“Трэсліся рукі і моцна білася сэрца”:

першы вопыт работы ў школе, размеркаванне і надзеі студэнтаў

Другой хвалюючай падзеяй пасля паступлення ва ўніверсітэт для кожнага студэнта з’яўляецца размеркаванне. На мінулым тыдні ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка пра тое, куды паедуць на работу, даведаліся 682 выпускнікі, якія атрымлівалі адукацыю за кошт рэспубліканскага бюджэту.

Ці задаволены маладыя спецыялісты тым, дзе будуць працаваць? І ці задаволены выбарам сваёй прафесіі тыя, хто размеркаваўся летась і ўжо адпрацаваў у школе год?

Пра гэта мы пагаварылі са студэнтамі і выпускнікамі БДПУ імя Максіма Танка.

Геаграфія, біялогія. Дыплом з адзнакай

Сёння Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт рыхтуе спецыялістаў па 31 спецыяльнасці. Штогод у красавіку будучыя педагогі з хваляваннем чакаюць моманту, калі іх запросяць у аўдыторыю і скажуць, у якой навучальнай установе ім давядзецца працаваць у най­бліжэйшыя некалькі гадоў.

Размеркаванне праходзіць вельмі хутка: студэнты заходзяць у аўдыторыю адзін за адным, распісваюцца ў дакументах, а пасля дзеляцца адзін з адным эмоцыямі і ўражаннямі. Першымі сёлета размяркоўвалі выпускнікоў факультэта прыродазнаўства: у верасні 58 маладых настаўнікаў біялогіі, геаграфіі і хіміі пачнуць будаваць кар’еру педагога. Размеркаванне на факультэце прайшло 16 красавіка. Спачатку размяркоўвалі студэнтаў па спецыяльнасці “Біялогія і геаграфія”, а потым тых, хто вучыўся на спецыяльнасці “Біялогія і хімія”.

Самай першай са студэнтаў факультэта прыродазнаўства, каго запрасілі ў аўдыторыю, стала Настасся Шамко. У дзяўчыны — самы высокі сярэдні бал паспяховасці сярод аднагрупнікаў — 9,1. Да паступлення ў БДПУ Насця, дарэчы, вучылася ў педагагічным класе, і гэта таксама паўплывала на выбар будучай прафесіі.

“Я вучуся на чацвёртым курсе факультэта прыродазнаўства па спецыяльнасці “Біялогія і геаграфія”. Скончыла педклас у сярэдняй школе № 126 Мінска, і менавіта гэта дазваляла мне паступаць у БДПУ на бюджэт на любую спецыяльнасць. У першую чаргу я разглядала прыродазнаўчанавуковыя спецыяльнасці. Біялогію люблю са школы і хацела звязаць будучую прафесію менавіта з ёй. А вось да хіміі душа не ляжала, таму выбрала ў якасці другога прадмета геаграфію і не шкадую. У Мінску па такой спецыяльнасці спецыялістаў больш нідзе не рыхтуюць, і гэта дае перавагу майму факультэту.

Дзякуючы педагагічнаму профілю ў школе, я ўсведамляла, куды іду і з кім буду працавац­ь — маю на ўвазе дзяцей. Гэта мяне не пужала. У прынцыпе, выкладаць прыродазнаўчанавуковыя прадметы ў школе цяжка, не заўсёды а­трымліваецца іх даступна і цікава растлумачыць. Менавіта па гэтай прычыне вучыць біялогію і геаграфію дзецям становіцца нецікава. Я хачу зрабіць наадварот — даносіць прадметы творча і на даступнай мове, каб навучэнцы ў будучыні разумелі, якія прыродныя з’явы і працэсы адбываюцца вакол іх, каб яны былі проста адукаванымі людзьмі.

Перад тым як паступіць на факультэт прыродазнаўства, я яшчэ ў школе азнаёмілася са спецыфікай выкладання і зразумела, што рашэнне мяняць не варта і гэта тое месца, дзе я хачу вучыцца. Бацькі ў выбары мяне падтрымалі: у нашым родзе настаўнікаў і спецыя­лістаў такога профілю ні разу не было. Можна сказац­ь, што я першапраходзец, і гэтым вельмі задаволена.

