Летнікі і санаторыі: бяспека гарантавана

Бяспечнае знаходжанне дзяцей у лагеры ў першую чаргу залежыць ад выканання санітарна­эпідэміялагічных патрабаванняў. Сёння, калі сітуацыя з каранавіруснай інфекцыяй усё яшчэ застаецца неспакойнай, прытрымлівацца іх вельмі важна. За гэтым, дарэчы, пільна сочаць санітарныя службы.
Якім правілам павінны адпавядаць лагеры, каб туды можна было адвезці дзяцей і не хвалявацца за іх здароўе? Як санітарныя службы ацэньваюць гатоўнасць летнікаў да прыняцця дзяцей і якімі дакументамі кіруюцца? Якімі дакументамі на працягу навучальнага года кіраваліся школы, каб засцерагчы дзяцей ад заражэння інфекцыяй? Каб атрымаць каментарый па гэтых пытаннях, мы звярнуліся да спецыялістаў у Мінскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.

Дакументы: што і як?

Як расказала загадчыца аддзела гігіены Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Кацярына Сухавер, дакументаў, якімі кіруюцца санітарныя службы, ацэньваючы гатоўнасць лагераў да прыняцця дзяцей, некалькі. Па­першае, гэта “Спецы­фічныя санітарна­эпідэміялагічныя патрабаванні да ўтрымання і эксплуатацыі санаторна­курортных і аздараўленчых арганізацый”, зацверджаныя пастановай Савета Міністраў ад 26 верасня 2019 года № 663. Акрамя гэтага, спецыялісты кіруюцца санітарнымі нормамі і правіламі “Патрабаванні да аздараўленчых арганізацый для дзяцей” (пастанова Міністэрства аховы здароўя № 205) і загадам Міністэрства аховы здароўя № 436 “Аб некаторых пытаннях арганізацыі медыцынскага забеспячэння летняга аздараўлення дзяцей у 2020 го­дзе”.

Яшчэ адзін важны дакумент для ацэнкі гатоўнасці лагераў — пастанова намесніка міністра — галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача № 12 “Аб дзяржаўным санітарным наглядзе за аздараўленнем (санаторна­курортным лячэннем) дзяцей у летні перыяд 2020 года”.

Метадычныя рэкамендацыі для школы

Згодна з данымі Міністэрства аховы здароўя, школьнікі складаюць 8—12% сярод тых, хто захварэў на COVІD­19 (інфекцыі, выкліканай каранавірусам SARS­CoV­2). Нягледзячы на такую невялікую лічбу, а таксама на той факт, што дзеці і падлеткі перано­сяць гэтую інфекцыю лягчэй, чым дарослыя, у школах прымаліся і будуць прымацца пэўныя меры па папярэджванні захворвання.

Так, метадычныя рэкамендацыі былі падрыхтаваны з мэтай папярэджвання распаўсюджвання інфекцыі COVІD­19 ва ўстановах адукацыі. На аснове дакументаў, а таксама ўлічваючы ўказанні і планы выканаўчых і распарадчых органаў, у кожнай установе з улікам яе тыпу і ўмоў, асаблівасцей рэжыму дзейнасці быў распрацаваны “План арганізацыйных і санітарна­супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў па папярэджванні ўзнік­нення і распаўсюджвання інфекцыі COVІD­19, дзеянняў пры выяўленні інфекцыі COVІD­19”, што зацвяр­джаецца кіраўніком установы адукацыі.

Асноўныя парады для школ былі наступнымі: выкананне мер сацыяльнага дыстанцыявання, выкананне правіл асабістай гігіены (мыццё рук і твару), павелічэнне працягласці перапынкаў. Таксама рэкамендавалася падзяліць час пачатку і заканчэння змен, а пры магчымасці перайсці на двухзменны рэжым, калі навучанне вялося ў адну змену. Наведванне сталовай павінна быць арганізавана па максімальна размежаваным графіку. У залежнасці ад інтэнсіўнасці развіцця эпідэмічнага працэсу накладваліся абмежаванні на правядзенне спартыўных, культурна­масавых і іншых мерапрыемстваў. Безумоўна, уваход у навучальную ўстанову таксама быў абмежаваны.

