На працягу двух дзён, 19 і 20 мая, у Мінску праходзіла II Рэспубліканская канферэнцыя “Цяпло сэрцаў”, прысвечаная Міжнароднаму дню сям’і і Дню абароны дзяцей. Сёлета мерапрыемства было арганізавана і праведзена на платформе Zoom.
Арганізатарамі і партнёрамі канферэнцыі з’яўляюцца Міністэрства адукацыі, Акадэмія паслядыпломнай адукацыі, Нацыянальны цэнтр усынаўлення і міжнародная грамадская арганізацыя “SOS-дзіцячыя вёскі”.
Падчас пленарнага пасяджэння, якое было ключавым у рабоце канферэнцыі, свой вопыт прадставілі рэгіёны і абласныя сацыяльна-педагагічныя цэнтры.
Намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай, адкрываючы мерапрыемства, расказаў, што сёння ўся краіна прымае ўдзел у нацыянальным праекце “Мая сям’я — мая краіна”, што прымеркаваны да Міжнароднага дня сям’і і праводзіцца напярэдадні Дня абароны дзяцей. “Упершыню канферэнцыя “Цяпло сэрцаў” праходзіла год назад, і ў ёй прымалі ўдзел каля 200 чалавек, — узгадаў намеснік міністра. — З улікам рэкамендацый Міністэрства аховы здароўя і інфармацыйных магчымасцей сёлета вырашылі правесці канферэнцыю анлайн. У ёй прымаюць удзел каля 600 чалавек”. На працягу двух дзён спецыялісты і эксперты абмяркоўвалі актуальныя пытанні сямейнага ўладкавання дзяцей-сірот і дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў, іх ролю і месца ў нацыянальнай сістэме адукацыі, а таксама перспектывы далейшага развіцця.
У Нацыянальны план дзеянняў асобным блокам трэба ўключыць пытанні ўдасканалення сістэмы ўсынаўлення, суправаджэння прыёмных і апякунскіх сем’яў, дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. Гэта варта зрабіць, каб зразумець, над чым давядзецца працаваць у наступныя 5 гадоў. Для таго каб распрацаваць гэты план, Міністэрствам адукацыі былі прадуманы і ўзгоднены мерапрыемствы, што будуць праводзіцца сумесна з рэгіёнамі.
“Мы разумеем, што ў сучасных умовах выхаванне ў сям’і ва ўмовах цеплыні і клопату з’яўляецца найважнейшай патрэбай кожнага дзіцяці. Для выканання такога простага на першы погляд жадання працуе ўся сістэма аховы правоў дзяцінства, якая ўключае ў сябе больш чым 3 тысячы спецыялістаў і педагагічных работнікаў. Мы бачым поспехі ў сістэме ўсынаўлення дзяцей і будзем удасканальваць гэты кірунак і далей. Гэта будзе ўлічана ў праекце Нацыянальнага плана дзеянняў па паляпшэнні становішча дзяцей і ахове іх правоў на наступныя 5 гадоў, над якім зараз працуем”, — адзначыў А.Кадлубай.
Развіццё сямейных форм уладкавання дзяцей-сірот дазволіла скараціць колькасць выхаванцаў інтэрнатных устаноў і забяспечыць выхаванне ў сем’ях амаль 89% дзяцей. Пры гэтым знаходжанне на дзяржаўным забеспячэнні амаль 3 тысяч дзяцей звязана ў першую чаргу з атрыманнем імі прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі. Сетка дзіцячых інтэрнатных устаноў максімальна аптымізавана і працягвае скарачацца. Са слоў А.Кадлубая, у сістэме адукацыі яна найбольш аптымальная.
“Больш чым палова дзяцей, што сёння знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні, маюць асаблівасці псіхафізічнага развіцця. Таму трэба падумаць над такім кірункам, як работа над поўнай інклюзіяй як у месцах навучання, так і ў месцах пражывання гэтых непаўналетніх, — выказаў меркаванне прадстаўнік ведамства. — Скарачэнне сеткі апякунскіх і прыёмных сем’яў абумоўлена штогадовым павелічэннем агульнай колькасці дзяцей і даўкамплектаваннем сем’яў, што мелі адпаведны статус. Але гэта не павінна станавіцца прычынай выгарання прыёмных бацькоў. Сёння ў рэгіёнах, і ў Мінску ў тым ліку, фарміруецца сетка дамоў сямейнага тыпу. Большасці бацькоў-выхавальнікаў, якія працуюць у гэтых дамах, у перыяд выканання працоўных абавязкаў па выхаванні дзяцей-сірот прадастаўлены спецыялізаваныя жылыя памяшканні”.
