Асаблівы настрой, асаблівыя падарункі

“У жыцці заўсёды ёсць месца подзвігу”, — сказаў калісьці вуснамі адной са сваіх гераінь Максім Горкі. “У жыцці заўсёды ёсць месца святу”, — можна сказаць, перайначыўшы гэты крылаты выраз. Свята ў спецыяльны яслі-сад № 65 Мінска для дзяцей з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату прыйшло ў тым ліку дзякуючы рэспубліканскай навагодняй дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”. Для малых і іх бацькоў, чыё штодзённае жыццё часта і ёсць подзвіг, гэта асабліва важна.

На ранішнік да выхаванцаў гэтай установы адукацыі ў рамках акцыі “Нашы дзеці” прыехаў першы намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Вадзім Анатольевіч Богуш, а таксама прадстаўнікі міністэрства, камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, упраўлення адукацыі Заводскага раёна сталіцы. Канечне, гасцей запрасілі на ранішнік каля ёлкі і на сустрэчу з сапраўднымі Дзедам Марозам, Снягуркай і казачнымі героямі. Педагогі і выхаванцы садка самі падрыхтавалі гэты святочны паказ і шчыра падзяліліся з дарагімі гасцямі святочным настроем, чаканнем навагодняга цуду. Да іх далучыліся і бацькі многіх выхаванцаў.

Так, разам з дачушкай Аляксандрай свята наведалі мама Наталля і тата Андрэй Траццяковы.

— У гэтым дзіцячым садзе Саша другі год, і мы вельмі задаволены, — расказала нашай газеце маці сямігадовай дзяўчынкі. — Тут працуюць цудоўныя выхавальнікі, педагогі, створаны добрыя ўмовы. Мы жывём непадалёк і кожную раніцу прывозім Аляксандру сюды. А сёння прыйшлі на ранішнік усёй сям’ёй, каб Дзед Мароз павіншаваў наша дзіця. Свята спадабалася — яно такое ж важнае для бацькоў, як і для дзяцей.

— Вы сёння малайцы, вельмі прыгожыя, бачу, што доўга рыхтаваліся да свята, — сказаў, звяртаючыся да хлопчыкаў і дзяўчынак, першы намеснік міністра адукацыі. — З надыходзячым вас Новым годам! Паважаныя бацькі, давайце падзякуем і педагогам, і дзецям, якія зрабілі цудоўнае свята. Хачу пажадаць, каб у надыходзячым годзе такіх усмешак, як сёння, у вас было як мага больш.


Да добрых пажаданняў дарэчы прыйшліся і падарункі выхаванцам спецыяльнага дзіцячага сада: два надзіманыя басейны з шарыкамі для сухога плавання і пясочны стол з падсветкай.

— Наш педагог-псіхолаг валодае методыкай малявання пальцамі на такім стале, — расказала намеснік загадчыка дзіцячага сада Людміла Аляксандраўна Пшонка. — Таму падарунак вельмі дарэчы, дзецям такія заняткі пойдуць на карысць. І сухія басейны для нашых выхаванцаў вельмі дарэчы, бо для іх гэта рэлаксацыя, зняцце напружання. Да гэтага часу ў нас быў толькі адзін такі басейн, і яго мала, бо басейны неабходны не толькі ў спартыўнай зале, але і ў тых групах, дзе дзеці самастойна не перамяшчаюцца. А ў басейне яны могуць прыняць нейкую новую позу, атрымаць новыя адчуванні.

Як абсталяваны дзіцячы сад, Вадзіму Анатольевічу Богушу і іншым гасцям паказалі і расказалі спецыялісты ўстановы на чале з загадчыцай установы Інай Уладзіміраўнай Сарокінай.

Трэба сказаць, што, хоць садку, якія пачынаў сваю гісторыю як сад санаторнага тыпу, хутка споўніцца 45 гадоў, і знутры, і звонку ён выглядае як новенькі. Усё таму, што пару гадоў назад тут завяршыўся капітальны рамонт, праведзены за бюджэтныя сродкі. Створана безбар’ернае асяроддзе, ёсць агульны гідрамасаж і гідрамасаж ніжніх канечнасцей, арганізавана правядзенне інгаляцый і кварцавых працэдур, заняткі па адаптыўнай фізкультуры, сенсорны пакой, памяшканне для масажу і г.д.

Між іншым за той параўнальна невялікі тэрмін, які сад працуе пасля капрамонту, калектыў не толькі дапамог многім сем’ям, але і стаў лаўрэатам і пераможцам некалькіх конкурсаў. Так, у конкурсе “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі” ў бягучым годзе ў намінацыі “Дзяцінства. Творчасць. Развіццё” педагагічныя набыткі вывелі ўстанову на 2-е месца, а ў гарадскім этапе сёлетняга конкурсу “Лепшая ўстанова спецыяльнай адукацыі” дзіцячы сад № 65 атрымаў дыплом ІІІ ступені.

68% педагогаў гэтага не зусім звычайнага дзіцячага сада (адзінага такога профілю ў горадзе) маюць вышэйшую адукацыю, у тым ліку па спецыяльнасці “Дэфектолаг”. Ёсць свой псіхолаг, які дапамагае не толькі дзецям, але і бацькам, працуюць тут і медыцынскія работнікі — артапед, педыятр і тры медыцынскія сястры. А іх падапечныя — гэта хлопчыкі і дзяўчынкі з розных раёнаў Мінска і нават з прысталічча. Зараз у спецыяльным дзіцячым садзе 7 груп, 64 выхаванцы ад 3 да 7 гадоў, 41 з іх — дзеці-інваліды.

І хаця зразумела, што знаходжанне ва ўстанове для гэтых малых адрозніваецца ад знаходжання іх равеснікаў у звычайных садках, дзякуючы розным працэдурам і спе-цыяльным заняткам яны маюць усё, што і іншыя дзеці: музычныя і іншыя заняткі, гульні, ранішнікі, радасць жыцця. І Дзед Мароз са Снягурачкай дораць ім сапраўдную весялосць, звычайны цуд Новага года.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.