Ад кожнай навучальнай установы патрабавалася стварыць умовы для арганізацыі прапускнога фільтра для работнікаў, забяспечыць належны санітарны стан памяшканняў. Вільготнае прыбіранне праводзілася з выкарыстаннем дазволеных сродкаў дэзынфекцыі. Настаўнікі павінны былі выкарыстоў­ваць індывідуальныя сродкі абароны органаў дыхання. Калі ў навучальнай установе адсутнічае медыцынскі ізалятар, то павінна быць выдзелена памяшканне, якое можна выкарыстоўваць для часовай ізаляцыі навучэнцаў або работнікаў з прыметамі вострай рэспіраторнай інфекцыі.

Інфармацыя аб мерах прафілактыкі размешчана на інтэрнэт-сайтах Міністэрства аховы здароўя (minzdrav.gov.by) і Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя (rcheph.by).

Правілы для лагера

Метадычныя рэкамендацыі для азда­раўленчага лагера, а таксама санаторна­курортных устаноў для дзяцей прадугледжваюць комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на прадухіленне ўзнікнення і распаўсюджвання COVID­19. Па словах спецыяліста, тэрміны пачатку ў летніках розных тыпаў першай летняй аздараўленчай змены павінны планавацца па рашэнні мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў з улікам не толькі эпідэмічнай сітуацыі ў пэўным рэгіёне.

Так, неабходна прымаць пад увагу тып аздараўленчага лагера, яго рэжым і ўмовы дзейнасці, уключаючы месцы арганізацыі харчавання, колькасць дзяцей і ахоп тэрыторый (дзеці з некалькіх устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, з некалькіх раёнаў, абласцей і інш).

Вялікую ўвагу падчас арганізацыі дзейнасці аздараўленчых лагераў прадстаўнікі санітарных службаў удзя­ляюць выкананню палажэнняў, рэкамендацый і ўказанняў. Кацярына Сухавер пац­вердзіла, што да пачатку першай змены кіраўнік аздараўленчага лагера ці санаторыя сумесна з медыцынскімі работнікамі распрацоўвае і зацвярджае “План арганізацыйных і санітарна­супраць­эпідэмічных мерапрыемстваў па папярэджванні ўзнікнення і распаўсюдж­вання COVID­19, дзеянняў пры выяўленні захворвання (захворванняў) COVID­19” з улікам віду, наяўных умоў і асаблівасцей рэжыму дзейнасці арганізацыі.

У плане, дарэчы, павінны быць пазначаны мерапрыемствы, накіраваныя на недапушчэнне ўзнікнення і распаўсюджвання COVID­19. Таксама павінны апісвацца дзеянні, што будуць прымацца, калі ў летніку з’явяцца хворыя або дзеці ці дарослыя з падазрэннем на інфекцыю.

Калі такое здарыцца, важна правільна і своечасова праінфармаваць тэрытарыяльны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі пра колькасць дзяцей, што былі шпіталізаваны з сімптомамі вострых рэспіраторных інфекцый, у тым ліку не выключаць, што гэта можа быць COVID­19.

Чым больш уважлівымі будуць адносіны да дзяцей, тым большая верагоднасць, што ўдасца засцерагчы астатніх навучэнцаў ад інфіцыравання.

Ці можна праводзіць палатачныя летнікі?

Так, можна, санітарныя нормы гэтага не забараняюць. Але ёсць рэкамендацыя, згодна з якой, перш чым арганізаваць палатачныя лагеры, трэба ацаніць неабходнасць іх дзейнасці.

Калі было вырашана іх праводзіць, то ёсць рэкамендацыя рабіць гэта ў форме нерухомага летніка з размяшчэннем на тэрыторыі стацыянарнага аздараўленчага лагера ці іншых тэрыторыях. Якія гэта тэрыторыі? Тыя, што дазво­ляць забяспечыць дзяцей якасным медыцынскім наглядам за станам іх здароўя. Увогуле, наяўнасць медыцынскага работніка ў лагеры з’яўляецца абавязковай. Калі гэта немагчыма, то за дзецьмі па дагаворы павінен праводзіцца нагляд у арганізацыі аховы здароўя, якая знаходзіцца бліжэй за ўсё да таго месца, дзе быў разбіты палатачны лагер. Дарэчы, палатачны лагер — выдатная пляцоўка для рэалізацыі і навучання сацыяльным навыкам, навыкам зносін і адаптацыі ў новых умовах.

Як перавозіць школьнікаў?