Акцэнт — на апеку
Сёння на этапе распрацоўкі знаходзіцца Нацыянальны план дзеянняў па паляпшэнні становішча дзяцей і ахове іх правоў на пяць гадоў. З 2022 па 2026 год будзе рэалізоўвацца новы план. На гэта звярнула ўвагу галоўны спецыяліст Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Алена Сімакова. Тэма яе выступлення — “Аб актуальным стане і перспектывах арганізацыі сучасных форм сямейнага ўладкавання дзяцей-сірот і дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў”. Спецыяліст лічыць, што ў Нацыянальны план дзеянняў асобным блокам трэба ўключыць пытанні ўдасканалення сістэмы ўсынаўлення, суправаджэння прыёмных і апякунскіх сем’яў, дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. Гэта варта зрабіць, каб зразумець, над чым давядзецца працаваць у наступныя 5 гадоў. Для таго каб распрацаваць гэты план, ведамствам былі прадуманы і ўзгоднены мерапрыемствы, што будуць праводзіцца сумесна з рэгіёнамі.
“Сёння ў сістэме адукацыі стабільна развіваецца і ўдасканальваецца такая форма ўстройства дзяцей, як замяшчальная апека, — паведаміла А.Сімакова. — Яна з’яўляецца альтэрнатывай інтэрнатным установам, уладкаванню дзяцей у гэтыя ўстановы. Сямейным заканадаўствам краіны, сямейнай дзяржаўнай палітыкай замацаваны механізмы перадачы дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў і родных. Сёння больш чым 13 тысяч дзяцей выхоўваюцца ў апякунскіх, прыёмных сем’ях, дзіцячых дамах сямейнага тыпу. Штогод колькасць такіх дзяцей зніжаецца, але толькі дзякуючы таму, што на месцах праводзіцца прафілактычная работа, якая дазваляе стрымліваць і пазбаўляцца сямейнага недабрабыту і, як вынік, сацыяльнага сіроцтва. Сёння можна канстатаваць, што ў краіне адпрацаваны практычныя крокі па ўладкаванні кожнага малыша, што асірацеў, на сямейныя формы выхавання. Дарэчы, ёсць такія раёны, дзе кожнае дзіця рэальна ўладкоўваецца ў сям’ю. Як паказвае вопыт, знайсці бацькоў можна для ўсіх, калі пачаць работу своечасова і мэтанакіравана весці яе. Мы павінны мець адзіныя кансалідаваныя падыходы да інтэграцыі ўсіх дзяцей у соцыум і не дапускаць іх закрыцця ў сценах інтэрнатных устаноў. Надаючы прыярытэт усынаўленню, важна не пакінуць без увагі апекуноў і папячыцеляў, найбліжэйшых родных дзіцяці”.
Лідзіруючыя пазіцыі па ўладкаванні на сямейныя формы выхавання ўжо на працягу некалькіх гадоў займаюць Гомельскі рэгіён, а таксама Брэсцкая і Гродзенская вобласці. Усяго па краіне больш чым 84 дзіцяці з ліку тых, што засталіся без апекі бацькоў, у мінулым годзе былі ўладкаваны на сямейныя формы выхавання. 384 дзіцяці былі ўсыноўлены, з іх 40 дзяцей перададзены на міжнароднае ўсынаўленне. 156 малышоў з ліку гэтых дзяцей былі выхаванцамі дзіцячых інтэрнатных устаноў.
Адметна, што ў краіне развіваецца сетка дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. Так, у 2020 годзе адкрыта 15 дамоў сямейнага тыпу, на выхаванне ў якія перададзена 136 дзяцей. 91% гэтых дзяцей былі выхаванцамі інтэрнатаў і сацыяльна-педагагічных прытулкаў.
“Сёння таксама прымаюцца меры па аптымізацыі сеткі дзіцячых інтэрнатных устаноў, — працягнула А.Сімакова. — Асабліва яскрава бачна, што іх колькасць знізілася, калі параўнаць мінулы год з 2011 годам. Так, летась былі закрыты 2 дзіцячыя дамы і 2 школы-інтэрнаты. Таксама сёлета прынята рашэнне аб закрыцці апошняй школы-інтэрната для дзяцей-сірот у Сянно. З новага навучальнага года яна будзе функцыянаваць як дзіцячы дом”.
