Прыйшлі, каб застацца

Маладыя спецыялісты на першых месцах работы — тэма традыцыйная, але ад гэтага не менш актуальная. Кожнаму з іх дзяржава гарантуе пэўныя прэферэнцыі. А колькі выпускнікоў педагагічных устаноў адукацыі прыехалі па размеркаванні? Колькі з іх мэтавікоў? Як педагагічныя калектывы дапамагаюць новым супрацоўнікам адаптавацца, набыць неабходныя прафесійныя навыкі? Што робіцца на месцах, каб замацаваць маладыя кадры? Ці задаволены патрэбнасці рэгіёнаў у педагогах? На гэтыя і іншыя пытанні, што датычацца тэмы сённяшняга выпуску дадатку “Сацыяльны ракурс”, мы папрасілі адказаць супрацоўнікаў абласных упраўленняў адукацыі аблвыканкамаў.

У Мінскую вобласць сёлета прыехаў па размеркаванні 721 выпускнік устаноў адукацыі педагагічнага профілю. Пра гэта паведаміла загадчык сектара арганізацыйна-кадравай работы ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Святлана Валер’еўна ГЛЯБОВІЧ. Акрамя таго, у вобласць прыехалі працаваць 38 маладых педагогаў, якія маюць права самастойнага працаўладкавання, г.зн. тыя, хто вучыўся на платным аддзяленні. З агульнай колькасці маладых спецыялістаў, якіх сёлета прынялі школы і іншыя ўстановы адукацыі Міншчыны, пяцьдзясят чалавек — так званыя мэтавікі. Як адзначае Святлана Валер’еўна, на сёння гэта ў цэлым закрывае патрэбнасці вобласці ў педагогах. Асабліва калі ўлічыць, што працягваецца рэарганізацыя ўстаноў адукацыі, змянілася напаўняльнасць класаў, павялічылася педагагічная нагрузка.
Дарэчы, летась у рэгіёне пачалі працаваць 745 маладых педагогаў, якія вучыліся бясплатна (з іх 62 мэтавікі) і 91 чалавек, які меў статус самастойнага працаўладкавання. Прыемна, што амаль усе мінулагоднія выпускнікі, якія самі ці па размеркаванні трапілі ў Мінскую вобласць, і зараз працуюць на сваіх месцах.
Штогод у сістэму адукацыі Міншчыны ўліваюцца выпускнікі 12-ці вышэйшых і 10-ці сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў. У вобласці, між іншым, ёсць свае навучальныя ўстановы педагагічнага профілю — каледжы ў Нясвіжы, Барысаве, Салігорску. Тут рыхтуюць прафесіяналаў па многіх спецыяльнасцях, у тым ліку і па адносна новых: “Фізкультура і спорт”, “Дызайн”, “Турызм і гасціннасць”, “Прыкладное мастацтва” і інш.
“Сёння ў сістэме адукацыі вобласці працуе 2801 выпускнік 2010 — 2013 гг. устаноў адукацыі педагагічнага профілю, — расказала Святлана Валер’еўна. — Амаль дзве тысячы з іх маюць вышэйшую адукацыю, астатнія — сярэднюю спецыяльную”.
Для таго каб замацаваць маладых спецыялістаў, пры кожным райвыканкаме створаны спецыяльныя фонды падтрымкі. Маладыя педагогі атрымліваюць усе выплаты, прадугледжаныя заканадаўствам. Напрыклад, дзесяць базавых велічынь пры накіраванні на работу ў сельскую мясцовасць. Настаўнікам, якія жывуць не ў тым населеным пункце, у якім працуюць, установа адукацыі часткова аплачвае праезд. Аказваецца іншая дапамога.
Але, акрамя матэрыяльнай падтрымкі, важнае значэнне мае падтрымка маральная, як і прафесійная. Райвыканкамы кожны год праводзяць сустрэчы спецыялістаў розных службаў (райвыканкама, банкаў, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, сельскагаспадарчых арганізацый, прадпрыемстваў, грамадскіх арганізацый і г.д.) з маладымі спецыялістамі. На такіх сустрэчах можна задаць пытанні спецыялістам, атрымаць кансультацыю, нарэшце, проста пазнаёміцца.
У жніўні на абласной канферэнцыі педагагічных работнікаў абавязкова прысутнічаюць маладыя спецыялісты з ліку прадстаўнікоў педагагічных дынастый, стыпендыятаў фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, выпускнікоў магістратуры. Сёлета такая канферэнцыя прайшла ў Барысаве. Тут, як і заўсёды, вопытныя педагогі віталі маладых. А за знаёмствам ідзе больш цеснае супрацоўніцтва, бо ў вобласці вялікую ўвагу звяртаюць на стажыроўку моладзі — замацаванне вопытнага педагога за маладым спецыялістам. Вопытны калега дапамагае, падтрымлівае, раіць. Метадычную падтрымку моладзі аказвае і Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі. Пры ім, напрыклад, дзейнічае школа маладога настаўніка, падобныя метадычныя арганізацыі ёсць у кожным раёне. І, канечне, праводзяцца конкурсы прафесійнага майстэрства для маладых педагогаў, пераможцы якіх атрымліваюць маральнае і матэрыяльнае заахвочванне.
А зусім хутка, у кастрычніку, пройдзе традыцыйны “Педагагічны марафон”, калі на працягу дэкады педагогі будуць абменьвацца вопытам, уласнымі напрацоўкамі. Сёлета падчас такога марафону плануецца сумесна з Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя Максіма Танка правесці кірмаш вакансій для будучых выпускнікоў універсітэта. Магчыма, хтосьці з выпускнікоў-2014 ужо зараз вызначыцца са сваім першым рабочым месцам, і будзе яно на Міншчыне.

