Медыяцыя — гэта кропка ў канфлікце і шматкроп’е ў адносінах

Скасаваць шлюб і застацца сябрамі — не менш цяжкая задача, чым магчымасць захаваць сям’ю. Нават калі ў сям’і няма дзяцей, канфлікт паміж дарослымі можа прымаць сур’ёзныя маштабы. Што адбываецца, калі ў сям’і выхоўваецца дзіця? Расставанне бацькоў можа стаць для яго вельмі балючым: самі таго не разумеючы, дарослыя перакладваюць адказнасць і віну адзін на аднаго і ўцягваюць дзіця ў вір непрыемных перажыванняў. У такой сітуацыі мірна вырашыць пытанне самастойна атрымліваецца далёка не заўсёды: эмоцыі трымаюць верх над розумам. 

Пра тое, як медыяцыя можа вырашаць канфлікты і чаму ў спрэчках важна не маніпуляваць свядомасцю дзяцей, расказаў прадстаўнік цэнтра “Медыяцыя і права”, кіраўнік аддзела практычнай медыяцыі, медыятар і трэнер Міхаіл МАЦКЕВІЧ.

— Міхаіл Іванавіч, што такое сямейная медыяцыя і наколькі запатрабаваная яна сярод тых, хто знаходзіцца ў шлюбе? Ці можна назваць медыяцыю пасрэдніцтвам і ў чым яе адрозненне ад судовага разбіральніцтва? 

— Сямейная медыяцыя — гэта працэс перагавораў паміж членамі сям’і. Сямейная пара прыходзіць да медыятара, калі паміж мужам і жонкай узнікаюць супярэчнасці, канфлікты, а раней блізкія людзі знаходзіліся ў стане, блізкім да скасавання шлюбу, і ўжо нават падалі заяву ў ЗАГС. Але трэба разумець, што медыяцыя — гэта не пра тое, што мы павінны вялікімі намаганнямі спыніць людзей, засцерагчы іх ад запланаванага кроку. Ніхто не мае права вырашаць чужыя лёсы. Медыяцыя  — гэта тое, што дапамагае людзям цывілізавана выпрацаваць рашэнні ў складанай сітуацыі, а ў некаторых выпадках і паглядзець адно на аднаго па-­іншаму, убачыць адно ў адным іншых людзей, не тых, да якіх прывыклі, пакуль жылі разам. З прычыны нашых звычак і абставін нам здаецца, што ведаем пра чалавека, з якім жывём, усё, але, аказваецца, што на самай справе гэта не заўсёды так. 

Калі гаварыць пра сямейную пару, то звярнуцца да паслуг медыятара, арганізаваць безаплатную інфармацыйную сустрэчу ёй дапамагаюць у ЗАГСе. Медыятар у сваю чаргу прапаноўвае выкарыстаць шанс і паспрабаваць памірыцца. Выпадкі, калі пасля медыяцыі людзі забіраюць дакументы, што ўжо сабралі для працэдуры скасавання шлюбу, не рэдкія. 

Задача медыятара — захоўваць нейтральную пазіцыю, дапамагаць бакам пачуць адзін аднаго і выпрацоўваць узаемавыгадныя рашэнні. Дарэчы, быў выпадак, калі медыятары нашага цэнтра праводзілі 10-гадзінную сесію з сям’ёй. Гэта цяжкая, але плённая праца. У канфлікце ёсць ключавыя кропкі, у якія павінен уключыцца спецыя­ліст, адрэагаваць на іх. Гэта, дарэчы, адна з важных і неабходных кампетэнцый медыятара — быць нейтральным і чулым адначасова, не займаць пазіцыю ні аднаго, ні другога кліента, а дапамагаць выпрацоўваць рашэнні. Увогуле, быць нейтральным — гэта вельмі каштоўны рэсурс, які здольны палепшыць якасць жыцця. 

Наконт папулярнасці медыятыўнай прак­тыкі магу сказаць, што ў любым грамадстве ніякая з’ява адразу не можа быць папулярнай і не становіцца такой у адзін момант. Што тычыцца медыяцыі, то яе ўзнікненне і прымяненне ў розных сферах жыцця — гэта запатрабаваны крок. Адрозненне медыяцыі ад судовага разбіральніцтва вельмі простае. Судовы працэс — гэта канец у адносінах і шматкроп’е ў канфлікце. А медыяцыя — гэта кропка ў канфлікце і шматкроп’е ў адносінах. 

