Гаворачы пра валанцёрскі студэнцкі рух у нашай краіне, абавязкова згадваеш пра валанцёраў Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Валанцёрскіх атрадаў тут многа, дапамагаюць яны розным установам і ў святы, і ў будні. Як, напрыклад, атрад “Адкрытае сэрца” факультэта пачатковай адукацыі.
У гэтыя пераднавагоднія дні мы сустрэліся з дзяўчатамі ў дапаможнай школе-інтэрнаце № 7 Мінска, з якой валанцёры педуніверсітэта супрацоўнічаюць ужо больш за 10 гадоў — роўна столькі, колькі дзейнічае іх атрад. Бачна, што дзяўчат (а разам з імі да дзяцей прыехаў адзіны хлопец з іншага факультэта, каб выканаць ролю Дзеда Мароза) выхаванцы інтэрната добра ведаюць: падбягаюць, вітаюць, радасна ўсміхаюцца.
— Я з імі даўно знаёма, — гаворыць мне адна з выхаванак, Света. — Юля да нас заўсёды прыходзіць, і мы з ёй гуляем.
Юля — гэта Юлія Рабец, адна з членаў атрада “Адкрытае сэрца”, другакурсніца. У атрадзе яна з першага курса: толькі прыйшоўшы ва ўніверсітэт, пачала цікавіцца, чым яшчэ можна заняцца, акрамя вучобы, зразумела. Справа па душы знайшлася хутка — валанцёрства, тым больш што ўжо ў верасні ўдалося стаць удзельніцай мерапрыемства, якое арганізоўвалі вопытныя валанцёры-трэцякурснікі ў гэтай жа школе-інтэрнаце. А потым была акцыя, якая асабліва запомнілася Юлі, — “Мы побач” у ЦКРНіР Першамайскага раёна сталіцы, дзе валанцёры працавалі з бацькамі дзяцей-інвалідаў. Так і ўцягнулася. Летам, напрыклад, працавала ў валанцёрскім лагеры “Бусел” Беларускага дзіцячага хоспіса.
І Юля, і яе калегі-валанцёры, напрыклад, другакурсніца Настасся Субко, кажуць, што, канечне, сумяшчаць вучобу і грамадскую работу не так проста, асабліва зараз, падчас сесіі, але ў іх усё прадумана і арганізавана. Тады часу хапае і на вучобу, і на тое, каб наведаць сваіх падапечных не радзей, чым раз у тыдзень, бо ў школе-інтэрнаце № 7 валанцёры з’яўляюцца кожны аўторак, а калі трэба, то і часцей.
— Сумясціць усё, зразумела, няпроста, але калі правільна расставіць прыярытэты, то і залікі здасі, і да дзяцей паспееш, — дадае Лілія Мікульская, трэцякурсніца факультэта пачатковай адукацыі. — Бачыш вочы дзяцей і не можаш не прыехаць.
Лілія таксама стала валанцёрам, яшчэ калі вучылася на першым курсе, а мінулым летам была ўжо камандзірам педагагічнага атрада “Данка-2”, які сёлета прызнаны лепшым педагагічным атрадам Маскоўскага раёна сталіцы. Працавалі студэнты ў дзіцячым аздараўленчым лагеры “Палачанка” ў Валожынскім раёне. Дарэчы, кіраўнік двух названых атрадаў старшы выкладчык кафедры педагогікі і псіхалогіі пачатковай адукацыі Ірына Іванаўна Забаўская кажа, што на пасадзе камандзіра “Данка-2” Лілю наступным летам заменіць ужо знаёмая нам Насця Субко.
— Гэта справа сэрца, — кажа Насця. — Як не паедзеш у лагер, сюды — у школу, па нашых іншых адрасах, калі цябе так чакаюць. Думаю, гэта і ёсць уласцівасць сапраўднага настаўніка — бачыць, каму і колькі трэба ўдзяліць увагі, не забыўшыся ні пра адно дзіця.
А Ірына Іванаўна згадвае, як сама калісьці была байцом студатрадаў, у тым ліку педагагічнага, як, з’яўляючыся сакратаром райкама камсамола Маскоўскага раёна, працавала ў школе-інтэрнаце, як арганізоўвала на факультэце пачатковай адукацыі БДПУ ў 2007 годзе педатрад “Данка”, з якога пазней нарадзіўся атрад “Адкрытае сэрца”. Дэвіз “Сэрца аддаю дзецям” стаў прынцыпам работы валанцёраў.
