У бягучым годзе ў сістэму адукацыі прыйшло больш за 6 тысяч маладых педагогаў. Традыцыйна няпростая справа іх працаўладкавання з улікам уласных пажаданняў і вытворчай неабходнасці сёлета ўскладнілася працэсамі, што праходзяць у цэлым у сістэме адукацыі: аптымізацыя сеткі ўстаноў і, адпаведна, пэўнае вызваленне і ракіроўка работнікаў, змяненне норм педагагічнай нагрузкі. Ці не паўплывала гэта негатыўна на працаўладкаванне маладых спецыялістаў? На што ім варта разлічваць у плане занятасці на працоўным месцы, памеру заработнай платы, прадастаўлення сацыяльных гарантый? Пра ўсё гэта мы запыталіся ў намесніка старшыні Цэнтральнага камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Рамана Восіпавіча ДАПІРЫ.
— Раман Восіпавіч, галіновы прафсаюз традыцыйна дэталёва вывучае і адсочвае пытанні працаўладкавання маладых спецыялістаў. Гэты год, як разумею, не выключэнне. Якая сітуацыя з працаўладкаваннем маладых спецыялістаў сёлета? Ці не паўплывалі на іх негатыўна тыя працэсы, якія сёння адбываюцца ў галіне?
— Безумоўна, мы заўсёды з асаблівай увагай ставімся да пытанняў захавання заканадаўства пры працаўладкаванні маладых спецыялістаў. Сёлета ўвага асаблівая: аптымізацыя сеткі ўстаноў адукацыі, змяненне норм педагагічнай нагрузкі — усё гэта магло негатыўна паўплываць на адну з самых незагартаваных катэгорый работнікаў — маладых спецыялістаў. Але, як паказаў апошні месяц (а маладыя спецыялісты якраз працуюць у сістэме крыху больш за месяц), нейкіх асабліва напружаных сітуацый у цэлым па краіне не ўзнікала. Больш за тое, сёлета зваротаў па пытаннях працаўладкавання маладых спецыялістаў нават менш, чым у папярэднія гады.
— Але ж раёны заказвалі маладых спецыялістаў з разліку педагагічнай нагрузкі ў 18 гадзін…
— Відавочна, што большасць пытанняў кіраўнікі органаў, устаноў адукацыі добра адпрацавалі на месцах. Да таго ж нельга забываць, што ў нас былыя 18 гадзін — гэта не толькі ўрокі, але і іншыя віды педагагічнай нагрузкі.
— А якая сітуацыя з педагагічнай нагрузкай работнікаў сістэмы адукацыі ў цэлым па краіне?
— У мінулым навучальным годзе сярэдняя нагрузка настаўніка ў цэлым па краіне складала 1,22 стаўкі і вар’іравалася ад 1,11 да 1,36 у залежнасці ад рэгіёна. Зараз паказчыкі, безумоўна, змяніліся: сёння ў пераважнай большасці гаворка ідзе пра работу на крыху больш, чым стаўку. Найбольш складаная сітуацыя там, дзе педагогі працавалі не на поўную стаўку, і ў малакамплектных школах. Там узнікалі пэўныя цяжкасці.
Дарэчы, адзін са шляхоў вырашэння гэтага пытання — пераразмеркаванне педагагічнай нагрузкі, якая была ў кіраўнікоў устаноў адукацыі. Калі ва ўстанове адукацыі ў педагагічных работнікаў памяншаецца педагагічная нагрузка або яны падлягаюць звальненню па пункце 1 артыкула 42 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (скарачэнне колькасці або штату работнікаў у сувязі з адсутнасцю гадзін па прадметах), гадзіны, якія вядуць дырэктар і яго намеснікі па гэтых прадметах, павінны быць перададзены настаўнікам-прадметнікам, паколькі дырэктар і яго намеснікі прыняты на работу на вышэйадзначаныя пасады, што з’яўляецца іх асноўнай работай, а ў настаўнікаў асноўнай работай з’яўляецца педагагічная дзейнасць.
Дарэчы, у такой сітуацыі я заўсёды прыводжу ў прыклад пазіцыю ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама: на абласной канферэнцыі педагагічных работнікаў было агучана, што педагагічная нагрузка павінна быць перададзена настаўнікам-прадметнікам, а кіраўнікоў устаноў неабходна падтрымаць на ўзроўні абл- і райвыканкамаў. Ім максімальна неабходна даць даплаты ў рамках кантрактнай формы найму, матэрыяльнага стымулявання.
