Галасамі маладых

Парадаксальна, але школы, якія знаходзяцца ў вёсках, больш зацікаўлены ў сацыяльным і эканамічным развіцці сваёй установы і рэгіёна, чым гарадскія навучальныя ўстановы. Імкненне падняць прэстыж школы і зрабіць яе цэнтрам сацыяльна-культурнага развіцця прымушае шукаць крыніцы дадатковага фінансавання. Часта спонсарамі выступаюць міжнародныя фонды, якія зацікаўлены ў развіцці сацыяльна-адукацыйных праектаў у вёсках. Здзітаўская сярэдняя школа, што ў Бярозаўскім раёне, ужо неаднойчы змагла рэалізаваць ініцыятывы такога кшталту.

Падрабязней пра ідэі, якія накіраваны на развіццё вёскі, і школы ў тым ліку, расказаў дырэктар згаданай установы Віталь Жуковіч.

Школьны тандэм

Развіваць некалькі праектаў адначасова — гэта заў­сёды вельмі цяжка. Але Віталь Жуковіч, дырэктар Здзітаўскай сярэдняй школы Бярозаўскага раёна, не лічыць гэта перашкодай: разам з навучэнцамі калектыў навучальнай установы спрабуе развіваць у рэгіёне такія сацыяльна значныя і эканамічна перспектыўныя праекты, якія садзейнічаюць устойліваму развіццю мясцовай супольнасці вёскі. Віталь Паўлавіч ужо неаднаразова даказваў: школа можа быць не проста ўстановай, якая дае веды. Яна ў стане выконваць функцыі сацыяльнага інстытута, здольнага глабальна паўплываць на жыццё ў маленькай вёсцы.

“У студзені 2020 года мы атрымалі падтрымку нашага міні-праекта “Рэалізуем стратэгію разам! (2.0)”, — расказвае пра дасягненні сваёй навучальнай установы яе дырэктар. — Мэта гэтай ідэі ў тым, каб паказаць мясцовым жыхарам, навучэнцам, работнікам школы, што мы самі можам рэалізоў­ваць мерапрыемствы, абазначаныя ў лакальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця Спораў­скага сельсавета. Для гэтага не трэба чакаць падтрымкі звонку. Наша ключавая ідэя была ў тым, каб паказаць вучням і мясцоваму насельніцтву, што сваімі ўласнымі намаганнямі і неабыякавасцю мы можам працаваць над дасягненнямі мэт стратэгіі ўстойлівага развіцця сельсавета. На гэты раз праз уладкаванне спартыўнай пляцоўкі на тэрыторыі школы, устаноўку вулічных трэнажораў у вёсцы. Выдатны вопыт сумеснай працы па рэалізацыі мясцовых ініцыятыў мы маем з фондам “Новая Еўразія”. Вясной 2020 года прадстаўнікі Здзітаўскай сярэдняй школы прынялі ўдзел у анлайн-школе “Голас мола­дзі для Мэт устойлівага развіцця”, якая была арганізавана фондам у межах аднайменнага праекта. Набытыя кампетэнцыі дазволілі настаўнікам правесці для зацікаўленых вучняў 8—9 класаў каскадны трэнінг, накіраваны на фарміраванне маладзёжнай ініцыятывы для вырашэння існуючых лакальных праблем вёскі Здзітава”.

Маленькія рызыкі і вялікае дабро

Тое, што патрабавала і патрабуе рашэння ў Здзітаве, напэўна, супадае з многімі сацыяльнымі праблемамі іншых вёсак і маленькіх раённых гарадоў. Так, школьнікі і моладзь хвалююцца за тое, што ў вёсцы многа бяздомных жывёл. Вырашыць гэтую праблему дапамог бы прытулак, але будаваць у маленькай вёсцы і нават у раёне яго не будуць: нягледзячы на актуальнасць, гэта, на жаль, фінансава нявыгадны кірунак. Незаасфальтаванасць дарог, а таксама адсутнасць вулічнага асвятлення — таксама праблемы, і выра­шаць іх, безумоўна, неабходна на мясцовым узроўні.