Лідзіруючыя пазіцыі па ўладкаванні на сямейныя формы выхавання ўжо на працягу некалькіх гадоў займаюць Гомельскі рэгіён, а таксама Брэсцкая і Гродзенская вобласці. 384 дзіцяці былі ўсыноўлены, з іх 40 дзяцей перададзены на міжнароднае ўсынаўленне. 156 малышоў з ліку гэтых дзяцей былі выхаванцамі дзіцячых інтэрнатных устаноў.
Кантроль ці супервізія?
Прыёмныя бацькі маюць багаты вопыт у выхаванні родных і прыёмных дзяцей і працуюць таксама над вяртаннем малышоў у родныя сем’і.
Аналіз паказаў, што ў мінулым годзе ў вучэбныя планы падрыхтоўкі прыёмных бацькоў уключаны пытанні, звязаныя з выхаваннем дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.
“У нас ажыццяўляецца ўзаемадзеянне з грамадскімі арганізацыямі, такімі, напрыклад, як “Свет без меж”, і прадстаўніцтвам дзіцячага фонду ЮНІСЕФ, — прывяла прыклад спецыяліст Міністэрства адукацыі. — Гэта робіцца для сацыялізацыі дзяцей, што выхоўваюцца ў дзіцячых інтэрнатных установах. Безумоўна, партнёрства павінна быць мэтанакіраваным і запланаваным, каб можна было зразумець, дзе і якая дапамога можа быць аказана”.
У пытаннях сямейнага ўладкавання і ўсынаўлення, безумоўна, ёсць недапрацоўкі. Алена Сімакова не хавае, што актуальнай застаецца праблема падбору кандыдатаў для выканання абавязкаў бацькоў-выхавальнікаў у дзіцячых дамах сямейнага тыпу і прыёмных бацькоў. Многія з іх маюць патрэбу не ў фармальным кантролі, а ў супервізіі з дасведчанымі спецыялістамі, якіх, на жаль, не заўсёды можна знайсці па месцы жыхарства. Але даступнасць інтэрнэту і анлайн-сувязі здольны вырашыць гэтую праблему.
“У сем’ях, якія бяруць дзяцей на выхаванне, таксама могуць узнікаць праблемы з дзецьмі. Але гэта не значыць, што малых трэба адразу забіраць з сям’і. Важна знайсці дасведчанага спецыяліста, які дапаможа сарыентавацца ў праблеме і падкажа аптымальныя шляхі яе вырашэння. Як і ў звычайнай сям’і, у прыёмных бацькоў ёсць моцны рэсурс выхавання. Галоўнае — узмацняць яго”, — адзначыла А.Сімакова.
Яшчэ адной актуальнай на сёння праблемай з’яўляецца адмена ўсынаўлення. Згодна з артыкулам 168 Кодэкса аб шлюбе і сям’і, у мінулым годзе была спынена апека ў адносінах 18 дзяцей, у тым ліку з боку бацькоў-усынавіцеляў і прыёмных бацькоў. У сучасных умовах трэба вельмі хутка і аператыўна рэагаваць на факты гвалту ў прыёмных сем’ях і дзіцячых дамах. “Грамадства вельмі пільна сочыць за формамі ўладкавання дзяцей, якія засталіся без роднай сям’і, і чакае прафесіяналізму і кампетэнтнасці ў вырашэнні праблем унутрысямейнага выхавання. Наша задача — падрыхтаваць бацькоў да бесканфліктнага вырашэння праблем, а таксама падказаць варыянты вырашэння адпаведных цяжкасцей”, — заўважыла ў сваім выступленні спецыяліст.
У сучасных умовах падчас падрыхтоўкі прыёмных бацькоў неабходна ўлічваць, што ў сярэднім (згодна з паказчыкамі 2020 года) 20% дзяцей сірот і дзяцей, што засталіся без апекі, былі выяўлены ва ўзросце да 3 гадоў. 7% з іх — дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.
