Кошт санаторна-курортнага лячэння залежыць ад даходу

Летам мы задумваемся не толькі аб аздараўленні дзяцей, але і аб тым, дзе і як паправіць уласнае здароўе. Многія выбіраюць адпачынак за мяжой, плануючы паездку на мора. Але ж і дома ёсць шэраг магчымасцей для таго, каб не толькі адпачыць, але і аздаравіцца, атрымаць санаторнае лячэнне. Прычым — з выкарыстаннем дзяржаўных датацый. Хто ж мае права на іх атрыманне? Як атрымаць пуцёўку на аздараўленне і санаторна-курортнае лячэнне ў беларускія здраўніцы? Хто мае льготы пры аплаце пуцёвак?
Гэтыя і іншыя найбольш актуальныя пытанні аб умовах накіравання на аздараўленне і санаторна-курортнае лячэнне мы задалі спецыялістам Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні.

Колькі сёння ў краіне санаторна-курортных арганізацый? Па якіх профілях магчыма санаторна-курортнае лячэнне?

Па стане на 1 красавіка 2013 года сетка санаторна-курортных арганізацый краіны, якія прайшлі дзяржаўную атэстацыю, прадстаўлена 111 санаторна-курортнымі арганізацыямі (на 25,3 тыс. месцаў і 1,6 тыс. месцаў амбулаторнага прыёму). Гэта 72 санаторыі на 18,3 тысячы стацыянарных месцаў і 0,4 тысячы месцаў амбулаторнага прыёму; 10 дзіцячых санаторыяў на 2,5 тысячы месцаў; 12 дзіцячых рэабілітацыйна-аздараўленчых цэнтраў на 4,1 тысячы месцаў. Акрамя таго, гэтая лічба ўключае 17 студэнцкіх санаторыяў-прафілакторыяў на 0,4 тысячы стацыянарных месцаў і 1,2 тысячы месцаў амбулаторнага прыёму.
Кожная з гэтых устаноў мае пэўны профіль. Калі гаварыць у цэлым, то медыцынскія паслугі ў санаторна-курортных арганізацыях аказваюцца па наступных профілях: пульманалагічны, гастраэнтэралагічны, неўралагічны, нефралагічны, гінекалагічны, кардыялагічны, рэўматалагічны, дэрматалагічны. Акрамя таго, паслугі дзецям аказваюць таксама па артапедатраўматалагічным і эндакрыналагічным профілях. Адным словам, калі ёсць патрэба, здраўніцу неабходнага профілю магчыма выбраць.

Якія катэгорыі грамадзян маюць сёння права на атрыманне пуцёўкі на санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне з выкарыстаннем сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання?