“Не менш важнай праблемай для вучняў і жыхароў вёскі з’яўляецца адсутнасць месцаў для адпачынку, — працягвае дырэктар Здзітаўскай школы. — Безумоўна, людзям патрэбны не шэзлонгі, а пляцоўка, дзе можна карысна правесці час. Некаторым не хапала здзітаў­скага дыснейлэнда — канатнай дарогі. Справа ў тым, што каля школы ёсць парк, дзе шмат дарослых магутных дрэў. Якраз паміж імі моладзь прапаноўвала зрабіць парк забаў. Яшчэ адной актуальнай на сёння праблемай, якая хвалюе жыхароў нашай вёскі, з’яўляецца адсутнасць магчымасці для сартавання смецця. Тым не менш мы, выбіраючы праект, які будзем рэалізоўваць, абапіраліся на магчымасці “Новай Еўразіі”: нам выдзялялі 1000 рублёў і ставілі тэрміны рэалізацыі ініцыятывы ў 1 месяц. Такім чынам, вучні вырашылі спыніцца на ўстаноўцы лавак і пасадцы кветкавых раслін на створанай спартыўнай пляцоўцы “Фітнес-парк “Здароўе”. У ходзе абмеркавання ідэі было выказана меркаванне, што яны будуць запатрабаваны наведвальнікамі пляцоўкі і сталымі жыхарамі вёскі”.

Падчас рэалізацыі школа крыху аптымізавала праект. Згодна з першапачатковым планам, на тэрыторыі навучальнай установы павінны былі з’явіцца 2 лаўкі і некалькі новых кустарнікаў. Падумаўшы, Віталь Паўлавіч прапанаваў дзецям выгадны крок: замест гатовых лавак яны вырашылі закупіць у розных фірм неабходныя матэрыялы і самастойна іх зрабіць.

“Бакавіны купілі ў адным суседнім раёне, на заводзе, дубовыя дошкі — у іншым, балты і гайкі таксама шукалі па магазінах, глядзелі, каб кошт быў прымальны, — расказвае В.П.Жуковіч. — У выніку замест 2 лавак у нас з’явілася 5. Пазней, калі абдумвалі тое, што атрымалася, дзеці выказалі меркаванне, што рашэнне не купляць гатовы тавар было правільным. Так мы не проста сэканомілі, мы зрабілі эканамічна правільны крок. Дзеці ўбачылі, што разумны падыход дазваляе дабіцца больш уражваючага выніку: варта крыху пацярпець, ускладніць пастаўленую задачу, але ў выніку атрымаць большае дабро. Дарэчы, рызыкі ў выкананні праекта былі: мы маглі не справіцца ў вызначаныя тэрміны і зацягнуць час яго рэалізацыі.

Стратэгія 2.0

У Здзітаўскай школе склалася так, што, прымаючы любое рашэнне, якое тычыцца ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу, настаўнікі заўсёды раяцца з дзецьмі: у першую чаргу ўсё робіцца менавіта для навучэнцаў.

“Мы з вучнямі параіліся і вырашылі, што ў рамках праекта “Рэалізуем стратэгію разам! (2.0)” мадэрнізуем на тэрыторыі школы спартыўную пляцоўку і побач з трэнажорамі, якія мы набылі, паставім лаўкі. У выніку ўсім вельмі спадабалася наша рашэнне: функцыя­нальная зона доўга не была задзейнічана, і тут на ёй нешта з’явілася”, — успамінае дырэктар.

Жадаючых далучыцца да праекта заўсёды многа, і гэта нядзіўна. Дзякуючы таму, што ў школе падтрымліваецца сумесная дзейнасць настаўнікаў і дзяцей і шукаюцца спосабы паляпшэння становішча школы і вёскі ў цэлым, навучэнцы ні да адной з ідэй не застаюцца абыякавымі. Так было і гэтым разам.

Дзеці заўсёды і з вялікім задавальненем прымаюць удзе­л у распрацоўцы праектных прапаноў. Віталь Паўлавіч расказаў, што ў трэнінгу, накіраваным на выдзяленне праблем, якія існуюць у мясцовай супольнасці, прымалі ўдзел старшакласнікі, навучэнцы 8—9 класаў. Яны апісвалі бачанне праблематыкі вачамі моладзі. Пасля правяралі свае гіпотэзы, выказваючы іх навучэнцам 10—11 класаў. Таксама было прынята да ўвагі меркаванне вучняў малодшых класаў.

 “Я толькі дапамог пісьмова аформіць праект, пакласці яго на паперу, бо ў мяне ёсць адпаведны вопыт, — кажа В.П.Жуковіч. — У нас створаны банк маладзёжных перспектыўных ідэй. Таму пасля, калі будуць праводзіцца конкурсы праектных прапаноў, будзем нейкія з іх накіроў­ваць для ўдзелу, каб на іх рэалізацыю атрымаць фінансаванне”.