“У новым навучальным годзе (на першую палову верасня) ва ўстановы адукацыі Магілёўскай вобласці размеркаваны і распачалі работу 436 маладых спецыялістаў, — расказала загадчык сектара арганізацыйна-прававой і кадравай работы ўпраўлення адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Марына Васільеўна БАГДАНАВА. — Зразумела, усім выпускнікам, якія атрымалі сярэднюю спецыяльную або вышэйшую адукацыю па педагагічных спецыяльнасцях, пасля заканчэння навучальнай установы быў дадзены месячны водпуск і выплачана грашовая дапамога за 45 каляндарных дзён за кошт бюджэтных сродкаў установы адукацыі, якую яны закончылі”.
Як паведаміла Марына Васільеўна, маладыя спецыялісты на Магілёўшчыне атрымліваюць ільготы і выплаты ў адпаведнасці з заканадаўствам. Гэта, напрыклад, так званыя пад’ёмныя, іншыя выплаты.
Безумоўна, надзвычай важнае пытанне — забеспячэнне маладых спецыялістаў жыллём. Ім выдзяляюць месцы ў інтэрнаце, службовае жыллё. Маладыя педагогі з Круглянскага, Быхаўскага, Клічаўскага, Бабруйскага раёнаў, якія арандуюць жыллё, атрымліваюць грашовую кампенсацыю, размер якой прадугледжаны калектыўным дагаворам. А пытанні забеспячэння педагогаў уласным жыллём разглядаюцца ў адпаведнасці з рэгіянальнымі праграмамі жыллёвага будаўніцтва шляхам выдзялення льготных крэдытаў. Ва ўстановах адукацыі прадугледжаны фіксаваныя надбаўкі за дасягненні ў рабоце (падрыхтоўка пераможцаў алімпіяд, конкурсаў і г.д.).
У Магілёўскім і Быхаўскім раёнах кіраўнікі ўстаноў адукацыі знаходзяць магчымасці часткова аплачваць праезд маладых педагогаў да месца работы і назад. Акрамя таго, у Магілёўскім раёне па дамоўленасці з прадпрыемствам-шэфам маладым педагогам прадукцыя прадпрыемства адпускаецца без гандлёвых надбавак.
Традыцыйна ў раёнах дзейнічае шырокая метадычная сетка, якая забяспечвае практычную дапамогу педагогам, у тым ліку маладым спецыялістам. За імі, дарэчы, замацаваны настаўнікі з ліку вопытных педагогаў, спецыялістаў аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, ім аказваюць метадычную дапамогу (узаемнае наведванне ўрокаў, майстар-класы, дзейнасць школ маладога настаўніка першага і другога гадоў работы і г.д.).
Паказчык замацавання маладых педагогаў у вобласці ў пазамінулым годзе склаў 65% ад агульнай колькасці размеркаваных. Даныя нядрэнныя, калі ўлічыць, што з выпускнікоў 2002 — 2006 гадоў пасля абавязковай двухгадовай адпрацоўкі працягнулі працаваць у сярэднім 49% гэтых педагогаў. З выпускнікоў 2007 — 2010 гадоў замацаваліся ў сярэднім 52% спецыялістаў. Так што дынаміка станоўчая.