У Рэспубліцы Беларусь пытанні санаторна-курортнага лячэння і аздараўлення насельніцтва рэгулююцца Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28 жніўня 2006 г. № 542 “Аб санаторна-курортным лячэнні і аздараўленні насельніцтва”, які дзейнічае з 1 студзеня 2007 года. Згодна з дакументам, Рэспубліканскі цэнтр па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні за кошт сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання набывае пуцёўкі на санаторна-курортнае лячэнне ў беларускія арганізацыі, якія далей размяркоўваюцца сярод тых, хто мае патрэбу ў санаторна-курортным лячэнні і права на яго атрыманне з выкарыстаннем датацый.
Указам вызначаны катэгорыі грамадзян, якія маюць права на атрыманне пуцёўкі на санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне з выкарыстаннем сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання. Калі гаварыць коратка, то галоўная ўмова — аплата абавязковых страхавых узносаў у фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.
Так, пуцёўкі, набытыя цэнтрам за кошт сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання, размяркоўваюцца асобам, якія падлягаюць абавязковаму дзяржаўнаму сацыяльнаму страхаванню, за якіх ва ўстаноўленым парадку наймальнік выплачвае абавязковыя страхавыя ўзносы ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. У такім выпадку названае права распаўсюджваецца і на іх непаўналетніх дзяцей, а таксама асоб, якія суправаджаюць гэтых дзяцей на санаторна-курортнае лячэнне па заключэнні ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі ў санаторна-курортныя арганізацыі (аддзяленні) для бацькоў з дзецьмі.
Права на атрыманне пуцёўкі на санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне з выкарыстаннем сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання маюць і асобы, якія самастойна выплачваюць у адпаведнасці з заканадаўствам абавязковыя страхавыя ўзносы на дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне ў Фонд, іх непаўналетнія дзеці, а таксама асобы, якія суправаджаюць гэтых дзяцей на санаторна-курортнае лячэнне па заключэнні УКК у санаторна-курортныя арганізацыі (аддзяленні) для бацькоў з дзецьмі.
Гэтае ж права маюць і асобы, што суправаджаюць на санаторна-курортнае лячэнне інвалідаў I групы, якія працуюць.
Што да дзіцячага насельніцтва, то парадак арганізацыі аздараўлення дзяцей у аздараўленчых лагерах з выкарыстаннем сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання, сродкаў рэспубліканскага бюджэту рэгулюецца Палажэннем аб парадку арганізацыі аздараўлення дзяцей у аздараўленчых лагерах, зацверджанае пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 2 чэрвеня 2004г. № 662 “Аб некаторых пытаннях арганізацыі аздараўлення дзяцей”.
Катэгорыі непаўналетніх ва ўзросце 6—18 гадоў, якія маюць права на атрыманне пуцёўкі ў лагер з выкарыстаннем сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання, вызначаны п. 2 Палажэння. Да іх адносяцца дзеці асоб, якія падлягаюць абавязковаму дзяржаўнаму сацыяльнаму страхаванню, за якіх ва ўстаноўленым парадку наймальнік выплачвае абавязковыя страхавыя ўзносы ў Фонд, а таксама асоб, якія знаходзяцца ў водпусках па цяжарнасці і родах або па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім узросту трох гадоў. Названае права маюць і дзеці асоб, якiя самастойна выплачваюць страхавыя ўзносы ў Фонд, а таксама дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў; дзеці-інваліды, дзеці, бацькі якіх з’яўляюцца непрацуючымі пенсіянерамі або асобамі, якія атрымліваюць дапамогу па доглядзе інвалідаў I групы, дзяцей-інвалідаў ва ўзросце да 18 гадоў або асобамі, якія дасягнулі 80-гадовага ўзросту. Акрамя таго, права на аздараўленне з выкарыстаннем датацый захоўваецца і за дзецьмі беспрацоўных, зарэгістраваных ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку.

Як вызначаецца колькасць пуцёвак на санаторна-курортнае лячэнне з выкарыстаннем сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання, якія выдзяляюцца на рэгіён?

Колькасць пуцёвак, якія набываюцца Цэнтрам для ўсіх катэгорый насельніцтва па выніках адкрытага конкурсу па закупцы паслуг на санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне, залежыць ад фінансавання, што выдзяляецца на чарговы фінансавы год у адпаведнасці з законам аб бюджэце Рэспублікі Беларусь, а таксама з улікам колькасці месцаў у санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацыях.
З гэтай агульнай колькасці пуцёвак на рэгіёны яны размяркоўваюцца прапарцыянальна колькасці грамадзян, што працуюць, у канкрэтным рэгіёне.

На якіх умовах грамадзянам прадастаўляюцца пуцёўкі на санаторна-курортнае лячэнне з выкарыстаннем сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання? Як вызначаецца памер даплаты са сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання і саміх грамадзян?

Як ужо было адзначана, права на санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне з выкарыстаннем сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання маюць асобы, якія падлягаюць абавязковаму дзяржаўнаму сацыяльнаму страхаванню, за якіх ва ўстаноўленым парадку наймальнік выплачвае абавязковыя страхавыя ўзносы, і асобы, якія самастойна выплачваюць абавязковыя страхавыя ўзносы ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Другая абавязковая ўмова — наяўнасць медыцынскіх паказанняў і адсутнасць медыцынскіх проціпаказанняў.
Памер платы за пуцёўку вызначае камісія па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні арганізацыі, дзе працуе грамадзянін, на падставе даведкі аб памеры сярэднямесячнага грашовага даходу (заработнай платы, грашовага забеспячэння, пенсіі, стыпендыі) атрымальніка пуцёўкі за дванаццаць каляндарных месяцаў, што папярэднічаюць месяцу выдачы пуцёўкі, і даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь аб памеры налічанай сярэднямесячнай заработнай платы работнікаў Рэспублікі Беларусь за пазамінулы месяц адносна месяца выдачы пуцёўкі.
Напрыклад, сярэднямесячная заработная плата работнікаў па Рэспубліцы Беларусь за красавік 2013 года складала 4 888 296 рублёў. Калі сума сярэднямесячнага грашовага даходу грамадзяніна, які прэтэндуе на атрыманне пуцёўкі на санаторна-курортнае лячэнне, складае 2 300 000 рублёў (каэфіцыент да 0,5), то памер аплаты за пуцёўку ўласнымі сродкамі грамадзяніна складзе 20 %. Калі ж сума сярэднямесячнага грашовага даходу складае 8 000 000 рублёў (каэфіцыент ад 1,5 да 2,0), то памер аплаты за пуцёўку — 55%. Калі сума сярэднямесячнага грашовага даходу складае 26 000 000 рублёў (каэфіцыент звыш 5,0), то памер аплаты за пуцёўку складзе ўжо 100%.

