Акадэмія бізнесу і фінансаў

Рэсурсны цэнтр асноў эканамічных ведаў, фінансавай дасведчанасці і прадпрымальнасці Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі ўжо на працягу амаль 6 гадоў вучыць школьнікаў сацыяльнай актыўнасці, кемлівасці і матывацыі. Тут навучанне эканоміцы праходзіць па асаблівых стандартах, не толькі з прымяненнем спецыялізаванай лексікі, вызначанай бізнес-планам, але і творчасці.

Больш падрабязна аб рабоце ўстановы і сацыяльна-эканамічных праектах, што ў ёй былі распрацаваны, расказвае кіраўнік рэсурснага цэнтра Генадзь Мікалаевіч Сугака.

Сёння рэсурсны цэнтр — гэта ўнікальная школа эканомікі і фінансавых ведаў. А пачыналася ўсё банальна і проста — з ідэй і энтузіязму педагогаў. Зрэшты, часта менавіта на гэтым многае і трымаецца.

“Ідэя стварыць рэсурсны цэнтр эканамічных ведаў узнікла яшчэ ў 2006 годзе, але на той момант магчымасці, каб рэаліза­ваць задуму, не было, — успамінае магістр эканомікі загадчык кабінета эканомікі Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі Генадзь Мікалаевіч Сугака. — У той час, калі планавалі адкрыць рэсурсны цэнтр, БДЭУ яшчэ праводзіў рэспубліканскія алімпіяды па эканоміцы. Мы таксама рыхтавалі дзяцей да гэтых спаборніцтваў. Пачынаючы з 2006 года згаданыя алімпіяды былі адменены, пачаўся заняпад у школьнай эканамічнай адукацыі: педагогі, якія займаліся падрыхтоўкай дзяцей, сышлі, факультатывы па эканоміцы закрываліся. Як вынік — у навучэнцаў моцна ўпала матывацыя”.

На працягу 10 гадоў стварэнне цэнтра так і заставалася ідэяй, пакуль у 2016 годзе ўсё не вырашыў выпадак.

“Да нас прыязджаў загадчык кафедры кіравання і эканомікі адукацыі МГІРА Уладзімір Лістраценка і, ведаючы, што мы ўжо даўно думалі аб стварэнні цэнтра, прапанаваў не адкладваць гэта ў доўгую скрыню, — працягвае Г.М.Сугака. — У кабінета эканомікі быў і ёсць моцны бок: выкладчыкі даюць дзецям трывалыя веды па асновах эканомікі, бізнес-адукацыі. Таксама мы стваралі вучэбна-метадычныя комплексы, а значыць, ведалі, у якім кірунку і як даваць навучэнцам веды”.

Статут рэсурснага цэнтра, вы­значэнне асноўных кірункаў работы сталі першым крокам да практычнай рэалізацыі праекта. Палажэнні, якія былі распрацаваны, дазволілі арганізаваць заняткі з усімі катэгорыямі навучэнцаў.

“Для кожнага ўзросту была створана свая сістэма мерапрыемстваў, як камандных, так і індывідуальных. На той час у нас ужо былі такія камандныя конкурсы, як “Падарожжа ў Экаландыю”, “Бізнес-старт”, “За лідарам”, — тлумачыць ступені развіцця цэнтра яго кіраўнік. — Таксама была ідэя праводзіць у палацы рэспубліканскія алімпіяды па асновах фінансавых ведаў, але гэтую ідэю падхапіў наш партнёр — Нацыянальны банк. Зрэшты, сёння разумею, што гэта было правільна: мы право­дзім мерапрыемствы гарадскога ўзроўню, у той час калі банк ахоплівае ўсю краіну. Але мы пакінулі за сабой права праводзіць гарадскі этап алімпіяды, а таксама стварылі яе аналаг — конкурс “Займальная эканоміка і фінансы”, які право­дзім у гульнявой форме. Конкурс, дарэчы, дазваляе папулярызаваць эканамічныя і фінансавыя веды”.

