Конкурс ініцыятыў устаноў адукацыі па прафілактыцы правапарушэнняў у маладзёжным асяроддзі сёлета праводзіцца ў Мінску 5-ы раз. Конкурс не выпадкова арганізоўваецца на пачатку лета: канікулы — гэта той час, калі для дзяцей, якія стаяць на шматлікіх формах уліку, трэба скласці асобны сцэнарый адпачынку. Без дадатковай увагі 3 месяцы лета могуць стаць і для бацькоў, і для педагогаў галаўным болем: падлеткі вельмі лёгка знаходзяць не тую кампанію, трапляюць не пад той уплыў. Наступствы могуць быць прадказальнымі, але пазбаўляцца ад іх прыйдзецца доўга.
Конкурс сацыяльных праектаў — гэта ініцыятыва пракуратуры Мінска і камісіі па справах непаўналетніх Мінгарвыканкама, якую падтрымалі і да рэалізацыі якой далучыліся камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама і Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі. Мэта конкурсу ў тым, каб пра самыя цікавыя школьныя сацыяльныя ідэі даведаліся астатнія навучальныя ўстановы горада, а магчыма, вобласці і краіны, і далучыліся да рэалізацыі праектаў на тэрыторыі сваёй адукацыйнай прасторы. За 5 гадоў арганізатары назбіралі многа цікавых практык, разбітых па сваім уздзеянні на некалькі напрамкаў: работа з дзецьмі, бацькамі і са школай, прымяняючы падыход “роўны навучае роўнага”.
Па выніках конкурсу штогод выдаецца практычны дапаможнік з лепшымі праектамі. Дапаможнік з’яўляецца добрай падказкай і алгарытмам для тых школ, якія таксама накіроўваюць сваю дзейнасць на прафілактыку ў дачыненні да падлеткаў. Дзякуючы сістэмнай рабоце па абмене вопытам, у Мінску на працягу некалькіх гадоў удаецца стрымліваць рост правапарушэнняў і злачынстваў сярод дзяцей і падлеткаў.
“Гэта вельмі значны паказчык эфектыўнасці нашай работы, — расказвае адзін з арганізатараў конкурсу, сакратар камісіі па справах непаўналетніх Мінгарвыканкама, намеснік начальніка ўпраўлення сацыяльнай і выхаваўчай работы Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі Наталля Міхайлаўна Карпушава. — Першапачаткова планавалася, што арганізатарамі конкурсу стануць гарадская пракуратура і Мінгарвыканкам, а метадычнае і навуковае суправаджэнне возьме на сябе інстытут развіцця адукацыі. Але пасля і МГІРА далучыўся да арганізатараў. Мэта, якую першапачаткова ставілі перад сабой, — актывізаваць дзейнасць па прафілактыцы правапарушэнняў у Мінску сярод дзяцей і моладзі. Прычым планавалі далучыць да праекта не толькі ўстановы адукацыі, але і шматлікія суб’екты прафілактыкі. Кожная з такіх арганізацый, зразумела, працуе ў сваім кірунку. А калі аб’яднаць усе намаганні, атрымаецца, думаю, больш дзейсны эфект. Таму міжведамаснае ўзаемадзеянне і сацыяльнае партнёрства ў пытаннях прафілактыкі правапарушэнняў і злачынстваў у дзіцячым і маладзёжным асяроддзі, несумненна, вельмі важныя. Цікавымі заўсёды з’яўляюцца праекты, якія разам распрацоўваюць некалькі арганізацый. Напрыклад, сумесныя ідэі школ № 9, № 208 і цэнтра, дружалюбнага да падлеткаў, “Давер” пад назвай “Тусовка.by” як сродак пазітыўнай адаптацыі падлеткаў і моладзі Маскоўскага раёна Мінска, а таксама іншыя праекты ўстаноў адукацыі, камісіі па справах непаўналетніх адміністрацый раёнаў Мінска і інш.”.
Цікавасць да конкурсу ў школах з’явілася адразу. Але перш чым дазволіць установе адукацыі агучыць сваю ідэю, арганізатары патрабавалі выканання шэрага ўмоў.
