Навучальны год яшчэ не скончыўся, а першы педагагічны атрад ужо некалькі дзён знаходзіцца ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня”. Гэта педатрад “Сузор’е” Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, які летась стаў пераможцам Рэспубліканскага конкурсу па выніках трэцяга працоўнага семестра ў намінацыі “Лепшы педагагічны атрад Рэспублікі Беларусь”.
— Наш зводны атрад складаецца з 35 студэнтаў розных факультэтаў — самых актыўных і творчых, — расказала камандзір атрада “Сузор’е” студэнтка другога курса факультэта пачатковай адукацыі Аліна Васільева. — Хлопцы і дзяўчаты здалі сесію, што было няпроста, канечне. Працаваць у якасці важатых мы пачынаем 27 мая, але прыязджаем у “Зубраня” раней, бо трэба яшчэ прайсці навучанне. Ва ўніверсітэце таксама ёсць школа важацкага майстэрства, дзе мы вучымся, але ў НДЦ свая спецыфіка, таму вучымся мы і там.
Аліна расказала, што ўсяго будзе 2 заезды, кожны па 35 чалавек для работы на працягу дзвюх змен, пры гэтым ёсць студэнты, якія збіраюцца працаваць чатыры змены. Частцы студэнтаў такая работа залічваецца як праходжанне практыкі, калі іх работа ў лагеры адпавядае профілю навучання. Плюс у атрадзе можна зарабіць, а заробак залежыць ад таго, колькі дзён студэнт будзе працаваць.
Між іншым Аліна прыехала вучыцца ў Беларусь з Латвіі, выйграўшы грант Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, і цяпер, згодна з заканадаўствам, мае магчымасць працаваць у студатрадзе педагагічнага профілю. Дзяўчына таксама прызнана лідарам года па выніках універсітэцкага конкурсу на лепшы студэнцкі савет “Залаты Джокер”.
— Сёлета ў нашым універсітэце арганізаваны 34 студэнцкія педагагічныя атрады — больш за 550 чалавек, — расказала начальнік упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю БДПУ Святлана Мікалаеўна Маліноўская. — Таксама традыцыйна будзе дзейнічаць наш валанцёрскі праект “Дзеці сталіцы”. І “Сузор’е”, дарэчы, едзе ў НДЦ “Зубраня” не ўпершыню, яго ўдзельнікі ўжо маюць навыкі работы з дзецьмі, гэта нашы лепшыя навучэнцы. Акрамя таго, як заўсёды, у нас будуць працаваць будаўнічыя брыгады, якія падрыхтуюць да новага навучальнага года вучэбныя карпусы і інтэрнаты.
У цэлым жа кожны факультэт удзельнічае ў студатрадаўскім руху. Студэнты будуць працаваць як у агульнаўніверсітэцкіх атрадах (іх сёлета 7), так і ў факультэцкіх. Некаторыя атрады пачынаюць такую работу нават напрыканцы мая, напрыклад, атрады “Шыпшына-1”, “Шыпшына-2”, “Шыпшына-3” філалагічнага факультэта, “Інклюзіў” і “Роўнасць” Інстытута інклюзіўнай адукацыі.
Трэба сказаць, што летась ва ўніверсітэце былі арганізаваны 24 педатрады — менш, чым звычайна, бо прыйшлося лічыцца з эпідэміяй каранавіруса і з тым, што ў многіх летніках першыя змены пачаліся пазней, чым звычайна. Сёлета таксама атрадаў магло б быць больш, але пакуль каранавірус не дае разгарнуць рух у поўную сілу. І ўсё ж паўнацэннае студэнцкае лета, работа ў студатрадах чакае многіх і многіх студэнтаў.
Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Сяргея ЛЕЙБУКА.