— Як у цэлым галіновым прафсаюзам ацэньваецца прыняцце нормы па павелічэнні педагагічнай нагрузкі? Педагагічнай грамадскасцю гэтае новаўвядзенне, шчыра кажучы, было прынята неадназначна…
— Гэтая сітуацыя мае як адмоўныя, так і станоўчыя моманты. Адмоўны — гэта найперш магчымыя скарачэнні работнікаў. Але варта адзначыць, што ў цэлым ніякага пасылу ні ад Міністэрства адукацыі, ні ад іншых органаў улады па скарачэнні педагагічных работнікаў у рамках павелічэння норм педагагічнай нагрузкі няма.
Што да магчымых станоўчых момантаў, то варта разумець наступны момант: з увядзеннем новай нормы ва ўмовах скарочанага працоўнага тыдня павялічваецца колькасць нарміраванай і адпаведна аплатнай педагагічнай нагрузкі: 20 гадзін у 36-гадзінным працоўным тыдні супраць ранейшых 18 гадзін. Гэта, з пункта гледжання нарміравання працы, у доўгатэрміновай перспектыве станоўчыя змены. Іншая справа, што калі павялічваецца колькасць гадзін нарміраванай нагрузкі, павінна памяншацца ненарміруемая педагагічная нагрузка. З гэтым рэгіёнам і, тым больш, наймальнікам неабходна будзе працаваць.
— Вяртаючыся да пытання працаўладкавання маладых спецыялістаў: ці ацэньвалі вы сітуацыю з прыходам у галіну маладых кадраў на найбліжэйшую перспектыву? Вельмі часта даводзіцца чуць інфармацыю пра недаборы на педагагічныя спецыяльнасці, нежаданне моладзі ісці ў галіну.
— На мой погляд, праблема дэфіцыту педагагічных работнікаў у перспектыве можа мець месца, але не столькі ў колькасным, колькі ў якасным праяўленні. Што тычыцца колькасці, то не варта забываць, што з пераходам на 4-гадовы тэрмін навучання ва ўстановах вышэйшай адукацыі ў хуткім часе будзе двайны выпуск маладых педагогаў. Гэта неабходна пралічваць ужо зараз.
З іншага боку, сёння мы бачым, што па шэрагу пазіцый адчуваецца істотны недахоп кадраў. Але дэфіцыт узнікае не з-за таго, што адпаведных спецыялістаў наогул няма, а з-за таго, што яны не затрымліваюцца ў сістэме. Пытанне ў тым, як выпускнікоў адпаведных спецыяльнасцей прыцягнуць на месцы працы ў сістэму: з іншых галін, з прыватнага сектара, дзе сёння працуюць педагогі. Часта гэта добрыя прафесіяналы, якія пакінулі галіну па шэрагу суб’ектыўных, найперш эканамічных прычын. Гэта сапраўды злабадзённае пытанне.
— І што з гэтым рабіць?
— Я далёкі ад думкі, што тут неабходна ісці экстэнсіўным шляхам і проста нарошчваць аб’ёмы падрыхтоўкі. Тут неабходна засяродзіцца на мультыплікацыйным эфекце стымулаў для прыходу ў галіну. Сёння ў нас як бюджэтнай сферы гэты элемент абмежаваны. Але на ўзроўні рэгіёнаў неабходна прымаць кардынальныя рашэнні. Калі, напрыклад, узводзіцца арэнднае жыллё, неабходна памятаць і пра інтарэсы работнікаў сістэмы адукацыі. Напрыклад, сітуацыя ў Мінску: істотна не хапае педагогаў-“дашкольнікаў”. Неабходна вырашаць пытанне з арэндным жыллём для гэтай катэгорыі. Гэта будзе выдатным стымулам для спецыялістаў для вяртання ў галіну. Ці на ўзроўні рэгіёнаў прымаць рашэнні, каб хаця б часткова кампенсаваць кошт арэнды жылля, іншых расходаў. Калі мы сёння гэтага не зробім, то заўтра проста застанемся без кадраў.