Самым складаным падчас навучання было прывыкнуць да студэнцкага жыцця, бо ўніверсітэт — гэта іншы свет. Акрамя адаптацыі, цяжка было вывучыць і разабрацца ў методыцы выкладання прадметаў, а таксама ў біялагічных і геаграфічных дысцыплінах, якія мы пачалі вывучаць. Як вядома, у школе біялогію і геаграфію выкладаюць не на такім узроўні. А тут, пакуль я гэта вывучала, быццам адкрыла новы свет і зусім па-іншаму паглядзела на многія рэчы.

На трэцім курсе ў нас пачалася педагагічная практыка ў школе, дзе трэба было самім весці ўрокі і тлумачыць усе складаныя рэчы простай для дзяцей мовай. Акрамя гэтага, трэба было знайсці падыход да навучэнцаў, а таксама зразумець, як будаваць урок. Усе класы адрозніваюцца сваім тэмпам засваення матэрыялу, інфармацыю трэба было падаваць дазіравана, у розным аб’ёме, але я з гэтымі перашкодамі справілася на выдатна, бо змагла адчуць дзяцей.

Таксама было цяжка рабіць першыя крокі ў навуковых даследаваннях. Я з 1 курса вельмі хацела займацца навукай, таму ўступіла ў СНДЛ GreenSTEAM, дзе і сёння вывучаю ІКТ у прыродазнаўчанавуковай адукацыі і STEAM-тэхналогію для навучання дзяцей біялогіі і геаграфіі ў школе. Акрамя СНДЛ, займаюся навукова-даследчай дзейнасцю ў галіне заалогіі, і гэта мне вельмі падабаецца.

Падчас педагагічных практык у школе я зразумела, якая гэта цяжкая прафесія, асабліва ў псіхалагічным плане, і што яна на самай справе не для ўсіх. Ведаць свой прадмет, — гэта адно, а ведаць і ўмець яго выкладаць — гэта іншае. Выкладаючы, трэба аддавацца дзецям на 100%, але не растрачваць свае ўнутраныя рэсурсы. Цяпер, успамінаючы сваіх настаўнікаў, я пачала разумець іх і паважаць тое, што яны робяць.

Што тычыцца месца размеркавання, то яго я выбрала амаль год назад. Атрымалася так, што летам, на чацвёртым курсе, шукала школу для працаўладкавання. Паколькі вопыту работы не было, браць мяне не хацелі. Але ўдача ўсміхнулася ў апошні момант: мяне запрасілі ў сярэднюю школу № 56 Мінска, прапанавалі пасаду настаўніка геаграфіі, а пасля далі персанальны запыт на размеркаванне. Школа знаходзіцца ў раёне Каменнай Горкі, і, адпаведна, там шмат класаў і гадзін. Зараз выкладаю геаграфію ў 6-х класах і “Чалавек і свет” — у 5-х.

Па спісе на размеркаванне я ішла першая — сярэдні бал 9,1 і прэтэндэнт на чырвоны дыплом, але з месцам будучай работы я ўжо вызначылася. Паколькі вучылася ў педкласе, то адпрацоўка ў мяне будзе 5 гадоў. За год, пакуль выкладаю, адаптавалася і зразумела спецыфіку работы настаўніка. З верасня буду маладым спецыялістам з вопытам работы.

Вядома, я памятаю свае першыя ўрокі. Я не ведала ні дзяцей, ні школы, таму хвалявалася. Хацелася, каб навучэнцы мяне паважалі і слухалі. Было цяжка, бо дзеці актыўныя і шумныя, таму важна спачатку іх супакоіць і толькі потым пачаць працаваць і зацікаўліваць сваім прадметам. Навучэнцы таксама мяне вывучалі, прыглядаліся, прывыкалі. Шкада толькі, што бачу я іх адзін раз на тыдзень.