З шэрага цікавых ідэй, пра якія ўзгадаў Віталь Жуковіч, можна вылучыць вяровачны гарадок. Без сумненняў, ён стане папулярным месцам адпачынку дзяцей. Дарэчы, падчас трэнінгаў, у якіх удзельнічалі навучэнцы Здзітаўскай школы, праходзіла ранжыраванне адпаведнай праблематыкі. Самыя высокія балы атрымала праблема адсутнасці гульнявой пляцоўкі і прытулку для бяздомных жывёл.

Разумная вёска

Сёння і педагагічны калектыў, і дзеці ўспрыма­юць школу не проста як месца, дзе праводзяцца ўрокі. Школа ў Здзітаве — гэта сацыяльны інстытут, які аказвае падтрымку ўсёй мясцовай супольнасці вёскі і на тэрыторыі сельсавета.

“Гэта праяўляецца праз тое, што мы працуем з рознымі мэтавымі групамі, — працягвае Віталь Паўлавіч. — Дзеці — гэта адна мэтавая група, аўдыторыя, якая, акрамя вучобы, імкнецца да таго, каб зрабіць што-небудзь карыснае для сваёй вёскі, не чакаючы дапамогі ад чужых. Другая група — гэта дарослыя. Сёння школа, акрамя сваіх асноўных абавязкаў, працуе як цэнтр мясцовага развіцця Спораў­скага сельсавета. Калі рыхтавалі заяўку на конкурс мясцовых ініцыятыў у межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Ландшафтна-арыентаванае развіццё сельскіх тэрыторый даліны ракі Ясельда пры ўдзеле мясцовага насельніцтва”, падавалі туды ініцыятыву “Спораўскі сельсавет — тэрыторыя пчол”. Некалькі разоў па 7—10 дарослых мэтанакіравана збіраліся ў школе і вялі дэбаты па згаданай тэме да позняга вечара. Гэта пацвярджае, што лю­дзі зацікаўлены ў сацыяльна-эканамічным развіцці рэгіёна. Безумоўна, галоўнае, да чаго імкнёмся, працуючы з дарослым насельніцтвам, гэта паказаць ім, што школа — не проста школа. Дарослыя бачаць школу выключна як урокі. Але наша каштоўнасць і мэта — стварэнне непадзельнай адукацыйнай прасторы як для дзяцей, так і для тых, хто даўно вырас”.

На развіццё мясцовых стратэгій і пошук новых праектных ідэй Віталя Паўлавіча натхняе таксама ўдзел у міжнародных канферэнцыях. Не так даўно настаўнік быў удзельнікам анлайн-праекта “Разумная вёска”, якую каардынавала Арменія. Першая частка канферэнцыі праводзілася ў фармаце анлайн-знаёмства. Сярод удзельнікаў былі Украіна, Грузія, Арменія, Малдова. Нашу краіну прадстаўляла Здзітаўская сярэдняя школа.

“Усё, што робім, дае цудоўныя вынікі толькі ў тым выпадку, калі ёсць стратэгічны дакумент, арыентаваны на развіццё тэрыторыі, — аргументуе В.Жуковіч. — Такім дакументам для нас з’яўляецца “Стратэгія ўстойлівага развіцця Спораўскага сельсавета”. Мы не толькі ініцыіравалі яе напісанне, але і самі прымалі актыўны ўдзел у яе падрыхтоўцы, узгадняючы з зацікаўленымі жыхарамі, арганізацыямі і ведамствамі. Дзякуючы гэтаму, усё, што адбываецца ў школе, не спантанна: кожнае дзеянне — гэта, у адпаведнасці з дакументам, заканамерны крок”.

Як і калісьці, падчас нашага знаёмства, Віталь Паўлавіч упэўнены, што менавіта развіццё бізнесу здольна ажывіць вёску. А далучэнне моладзі да рэалізацыі праектаў дапаможа ў перспектыве палеп­шыць дэмаграфічную сітуацыю. Безумоўна, сэнс у гэтым ёсць. І прыемна, што гэтая ідэя не трымаецца на про­стым энтузіязме, а падмацоўваецца практычнымі, ідэй­нымі крокамі, на першы погляд невялікімі, але вельмі важнымі.

Наталля САХНО.