Вопыт стварэння і суправаджэння дзіцячых дамоў сямейнага тыпу і прыёмных сем’яў паказаў, што аптымальным па напаўняльнасці дзіцячых дамоў сямейнага тыпу з’яўляецца размяшчэнне ў ім 7—8 дзяцей, а ў прыёмных і апякунскіх сем’ях — 2—3 дзяцей.
А.Сімакова ўпэўнена, што не трэба максімальна напаўняць дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, бо рэзерву выхавальніка не заўсёды на гэта хапае. Яна ўпэўнена, што вельмі важнай з’яўляецца работа ўстановы адукацыі па месцы адукацыі і пражывання дзяцей-сірот і тых, што засталіся без апекі. Дапамога бацькам у пытаннях выхавання, псіхалагічная дапамога і псіхакарэкцыя з’яўляюцца неабходнымі для дарослых, што выхоўваюць згаданыя катэгорыі дзяцей.
“Важна прыняць меры па захаванні бяспекі дзяцей у замяшчальных сем’ях і штогод праводзіць маніторынг па іх становішчы з улікам псіхалагічнай дыягностыкі пры дапамозе анкетавання дзяцей і дарослых. Для таго каб разумець, якое месца ў соцыуме займае пэўная сям’я, трэба прымяняць таксама іншыя методыкі. Магчыма, трэба збіраць інфармацыю не толькі ў школе ці сярод суседзяў, а і ў тым населеным пункце, дзе сям’я пражывае. Трэба разумець, як бацькі і дзеці сябе адчуваюць і якое меркаванне пра іх склалася ў соцыуме. Увогуле, трэба ўдзяляць увагу псіхалагічнаму дабрабыту дзяцей, каб мы разумелі, што ім насамрэч добра, што яны адаптуюцца да пражывання ў замяшчальнай сям’і і знайшлі агульную мову з іншымі малышамі, якія растуць у адным доме з імі. Таксама трэба сачыць за тым, каб дзеці не падвяргаліся булінгу ў сям’і”, — канстатавала спецыяліст.
Пакрокава і з разуменнем
Вопыт работы Гродзенскага рэгіёна па сацыяльна-педагагічнай і матэрыяльнай падтрымцы замяшчальных сем’яў прадставіла падчас пленарнага пасяджэння галоўны спецыяліст аддзела выхаваўчай і сацыяльнай работы галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Вольга Аляксандраўна Ханевіч.
“У Гродзенскай вобласці адбываецца мэтанакіраваная работа па падтрымцы інстытута замяшчальных сем’яў і папулярызацыі прафесіі прыёмных бацькоў і бацькоў-выхавальнікаў, — расказала спецыяліст. — Пабудаваная сістэма, дарэчы, дае добры вынік. На працягу 5 гадоў у замяшчальныя сем’і ў сярэднім атрымліваецца ўладкаваць 84% ад зноў выяўленых дзяцей-сірот. Трэцяя частка раёнаў вобласці забяспечвае іх 100%-е ўладкаванне”.
Што тычыцца статыстыкі, то ў прафесійных замяшчальных сем’ях пражывае 585 дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. 204 дзіцяці-сіраты выхоўваюцца ў 29 дзіцячых дамах сямейнага тыпу, а ў 194 прыёмных сем’ях — 381 падапечны.
Адным з прыярытэтных кірункаў дзейнасці ў падтрымцы замяшчальных сем’яў лічыцца метадычнае практыка-арыентаванае суправаджэнне. Так, для павышэння якасці работы, што праводзіцца, было арганізавана анкетаванне. У ім прынялі ўдзел як прадстаўнікі аддзелаў і ўпраўленняў адукацыi, так і спецыялісты раённых сацыяльна-педагагічных цэнтраў, а таксама 190 прыёмных бацькоў і бацькоў-выхавальнікаў.
Апытанне, як заўважыла В.Ханевіч, было накіравана на выяўленне праблемных пазіцый функцыянавання замяшчальных сем’яў, што дазволіла адкарэкціраваць далейшую работу з імі.