Кім бачу сябе праз 5 гадоў? У мяне ўсё заў­сёды мяняецца — думкі, ідэі — што нават загадваць баюся. Дакладна ведаю толькі тое, што буду дасведчаным настаўнікам біялогіі і геаграфіі з 2-й катэгорыяй і магістрам, бо збіраюся працягнуць навучанне ў магістратуры. Магчыма, буду працаваць у іншай школе ці гімназіі, маючы пры гэтым добры багаж метадычных напрацовак. Але пакуль што стараюся далёка не заглядваць, не планаваць, бо ніхто не можа прадбачыць, як пойдзе твой шлях”.

Гісторыя, падарожжы і прароцтва цёці

Антон Доўнар, магістрант кафедры гісторыі Беларусі і славянскіх народаў, вучыўся па спецыяльнасці “Гісторыя і экскурсійна-краязнаўчая работа”.

“У 2016 годзе, калі я паступаў, якраз быў першы набор на гэтую спецыяльнасць. Я заў­сёды любіў гісторыю. Асабліва падабалася, калі бацькі на святы куплялі гістарычную літаратуру і настольныя гульні. Акрамя гісторыі, вельмі люблю падарожнічаць.

Калі выбіраў, куды паступаць, вагаўся паміж БДУ ці БДПУ. Але калі даведаўся, што ў роднай альма-матар адкрываецца спецыяльнасц­ь, звязаная з турызмам, то, не раздумваючы, выбраў менавіта БДПУ імя М.Танка. Адным камічным фактам з’яўляецца тое, што мая цёця заўсёды гаварыла: “Ты пойдзеш толькі на педагога”. Сёння я гэтаму вельмі рады, а раней не верыў.

Не магу сказаць, што за час вучобы ўзні­калі якія-небудзь цяжкасці. Калі ты ідзеш вучыцца па сваім прызванні і выбары, ніякія цяжкасці табе не страшныя, тым больш, калі вучышся там, дзе табе падабаецца. Дзякуючы прафесарска-выкладчыцкаму складу гістарычнага факультэта, я набыў многа карысных навыкаў ва ўзаемадзеянні з дзецьмі, у апрацоўцы навуковай літаратуры і напісанні навуковых работ”.

На пытанне, ці змяніліся ўяўленні аб будучай прафесіі за час работы, Антон адказаў, што так.

“Мае ўяўленні аб будучай прафесіі за час вучобы крыху змяніліся, прычым у станоўчы бок. Дзякуючы выкладчыкам, сучасным метадычным складнікам, заўсёды хацелася як мага хутчэй прымяніць атрыманыя веды на практыцы, асабліва на ўроках гісторыі. Да вучобы ва ўніверсітэце я заўсёды думаў, што працаваць настаўнікам або выкладчыкам вельмі сумна, але, калі пачаў паглыбляцца ў педагогіку і методыку выкладання, стаў па-іншаму глядзець на розныя педагагічныя аспекты ў рабоце з навучэнцамі.

Паколькі я вучыўся на гістарычным факультэце на платнай аснове, то з выбарам і накіраваннем на далейшую работу ў школу мне дапамагла дэкан, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Вераніка Пятроўна Скок. Яна парэкамендавала пайсці настаўнікам гісторыі ў сярэднюю школу № 1 Мінска, дзе я і працую. Дарэчы, гэта мой не першы вопыт работы ў школе.

Упершыню пачаў працаваць настаўнікам гісторыі, калі вучыўся на другім курсе. Тады я выкладаў у сярэдняй школе № 34 Мінска. Успамінаючы свае першыя ўрокі і аналізуючы іх, бачу, якую каласальную работу правёў, праз што прайшоў. На той час у мяне былі 22 урокі на тыдзень, і да кожнага з іх трэба было старанна рыхтавацца, каб даказаць кіраўніцтву, што я сапраўды магу расці ў сваёй прафесіі.

Сумяшчаць вучобу з работай было складана, але даводзілася паспяваць. Добра памятаю, як рабіў свой першы запіс у класным журнале, калі пры гэтым трасецца рука і моцна б’ецца сэрца. Гэта, напэўна, самы хвалюючы для мяне момант у гісторыі прафесійнага станаўлення.

Сёння я вучуся ў магістратуры па спецыяльнасці “Гісторыя”. У будучыні вельмі хочацца займацца навукова-даследчай дзейнасцю, паступіць у аспірантуру і працаваць у родным універсітэце. Калі лёс складзецца інакш, то заў­сёды буду рады вярнуцца ў школу, дзе буду дзяліцца сваімі ведамі з новым маладым пакаленнем.