— У бягучым годзе ў Галіновае пагадненне якраз і была закладзена рэкамендацыя рэгіёнам аб унясенні ў лакальныя нарматыўныя прававыя акты норм аб пэўных даплатах маладым педагогам…
— Так, былі ўнесены пэўныя нормы, закліканыя падтрымаць маладых педагогаў. Мы прадугледзелі ў Галіновым пагадненні рэкамендацыю аб унясенні ў лакальныя нарматыўныя прававыя акты палажэнні аб надбаўках і прэміях (стымулюючых выплатах, звязаных, безумоўна, з якасцю работы) маладым педагогам на першыя тры гады работы па месцы размеркавання ці накіравання, калі іншы тэрмін не ўстаноўлены калектыўным дагаворам ці лакальным нарматыўным прававым актам. Гэтая норма тычыцца тых людзей, якія прыступілі да работы ў арганізацыях упершыню пасля заканчэння ўстановы адукацыі.
— Чым выклікана неабходнасць прыняцця такой нормы?
— Справа ў тым, што пасля заканчэння двух гадоў работы па размеркаванні ці накіраванні малады спецыяліст губляе права на атрыманне прадугледжаных законам выплат у памеры стаўкі першага разраду і на іншыя выплаты, якія звязаны са статусам маладога спецыяліста. У выніку і так невялікі заробак педагога, які ўжо згубіў статус маладога спецыяліста, але яшчэ не паспеў атрымаць катэгорыю і, адпаведна, пэўную грашовую прыбаўку да заработнай платы, яшчэ больш зніжаецца. Безумоўна, гэта не спрыяе замацаванню маладых педагогаў у сістэме. Статыстыка паказвае, што па шэрагу рэгіёнаў паказчык замацаванасці маладых спецыялістаў складае каля 50%.
Безумоўна, больш значнага памеру павінны быць надбаўкі за наяўнасць кваліфікацыйнай катэгорыі педагагічнага работніка, каб пры наяўнасці другой катэгорыі наш педагог атрымліваў больш за маладога спецыяліста. Патрабаванні да атэстуемых перагледжаны, уведзена абавязковае пацвярджэнне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, а таксама кваліфікацыйная катэгорыя “настаўнік-метадыст”, таму і памер надбаўкі павінен адпавядаць статусу. Усё гэта будзе працаваць на якасць адукацыі, заахвочваць да павышэння прафесійнага ўзроўню.
— А калі звярнуцца да лічбаў, на што сёння могуць разлічваць маладыя спецыялісты сістэмы ў плане заработнай платы — якраз у кастрычніку яны атрымаюць свой першы поўны заробак.
— Згодна з разлікамі, праведзенымі сацыяльна-эканамічным аддзелам галіновага прафсаюза, заробак педагога са статусам маладога спецыяліста з вышэйшай адукацыяй пры рабоце на стаўку складзе каля 2 млн 700 тысяч рублёў. І гэта — з улікам стымулюючых выплат. Пры павышэнні акладу па кантракце — каля 2 млн 900 тысяч.
Прыкладна на 100—150 тысяч рублёў гэтыя паказчыкі будуць меншымі ў адносінах да маладых спецыялістаў, якія працуюць у сістэме дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.
— Скажам шчыра, няшмат.
— Тут варта прыгадаць наступныя лічбы. У цэлым намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата ў сістэме адукацыі ў ліпені склала 3 млн 410 тысяч рублёў. Гэта адзін з самых нізкіх паказчыкаў па відах эканамічнай дзейнасці. Пагаршаюцца і суадносіны паказчыкаў сярэднямесячнай заработнай платы ў адукацыі і прамысловасці. Калі па выніках 2011 года гэтыя суадносіны складалі 68,6%, то па выніках 2012 года сярэднямесячныя заробкі ў адукацыі складалі толькі 65,6% ад заробкаў у прамысловасці. У першым паўгоддзі 2013 года — яшчэ менш: 64,5%. Між тым індэкс спажывецкіх цэн за шэсць месяцаў бягучага года — 107%.
Таму сёння наша агульная задача — працаваць у цэлым над пытаннем павышэння заробкаў у галіне і маладых спецыялістаў у прыватнасці.