Гарадскі этап рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай дасведчанасці для старшакласнікаў — гэта не ўсе дасягненні рэсурснага цэнтра: дзякуючы падтрымцы інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах, тут працуе курс падатковай дасведчанасці. У асноўным яго дзей­насць накіравана на рэалізацыю тэматычных праектаў: праводзяцца конкурсы дзіцячага малюнка “Жывіце мудра. Працуйце шчыра!”, “Юны падатковы інспектар”, падчас удзелу ў якім дзеці ствараюць відэаролікі і медыя­азбуку на падатковую тэматыку, конкурс сацыяльнага плаката “Дзеці аб падатках”, конкурс казак “Казка — хлусня, але ў ёй мараль — пра падатак не забывай”. Дзякуючы падтрымцы педагогаў палаца, былі выпушчаны спецыя­лізаваныя дзіцячыя выданні: гумарыстычна-пазнавальная брашура “Падатковая жартуе… Але вам жартаваць не раіць! Шкодныя парады па зносінах з падатковай інспекцыяй” і пазнавальная дзіцячая брашура “Дзецям аб падатках даступна і весела”.

Хто хоча стаць мільянерам

На пачатку свайго развіцця ў рэсурсным цэнтры працавала Юнацкая акадэмія кіравання і маркетынгу. Яе дзейнасць, як першапачаткова планавалася, была накіравана на падрыхтоўку дзяцей да ўдзелу ў гарадскім этапе алімпіяды.

“Той матэрыял, якія быў напрацаваны за час дзейнасці акадэміі, дазволіў стварыць новы сур’ёзны праект — Акадэмію фінансаў і бізнесу. — працягвае кіраўнік цэнт­ра. — Вопыт паказвае, што дзеці, якія прайшлі навучанне ў нашых акадэміях, пасля пасту­паюць на эканамічныя спецыяльнасці. Безумоўна, калі дзеці, прымаючы ўдзел у алімпіядах, паказ­ваюць высокія веды, гэта іх матывуе, прымушае яшчэ больш павышаць свой узровень фінансавай дасведчанасці”.

Формы, у якіх праводзяцца заняткі, для ўсіх дзяцей розныя. Безумоўна, для малодшых школьнікаў самы ідэальны від — гульнявы. Прычым, як заўважае Генадзь Мікалаевіч, гульні бываюць розныя: інтэрактыўныя і мадэлюючыя. Але найбольш любімай, як сярод выкладчыкаў, так і сярод дзяцей, з’яўляецца гульня “Мільянер”. Менавіта яе выкарыстоўваюць, каб правесці адбор навучэнцаў для ўд зелу ў алімпіядах ці іншых конкурсах фінансавага кірунку.

Сэнс сацыяльнай ідэі заключаўся ў тым, каб стварыць мабільны дадатак для дапамогі ўразлівым групам насельніцтва. У дадатку павінны быць 3 кнопкі: чырвоная, жоўтая і зялёная. Разам з гэтым трэба стварыць маладзёжную службу дапамогі, якая будзе рэага ваць на выклік, што паступае з той ці іншай кнопкі. Напрыклад, калі інвалідам была націснута чырвоная кнопка, гэта значыць, што яму дрэнна і трэба выклікаць “хуткую”.

“Пытанні па эканоміцы, падатковай дасведчанасці і фінансах уключаны ў гульню, — тлумачыць Г.М.Сугака. — У нас ёсць праграма, якая пры дапамозе спецыяльнага алгарытму налічвае дзецям балы, а таксама вызначае пераможцаў. Тыдзень назад, дарэчы, у нас прайшоў вочны этап конкурсу “Займальная эканоміка і фінансы”. Увогуле, калі звярнуцца да малодшых школьнікаў, для іх створаны таксама гульні “Камерсант” і камп’ютарныя трэнажоры. Вельмі цудоўная, на мой погляд, гульня “Экалаполія”. Яе сэнс у тым, каб змадэля­ваць краіну з чатырма кірункамі развіцця (першабытны (нізкі), пераходны, прамысловы і кібернетны (вельмі высокі)), у якія можна ўклад­ваць свае рэсурсы, фінансы. Так, дзецям прапаноўваецца патраціць грошы на паляпшэнне якасці жыцця, адукацыю, вытворчасць, а таксама на барацьбу з забрудж­ваннем навакольнага асяроддзя. У залежнасці ад таго, куды былі расходаваны грошы, сітуацыя па некаторых кірунках або паляпшаецца, або пагаршаецца. Назіраючы за дзецьмі, разумеем, што праз гульнявую форму веды даносяцца проста і лёгка”.