Хачу выказаць вялікую падзяку кіраўніцтву гістарычнага факультэта, у прыватнасці дэкану Вераніцы Пятроўне Скок, усяму прафесарска-выкладчыцкаму складу, а таксама майму навуковаму кіраўніку, загадчыку кафедры ўсеагульнай гісторыі і методыкі выкладання гісторыі, кандыдату педагагічных навук, дацэнту Аляксандру Аляксандравічу Карзюку, які ўжо на працягу 5 гадоў ажыццяўляе падтрымку і дапамогу ў галіне навуковых даследаванняў гістарычнага профілю. Менавіта дзякуючы яму, я атрымаў многа розных узнагарод у галіне навукова-даследчай работы як у Беларусі, так і на тэрыторыі блізкага замежжа”.

Улюбіць у сябе і ў музыку

Эйфарыя, задаволенасць сабой, узнёсласц­ь думак і стан, калі аж перапаўняе ад эмоцый — напэўна, гэта ўласціва кожнаму студэнту, выпускніку УВА. А ці падзяляюць гэтыя эмоцыі тыя, хто ўжо адпрацаваў нейкі час у школе?

Падзяліцца думкамі згадзілася настаўніца айчыннай і сусветнай мастацкай культуры і музыкі сярэдняй школы № 207 Мінска Кацярына Пракарым. Кацярына вучылася на факультэце эстэтычнай адукацыі ў БДПУ імя Максіма Танка. Год назад, вясной, яе размеркавалі ў сярэднюю школу № 207 Мінска.

“Я вучылася па спецыяльнасці “Музычнае мастацтва і сусветная мастацкая культура”. Да паступлення ў БДПУ ўжо была знаёма з музыкай, у мяне была сярэдняя спецыяльная адукацыя настаўніка ігры на фартэпіяна. Таму на той момант большую цікавасць выклікала мастацтва. Я была арыентавана больш на тое, што стану менавіта настаўнікам па мастацтве. Аднак, калі нам прадаставілі спісы для размеркавання, настаўнікаў мастацтва ў ім не было. Але мне пашанцавала: мая выкладчыца Таццяна Генадзьеўна Жылінская парэкамендавала звярнуцца ў сярэднюю школу № 207. Я з’ездзіла туды, пагаварыла з дырэктарам, і яна згадзілася, каб я прыйшла да іх на работу.

Па вялікім рахунку, сваёй работай я задаволена, але ёсць адзін нюанс. Па прадметах эстэтычнага профілю, у тым ліку па музыцы і су­светнай мастацкай культуры, адзнакі вучням не ставяцца. Мне б хацелася, каб адзнакі ставіліся, каб вучні былі матываваны на вывучэнне гэтых прадметаў.

Назіраючы за сённяшнімі дзецьмі, бачу, што яны адрозніваюцца ад мяне самой у такім жа ў­зросце. Паміж навучэнцамі 8 класа і мной розніца ў 10 гадоў, але ў плане адносін да вучобы, да настаўнікаў — гэта абсалютна іншыя дзеці. Нас, калі мы хадзілі ў школу, вучылі, што настаўніцу трэба паважаць, што яна — другая мама. А сёння лепшыя сябры дзяцей — тэлефон і іншыя гаджэты. З імі вельмі цяжка канкурыраваць. Хочацца, безумоўна, каб усё было наадварот: каб была матывацыя да вучобы, каб было жаданне супрацоўнічаць з настаўнікам і развівацца дадаткова. Наша школа з эстэтычным ухілам, а значыць, тут многа магчымасцей для дадатковай дзейнасці.

Размеркаванне ў мяне закончыцца ў наступным годзе, але я па ім не дапрацую, бо іду ў дэкрэтны водпуск. Пра тое, што будзе потым, калі трэба будзе выходзіць на работу, яшчэ не думала. Жыццё вельмі непрадказальнае, загадваць нешта я не люблю. Але час усё расставіць на свае месцы”.

Гутарыла Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.