У іншых галінах, дарэчы, ёсць адпаведныя прыклады. Так, у жніўні бягучага года кіраўнік дзяржавы падпісаў Указ № 353 “Аб некаторых мерах па забеспячэнні арганізацый аграпрамысловага комплексу кадрамі”, накіраваны на павышэнне гарантаванай заработнай платы маладым спецыялістам сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Так, пры размеркаванні на работу ў арганізацыі аграпрамысловага комплексу ім на працягу двух гадоў устанаўліваюцца штомесячныя даплаты ў памеры дзвюх тарыфных ставак першага разраду, устаноўленай урадам для аплаты працы работнікаў бюджэтных арганізацый. А кіраўнікам і спецыялістам з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, якія адпрацавалі ў арганізацыях галіны два гады па размеркаванні і далей працягваюць працаваць у гэтых арганізацыях на ўмовах заключаных кантрактаў, устанаўліваюцца штомесячныя даплаты на працягу наступных трох гадоў у трохразовым памеры тарыфнай стаўкі першага разраду.
Варта адзначыць, што ў гэтым пытанні мы ідзём услед за АПК. У свой час выплаты ў памеры стаўкі першага разраду былі ўстаноўлены спачатку для маладых спецыялістаў АПК, і потым ужо — сістэмы адукацыі. Сёння ж мы зноў у ролі тых, хто даганяе. Тым не менш мы разумеем, якія сёння магчымасці ў мясцовых бюджэтаў. Зменіцца сітуацыя з іх напаўненнем, тады можна будзе дазволіць сабе большую настойлівасць у гэтых пытаннях.
Сёння галіновым міністэрствам у гэтым кірунку робіцца вельмі шмат, улічваюцца ўсе прапановы галіновага прафсаюза, але ўдаецца толькі тое, што рэальна магчыма ў сённяшняй сітуацыі.
— І напрыканцы, Раман Восіпавіч, пракаменціруйце, калі ласка, змены, прынятыя нядаўна ў пытанні прадастаўлення лістоў часовай непрацаздольнасці работнікам. Пэўныя новаўвядзенні непасрэдным чынам тычацца маладых спецыялістаў і могуць стаць для іх не зусім прыемным сюрпрызам.
— Гаворка ідзе пра пастанову Савета Міністраў ад 28 чэрвеня 2013 года № 569 “Аб мерах па рэалізацыі Закона Рэспублікі Беларусь “Аб дзяржаўных дапамогах сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей”, якой зацверджана Палажэнне аб парадку забеспячэння дапамогамі па часовай непрацаздольнасці і па цяжарнасці і родах. Гэтай пастановай унесены змены, у выніку якіх змяншаюцца выплаты па лістах часовай непрацаздольнасці, што, безумоўна, пагаршае сацыяльна-эканамічнае становішча работнікаў.
Так, згодна з новымі правіламі, зараз дапамога па часовай непрацаздольнасці прызначаецца ў памеры 80% сярэднядзённага заробку за першых 12 каляндарных дзён непрацаздольнасці (раней — за першых 6 каляндарных дзён). Пры разліку сярэднядзённага заробку прымяняюцца каляндарныя дні, а не рабочыя, як было раней. У выніку мінімальныя страты нават для самых нізкааплатных катэгорый работнікаў галіны ў выпадку 14-дзённай працягласці часовай непрацаздольнасці складаюць каля 300 тысяч рублёў.
Што да маладых спецыялістаў, то тут сітуацыя яшчэ горшая. Згодна з новымі нормамі, у выпадках, калі ўзносы на сацыяльнае страхаванне выплачваліся менш, чым за 6 каляндарных месяцаў да ўзнікнення права на дапамогу па часовай непрацаздольнасці, то дапамога прызначаецца не з разліку сярэдняга заробку, як было раней, а ў мінімальным памеры і складзе ў месяц 50% бюджэту пражытачнага мінімуму. Змяненні тычацца, дарэчы, і лістоў непрацаздольнасці па цяжарнасці і родах.
Безумоўна, гэты дакумент значна пагаршае прававое сацыяльна-эканамічнае становішча работнікаў, ушчамляе іх правы і інтарэсы. Таму пазіцыя прафсаюза тут прынцыповая: падыходы да гэтага пытання павінны быць зменены. Федэрацыя прафсаюзаў, галіновы прафсаюз, яго тэрытарыяльныя арганізацыі, шэраг іншых галіновых прафсаюзаў і іх арганізацыйных структур звярнуліся ў Савет Міністраў з прапановай перагледзець нормы названай пастановы. Разам з тым мы прапанавалі зрабіць больш жорсткай адказнасць тых наймальнікаў, якія несвоечасова або не ў поўным памеры пералічваюць страхавыя ўзносы ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.