прасцей зможам знайсці дзяўчат і хлопцаў, якіх потым можна будзе рыхтаваць да спаборніцтваў, перавесці ў асноўную каманду ўніверсітэта.

Чакаем басейн

Універсітэт, такім чынам, вельмі спартыўны, але кіраўнік кафедры фізічнага выхавання і спорту на гэтым не супакойваецца. Як я ўжо ўзгадвала, М.М.Філіпава не задавальняюць маленькія спартыўныя залы, што пабудаваны не адно дзесяцігоддзе назад і не адпавядаюць сучасным патрабаванням да правядзення буйных спаборніцтваў і нават для трэніровачных заняткаў. Мікалай Мікалаевіч марыць пра басейн для студэнтаў, а ў цэлым пра спартыўны комплекс. Марыць, канечне, не а­дзін: студэнты, безумоўна, былі б вельмі рады ўсяму гэтаму.

— Для развіцця і ўдасканалення матэрыяльна-тэхнічнай спартыўнай базы нам неабходы гэты комплекс, — перакананы мой суразмоўнік. — Таму яшчэ 10 гадоў назад заклапаціліся гэтым пытаннем, было прынята рашэнне ўключыць будоўлю ў дзяржінвестпраграму. Была цалкам падрыхтавана праектна-каштарысная дакументацыя, выдзелены зямельны ўчастак побач з нашым цяперашнім стадыёнам, нашым інтэрнатам, інтэрнатамі БДУ і эканамічнага ўніверсітэта, пройдзены ўсе стадыі ў­згаднення.

Аднак, як вы здагадваецеся, працэс затармазіўся. Але нястомны кіраўнік кафедры і яе супрацоўнікі, студэнты пытання так не пакінулі, праект не забыты, ён застаўся ў плане забудовы, уключаны ў дзяржінвестпраграму на 2021—2024 гг. На рахунак універсітэта нават паступілі першыя грошы на будаўніцтва — 500 тысяч рублёў.

— Мы выйшлі і на Старшыню Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталлю Іванаўну Качанаву, у якой я быў на прыёме, звярнуліся да міністра адукацыі Ігара Васільевіча Карпенкі з просьбай раз­гледзець праект, паскорыць яго рэалізацыю. Нам пасадзейнічалі, мы адчулі падтрымку, за што вельмі ўдзячныя, — гаворыць М.М.Філіпаў. — Выкладчыкі і студэнты, усяго не адна тысяча чалавек падпісалі падзячныя лісты тым, хто нам дапамог. У лістах асобна заўважылі, што будаўніцтва спартыўнага комплексу “дазволіць праводзіць вучэбна-трэніровачныя заняткі з улікам інтарэсаў і патрэб студэнтаў, павысіць іх спартыўнае майстэрства і будзе са­дзейнічаць здароваму ладу жыцця”. Мы вельмі цэнім падтрымку і дапамогу, якую нам аказалі.

Такім чынам, выхад на фінішную прамую ў пытанні будаўніцтва спарткомплексу, будзем спадзявацца, адбыўся. Праект, дарэчы, уключае будаўніцтва басейна даўжынёй 25 метраў на 6 дарожак, які дазволіць праводзіць не толькі вучэбныя заняткі, але і спаборніцтвы на малой вадзе сярод УВА. Плануецца гульнявая зала для розных відаў спорту памерам 42 на 24 метры, якую, як і басейн, можа выкарыстоўваць не толькі ўніверсітэт, але, напрыклад, Цэнтр фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў галіновага міністэрства, зала зможа служыць і для заняткаў, трэніровак па валейболе, гандболе, баскетболе, міні-футболе, і для правя­дзення спаборніцтваў на высокім сучасным узроўні.

Таксама ў комплексе прадугле­джана зала для боксу з памостам, а такіх зал у Мінску няшмат. І хоць залу плануюць невялікую, у ёй, як лічыц­ь Мікалай Мікалаевіч, можна бу­дзе і пэўныя спаборніцтвы праводзіць. Прадугле­джана ў комплексе і трэнажорная зала, а таксама лыжная база на 500 пар лыж з разлікам на тое, што займацца лыжнай падрыхтоўкай зможна будзе на веладарожцы, што знаходзіцца побач і зімой усё роўна не выкарыстоўваецца.

— Такім чынам стадыён і комплекс дадуць магчымасць арганізаваць вучэбны і трэніровачны працэс на ўзроўні, які адпавядае самым сучасным патрабаванням, — рэзюмуе спецыяліст. — Канечне, падтрымка інтарэсаў студэнцкай моладзі, універсітэта, спорту для нас надзвычай важная.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.