Відавочна, чым ста­рэйшымі становяцца дзеці, тым больш сур’ёзны матэрыял ім даецца як для лекцый, так і для рэалізацыі праектнай дзейнасці. Рэспубліканскі фестываль-конкурс па эканоміцы і прадпрымальніцтве “Лесвіца поспеху” — яскравы прыклад праектнай формы работы па эканоміцы і фінансах. Мінулай вясной з-за эпідэмічнай сітуацыі ён право­дзіўся ў завочнай форме. Што бу­дзе сёлета — спрагназа­ваць пакуль што цяжка. Але Генадзь Мікалаевіч упэўнены: “Лесвіца поспеху” — ідэальнае асяроддзе для рэалізацыі тых ідэй і задум, якія дзеці могуць і прапанаваць, і развіць.

“Мы практычна ні разу не прапускалі ніводнага конкурсу на “Лесвіцы пос­пеху”, займалі шмат прызавых месцаў, атрымалі многа кубкаў, — канстатуе магістр эканомікі. — У рэсурсным цэнтры быў прадмет “Праектная дзей­насць”, у рамках якога вывучалі ідэі, стваралі праект, рэалізоўвалі яго і прэзентавалі на конкурсе. Увогуле, усе ідэі, з якімі выступалі дзеці, вартыя ўвагі. Мне, напрыклад, запомнілася адна з сацыяльных ідэй, што была прадстаўлена нашымі навучэнцамі. Яе сэнс заключаўся ў тым, каб стварыць мабільны дадатак для дапамогі ўразлівым групам насельніцтва. У дадатку павінны быць 3 кнопкі: чырвоная, жоўтая і зялёная. Разам з гэтым трэба стварыць маладзёжную службу дапамогі, якая будзе рэага­ваць на выклік, што паступае з той ці іншай кнопкі. Напрыклад, калі інвалідам была націснута чырвоная кнопка, гэта значыць, што яму дрэнна і трэба выклікаць “хуткую”. Сігнал з кнопкі паступае ў маладзёжную службу, а далей выклік пры іх дапамозе прымаюць урачы. На мой погляд, ідэя проста цудоўная, і калі б яна атрымала фінансавую падтрымку і была створана, то вельмі хутка б сябе акупіла. Асабліва дарэчы згаданы праект быў бы сёння, у час пандэміі. Разам з гэтым вытворчасць адпаведных тэлефонаў з кнопкамі магла б забяспечыць работай і заводы, якія будуць выпускаць прадукцыю, і моладзь, якая бу­дзе працаваць у службе. Таксама не засталіся б убаку студэнты, якія маглі б працаваць па жоўтай кнопцы (яна прымае заказ даставак з магазіна). Што тычыцца зялёнай кнопкі, камерцыйнай, у яе вельмі важны сэнс. Напрыклад, у некага ёсць бабуля ці нехта з пажылых родных. Даглядаць іх не заўсёды ёсць магчымасць. Таму зялёная кнопка можа выклікаць валанцёраў, якія дапамогуць у тых ці іншых пытаннях”.

Далей за прадстаўленне ідэі сацыяльны праект пакуль не развіўся: ён патрабуе фінансавых укладанняў. Але Генадзь Мікалаевіч упэўнены: усяму свой час.

“Кожная з думак, што была агучана на “Лесвіцы поспеху”, мела свой план, у якім была прапісана яе рэнтабельнасць, мэтавая аўдыторыя. Менавіта так трэба падыходзіць да распрацоўкі любой ідэі, сацыяльнай ці фінансавай, — канстатуе Генадзь Мікалаевіч. — Прадуманыя ідэі куды прасцей рэалізаваць, чым спантанныя рашэнні. Дзейнасць нашых дзяцей гэта пацвярджае”.