Ці ёсць катэгорыі грамадзян, якія маю ць права на бясплатныя пуцёўкі на аздараўленне і санаторна-курортнае лячэнне?

Указам вызначаны катэгорыі грамадзян, якія маю ць льготы на санаторна-курортнае лячэнне або аздараўленне.
Так, Героі Беларусі, Героі Савецкага Саюза, Героі Сацыялістычнай Працы, поўныя кавалеры ордэнаў Айчыны, Славы, Працоўнай Славы, непрацуючыя інваліды і ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны і прыраўнаваныя да іх асобы маюць права на атрыманне грашовай дапамогі на аздараўленне ў памеры 10 базавых велічынь ці, па жаданні гэтых асоб, замест грашовай дапамогі на аздараўленне прадастаўляецца пазачарговае бясплатнае санаторна-курортнае лячэнне (пры наяўнасці медыцынскіх паказанняў і адсутнасці медыцынскіх проціпаказанняў) або аздараўленне.
Права на бясплатнае санаторнае лячэнне маюць ветэраны вайны; дзеці-інваліды ва ўзросце да 18 гадоў; непаўналетнія дзеці, якія пражываюць на тэрыторыях радыеактыўнага забруджвання ў зоне наступнага адсялення, з правам на адсяленне і ў зоне пражывання з перыядычным радыяцыйным кантролем, а таксама непаўналетнія дзеці, непрацуючыя інваліды I і II групы незалежна ад прычыны інваліднасці; асобы, якія суправаджаюць інвалідаў I групы, дзяцей-інвалідаў ва ўзросце да 18 гадоў у санаторна-курортныя або аздараўленчыя арганізацыі.

Як атрымаць пуцёўку на санаторна-курортнае лячэнне для дарослага насельніцтва? Куды неабходна звяртацца?

Для атрымання пуцёўкі грамадзяне падаюць пісьмовую заяву ў камісію па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва па месцы работы (службы, вучобы) або ў абласныя і Мінскае гарадское прадстаўніцтва Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва па месцы жыхарства разам з медыцынскай даведкай аб стане здароўя, якая вызначае патрэбнасць у санаторна-курортным лячэнні або адсутнасць проціпаказанняў для аздараўлення. Пры гэтым пуцёўка ў санаторый выдзяляецца па профілі захворвання, паказаным у радку “Рэкамендацыі” медыцынскай даведкі.

У краіне ёсць шэраг санаторыяў для маці і дзіцяці. Якія ўмовы накіравання ў гэтыя арганізацыі?

Для накіравання ў санаторый маці і дзіцяці медыцынскія даведкі аб стане здароўя, якія вызначаюць патрэбу ў санаторна-курортным лячэнні, павінны быць і ў маці, і ў дзіцяці. Пры гэтым уласная аплата аднаго з бацькоў за пуцёўку складае 15% ад кошту.

Ці павінна быць у кожнай арганізацыі камісія па аздараўленні? Калі такой няма, куды звяртацца па пуцёўку?

Камісія па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва ствараецца ў любой арганізацыі для забеспячэння размеркавання і выдачы пуцёвак на аздараўленне і санаторна-курортнае лячэнне. Камісія ажыццяўляе сваю дзейнасць у адпаведнасці з Палажэннем аб парадку накіравання насельніцтва на санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне, зацверджаным Указам № 542.
Калі ў арганізацыі няма камісіі па аздараўленні, то за рэалізацыяй права на санаторна-курортнае лячэнне ці аздараўленне неабходна звяртацца тэрытарыяльна па месцы выплаты страхавых узносаў у абласныя і Мінскае гарадское прадстаўніцтва цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні.

Асаблівая катэгорыя — дзеці-інваліды. Якія для іх прадугледжаны ўмовы атрымання пуцёвак на аздараўленне і санаторна-курортнае лячэнне?