Ва ўстановы адукацыі Віцебскай вобласці ў перыяд з 2008-га па 2012 год прыехала 1745 маладых спецыялістаў. Як паведаміла начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы і справаводства ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Таццяна Віктараўна САКАЛОВА, з іх на першым працоўным месцы засталіся 1185 чалавек, або 68%. У асобных раёнах — Аршанскім (87%), Глыбоцкім (86%), Чашніцкім (83%), Браслаўскім (77%) — працэнт замацавання маладых педагогаў перавышае сярэдні абласны паказчык.
У 2013/2014 навучальным годзе ва ўстановах адукацыі Віцебшчыны з’явіліся 564 маладыя спецыялісты (даныя на першую палову верасня).
Як расказала Таццяна Віктараўна, для іх замацавання ў рамках мерапрыемстваў абласной комплекснай праграмы “Кадры 2009 — 2015 гг.” прадугледжаны пэўныя кірункі ўдасканалення такой работы. Гэта, у прыватнасці, выкананне дагаворных абавязацельстваў па прадастаўленні першага працоўнага месца маладым спецыялістам. Да адпаведных мер па замацаванні маладых педагогаў адносіцца і фарміраванне груп перспектыўнага кадравага рэзерву з маладых работнікаў, а таксама з ліку асоб, якія ўключаны ў камп’ютарны банк даных адоранай моладзі, што з’яўляюцца лаўрэатамі і стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, пераможцамі і дыпламантамі міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў.
Бадай, адзін з самых важных складнікаў такой работы — меры па забеспячэнні жыллём маладых спецыялістаў. За 2008 — 2012 гады пры садзейнічанні раённых і сельскіх выканкамаў для іх выдзелена 39 дамоў, 90 кватэр, 199 месцаў у інтэрнатах. У рамках сваіх фінансавых магчымасцей рай(гар) выканкамы, сельскія выканаўчыя камітэты дапамагаюць тым, каму гэта неабходна, набываць мэблю і бытавую тэхніку першай неабходнасці. Акрамя таго, за кожным маладым спецыялістам замацаваны настаўнік, адміністрацыя ўстаноў і аддзелаў адукацыі аказвае маладым педагогам метадычную дапамогу.

“У новым навучальным годзе (на 16 верасня) ва ўстановах адукацыі Гомельскай вобласці распачалі работу 1007 маладых педагогаў, — паведаміла начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Вольга Вячаславаўна ВАЛАСЕНКА. —Выпускнікі 53 спецыяльнасцей папоўнілі адукацыйную сферу рэгіёна. 139 маладых педагогаў вярнуліся на малую радзіму пасля навучання на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі”.
Каб прыцягнуць выпускнікоў да работы ў сваім рэгіёне, аддзелы адукацыі, спорту і турызму рай(гар)выканкамаў і ўстановы адукацыі ўзаемадзейнічалі са студэнтамі і навучэнцамі розных курсаў, якія не толькі праходзілі практыку ва ўстановах адукацыі вобласці, але і ўдзельнічалі ў навукова-даследчай, творчай, іншых відах дзейнасці.
У адпаведнасці з рашэннем аблвыканкама, штогод на пасяджэннях райвыканкамаў разглядаецца пытанне аб выдзяленні жылля педагагічным работнікам, у тым ліку маладым спецыялістам, якія накіраваны па размеркаванні, для іх замацавання на месцах.
“З першых дзён самастойнай работы маладыя кадры акружаны клопатам і ўвагай”, — расказала спецыяліст. — Метадычныя службы, што ёсць ва ўсіх аддзелах адукацыі, спорту і турызму, кіраўнікі, педагогі-прафесіяналы на працягу першых гадоў работы стажыруюць маладыя кадры, аказваюць ім усебаковую дапамогу”.
Заўсёды ў полі зроку знаходзяцца выпускнікі, якія праяўляюць цікавасць і схільнасць да кіраўніцкай дзейнасці. Іх уключаюць у перспектыўны рэзерв маладых кіраўнікоў, з імі арганізавана вучоба на мясцовым і абласным узроўнях.
У калектыўных дагаворах устаноў адукацыі прадугледжаны меры матэрыяльнага стымулявання маладых спецыялістаў, частковая кампенсацыя аплаты арэнды жылля, арганізацыя бясплатнага падвозу або частковая кампенсацыя праезду да месца работы.
Такі падыход да арганізацыі работы дазволіў забяспечыць высокі ўзровень замацавання: пераважная большасць маладых педагогаў працягвае працаваць у сістэме адукацыі пасля заканчэння абавязковага тэрміну.