— У сем’ях, якія знаходзяцца ў стане скасавання шлюбу, дзіця часта выкарыстоўваецца ў якасці інструмента маніпуляцыі. Чаму так адбываецца і ці магчыма вырашыць гэтую праблему? 

— Трэба разумець, што ўсе мы жывыя людзі, а сцэнарыі сваіх паводзін узялі ў той сям’і, у якой раслі. Гэтыя сцэнарыі не заўсёды належным чынам адпавядаюць сітуацыі, у якую трапляе чалавек. У выніку, калі пара пачынае адчуваць у зносінах непрыемныя эмоцыі, то наступае эмацыянальны боль. Адпаведна, калі чалавеку балюча, ён робіць так, як прывык, і гэта не заўсёды правільныя ўчынкі. Спачатку бакі канфлікту спрачаюцца паміж сабой, затым у “гульню” ўклю­чаюць дзіця, пачынаюць яго настройваць адзін супраць аднаго. Нельга сказаць, што гэта добра, але ж гэта аб’ектыўная рэальнасць. Суд наўрад ці зможа патушыць боль, што ўзнік. Пазбавіцца ад яго дапаможа ўмела пабудаваны дыялог ва ўмовах, створаных медыя­тарам. Спецыяліст ведае, як працаваць з эмоцыямі, як імі  кіраваць, на што звярнуць увагу, бо людзі, якія прыхо­дзяць на медыяцыю, на пэўны час як бы закрываюць вочы на нейкія важныя абставіны ў адносінах, і задача медыятара — звярнуць на іх увагу. Калі бакі, што канфліктуюць, бачаць поўную карціну сітуацыі, яны здольны прыняць узважанае, правільнае рашэнне. Задача медыятара, як можна зразумець, дапамагаць убачыць больш, чым бачна на першы погляд. Калі мы знаходзімся ў стане канфлікту, то трапляем у вузкі калідор мыслення і многае не заўважаем. 

Безумоўна, ёсць пары, якія ў адносінах не застаюцца, нягледзячы на шматлікія прапановы аб прымірэнні. Але для дзіцяці важна, каб мама і тата займалі кансалідаваную пазіцыю нават пасля расставання. Бацькі павінны разумець, што дзіця ў іх канфлікт не павінна быць уцягнута. Усе прэтэнзіі, што ўзні­каюць паміж бацькамі, павінны вырашацца выключна імі, без прыцягнення дзіцяці.

Калі пара знаходзіцца ў судзе, іх прэтэнзіі не прагавораны, эмоцыі не выліты. Як вынік, напружанасць паміж дарослымі застаецца. Дзіцяці вельмі цяжка развівацца ў такой сітуацыі, у яго зніжаецца ціка­васць да жыцця, сяброў, падае паспяховасць у вучобе. Менавіта таму важна ўмець дагаворвацца, знаходзіць кропкі паразумення. У перагаворах трэба карыстацца чатырма асноўнымі базавымі прынцыпамі медыяцыі: дабравольнасць, канфідэнцыяльнасць, раўнапраўе бакоў і нейтральнасць медыятара. Калі перагаворы праходзяць на аснове гэтых прынцыпаў, то эмацыянальны напал зніжаецца і людзі здольны прыняць найлепшае для іх  рашэнне.

— Ці можна звярнуцца да медыятара пасля таго, як судовае рашэнне ўжо было вынесена і ўступіла ў законную сілу?

— Так, гэта магчыма. Судовае рашэнне не заўсёды адпавядае тым жыццёвым абставінам, што ўзнікаюць. Ёсць выпадкі, калі пасля вынясення судовых рашэнняў праз пэўны час людзі ішлі да медыятара, выпрацоўвалі новыя дамоўленасці, і, як вынік, да судовых рашэнняў дабаўляліся пэўныя ўчынкі, якія больш гарманічна дапаўнялі і нармалізавалі сітуацыю. 

— Зыходзячы з практыкі, як хутка бакам, што канфліктуюць, удаецца вывесці адносіны на новы ўзровень?

