Калі грошы ідуць за навучэнцам

У мінулым годзе больш за 600 сярэдніх навучальных устаноў краіны перайшлі на нарматыўнае фінансаванне. Сутнасць гэтай эканамічнай з’явы ў тым, што сродкі з дзяржаўнага бюджэту выдзяляюцца школе ў залежнасці ад колькасці навучэнцаў. Згодна з базавым нарматывам, на аднаго вучня гарадской сярэдняй школы выдзяляецца 1,4 тысячы рублёў у год. Для тых, хто вучыцца ў сельскіх школах, сума большая і складае 3,1 тысячы рублёў. Сёлета эканамічны эксперымент будзе пашыраны, да яго рэалізацыі далучацца і шматлікія дашкольныя ўстановы.

Пра тое, наколькі выгадным для звычайнай сярэдняй школы з’яўляецца падушнае фінансаванне, нам на вопыце ўласнай навучальнай установы расказаў дырэктар сярэдняй школы № 9 Жодзіна Руслан Мікалаевіч МАЗОЛЬ.

— Наша школа працуе згодна з нарматывам трэці год. Прычым ужо на працягу мінулага года мы ажыццяўлялі фінансавую дзейнасць поўнасцю ў адпаведнасці з палажэннямі новага фінансавага дакумента. Так атрымалася, што ўсе сярэднія навучальныя ўстановы Жодзіна задзейнічаны ў эксперыменце па нарматыўна-падушным фінансаванні. Першы год работы ў гэтым кірунку быў знакавым. Увогуле, спачатку мы не разумелі, што і як будзе ў канцы навучальнага года, але ўсё атрымалася вельмі выгадна для школы.

Для таго каб павысіць узровень ведаў кіраўнікоў школ наконт падушнага фінансавання, мы праходзілі адпаведныя курсы. Дырэктары тых устаноў, якім першым пашчасціла перавесці свае школы на нарматыўнае фінансаванне, праводзілі курсы і расказвалі, чаго нам варта чакаць.

Вядома, што ў кожнай школы ёсць план закупак. Закупкі трэба ажыццяўляць своечасова і згодна з тэрмінамі, якія прадастаўляе заканадаўства. Дзякуючы нарматыўнаму фінансаванню, мне як дырэктару відавочна, колькі грошай будзе сэканомлена не толькі на закупках, але і па іншых пунктах у канцы года. Важна, што грошы, сэканомленыя па адным пункце, можна перакласці на іншы. Напрыклад, калі было відавочна, што на адных плацяжах эканоміцца нейкая сумма, гэтыя грошы пераводзіліся на тое, што нам было востра неабходна ў пэўны момант. Зразумела, школа заўсёды патрабуе аднаўлення матэрыяльна-тэхнічнай базы. Таму мы закуплялі абсталяванне, якое можа павысіць не толькі ўзровень выкладання прадмета, але і ўзровень ведаў навучэнцаў.

— Як разлічыць прыкладную суму, неабходную для школы на навучальны год? Ці можна сэканоміць грошы, якія выдзяляюцца для нарматыўнага фінансавання?

— Напрыканцы кожнага навучальнага года ў нас фарміруецца бюджэт на наступны год. Бюджэт фарміруецца не проста так, а па артыкулах. Калі раней планаванне адбывалася без уліку нарматыўнага фінансавання, мы нават прыкладна не маглі ўявіць, якая сума і на што будзе траціцца. У мінулым годзе ў нас ужо быў арыенцір, мы складалі план, абапіраючыся на новы фінансавы дакумент. Мы бралі каэфіцыенты, якія вызначаны асобна для кожнага пункта, і планавалі, на што і якую суму будзем закладваць.

Зразумела, што каэфіцыенты на паслугі вызначаюцца ў парламенце, а значыць, да нас значэнні каэфіцыента даводзяцца згодна з заканадаўствам. І ў суадносінах з вызначанымі лічбамі адбываецца налічэнне грашовых сродкаў для школы. Карацей кажучы, усё залежыць ад таго, у чым навучальная ўстанова мае патрэбу. Мы плануем свой пералік патрэб, тлумачым неабходнасць іх фінансавання, пасля гэтага школа трапляе пад дзейнасць нарматыўнага дакумента.

Тое, колькі грошай будзе налічана, залежыць ад стаўкі першага разраду, ад нарматываў. Калі ж разглядаць артыкулы, на якія выдзяляюцца сродкі з нарматыўнага фінансавання, то яны абсалютна розныя.