Галоўны спецыяліст аддзела планавання і эканомікі ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Наталля Пятроўна БУХТА паведаміла, што сёлета ў вобласці распачаў работу 621 малады спецыяліст. Сярод гэтых педагогаў 14 чалавек, якія вучыліся па мэтавых накіраваннях. Дарэчы, у мінулым годзе ў Брэсцкую вобласць прыехалі 726 маладых спецыялістаў з педагагічнай адукацыяй. А ўзровень замацаванасці такіх супрацоўнікаў складае ў сярэднім 78,6%, пачынаючы з 2008/2009 навучальнага года.
Па словах спецыяліста ўпраўлення адукацыі, колькасць выпускнікоў, якія прыехалі на Брэстчыну сёлета, у цэлым адпавядае патрэбнасці вобласці ў педагагічных кадрах, за выключэннем асобных спецыяльнасцей, напрыклад, фізіка-матэматычнага кірунку. Але прыкладна такая ж карціна складваецца і ў іншых рэгіёнах Беларусі.
Значную частку маладых спецыялістаў, якія пачынаюць, а многія і працягваюць свой працоўны шлях на Брэстчыне, складаюць выпускнікі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна, Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Што да работы па замацаванні маладых кадраў, то, вядома, як і паўсюль такія спецыялісты атрымліваюць усе льготы, прадугледжаныя заканадаўствам. Акрамя таго, паміж упраўленнем адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і Брэсцкай абласной арганізацыяй Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі заключана дамоўленасць аб устанаўленні надбаўкі за складанасць і напружанасць работы ў памеры не менш за 10% ад стаўкі маладога спецыяліста. Прычым на месцах, у адпаведнасці з калектыўнымі дагаворамі, такая надбаўка можа выплачвацца не два, а тры гады.
Акрамя таго, згодна з рашэннем Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў, маладыя спецыялісты штомесячна атрымліваюць кампенсацыю за найм жылля (зразумела, калі заключаны дагавор найму) у памеры да трох базавых велічынь у буйных гарадах вобласці — гэта Брэст, Баранавічы, Пінск, і да дзвюх базавых велічынь у невялікіх населеных пунктах. Таксама, як і ў іншых рэгіёнах краіны, маладым педагогам дапамагаюць вопытныя настаўнікі, дзейнічаюць школы маладога настаўніка, аказваецца іншая падтрымка.