Указам № 542 прадугледжана права дзяцей-інвалідаў ва ўзросце да 18 гадоў на першачарговае бясплатнае санаторна-курортнае лячэнне (пры наяўнасці медыцынскіх паказанняў і адсутнасці медыцынскіх проціпаказанняў) і аздараўленне (пры адсутнасці медыцынскіх проціпаказанняў).
Асобы, якія суправаджаюць дзяцей-інвалідаў у санаторна-курортныя або аздараўленчыя арганізацыі, забяспечваюцца пуцёўкамі на санаторна-курортнае лячэнне або аздараўленне бясплатна (без лячэння) пры ўмове, што неабходнасць у такім суправаджэнні пацвярджаецца заключэннем урачэбна-кансультацыйнай камісіі.
Для дзяцей-інвалідаў да 18 гадоў, якія маюць медыцынскія проціпаказанні для санаторна-курортнага лячэння, Рэспубліканскі цэнтр па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні сумесна з Міністэрствам адукацыі забяспечваюць арганізацыю спецыялізаваных змен у аздараўленчых лагерах у перыяд летняй аздараўленчай кампаніі.
Варта дадаць, што акрамя сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання на патанненне пуцёўкі ў лагеры, мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы накіроўваюць фінансавыя сродкі з прадугледжаных у мясцовым бюджэце на даплату да поўнага кошту пуцёвак у аздараўленчыя лагеры для дзяцей-інвалідаў.

Як часта грамадзяне могуць прэтэндаваць на атрыманне пуцёўкі на аздараўленне і санаторна-курортнае лячэнне з выкарыстаннем датацый?

Асобам, якія маюць права на санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне за кошт сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання або рэспубліканскага бюджэту, можа быць выдзелена на працягу каляндарнага года не больш як адна пуцёўка.
Але з гэтага правіла ёсць выключэнні. Так, больш за адну пуцёўку на працягу каляндарнага года могуць атрымаць педагагічныя работнікі, якія прыцягваюцца да суправаджэння дзяцей, што пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і накіроўваюцца на санаторна-курортнае лячэнне або аздараўленне ў складзе арганізаваных груп, і якія ажыццяўляюць па месцы іх знаходжання вучэбна-выхаваўчы працэс. Абмежаванне не распаўсюджваецца і на асоб, якія суправаджаюць на санаторна-курортнае лячэнне інвалідаў I групы і дзяцей-інвалідаў ва ўзросце да 18 гадоў.
Разам з тым варта мець на ўвазе, што некаторыя катэгорыі асоб, пазначаныя ва Указе № 542, (напрыклад, непрацуючыя інваліды I і II груп), забяспечваюцца санаторна-курортным лячэннем або аздараўленнем не больш як адзін раз у два гады.

З выкарыстаннем датацый магчыма аздараўленне толькі ў Беларусі або і за мяжой?

Права на санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне рэалізоўваецца ў санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацыях краіны па пераліку, які зацвярджаецца Урадам Рэспублікі Беларусь, у тым ліку і ў санаторыях Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, размешчаных за межамі краіны (санаторый “Белая Русь” у Туапсэ, Расійская Федэрацыя; санаторый “Беларусь” у Юрмале, Латвія; санаторый “Беларусь” у Сочы, Расійская Федэрацыя; санаторый “Беларусь” у Ялце, п.г.т. Карэіз, Аўтаномная Рэспубліка Крым Украіны; санаторый “Беларусь” у Друскінінкаі, Літва).

Аздараўленне дзяцей арганізоўваецца на тэрыторыі Беларусі ў лагерах розных тыпаў з кругласутачным і дзённым знаходжаннем.Ці магчыма набыццё пуцёўкі на аздараўленне і санаторна-курортнае лячэнне за ўласныя сродкі? Якая цана пытання?

Набыць пуцёўку маюць магчымасць як юрыдычныя, так і фізічныя асобы. Пры гэтым грамадзянам варта загадзя планаваць свой адпачынак і своечасова звяртацца ў аддзелы рэалізацыі для браніравання пуцёўкі ў санаторна-курортныя і аздараўленчыя арганізацыі або скарыстацца сістэмай анлайн-браніравання на сайтах арганізацый.
Сярэдні кошт аднаго дня па пуцёўках на санаторна-курортнае лячэнне (з размяшчэннем у стандартным аднапакаёвым двухмесным нумары), набытых цэнтрам за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту і дзяржаўнага сацыяльнага страхавання на 2013 год па адкрытых конкурсах склала 183,9 тысячы рублёў, у свабоднай рэалізацыі пры ўмове размяшчэння ў стандартным аднапакаёвым двухмесным нумары — каля 250,1 тысячы рублёў у суткі.

Алена МАРКЕВІЧ.