Сёння пад Палажэнне аб нарматыўным фінансаванні трапляюць заработная плата, налічэнне заработнай платы, а таксама іншыя матэрыялы і прадметы забеспячэння, камандзіровачныя расходы і паслугі сувязі, іншыя бягучыя плацяжы і трансферты.

Яшчэ адным пунктам расходаў, згодна з нарматывам, з’яўляюцца транспартныя паслугі, абслугоўванне аўтобуса ці іншага транспарту, які аказвае дапамогу ў перавозках. У школе для выкладчыкаў запланаваны курсы павышэння кваліфікацыі, а таксама выезд настаўнікаў, навучэнцаў на канферэнцыі, спартыўныя спаборніцтвы, у камандзіроўкі. Для ўсяго гэтага таксама неабходны фінансавыя сродкі. І для такіх мэт таксама пэўныя сумы прадугледжаны ў артыкуле расходаў.

Калі гаварыць пра камунальныя плацяжы, то яны праводзяцца з улікам матэрыяльна-тэхнічнай базы. Мы ведаем, які ў нас расход вады, электраэнергіі і інш. Але зноў жа камунальныя плацяжы залежаць ад кошту энерганосьбітаў. Лічба і сума могуць вагацца. У нас ёсць басейн, які для любой школы з’яўляецца вельмі затратным пунктам расходаў. Догляд, а таксама ўкладанне сродкаў у яго павінны весціся пастаянна. Раней плата за камунальныя паслугі, а таксама абслугоўванне басейна была даволі вялікай. Але пасля таго, як басейн уключылі ў нарматыў, стала лягчэй. На яго абслугоўванне выдзяляюць грашовыя сродкі. Сума залежыць ад таго, колькі навучэнцаў ходзіць на плаванне. Басейн патрабуе хларыравання, акрамя гэтага, неабходна пастаянна абнаўляць інвентар для навучання плаванню. Цяпер, дзякуючы фінансаванню, улік расходаў ідзе лягчэй.

— Як разлічваецца сярэдняя сума на аднаго навучэнца?

— Згодна з пастановай і ўлікам каэфіцыентаў, мы робім разлік на адно дзіця. Відавочна, што ў нарматыў па фінансаванні закладзена сума на ўсе патрэбы навучэнца. Для таго каб разлічыць, колькі грошай патрэбна на ўтрыманне аднаго дзіцяці, мы павінны ўзяць агульную колькасць вучняў і падзяліць на колькасць класаў. Прывяду такі прыклад. У нас, згодна з нарматывам, ёсць пэўная сума, якая выдаткавана на аднаго навучэнца. Сэканомленыя грошы з любога пункта, які падпадае пад нарматыўнае фінансаванне, ідуць у тым ліку і на павышэнне зарплаты настаўнікаў. Няхай у нас будзе 5 першых класаў, у кожным з якіх вучыцца па 20 дзяцей. Зразумела, што для іх навучання патрэбны і 5 настаўнікаў пачатковых класаў. А калі мы сфарміруем з гэтай колькасці дзяцей 4 класы з сярэдняй напаўняльнасцю 25 чалавек, у нас з’явяцца сэканомленыя грошы. Тое, што колькасць вучняў павялічыцца на 5 чалавек, для настаўнікаў будзе не вельмі адчувальна, затое дадатковы прыбытак, зарплата пятага настаўніка, якая падзеліцца на 4 педагогаў, будзе заўважнай.

Гэта тычыцца і ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы. Тыя грошы, якія выдзяляліся на 5 класаў, можна цяпер разбіць на 4 кабінеты, але тут нас стрымлівае адзін важны дакумент: нарматыў па санітарных нормах, у якім пазначана, што на аднаго навучэнца павінна быць выдзелена не менш за 2 кв. метры плошчы класа. Нашай школе ў гэтым плане пашанцавала, таму што кабінеты вялікія, а гэта значыць, што ў класах могуць размясціцца да 30 чалавек. Безумоўна, у нас сярэдняя напаўняльнасць меншая. Максімальная колькасць навучэнцаў — 25—26 дзяцей. У гэтым плане нарматыўнае фінансаванне з’яўляецца выгадным і дазваляе прыцягнуць у школу большую колькасць навучэнцаў.

— Як, згодна з нарматыўным фінансаваннем, размяркоўваюцца сродкі для навучэнцаў з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця?