Ва ўстановы адукацыі Гродзенскай вобласці сёлета накіравана 777 маладых спецыялістаў, 42 з якіх — мэтавікі. Гэта не толькі педагогі, але і спецыялісты па турызме, выкладчыкі гурткоў, бухгалтары ва ўстановах адукацыі і г.д. Распачалі ж работу (на 17 верасня) 719 чалавек, з іх 38 мэтавікоў). Астатнія працягваюць навучанне, узялі пераразмеркаванне ці змянілі свае планы па нейкіх іншых прычынах.
“Сёння ў нас, як, пэўна, і ў іншых абласцях, не хапае матэматыкаў, фізікаў, выкладчыкаў інфарматыкі, некаторых іншых спецыялістаў, — расказала загадчык сектара кадрава-прававой работы ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Наталля Валер’еўна МАШАНАВА. — Далучаем да работы пенсіянераў, павялічваем нагрузку, а ў Гродне (гэта тычыцца педагогаў-“дашкольнікаў”) прыцягваем да работы студэнтаў старшых курсаў. Так мы і вакансіі закрываем, і студэнты праходзяць добрую практыку”.
Каб замацаваць моладзь пасля абавязковай адпрацоўкі, на Гродзеншчыне практыкуюцца сустрэчы маладых спецыялістаў, якія задаволены месцам сваёй першай работы, з будучымі выпускнікамі УВА. Упраўленне адукацыі сумесна з Рэгіянальным цэнтрам тэсціравання і прафесійнай арыентацыі моладзі ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы праводзіць прафарыентацыйныя мерапрыемствы. Адно з іх — кірмаш вакансій, які праходзіць падчас зімніх канікул. На кірмашы збіраюцца прадстаўнікі ўстаноў адукацыі, не толькі педагагічнага профілю. Сюды прыязджаюць будучыя абітурыенты, іх бацькі, атрымліваюць неабходныя кансультацыі, многія вызначаюцца з будучай прафесіяй. Да таго ж, у вобласці ёсць традыцыя: штогод праводзіць злёт будучых выпускнікоў УВА і ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў адным з раёнаў вобласці, напрыклад у аграгарадку. Будучыя педагогі, медыкі, аграрыі наведваюць установы свайго профілю, знаёмяцца з умовамі работы ў іх, з населеным пунктам у цэлым. І нярэдка вырашаюць распачаць сваю прафесійную дзейнасць менавіта ў тым населеным пункце, дзе праводзіўся злёт. Магчыма, у хуткім часе да гэтай формы работы дабавіцца яшчэ адна: ёсць ідэя аб размяшчэнні на сайтах навучальных устаноў свайго роду “рэкламнай” інфармацыі аб населеным пункце, куды можа размеркавацца выпускнік. Так, можна размясціць фатаграфіі домікаў для маладых спецыялістаў у аграгарадках, іншыя фотаздымкі і г.д.
Яшчэ ў вобласці вялікую ўвагу ўдзяляюць практыцы, бо, прайшоўшы яе, адчуўшы падтрымку, зацікавіўшыся месцам работы, многія выпускнікі вырашаюць і далей працаваць у пэўнай установе адукацыі. Такую перападрыхтоўку прайшлі 448 педагогаў, 26 чалавек праходзяць яе зараз.
Каб павялічыць колькасць педагогаў “дэфіцытных” спецыяльнасцей, у вобласці выкарыстоўваюць такую форму работы, як перападрыхтоўка кадраў. Так, цалкам магчыма перападрыхтаваць філолага ў выкладчыка англійскай мовы, фізіка — у выкладчыка інфарматыкі. І потым такі спецыяліст можа выкладаць некалькі прадметаў.
Адзначым, што гэтыя і іншыя меры даюць плён. У мінулым і гэтым годзе прахадныя балы на педагагічныя спецыяльнасці павысіліся, а значыць, расце прэстыж прафесіі настаўніка.

Па словах начальніка аддзела арганізацыйна-прававой і кадравай работы камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Святланы Паўлаўны ГЛАВАЦКАЙ, ва ўстановы адукацыі Мінска летам 2013 года накіравана 780 маладых спецыялістаў (у 2012 годзе — 820 выпускнікоў), працаўладкаваны 692 чалавекі (летась — 745). Ва ўстановы адукацыі на больш высокі ўзровень навучання за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту былі залічаны 67 маладых спецыялістаў, астатнія — пераразмеркаваны.
Як расказала Святлана Паўлаўна, штогод у жніўні камітэт па адукацыі сумесна з гаркамам прафсаюза праводзіць сустрэчы з маладымі спецыялістамі, на якіх тыя знаёмяцца з сістэмай адукацыі сталіцы, атрымліваюць неабходныя кансультацыі, ім уручаюць падарункі.
У мінскіх установах адукацыі за кожным маладым настаўнікам замацаваны вопытны педагог, працуюць раённыя школы маладога настаўніка. Традыцыйна праводзяцца тыдні педагагічнага майстэрства маладых спецыялістаў “Педагагічны дэбют”. Арганізацыя работы такіх кадраў пастаянна разглядаецца на гарадскіх нарадах з удзелам дырэктараў устаноў.
Адзначым, што маладым спецыялістам выдзяляюцца месцы ў новым інтэрнаце педагагічных работнікаў па вуліцы Гінтаўта. Сёлета, напрыклад, сюды засяліліся больш за трыццаць чалавек, летась — 26, у пазамінулым годзе месцы ў інтэрнаце атрымалі 85 маладых педагогаў.

Марына ХІДДЖАЗ.