“З мэтай своечасовага і эфектыўнага аказання розных відаў дапамогі замяшчальным сем’ям быў распрацаваны і ўкаранёны ў практыку дэталізаваны, пакрокавы алгарытм суправаджэння прыёмных сем’яў, дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, — працягвае знаёміць з вопытам работы прадстаўнік Гродзенскай вобласці. — Для павышэння якасці падрыхтоўкі кандыдатаў у замяшчальныя бацькі ў рэгіёне распрацаваны і выкарыстоўваюцца метадычныя рэкамендацыі па распрацоўцы і напаўненні рэгіянальных праграм падрыхтоўкі кандыдатаў у прыёмныя бацькі і бацькі-выхавальнікі. Таксама распрацавана Палажэнне аб рэсурсным пакоі раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра для замяшчальных сем’яў, якія прымаюць на выхаванне дзяцей-сірот ва ўзросце да 3 гадоў. Такія пакоі функцыянуюць у 12 раёнах вобласці”.
У рабоце з замяшчальнымі бацькамі актыўна выкарыстоўваюцца месенджары, бацькоўскія чаты, анлайн-кансультаванне. Усе гэтыя напрацоўкі былі прадстаўлены, дарэчы, на анлайн-выставе ў першы дзень работы анлайн-пляцоўкі.
Важным для суправаджэння замяшчальных сем’яў з’яўляецца павышэнне кваліфікацыі прыёмных бацькоў, бацькоў-выхавальнікаў, а таксама работа метадычных фарміраванняў і клубаў. Гродзенская вобласць у гэтым кірунку мае багаты вопыт. У рэгіёне нават праводзяцца круглагадовы марафон паспяховых практык і абласны конкурс-фестываль замяшчальных сем’яў “Планета Сям’я”.
“Хочацца адзначыць, што такія мерапрыемствы выклікаюць цікавасць не толькі сярод удзельнікаў, сем’яў, — гаворыць В.Ханевіч. — Імі цікавяцца тыя арганізацыі і аб’яднанні, якія традыцыйна выступаюць партнёрамі і суарганізатарамі. Для знаёмства з сем’ямі і каб ацаніць іх творчыя заданні, у вобласці было арганізавана анлайн-галасаванне і размяшчэнне матэрыялаў конкурсу ў інтэрнэт-рэсурсах і СМІ. Дарэчы, увага замяшчальным сем’ям на ўзроўні абласнога выканаўчага камітэта ўдзяляецца пастаянна. Напрыклад, у 1 квартале бягучага года дапамога аказана 30 прыёмным сем’ям і 11 дзіцячым дамам сямейнага тыпу на суму каля 10 тысяч рублёў.
У мінулым годзе такую дапамогу атрымалі 96% прыёмных сем’яў, а ўсе без выключэння дзіцячыя дамы сямейнага тыпу атрымалі дапамогу на агульную суму больш за 100 тысяч рублёў. Важна адзначыць, што ў 17 з 19 раёнаў дапамога аказваецца на падставе рашэнняў раённых выканаўчых камітэтаў. Яны замацавалі за сем’ямі шэфства арганізацый і прадпрыемстваў. Безумоўна, у нас пастаянна прымаюцца дадатковыя меры па рэалізацыі сацыяльных мер падтрымкі замяшчальных сем’яў. Яшчэ два гады назад рашэннем Гродзенскага гарадскога Савета дэпутатаў выхаванцам прыёмных сем’яў, дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, дзецям з апякунскіх сем’яў, што вучацца ў 5—11 класах, прадастаўлена аднаразовае бясплатнае харчаванне ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. Па ініцыятыве галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама і пры падтрымцы Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў сёлета быў ініцыіраваны разгляд пытання аб прыняцці падобных мер сацыяльнай падтрымкі ў дачыненні да выхаванцаў з замяшчальных сем’яў, навучэнцаў 5—11 класаў устаноў адукацыі, што размешчаны ў гарадской мясцовасці раёнаў вобласці, — гэта 390 дзяцей-сірот і малышоў, што засталіся без апекі бацькоў. Адпаведныя рашэнні прыняты ў 15 з 19 раёнаў вобласці”.
Чаму такая павышаная ўвага ўдзяляецца рэалізацыі мер па падтрымцы замяшчальных сем’яў? Таму што галоўная задача, якую перад сабой ставіць сістэма аховы дзяцінства, — максімальна падтрымаць замяшчальныя сем’і, аказаць ім дзейсную дапамогу ў выхаванні, сацыялізацыі, аздараўленні і захаванні здароўя, арганізацыі вольнага часу дзяцей. Безумоўна, матэрыяльнае забеспячэнне, вырашэнне бытавых праблем і прадастаўленне магчымасці перадышкі і адпачынку замяшчальным бацькам — усё гэта таксама знаходзіць сваё адлюстраванне ў сістэме дапамогі.