— Калі азірацца на практычны вопыт, то магу сказаць, што бываюць такія спрэчкі, судовыя цяжбы, што цягнуцца гадамі, але вырашаюцца за некалькі сесій медыяцыі. Чаму? Бо ў судзе не было магчымасці прагаварыць нейкія важныя моманты, адпраца­ваць эмоцыі ў поўнай меры. Дарэчы, сямейную медыяцыю, як правіла, праводзяць два спецыялісты — жанчына і мужчына. Гэта робіцца наўмысна, каб у бакоў, якія канфліктуюць, не ўзнікла ўражанне, што жанчына або мужчына аб’ядноўваюцца з медыятарам у суполку па гендарным прынцыпе.

— Ці можна правесці медыяцыю, калі хтосьці адзін з пары згадзіўся на адпаведны крок, а другі скептычна адносіцца да такой сістэмы прымірэння?

— Безумоўна, у кагосьці аднаго скепсіс можа прысутнічаць, і гэта нармальна. Але нашы спецыялісты прадастаўляюць таму, хто не згодзен, дастойныя аргументы, і, як правіла, скептыкі згаджаюцца паспрабаваць уступіць у працэс медыяцыі. Увогуле, у нашай практыцы шмат прыкладаў, якія паказваюць, што скепсіс пасля трансфармуецца ў давер: людзі трапляюць у атмасферу, дзе прысутнічае канструктыў, дзе ёсць павага да асобы і яе пачуццяў. Як вынік, назіраем станоўчы эфект.

— Як узаемазвязаны школьны канфлікт і ўнутрысямейныя канфлікты, да якіх прыцягваюцца навучэнцы дома?

— Нагадаю, што медыяцыя ў школах пачала развівацца ў 2015 годзе. Усё пачыналася з праекта па вырашэнні канфліктаў, які рэалізоўваўся ў навучальных установах на працягу двух гадоў. Ініцыятарамі ўзаемадзеяння са школамі сталі кіраўнікі нашага цэнтра Ірына Аляксандраўна Бельская і Ірына Ула­дзіміраўна Арлоўская. Дзякуючы іх ідэям і прапановам цэнтр заключыў пагадненні з камітэтам па адукацыі Мінгарвыканкама і з Мінскім гарадскім інстытутам развіцця адукацыі, у выніку чаго праект па школьнай медыяцыі пачалі развіваць ва ўсіх 9 раёнах горада. Да ініцыятывы далучыліся шматлікія школы, а таксама сацыяльна-­педагагічныя цэнтры. Для таго каб навучыць дзяцей медыяцыі, ад нашага цэнтра ў свой час у навучальныя ўстановы былі накіраваны практыкуючыя медыятары. У выніку на першапачатковым этапе майстэрству школьнай медыяцыі былі навучаны 150 чалавек, з якіх 96 — навучэнцы школ. Школьныя медыятары сутыкнуліся з рознымі канфліктамі: паміж вучнямі, паміж вучнямі і настаўнікамі, паміж настаўнікамі і бацькамі і г.д.  Канечне, вучань не будзе вырашаць канфлікты паміж бацькамі і настаўнікамі, але мы лічым вельмі каштоўным тое, што многія канфлікты вырашаюць на сваім узроўні менавіта вучні, якія валодаюць адпаведнымі кампетэнцыямі. Пры гэтым неабходна да­даць, што ў выніку праведзеных школьных медыя­цый умацоўваецца аўтарытэт настаўніка. Гэта стварае адпаведную культуру паводзін і спрыяе выхаванню ў дзецях добразычлівасці і адказнасці. 

У цяперашні час станоўчая практыка медыяцыі распаўсюджваецца ў абласцях нашай краіны. Гэтаму спрыяе дамова, заключаная паміж Міністэрствам адукацыі і Рэспубліканскім саюзам юрыстаў у лютым 2020 года.

Дарэчы, школьная медыяцыя адрозніваецца ад класічнай. Школьныя канфлікты адрозніваюцца ад спрэчак, што ўзнікаюць паміж дарослымі. Напрыклад, у канфлікце паміж падлеткамі за адным з іх можа стаяць нехта больш уплывовы. Таксама можа адбывацца перапляценне інтарэсаў: падлеткі паз­наюць свет, кожны мае свой погляд на тое ці іншае пытанне. У школе важнае значэнне адводзіцца медыятыўнаму падыходу. Медыятар дапамагае дзецям зразумець, што кожны з іх мае каштоўнасць, а да сітуацыі, што ўзнікла, прывялі пэўныя сцэнарыі іх паводзін. 