— Нарматыў на такіх дзяцей адрозніваецца ад нарматыву, распрацаванага для звычайных вучняў. І тое, што разлік на гэтых дзяцей вынеслі ў асобны пункт, — вялікі плюс. Дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця патрабуюць, каб у іх навучанне, выхаванне ўкладваліся большыя грошы. Для таго каб на дастатковым узроўні было забяспечана іх навучанне, неабходна спецыяльная мэбля, месца, дзе б праводзіліся заняткі, а таксама спецыялісты, якія змогуць забяспечыць згаданую катэгорыю навучэнцаў неабходным узроўнем ведаў. Зараз я гавару пра дэфектолагаў, лагапедаў і іншых спецыялістаў, якія маюць дачыненне да асаблівых дзяцей.

Калі нават з гэтага пункта нарматыву атрымалася эканомія, лішнія сродкі выканкам дазваляе траціць на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы.

Безумоўна, прапануецца пры дапамозе сэканомленых фінансаў падняць і заработную плату настаўнікам. А спецыялістаў, як вядома, трэба зацікаўліваць. І зарплата сёння з’яўляецца адным з галоўных стымулаў у рабоце не толькі педагагічных кадраў, але і іншых спецыялістаў.

— Матэрыяльна-тэхнічная база, а таксама яе аднаўленне патрабуюць значных капіталаўкладанняў. Наколькі прыбытковым для гэтага пункта з’яўляецца нарматыўны дакумент? Ці з’яўляюцца лішнія фінансы, якія можна ўкласці ў абнаўленне школы?

— Дзякуючы правільна спланаванаму бюджэту, а таксама нарматыўнаму фінансаванню, нашай школе ўдалося абсталяваць лінгафонны кабінет, набыць камп’ютар, тэлевізар, касу, ноўтбук, дакументкамеру, спартыўны інвентар, а таксама ўстанавіць інтэрактыўную панэль, новыя камплекты мэблі.

І менавіта для павышэння ўзроўню ведаў павінна абнаўляцца матэрыяльна-тэхнічная база. Такім чынам, за кошт нарматыўнага фінансавання мы аснасцілі школу новымі дапаможнымі тэхнічнымі сродкамі. У чатырох кабінетах пачатковых класаў паставілі новыя парты, у якіх рэгулююцца вышыня сталоў, вугал нахілу і г.д. Тут жа для малодшых школьнікаў устанавілі манаблок, які дзеці выкарыстоўваюць для пэўных мэт. У спартыўнай зале амаль усё абсталяванне новае.

Увогуле, выкарыстанне тэхнічных сродкаў навучання ўжо не навіна, а звычайны вучэбны працэс. Мы ў сваёй практыцы пачалі выкарыстоўваць воблачныя тэхналогіі. Выкладваем заданні ў вызначаным месцы ў інтэрнэт-прасторы, да якой маюць доступ усе ўдзельнікі адукацыйнага працэсу. Гэта вельмі зручна.

Акрамя гэтага, складаем карты з заданнямі, а гэта ўжо зусім іншы падыход да выкладання любога прадмета.

Некалькі гадоў назад у школах краіны было шмат хваляванняў з-за таго, што дзеці сядзяць у сацыяльных сетках. А як пракантраляваць, чым яны там займаюцца, калі ўсе групы закрытыя і мала хто з дзяцей дазваляе настаўнікам трапіць у сваю прастору? Усё проста. Дзяцей трэба хваліць. Настаўнікі павінны ствараць групы па інтарэсах і абмяркоўваць з навучэнцамі агульныя тэмы. Менавіта такім чынам у нас пабудавана работа з многімі дзецьмі. Ёсць, напрыклад, навучэнцы, якія пішуць вершы. І ёсць настаўнікі, якія захапляюцца паэзіяй, літаратурай, разам з навучэнцамі-аднадумцамі яны “жывуць” у сваіх інтэрнэт-суполках. Вось так дзяцей і трэба кантраляваць.

— Якія плюсы вы як дырэктар бачыце для сваёй установы ў нарматыве па падушным фінансаванні?

— Плюс ёсць, і ён вельмі значны. Ёсць сума, якая выдзяляецца школе на пэўныя пункты, пра якія мы ўжо гаварылі. І я ведаю, што гэтая сума будзе поўнасцю патрачана на школу.