“Усё гэта працуе на прафілактыку прафесійнага выгарання і сацыяльнай стомленасці прыёмных бацькоў, бацькоў-выхавальнікаў, а з іншага боку, робіць жыццё ўсіх членаў сям’і больш гарманічным, згладжвае негатыўныя наступствы экстрэмальнай для дзіцяці жыццёвай сітуацыі, якая прывяла да сіроцтва, а таксама павышае эфектыўнасць працэсу сацыялізацыі дзіцяці, пашырае выхаваўчы патэнцыял сям’і, — канстатавала галоўны спецыяліст аддзела выхаваўчай і сацыяльнай работы. — Тым не менш ёсць цяжкасці, з якімі сёння сутыкаецца рэгіён. Я думаю, гэта ўласціва ўсім. Па-першае, гэта кадравае забеспячэнне, па-другое, матэрыяльнае стымуляванне. Аналізуючы кадравы склад прафесійных замяшчальных бацькоў, бачым, што з 241 чалавека, што працуюць у рэгіёне прыёмнымі бацькамі і бацькамі-выхавальнікамі, вышэйшую або сярэднюю спецыяльную адукацыю маюць 43 чалавекі (гэта амаль 18%), сярэднюю спецыяльную адукацыю — 86 чалавек, прафесійна-тэхнічную — 50, агульную сярэднюю — 62. На ўліку кандыдатаў у прыёмныя бацькі, бацькі-выхавальнікі ў рэгіёне ёсць 7 чалавек, хто можа прэтэндаваць на гэтую ролю, а кандыдатаў на пасаду бацькоў-выхавальнікаў, на жаль, няма. Іх адсутнасць абцяжарвае аператыўнае вырашэнне сітуацый, калі бацькі-выхавальнікі спыняюць прафесійную дзейнасць з-за аб’ектыўных, але непрадбачаных прычын.
Што тычыцца нефункцыянуючых дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, то іх у рэгіёне няма”.
Крык — не метад выхавання
Традыцыйна падчас канферэнцыі адбываюцца выставы вучэбных і метадычных матэрыялаў, якія напрацоўваюцца падчас работы рэгіёнаў з замяшчальнымі сем’ямі, у кірунку іх суправаджэння. Адпаведным станоўчым вопытам падзялілася старшы інспектар па ахове дзяцінства Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення Ганна Кушаль.
У краіне развіваецца сетка дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. Так, у 2020 годзе адкрыта 15 дамоў сямейнага тыпу, на выхаванне ў якія перададзены 136 дзяцей. 91% гэтых дзяцей былі выхаванцамі інтэрнатаў і сацыяльна-педагагічных прытулкаў.
Спецыяліст нагадала, што асноўнай задачай цэнтра ўсынаўлення з’яўляецца аказанне метадычнай дапамогі спецыялістам у сферы сямейнага ўладкавання.
“На нашым сайце інфармацыя зручна размешчана ў 6 асноўных блоках. Так, у раздзеле “Заканадаўства” прадстаўлены пералік усіх законаў, якія закранаюць уладкаванне ў сям’ю. У раздзеле “Статыстыка” можна азнаёміцца з актуальнымі лічбамі ў сферы ўсынаўлення. Укладка “Метадычныя матэрыялы” будзе таксама карысна сваёй інфарматыўнасцю. У гэтым раздзеле можна азнаёміцца з новай праграмай навучання кандыдатаў ва ўсынавіцелі. Штомесяц рэгіянальныя спецыялісты распрацоўваюць метадычную рассылку, у якой можна знайсці тэарэтычныя і практычныя рэкамендацыі для работы”, — адзначыла Ганна Кушаль.
На працягу апошніх трох гадоў спецыялісты Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення распрацоўваюць і размяшчаюць на сваім сайце буклеты, брашуры і шматлікія рэкамендацыі. Інфармацыя, якая ў іх утрымліваецца, будзе карысная не толькі бацькам і дзецям, але і спецыялістам сектара аховы дзяцінства, будучым патранатным выхавальнікам.