Падчас перавозу дзяцей у аздараўленчыя лагеры з кругласутачным знаходжаннем, а таксама ў санаторна­курортныя арганізацыі вадзіцелі транспартных сродкаў і работнікі, якія суправаджаюць дзяцей, павінны быць забяспечаны сродкамі абароны органаў дыхання, антысептыкамі і сродкамі, якія дазваляюць забяспечыць апрацоўку рук.

Таксама, як звярнула ўвагу спецыяліст, у лагеры абавязкова павінен быць арганізаваны ўваходны фільтр. Дзяцей трэба апытаць пра стан іх здароўя, а таксама бескантактна правесці вымярэнне тэмпературы цела. Безумоўна, калі дзяцей вязуць у лагер арганізаванай групай, вымярэнне тэмпературы павінна праводзіцца і перад пасадкай у аўтобус.

У аўтобусе дзяцей трэба рассадж­ваць па правілах сацыяльнай дыстанцыі. Ідэальна, калі школьнікі будуць сядзець па адным ці ў шахматным парадку. Але ні ў якім разе нельга запаўняць аўтобус больш чым напалову.

К.Сухавер таксама звярнула ўвагу на тое, што ў дарозе павінен быць арганізаваны пітны рэжым з выкарыстаннем аднаразовага посуду. А падчас санітарных прыпынкаў у транспартным сродку трэба праводзіць дэзынфекцыйную апрацоўку кантактных паверхняў. Сюды адносяцца поручні, падлакотнікі, што знаходзяцца паміж крэсламі, адкідныя столікі, панэлі кіравання асвятленнем, вентыляцыяй і інш. Рабіць гэта трэба з выкарыстаннем сродкаў экстраннай дэзынфекцыі, што эфектыўныя ў дачыненні да вірусаў.

Падчас ацэнкі вынікаў бескантактнага вымярэння тэмпературы цела трэба ўлічваць межы нармальнай тэмпературы, прынятыя для розных мадэлей бескантактных тэрмометраў і названыя ў інструкцыі да прыбора. Калі ў педагога ці іншага работніка лагера выяўлена павышаная тэмпература цела, яго трэба часова ізаляваць і правесці паўторнае вымярэнне праз 5—10 хвілін або памераць тэмпературу кантактным тэрмометрам.
Пры вымярэнні тэмпературы цела кантактнымі тэрмометрамі неабходна забяспечыць іх абавязковую дэзынфекцыю пасля кожнага выкарыстання антысептычнымі ці дэзынфіцыруючымі сродкамі, эфектыўнымі ў дачыненні да вірусаў.

Як праводзіцца прыём дзяцей?

Прыём дзяцей у летнікі праводзіцца пасля таго, як бацькі прадаставілі медыцынскія даведкі з інфармацыяй пра адсутнасць кантакту першага ўзроўню па COVID­19. Такія даведкі, са слоў загадчыка аддзела гігіены, выдаюцца ў паліклініках. Таксама пры ўваходзе на тэрыторыю лагера і дзецям, і дарослым, што іх суправаджаюць, праводзіцца тэрмаметрыя.

Прыём настаўнікаў, што будуць працаваць у летніках важатымі, таксама праводзіцца пасля прадастаўлення медыцынскіх даведак з інфармацыяй пра адсутнасць кантакту першага ўзроўню па COVID­19.

Увогуле, менавіта дырэктар лагера сумесна з медыцынскім работнікам прымае меры па недапушчэнні на тэрыторыю летніка работнікаў з сімптомамі ВРІ. Так, штодзень перад пачаткам працоўнай змены вымяраецца тэмпература цела ўсіх без выключэння педагогаў. Таксама на тэрыторыю лагера не будуць дапушчаны дзеці і настаўнікі, што з’яўляюцца кантактамі першага ўзроўню па каранавірусе.

Дзеці ў атрадзе

У аздараўленчых і спартыўна­аздараўленчых лагерах з дзённым знахо­джаннем дзяцей неабходна абмяжоўваць агульную колькасць навучэнцаў у атрадах — не больш за 15. За кожным атрадам, дарэчы, замацоўваюцца асобныя памяшканні. Што тычыцца дзённага сну, то ён можа не арганізоўвацца для вучняў 3—4 класаў, калі ўмовы не дазваляюць гэтага рабіць.

У лагерах з кругласутачным знаходжаннем, за выключэннем палатачных летнікаў, працягласць змены павінна складаць не менш за 15 дзён. А перапынкі паміж зменамі — не менш чым адны суткі для прыбірання і дэзынфекцыі памяшканняў і абсталявання.

Рэкамендацыі слухала Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.