Часовая работа: як, дзе, калі?

Працоўнае лета — 2021… Якім яно будзе для маладых беларусаў? Якую работу прапаноўваюць моладзі работадаўцы? Куды звяртацца падлеткам, каб знайсці падпрацоўку на канікулы? Аб гэтым ішла гаворка на прэс-канферэнцыі, што прайшла днямі ў прэс-цэнтры УП “БелТА”. Тут сабраліся спецыялісты міністэрстваў адукацыі, працы і сацыяльнай абароны, камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама, прадстаўнік Рэспубліканскага штаба студэнцкіх атрадаў БРСМ.

Для пачатку варта нагадаць, што мерапрыемствы па забеспячэнні занятасці моладзі і неабходныя для гэтага фінансавыя рэсурсы ўключаны ў дзяржаўную праграму “Рынак працы і садзейнічанне занятасці” на 2021—2025 гг. Створана сістэма па арганізацыі круглагадовай часовай працоўнай занятасці моладзі, прыярытэтнае права на часовае працаўладкаванне прадастаўляецца моладзі з няпоўных, мнагадзетных, малазабяспечаных сем’яў, непаўналетнім, з якімі праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа. 

У рамках часовай працоўнай занятасці моладзі, якая вучыцца ва ўстановах адукацыі, у вольны ад вучобы час у 2021 годзе плануецца працаўладкаваць не менш за 25 тысяч чалавек з выкарыстаннем на гэтыя мэты сродкаў бюджэту Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва ў памеры каля 7 млн рублёў. Заключана ўжо больш за 300 дагавораў з наймальнікамі, аказана садзейнічанне ў працаўладкаванні ў вольны час прыкладна 3 тысячам навучэнцаў. Моладзь добраўпарадкоўвае тэрыторыю навучальных устаноў і ўстаноў сацыяльнай абароны, рамантуе мэблю, рэстаўрыруе кніжныя фонды бібліятэк, выконвае іншыя агульнадаступныя віды работ.

Акрамя таго, сфарміраваны пералікі арганізацый, якія гатовы ў летні перыяд 2021 года прымаць на работу моладзь без фінансавай падтрымкі дзяржавы. Пералікі арганізацый размяшчаюцца і штотыднёва актуалізуюцца на партале дзяржаўнай службы занятасці, сайтах органаў мясцовай улады, даводзяцца да ўстаноў адукацыі. На 20 мая аб магчымасці забяспечыць часовую занятасць навучэнскай моладзі летам праінфармавалі больш за 300 арганізацый, якія гатовы прадаставіць больш за 5 тысяч вакансій. 

З маладымі людзьмі, якіх на работу накіравалі органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне для часовага працаўладкавання наймальнікі заключаюць тэрміновыя працоўныя дагаворы. Такім чынам, на моладзь распаўсюджваюцца нормы Працоўнага кодэкса і заканадаўства аб ахове працы. Жадаючыя працаваць у свабодны ад вучобы час могуць звяртацца ў службы занятасці па месцы жыхарства, установы адукацыі.

У сталіцы сёлета для часовага працаўладкавання моладзі праводзяць міні-кірмашы і электронныя кірмашы вакансій, інфармацыю аб працоўных месцах можна адшукаць на сайтах камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама, яе атрымліваюць установы адукацыі, адміністрацыі раёнаў. Штогод больш за 4 тысячы чалавек, якія звяртаюцца ў органы занятасці, атрымліваюць работу. Асаблівую ўвагу пры гэтым удзяляюць непаўналетнім ад 14 да 16 гадоў, на 2021 год запланавана, што больш за 200 аб’ектаў прымуць больш за 4 тысячы навучэнцаў, амаль 3 тысячы з іх — летам. У сярэднім ад 500 да 1000 вакансій штомесяц выкладваюцца ў пераліку арганізацый, якія прапаноўваюць працаўладкаванне ў вольны ад вучобы час — большасць з гэтых вакансій для паўналетняй моладзі, студэнтаў. З пачатку года прыкладна 6 тысяч студэнтаў уладкаваліся ў арганізацыі горада, з улікам працаўладкавання на міні-кірмашах і іншых мерапрыемствах. Запыт пры гэтым складае больш за 17 тысяч вакансій. 

Канечне, гаворачы пра часовую занятасць моладзі, нельга не ўзгадаць пра студэнцкія атрады. Штогод БРСМ прапаноўвае магчымасць працаўладкавацца ў атрадах розных профіляў: будаўнічых, педагагічных, сельскагаспадарчых, сэрвісных, вытворчых, экалагічных, медыцынскіх. У бягучым годзе ў складзе студатрадаў плануецца працаўладкаваць не менш за 25 тысяч чалавек. Заявы на работу ў студатрадах падалі ўжо больш за 21 тысячу чалавек (на 24 мая), больш за 15 тысяч з якіх — непаўналетнія, з іх 129 дзяцей — у сацыяльна небяспечным становішчы, з 208 падлеткамі вядзецца індывідуальная прафілактычная работа. У рамках круглагадовай занятасці ў складзе 86 атрадаў працавалі больш за 1390 чалавек.

Дарэчы, педагагічны атрад з Віцебскай вобласці накіраваўся ў Краснадарскі край Расійскай Федэрацыі для ўдзелу ў сумесным праекце на базе Усерасійскага дзіцячага цэнтра “Арляня”. Урачыстае ж адкрыццё трэцяга працоўнага семестра пройдзе сёлета ў Дзень моладзі (27 чэрвеня) і аб’яднае больш за 700 байцоў студатрадаў з усіх рэгіёнаў краіны. Тут атрымае пуцёўку і зводны атрад, які будзе працаваць на Усебеларускай маладзёжнай будоўлі “Горад маладосці” ў Астраўцы, таксама студэнты для работы на маладзёжным вытворчым праекце “Атлант-2021”. І там, і там, між іншым, запланаваны ўдзел маладых расіян. Сёлета запланаваны і праект па рэканструкцыі аўтамагістралі М1 на тэрыторыі Расіі, дзе плануецца працаўладкаваць каля 500 будатрадаўцаў — навучэнцаў беларускіх устаноў адукацыі. 

Даныя аб занятасці моладзі праз Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва і аб рабоце ў студатрадах, індывідуальным працаўладкаванні збірае Міністэрства адукацыі. Згодна з гэтай інфармацыяй, у год працаўладкоўваецца 70 тысяч і больш чалавек. Сёлета ўжо ў студзені былі зацверджаны пералікі арганізацый, аб’ектаў, якія прымаюць моладзь (1137 на 24 мая), на якія плануецца працаўладкаваць каля 29 тысяч маладых людзей. Выпускнікі 9-х класаў могуць загадзя напісаць заяву на залічэнне ў 10 клас з 12 чэрвеня і такім чынам узяць даведку аб месцы вучобы, каб працаўладкавацца праз Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Выпускнікі 11-х класаў могуць пры жаданні працаўладкоўвацца індывідуальна або праз студатрады, у якіх можна працаваць з 14 гадоў. 

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з адкрытых крыніц інтэрнэту.