“У раздзеле “Буклеты” НЦУ размясціў многа карыснай інфармацыі, — прэзентуе сайт Ганна Кушаль. — Напрыклад, “Крык — не метад выхавання” расказвае пра прычыны крыку і пра спосабы выкаранення гэтай частай памылкі сярод бацькоў. Інфармацыя карысная, як мне здаецца, і для бацькоў, і для спецыялістаў, што кансультуюць дарослых па пытаннях выхавання. У альбоме “Сямейная гісторыя” можна напісаць гісторыю сваёй сям’і. Ён важны для выхавання дзяцей і будучых пакаленняў. Гэты альбом дапаможа не страціць знакавых дат і момантаў з жыцця вашай сям’і.
Што тычыцца “Рэкамендацый будучаму патранатнаму выхавальніку”, то гэты буклет расказвае, як аформіць патранатнае выхаванне, як паводзіць сябе падчас сустрэчы з дзіцем, а таксама змяшчае правілы заключэння дагавора і пералічвае абавязкі патранатнага выхавальніка. Безумоўна, інфармацыя спатрэбіцца спецыялістам сектара аховы дзяцінства і тым, хто захоча ў будучыні стаць выхавальнікам. Пра тое, як дапамагчы сабе выйсці са стрэсавай сітуацыі і дэпрэсіі, раскажа аднайменны дакумент. У сучасным свеце ад псіхічнай нагрузкі могуць пакутаваць усе людзі. У гэтым буклеце апісана, што такое стрэс, якія віды і сімптомы стрэсу бываюць, як бяспечна для здароўя выйсці са стрэсу. У буклеце “Дзяржаўная падтрымка сем’яў, якія ўсынавілі дзяцей” апісваюцца законы, у якіх указана ўся інфармацыя па дзяржаўнай падтрымцы сем’яў, што ўсынавілі дзіця”.
Цікавай будзе інфармацыя пра тое, што рабіць, калі ў клас прыйшло ўсыноўленае дзіця. Буклет закранае важную тэму партнёрскіх адносін паміж настаўнікам і бацькамі, якія выхоўваюць усыноўленае ці прыёмнае дзіця.
Для спецыялістаў у сферы сямейнага ўладкавання, педагогаў-псіхолагаў і для сацыяльных работнікаў на сайце НЦУ ёсць раздзел “Прафесіянал — прафесіяналу”. У ім размешчана падрабязная інфармацыя і літаратура па тэме таямніцы ўсынаўлення. У інструментарыі выкладзены метады работы і рэкамендацыі для спецыялістаў, што працуюць у сферы сямейнага ўладкавання.
Дарэчы, восенню мінулага года ў Нацыянальным цэнтры ўсынаўлення быў адкрыты Кансультатыўны пункт па арганізацыі работы з замяшчальнымі сем’ямі, які прапануе спецыялістам дапамогу ў карэкцыі паводзін дзяцей, метадычныя рэкамендацыі і метады дасведчанай дыягностыкі.
“У кантэксце прафілактыкі адмены ўсынаўлення асаблівую ўвагу ўдзяляем нашаму YouTube-каналу, — працягвае інспектар па ахове дзяцінства. — У ім Нацыянальны цэнтр усынаўлення размяшчае шмат псіхалагічных тэхнік і гісторый усынавіцеляў. Таксама цэнтрам усынаўлення распрацаваны праект па размяшчэнні відэаролікаў дзяцей, якія перажылі траўму адмены ўсынаўлення. Асаблівую ўвагу хочам звярнуць на тое, што ў красавіку гэтага года на канале быў размешчаны мультфільм “Выйсце ёсць”. Ён расказвае пра тое, як вырашаць праблемныя пытанні, калі адносіны ў сям’і не складваюцца”.
Увогуле, за 2 дні работы канферэнцыі ўдзельнікі змаглі не толькі падзяліцца назапашаным вопытам, але і пераняць адно ў аднаго найбольш аптымальныя тэхнікі работы з сям’ёй, з дзецьмі. Спецыялісты спрабавалі зразумець, як павінна развівацца сістэма аховы правоў дзяцінства і якія метады ў гэтым кірунку будуць найбольш прымальнымі, дзейснымі і змогуць прынесці станоўчы вынік. А ён будзе ацэньвацца не лічбамі (хаця імі таксама), а колькасцю шчаслівых дзіцячых усмешак, якія будуць сведчыць пра тое, што дзеткі знаходзяцца ў самым бяспечным і лепшым месцы — дома і з бацькамі.
Наталля САХНО.