“Мы, безумоўна, глядзелі на форму падачы матэрыялу, а таксама на тое, каб праект быў падмацаваны навуковымі фактамі, — працягвае расказваць пра конкурс Н.М.Карпушава. — Было важна, каб усе крытэрыі выконваліся. Людзі, якія не займаюцца навукай, больш эмацыянальныя і замест абгрунтавання ідэй проста апісвалі свае думкі. Напрыклад, у першыя гады правядзення конкурсаў было шмат прапаноў, якія мелі на ўвазе здымкі прафілактычных ролікаў. Былі таксама ідэі арганізаваць для дзяцей, якія знаходзяцца ў канфлікце з законам, велапрабег або навучыць іх рабіць анімацыйныя ролікі. Безумоўна, гэта цікава. Але мы хацелі падштурхнуць канкурсантаў да таго, каб яны распрацавалі праект, які будзе разлічаны не на 1—2 дзяцей, а на пэўную групу. У выніку вырашылі, што для ўдзелу ў конкурсе будзем прымаць сацыяльныя праекты, якія ўжо рэалізаваны (але не больш за 3 гады) або рэалізуюцца ў практычнай дзейнасці, а таксама тэарэтычныя сацыяльныя праекты, якія не былі раней рэалізаваны ў практычнай дзейнасці, але распрацаваны і падрыхтаваны да рэалізацыі”.
Н.М.Карпушава ўпэўнена, што над любым сацыяльным праектам, які рэалізоўваецца ў школе, павінна працаваць каманда, якая складаецца з педагогаў і навучэнцаў.
“Калі зацікавіць ідэямі навучэнцаў, яны будуць больш ахвотна ўдзельнічаць у рэалізацыі праекта. Аднак для іх складана самастойна вылучыць правільную гіпотэзу, апісаць ідэю, таму гэты этап стварэння сацыяльнага праекта немагчымы без актыўнага ўдзелу не толькі педагога, але і калектыву аднадумцаў, — тлумачыць асаблівасці рэалізацыі сацыяльнага прафілактычнага праекта Наталля Міхайлаўна. — У ролі кансультанта па праекце могуць выступаць як педагогі, так і супрацоўнікі зацікаўленых арганізацый і ведамстваў, якія валодаюць тэарэтычнымі і практычнымі матэрыяламі, што разглядаюцца ў праекце. Любы сацыяльны праект, які распрацоўваецца ва ўстанове адукацыі або ў іншай арганізацыі, немагчымы без паўнавартаснага папярэдняга аналізу той праблемы, пра якую пойдзе гаворка. Важна разумець, што няма неабходнасці зноў вынаходзіць веласіпед. Для пачатку трэба вывучыць літаратуру, выбраць ключавыя моманты, звязаныя з тэматыкай даследавання. Толькі пасля атрымання тэарэтычных ведаў можна пераходзіць да распрацоўкі ўласнага сацыяльнага праекта і да прадумвання ўсіх дэталей. Калі мэта сацыяльнага праекта дакладна вылучана і сфармулявана, вызначаны задачы для яе дасягнення, праблем з вылучэннем этапаў яго рэалізацыі не ўзнікне. У плане дзеянняў пажадана ўказваць часавыя рамкі, каб у выніку атрымаць дакладны пералік. Рэалізацыя пастаўленых задач — самы працяглы і працаёмкі этап. Разам з гэтым ён стане найбольш цікавым і выніковым. Менавіта падчас рэалізацыі вызначанай мэты да ўдзельнікаў праекта прыходзіць пачуццё задавальнення ад вынікаў праведзенай работы. Пасля завяршэння праекта важна правесці яго паўнавартасны аналіз, зрабіць высновы, прадумаць рэкамендацыі для іншых суб’ектаў, якія зацікавяцца гэтым праектам, або скарэкціраваць крокі і працягнуць работу, але гэта ўжо можа стаць новым праектам”.
З разлікам на эфект
Любы сацыяльна-прафілактычны праект можна лічыць эфектыўным, нават калі ён дапамог не ўсім, а прымусіў хаця б адно дзіця задумацца над тым, што яно робіць не так.
