Дзед Мароз… ад прафсаюза

Цэнтральны камітэт Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі, усе арганізацыйныя структуры прафсаюза прымаюць актыўны ўдзел у дабрачыннай акцыі “Прафсаюзы — дзецям”. У пераднавагоднія дні актывісты прафсаюзнага руху наведваюць падшэфныя сацыяльна-педагагічныя цэнтры, школы-інтэрнаты, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу і г.д.

Мэта святочнай акцыі простая і зразумелая — не пакінуць без увагі ні адно дзіця, асаблівая ўвага — малым, якія засталіся без апекі бацькоў, інвалідам, дзеткам з малазабяспечаных і мнагадзетных сем’яў.

На працягу некалькіх гадоў Цэнтральны камітэт прафсаюза шэфствуе над аддзяленнем дзіцячага сацыяльнага прытулку Дзяржынскага сацыяльна-педагагічнага цэнтра. І па шматгадовай традыцыі напярэдадні Новага года аддзяленне атрымлівае спонсарскую дапамогу на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, а кожны выхаванец цэнтра — падарунак ад прафсаюза з прысмакамі, садавіной, цацкамі і адзеннем. Выхаванцам цэнтра таксама будуць перададзены навагоднія ўпрыгажэнні, зробленыя рукамі студэнтаў.

Актыўна ўдзельнічаюць у акцыі пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі ўстаноў вышэйшай адукацыі. Прафсаюзная арганізацыя студэнтаў БНТУ не засталася ўбаку і вырашыла падарыць імгненні дабрыні, радасці і чараўніцтва выхаванцам Рудзенскай дапаможнай школы-інтэрната для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.

Сумеснымі намаганнямі студэнты падрыхтавалі казачны святочны паказ, сабралі мех з падарункамі ад Дзеда Мароза і адправіліся ў Рудзенск. Карагод вакол навагодняй ёлкі, дзіцячы смех і апладысменты аб’ядналі ўсіх удзельнікаў свята. Малышы прыціскалі да сябе плюшавых сяброў і дзяліліся ўражаннямі і марамі. Старэйшыя распавядалі пра свае мэты і планы. Кожнае дзіця атрымала салодкі прыз ад Дзеда Мароза і Снягуркі.

А ў студэнтаў на памяць ад паездкі захавалася мноства фатаграфій і глыбокі след у душы ад сустрэчы з маленькімі падапечнымі.

Традыцыйна прафсаюзныя актывісты БДУ, удзельнічаючы ў акцыі “Навагоднія цуды ад Дзеда Мароза і Снягурачкі”, віншуюць дзяцей навучэнцаў універсітэта дома, дораць ім і іх сем’ям казку, радасць і настрой. Сёлета навагоднія персанажы наведаюць больш за 20 сем’яў студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў універсітэта, якія маюць дзяцей.

Прафбюро студэнтаў Інстытута бізнесу і менеджменту тэхналогій БДУ абвясціла акцыю “Дабрачынны кірмаш”: кожны жадаючы можа пакінуць для дзіцяці нешта карыснае і добрае. Сабраныя рэчы будуць накіраваны ў дзіцячыя дамы Мінска і іншых рэгіёнаў Беларусі, дзецям з малазабяспечаных сем’яў.

Гомельскі абласны камітэт Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі штогод напярэдадні Каляд і Новага года праводзіць дабрачынныя мерапрыемствы ў рамках акцыі “Прафсаюзы — дзецям”. На штогадовую абласную дабрачынную ёлку ў Гомельскі абласны дом навучэнцаў і работнікаў прафесійнай адукацыі запрашаецца 150 дзяцей членаў прафсаюза з усіх раёнаў вобласці. Хлопчыкі і дзяўчынкі ўдзельнічаюць у гульнявой праграме і глядзяць спектакль-казку. Ад абласнога камітэта прафсаюза атрымліваюць навагоднія падарункі.

Са сродкаў абласнога камітэта прафсаюза аказана бязвыплатная спонсарская дапамога Ельскай дапаможнай школе-інтэрнату на суму 1000 рублёў, Гомельскаму сацыяльна-педагагічнаму цэнтру для набыцця навагодніх падарункаў дзецям-сіротам і дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў.

Усе раённыя прафсаюзныя арганізацыі ў рамках акцыі аказваюць дапамогу ў рэгіёнах. Напрыклад, Добрушская раённая арганізацыя галіновага прафсаюза шэфствуе над аддзяленнем прытулку Добрушскага раённага СПЦ. Веткаўскі раённы камітэт галіновага прафсаюза арганізаваў паездку ў цырк Гомеля для 40 выхаванцаў Веткаўскага СПЦ, Веткаўскага ЦКРНіР.

Навучэнцы Гомельскага педагагічнага каледжа імя Л.С.Выгоцкага да 5 студзеня зладзяць 8 навагодніх паказаў і ўручаць падарункі ў Рэспубліканскім цэнтры радыяцыйнай медыцыны, у Гомельскім сацыяльна-педагагічным цэнтры, у дзіцячых садах для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Валанцёрскія атрады студэнтаў Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна, Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П.В.Сухога шэфствуюць над Мазырскім і Гомельскім дзіцячымі дамамі і якраз у гэтыя дні наведваюць сваіх падапечных.

Не менш актыўна ўключыліся ў акцыю і іншыя прафсаюзныя падраздзяленні. Так, Мінская гарадская арганізацыя галіновага прафсаюза арганізавала для 420 дзяцей работнікаў устаноў адукацыі — членаў галіновага прафсаюза Мінска навагодні шоу-квест “Наперад за Дзедам Марозам” з уручэннем падарункаў. Мінскі гарадскі камітэт галіновага прафсаюза таксама дапамагае педагогам, членам прафсаюза, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў.

Заводскі, Ленінскі, Маскоўскі, Кастрычніцкі, Фрунзенскі, Савецкі, Першамайскі, Цэнтральны раённыя камітэты Мінска галіновага прафсаюза арганізавалі наведванне навагодніх паказаў для дзяцей работнікаў устаноў адукацыі — членаў галіновага прафсаюза. Святочныя спектаклі праходзяць у Палацы культуры прафсаюзаў і яго філіялах. Ленінскі раённы камітэт 29 снежня наведае дзіцячы дом сямейнага тыпу Кур’ян, дзе выхоўваюцца 5 дзяцей, а таксама дзіцячы гарадок сямейнага тыпу Ленінскага раёна Мінска, дзе жывуць 80 малых.

А ў Мінскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы лёгкай прамысловасці і бытавога абслугоўвання насельніцтва сумесна з Мінскім дзяржаўным каледжам электронікі быў арганізаваны калядны кірмаш, мэта якога — сабраць сродкі для дзіцяці-інваліда работніка адной з устаноў.

Падрыхтавала Марына ХІДДЖАЗ.