— Мы заўсёды павінны быць разам з дзецьмі, не толькі ў святы, па магчымасці іх развіваць, — гаворыць мая суразмоўніца. — Таксама я лічу, што вельмі важным этапам у станаўленні кожнага студэнта з’яўляецца валанцёрства і работа ў педагагічных атрадах. Выраслі цудоўныя пакаленні педагогаў, якія займаліся такой дзейнасцю. Спачатку студэнты праз валанцёрства вучацца зносінам з дзецьмі, у тым ліку з дзецьмі з асаблівасцямі развіцця, потым упэўнена адчуваюць сябе, працуючы ў лагерах.
Падчас навагодніх свят удзельнікі валанцёрскага атрада “Адкрытае сэрца”, у якім зараз больш за 80 чалавек, наведваюць са святочнымі паказамі не толькі выхаванцаў школы-інтэрната № 7. Сярод адрасоў іх клопату — дзённы стацыянар для інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Заводскага раёна, сацыяльна-педагагічны цэнтр Першамайскага раёна Мінска, дзіцячы дабрачынны сацыяльна-рэабілітацыйны цэнтр РМ ДКТ “Карытас”, Беларускі дзіцячы хоспіс. У цэнтры “Карытас”, між іншым, студэнты нядаўна выканалі песню “Свет дзяцінства”, якую напісаў дацэнт кафедры педагогікі і псіхалогіі пачатковай адукацыі БДПУ Валянцін Васільевіч Каваліў, і якая цяпер, можна сказаць, стала фірменнай песняй атрада. А першакурсніца Аляксандра Аўтух вырашыла зрабіць асабісты падарунак выхаванцам школы-інтэрната № 7 — намалявала карціну.
Тут, у школе-інтэрнаце, прынамсі, дзе зараз выхоўваюцца 100 хлопчыкаў і дзяўчынак сіроцкай катэгорыі ў аддзяленнях для дзяцей з лёгкай інтэ-лектуальнай недастатковасцю і для тых, у каго недастатковасць умераная або цяжкая, будучых педагогаў лічаць сваімі калегамі.
— Для нас валанцёрскі рух — добрая дапамога ва ўсіх сферах работы, — гаворыць Наталля Уладзіміраўна Котава, якая ўзначальвае школу-інтэрнат № 7 з сярэдзіны красавіка 2018 года. — Студэнты суправаджаюць дзяцей, арганізоўваюць мерапрыемствы, як сёння, рыхтуюць хлопчыкаў і дзяўчынак да ўдзелу ў творчых конкурсах. Так, наша навучэнка Марына Краўчук атрымала прыз сімпатый гледачоў у Рэспубліканскім творчым праекце для юных журналістаў “100 гадоў: наш след”, прысвечанага 100-годдзю УЛКСМ і Году малой радзімы. І ёй, і іншым нашым канкурсантам дапамагаюць рыхтавацца да такіх мерапрыемстваў валанцёры. А ўдзельнічаюць нашы дзеці ў розных конкурсах. Напрыклад, сёлета Юля Сарокіна атрымала дыплом ІІ ступені ў раённым конкурсе творчых работ “Зімовыя мроі”.
З такой ацэнкай працы валанцёраў пагаджаецца і педагог-арганізатар Алена Міхайлаўна Рублеўская.
— Працую тут трэці год і з валанцёрамі супрацоўнічаю вельмі цесна, — кажа яна. — Ужо і не ўяўляю, як можна абысціся без іх падтрымкі. Яны заўсёды тут. Любая дапамога — убраць лісце, сабраць яблыкі ў нашым садзе, падрыхтаваць мерапрыемства — толькі яны. Валанцёры і падарункі дзецям прыносяць, і размаўляюць з імі, і гуляюць, замяняюць ім у нейкай ступені бацькоў. Дапамога вельмі вялікая, за што мы і ўдзячны.
…А яшчэ, размаўляючы з педагогамі, я даведалася, што некаторыя валанцёры звяртаюцца да дырэктара з просьбай узяць на патранатнае выхаванне дзяцей. Вось так работа ў валанцёрскім атрадзе перарастае ў нешта большае.
Марына ХІДДЖАЗ.
НА ЗДЫМКАХ: вядучая святочнага паказу Юлія Рабец; Настасся Субко з выхаванцамі школы-інтэрната.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.