“Першапачаткова ўсе дзеці добрыя, а тое, што яны трапляюць на ўлік, — гэта запушчанасць, — упэўнена арганізатар конкурсу. — Гэта можа быць запушчанасць бацькоў, а магчыма, сацыяльная ці педагагічная. Часцей за ўсё дзіця трапляе ў поле зроку суб’ектаў прафілактыкі на тым этапе, калі не знаходзіць паразумення з найбліжэйшым акружэннем і шукае таго, хто яму дапаможа, хто выслухае і падтрымае. Добра, калі яму трапіцца той, хто накіруе ў правільнае рэчышча, але часта здараецца так, што ўсё наадварот. І гэта не залежыць ад таго, наколькі шчаслівай з’яўляецца сям’я. Гэта адбываецца не таму, што дзяцей не выхоўваюць. Усе дарослыя, у каго ёсць дзеці, знаходзяцца ў тым узросце, калі трэба працаваць і зарабляць грошы, каб даць дзецям лепшую будучыню. Калі не было гаджэтаў і не так былі развіты інфармацыйныя тэхналогіі, дзеці больш часу праводзілі на вуліцы. Сёння ва ўсіх ёсць тэлефоны, і для таго, каб зрабіць дзецям прыемна ці задаволіць іх патрэбы, ім недастаткова купіць цукеркі, як было раней. Цяпер мама і тата купляюць тэлефон ці нешта іншае, што, на іх погляд, неабходна, каб дзіця было шчаслівае. На жаль, у большасці выпадкаў няма таго кантакту, які можа паказаць дзецям, што яны і іх пачуцці важныя для бацькоў. Мы мала абдымаем дзяцей, мала з імі размаўляем. Мы ім даём у рукі нейкі прадмет ці задавальняем іх пажаданні, не думаючы аб наступствах, і зноў зарабляем грошы. А пасля, гледзячы на дзіця, разумеем, што і тут недалюбілі, і тое недасказалі. Бацькі, безумоўна, у гэтым не вінаваты, бо так пабудавана сённяшняе жыццё. Што тычыцца дзяцей, яны адзін раз падышлі са сваімі думкамі, другі раз звярнуліся па дапамогу, але зноў не ўбачылі яе, і пайшлі шукаць тых, хто паслухае і зразумее. Гэта могуць быць іх равеснікі ці нехта іншы, хто слухае іх шчыра і ўважліва, як ім здаецца. Дарэчы, калі праводзілі даследаванне, вызначылі, што дзеці могуць дзеля цікавасці і драйву перакладваць свае пачуцці і эмоцыі на іншых, ім становіцца цікава, ці дапаможа нехта вырашыць іх праблемы. У выніку падлеткі трапляюць не ў тую кампанію, робяць, як кажуць, не тое. Таму наша задача — зрабіць прафілактыку мабільнай, каб дзеці бачылі пазітыў нават у тых адносінах унутры сям’і, якія нам падаюцца адмоўнымі”.
Прафілактыка ў кішэні
На такі крок сёлета — пабудову даверлівых адносін паміж дарослымі і дзецьмі ў мэтах прафілактыкі — пайшоў цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Вікторыя”. Яны стварылі праект ArtSityLife, накіраваны на супрацоўніцтва сістэмы дадатковай адукацыі з сацыякультурнымі аб’ектамі Мінска і стварэнне арт-пляцоўкі.
“Цікавае рашэнне таксама прапанавала сярэдняя школа № 54 Мінска, — працягвае Наталля Міхайлаўна. — Тут распрацавалі праект “Мазаіка”, асноўная мэта якога — стварыць такое месца, дзе б падлеткі маглі сустракацца і адпачываць. Перш за ўсё каманда школы вывучае карту тусовак моладзі, прыцягвае да гэтага сацыяльных педагогаў і псіхолагаў і прапаноўвае падлеткам добраўпарадкаваць тое месца, дзе яны прывыклі хавацца ад чужых вачэй. Дарэчы, часта бачым, што падлеткі збіраюцца кампаніямі ў гандлёвых цэнтрах. Яны там сядзяць, бо там бясплатны Wi-Fi. Некаторыя дарослыя абураюцца, калі бачаць у буйных цэнтрах моладзь. Але няхай лепш яны сядзяць там, чым ламаюць транспартныя прыпынкі, ці не так? Дарэчы, пасля таго як мы пачалі праводзіць конкурс, да пытанняў іншыя суб’екты прафілактыкі пачалі ставіцца крыху інакш, бо бачаць, што дзеці ў першую чаргу паслухаюць падобных да сябе, а не дарослых”.