Паядальнікі часу

Эканоміка і фінансы — гэта тая сфера дзейнасці, у якой не кожны можа адчуваць сябе ўтульна. Каб прыцягнуць сюды дзяцей і данесці да іх інфармацыю даступна і проста, неабходна праду­маць бізнес-план. У сваю чаргу ён, якім бы ні быў па сваім маштабе, заўсёды павінен мець дакладную канцэпцыю. Менавіта такім, дэталёва прадуманым, стаў праект “Залатая горка”. Яго ідэя, як расказаў кіраўнік рэсурснага цэнтра, таксама простая.

“Сёння дзеці многа часу трацяць на гульні ў тэлефоне. Прычым гэта не прыносіць ніякай карысці. Я гэтыя гульні называю паядальнікамі часу. Канцэпцыя “Залатой горкі” была накіравана якраз на тое, каб стварыць вучэбны гульнявы прадукт: распрацаваць вучэбна-метадычныя комплексы, якія б маглі дапамагчы педагогам і дзецям перавесці ў цікавую гульнявую форму тыя думкі, што агучваюцца на занятках. Пасля абагульнення ідэй мы выдалі дапаможнік з наз­вай “Залатая горка”, у якім распісалі “Сваю гульню” і “Мільянера”. Пазнаёміцца з метадычнымі комплексамі можна на нашым сайце. Што тычыцца арганізацыі амаль любой эканамічнай гульні, то варта ўлічыць, што яе асноўнай мэтай з’яўляецца падрыхтоўка навучэнцаў да актыўнай дзейнасці ў новых эканамічных умовах. Для гэтага мадэлююцца рэальныя эканамічныя працэсы і адносіны, функцыянуюць біржа працы, банкі, фондавая біржа, падатковая інспекцыя, страхавая кампанія і іншыя эканамічныя і фінансавыя інстытуты рынку, арганізатары гульні павінны ўліч­ваць узрост удзельнікаў і, перш за ўсё, узровень іх эканамічнай падрыхтоўкі”.

“Сёння дзеці многа часу трацяць на гульні ў тэлефоне. Прычым гэта не прыносіць ніякай карысці. Я гэтыя гульні называю паядальнікамі часу. Канцэпцыя “Залатой горкі” была накіравана якраз на тое, каб стварыць вучэбны гульнявы прадукт: распрацаваць вучэбна- метадычныя комплексы, якія б маглі дапамагчы педагогам і дзецям перавесці ў цікавую гульнявую форму тыя думкі, што агучваюцца на занятках.

Працуючы над эканамічнай гульнёй, педагогі, а ў гэтым Генадзь Мікалаевіч абсалютна ўпэўнены, павінны выразна сфармуляваць яе асноўныя правілы. І зусім не важна, што яны будуць сабой уяў­ляць: кодэкс, збор законаў ці яшчэ не­шта. Самае важнае, каб правілы былі даступныя і маглі азнаёміць з гульнёй усіх удзель­нікаў. Што тычыцца ўскладнення правіл, увядзення новых і больш сур’ёзных эканамічных патрабаванняў і абмежаванняў, рабіць гэта, са слоў Генадзя Сугакі, мэтазгодна толькі пасля авалодання ўдзельнікамі простым варыянтам гульні.

“Дзецям трэба даць час, каб яны змаглі ўвайсці ў гульнявую сітуацыю, падумаць над галіной дзейнасці сваёй фірмы ці самастойнай дзейнасці, засвоіць асноўныя правілы, вызначыць крыніцы, якія дазволяць атрымаць пачатковы капітал, і спосабы яго выкарыстання, — канстатуе Г.М.Сугака. — Што тычыцца педагогаў, яны павінны арганізаваць кансультаванне ўдзельнікаў гульні да і падчас яе правя­дзення, асабліва калі ўзнікаюць спрэчныя сітуацыі. Дарэчы, выдатным варыянтам будзе ўвя­дзенне ў гульню спецыялізаванай юрыдычнай фірмы, якая за гульнявыя грошы будзе кансультаваць удзельнікаў”.

Увогуле, якой бы па сваім змесце ні была эканамічная гульня, яе асноўная ідэя — падштурхнуць дзіця да развіцця. Безумоўна, гэтаму павінны спрыяць не толькі жаданне самога навучэнца, але і настаўнікі, іх крэатыўнасць і зацікаўленасць у прадмеце. Прынамсі, гэта тычыцца не толькі фінансавай дасведчанасці.

Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.