Давайце разгледзім такі прыклад. У нас ёсць план увесці, напрыклад, хіміка-біялагічны профіль. Але проста так гэта не робіцца. Па-першае, павінен быць падрыхтаваны настаўнік, якому трэба плаціць дадатковыя грошы, па-другое, павінна быць наладжана супрацоўніцтва з пэўнай УВА. І зразумела, што на ўсё гэта патрэбны фінансы. Раней неабходна было хадзіць у аддзел адукацыі і прасіць, тлумачыць, навошта школе тая ці іншая сума. Сёння з увядзеннем нарматыўнага фінансавання такая неабходнасць адпала. Нам выдзяляюцца пэўныя грошы, і я ведаю, што яны будуць поўнасцю затрачаны на навучальную ўстанову. Увогуле, у Жодзіне ніколі праблем з фінансаваннем школ не ўзнікала. Калі былі неабходны грошы для нечага важнага, нам іх выдзялялі. А цяпер мы самі кантралюем свае расходы. Ёсць пэўны разлік, і мы ведаем, як з гэтым працаваць.

Увогуле, зараз ёсць сэнс зусім па-іншаму камплектаваць класы і разлічваць прыкладна, які рост заработнай платы будзе ў настаўнікаў. Ёсць сэнс планаваць мерапрыемствы па энергаэфектыўнасці, таму што мы ведаем, колькі ў нас сэканоміцца энерганосьбітаў, колькі грошай застанецца. За кошт астатку зноў умацуецца матэрыяльна-тэхнічная база. Гэта значыць, што цяпер, дзякуючы нарматыўнаму фінансаванню, трэба комплексна планаваць пэўныя дзеянні. Сёння нельга замяніць у класе адну звычайную лямпачку на святлодыёдную і падаць гэта як мерапрыемства. Гэта ўжо не актуальна. Мне трэба комплексна запланаваць, што, напрыклад, у двух кабінетах замяню асвятленне аднаго віду на іншы з вызначаным каэфіцыентам эканоміі — і гэта прынясе канкрэтны вынік. І мы выйдзем на гэты вынік, сэканомім грошы. У такіх планаваннях ёсць сэнс, і гэта відавочна. Зараз мы разглядалі гаспадарчы кірунак дзейнасці школы. Калі ж закранаць вучэбна-выхаваўчы аспект, то для развіцця гэтага кірунку дзейнасці таксама патрэбны грошы. Калі загадзя ведаю, што можна на чымсьці сэканоміць, магу запланаваць, што, напрыклад, куплю мультыборд. Навошта ён? Для развіцця навуковай дзейнасці педагогаў і навучэнцаў. У нас ёсць выкладчыкі, якія дзеляцца сваімі метадычнымі распрацоўкамі, праводзяць семінары і, безумоўна, займаюцца з тымі навучэнцамі, якія зацікаўлены навукай. Гэта бесперапынны працэс, які можа зацягваць і іншых вучняў. Спыняць яго нельга. Таму што ў настаўніка ёсць матывацыя, а ў вучняў, з якімі ён займаецца, ёсць мэты.

— Руслан Мікалаевіч, ці можна за кошт нарматыўнага фінансавання павысіць зарплату настаўнікаў?

— У нас зарплата мянялася не толькі за кошт нарматыўнага фінансавання. Галіновае фінансаванне таксама мае дачыненне да росту выплат настаўнікам. Справа ў тым, што школа ўдзельнічала ў маштабным праекце, за які нам былі заплачаны грошы. Згодна з пэўнымі пазіцыямі, настаўнікам былі выпісаны прэміяльныя. Такім чынам, ва ўстанове значна вырасла зарплата. За снежань сярэдні даход настаўніка склаў крыху больш за 800 рублёў. Але гэта сярэдні паказчык.

Як яшчэ можна павышаць зарплату педагогаў? Бярэцца разлік мікрараёна. Маецца на ўвазе тое, што мы вывучаем запыт бацькоў, даведваемся, на якія дадатковыя заняткі яны аддалі б сваіх дзяцей. Часцей за ўсё многія выбіраюць музыку, спорт. А гэта значыць, што для рэалізацыі гэтых кірункаў па дадатковым развіцці навучэнцаў нам неабходны вакаліст, а таксама той спецыяліст, які будзе займацца з дзецьмі спортам. Папулярнай сярод бацькоў з’яўляецца і паслуга па падрыхтоўцы дзетак да паступлення ў першы клас. Увогуле, калі разглядаць, напрыклад, дадатковыя платныя заняткі па тым ці іншым прадмеце, то ў платнай групе займаюцца матываваныя дзеці. Яны атрымліваюць іншыя па ўзроўні цяжкасці заданні, не такія, як на звычайным уроку. Відавочна, што і настаўнік працуе па іншым сцэнарыі, дае дзецям большую нагрузку. Такім чынам, платныя профільныя заняткі таксама прыносяць даход.

Гутарыла Наталля САХНО.
Фота аўтара.