Не сакрэт, што ў школах дзеці прывыклі да таго, што іх ацэньваюць. А ў медыяцыі ўсе добрыя, там няма дрэнных. Праблема не ў саміх людзях, а ў тых стратэгіях іх паво­дзін, якія прывялі да канфліктнай сітуацыі. Вось яны якраз і могуць не ўпісвацца ў пэўныя рамкі і выклі­каюць некаторыя супярэчнасці. Дастаткова звярнуць увагу “непаслухмянага” вучня на тое, што яго стратэгія дае не вельмі карысныя вынікі, як мы з задавальненнем назіраем змены ў яго паводзінах у бок больш канструктыўных. 

У навучальнай установе для вырашэння канфліктаў дзеці садзяцца ў кола, прычым усе, уключаючы тых, каго лічаць ціхонямі і чый голас, як правіла, не ўлічваецца ў класе. Як вынік, атрымліваецца паслухаць меркаванне кожнага і пасля прыняць адзінае, сумеснае рашэнне. Гэтае рашэнне мае аднолькавую каштоўнасць для ўсіх без выключэння дзяцей. З кола выбіраюцца дзеці, якім усе без выключэння давяраюць. Менавіта яны будуць захавальнікамі дамоўленасцей і сачыць за тым, каб яны выконваліся. Такім захавальнікам не павінен быць стараста ці нефармальны лідар, але дзейнасць назначанага захавальніка павінна спрыяць захаванню канструктыўнай атмасферы, дзе і стараста, і нефармальны лідар паважаюць адзін аднаго. 

Што тычыцца ўзаемаадносін з бацькамі, то трэба разумець, што вучань у класе трансліруе культуру сваёй сям’і, таму ў вырашэнні школьных канфліктаў вельмі часта работа праводзіцца менавіта з бацькамі. Дарослыя, чые дзеці вучацца ў класе, дзе адбылася спрэчка, садзяцца ў кола і абмяркоўваюць сітуацыю. 

Дарэчы, быў такі выпадак, калі дырэктар адной са школ адправіла да нас у цэнтр на навучанне дзяцей, каб яны навучыліся зносінам з равеснікамі. За час навучання мы маглі назіраць, як мяняюцца такія дзеці.

У медыяцыі ёсць уступнае слова, калі спецыялісты пытаюцца, ці гатовы дзеці з павагай ставіцца і слухаць адно аднаго. Калі нехта з дзяцей і нават дарослых не гатовы да гэтага і сумняваецца ў неабходнасці право­дзіць медыяцыю, то спецыяліст не будзе працаваць з групай да таго моманту, пакуль усе не адка­жуць станоўча. Гэта правільна, бо медыяцыя грунтуецца на прынцыпах згоды і дабравольнасці.

Калі вярнуцца да групы дзяцей, з якой даводзілася працаваць, то ва ўступным слове адна дзяўчынка настолькі прыгожа пачала гаварыць, што яе ўважліва слухаў увесь клас. Хаця да гэтага моманту ў школе ад яе мала хто мог і слова пачуць, настолькі маўклівай яна была. А аказалася, што гэтая маўклівая дзяўчынка здольная выклікаць да сябе вялікую павагу.  Усе былі ў захапленні ад таго, як прыгожа дзяўчына фармулюе сказы і як пісьменна выказвае свае думкі. Вось так медыяцыя мяняе дзяцей да лепшага.

Лічу, што медыяцыю ў сістэме адукацыі, як, у прынцыпе, і ў астатніх сферах, трэба актыўна развіваць. Таму запрашаем школы да супрацоўніцтва. Няма нічога больш прыемнага, чым бачыць і адчуваць, што ў тваім калектыве створана атмасфера даверу і падтрымкі, якая базіруецца на прынцыпах адкрытасці. Медыяцыя гэтаму вучыць лепш за ўсё. І менавіта яна з’яўляецца фундаментам трывалых, адкрытых і шчырых адносін, якія патрэбны ў любы час.

Гутарыла Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.