Асноўная прычына правапарушэнняў дзяцей і моладзі, згодна з даследаваннем, якое праводзілася ў рамках конкурсу, — гэта жаданне стаць лідарам. Калі ў дзяцей не атрымліваецца быць лепшымі ў школе, у вучобе, яны спрабуюць стаць лідарамі ў паводзінах. І гэта абсалютна нармальна — шукаць сябе і прымяраць на сябе розныя ролі, асабліва ў падлеткавым узросце.
“Сёння ўсе дзеці сядзяць у інтэрнэце, і гэтым вырашыла скарыстацца сярэдняя школа № 118, якая прапанавала стварыць у Instagram праект “Прафілактыка ў кішэні”, — дзеліцца цікавымі сацыяльнымі ідэямі гэтага года Н.Карпушава. — Дзякуючы праекту, да якога далучыліся і бацькі, і настаўнікі, дзяцей вучаць з карысцю прымяняць інтэрнэт-рэсурсы. Калі нам удасца навучыць дзяцей бяспечным і дасведчаным паводзінам у інтэрнэце, у нас не будзе праблем кшталту “сініх кітоў” і інш. Дзеці павінны ўмець узаемадзейнічаць не толькі паміж сабой, але і з незнаёмымі рэсурсамі. Часам даводзіцца сутыкацца з меркаваннем, што падлетка, на якога немагчыма паўплываць, лепш адправіць у закрытую ўстанову адукацыі, каб выправіўся. Але гэтага не адбудзецца. Гэта вельмі просты шлях, але праблем ён не вырашыць”.
Год назад два выкладчыкі геаграфіі з сярэдніх школ №№ 87 і 94 Мінска стварылі праект “Я магу” як групу па пошуку заняткаў для дзяцей. Безумоўна, натхнілі педагогаў на такі крок іх навучэнцы. Бачачы, што дзеці не ўмеюць узаемадзейнічаць адно з адным і часта, не ведаючы, чым заняцца, “завісаюць” кожнае ў сваім тэлефоне, нават калі збіраюцца кампаніяй, настаўнікі пайшлі на эксперымент. Яны стварылі пошукавік, які накіраваны на тое, каб падабраць падлетку кампанію для таго ці іншага занятку. Напрыклад, нехта хоча пагуляць у футбол, але сярод сяброў жадаючых няма. Што рабіць? Усяго толькі дастаткова зайсці ў інтэрнэт, у пошукавік увесці запыт. Аўтаматычна навіна разлятаецца па дзецях з дзвюх згаданых школ (яны падключаны да сэрвісу), і такім чынам падбіраецца кампанія.
“Так дзеці знаходзяць сабе кампанію для заняткаў паркурам, катання на скейце, веласіпедзе, гульні ў футбол і іншае, — дзеліцца цудоўнай ідэяй арганізацыі вольнага часу школьнікаў намеснік начальніка ўпраўлення. — Дарэчы, сёння да сэрвісу настаўнікаў далучыліся іх аднакурснікі з універсітэта, а значыць, і шматлікія школы краіны. Самае важнае, чаму настаўнікі вучаць дзяцей, — гэта ўзаемадзеянне. Тыя, хто не гуляюць, павінны ўмець хварэць за свае каманды і з павагай ставіцца да праціўнікаў. Акрамя гульні, так павінна быць і ў рэальным жыцці. Мы павінны вучыць дзяцей паважаць іншых людзей і іх меркаванні”.
Падчас правядзення конкурсу сацыяльных праектаў планавалася, што кожная ўстанова адукацыі павінна рабіць справаздачу аб рэалізацыі свайго праекта, каб можна было прааналізаваць эфектыўнасць ідэі. Але пасля гэты крок быў прапушчаны.
“Кожная школа адметная менавіта сваімі навучэнцамі, — акцэнтуе ўвагу Н.М.Карпушава. — У адных навучальных установах можа быць шмат вучняў, якія знаходзяцца ў канфлікце з законам, а ў іншых — не быць увогуле. У некаторых навучальных установах шмат дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, а ў некаторых — 1—2 сям’і. Таму мы не можам усіх параўноўваць паміж сабой, але павінны кожнай навучальнай установе даць магчымасць паказаць, што ў плане прафілактыкі яны могуць даць сваім навучэнцам. Відавочна, гэта будзе розны вопыт, таму што накіраваны ён на розных па сацыяльных мерках дзяцей і адбываецца ў пэўных умовах установы адукацыі”.
Сёлета на конкурс свае ідэі прадставілі 50 школ Мінска. Тое, хто з іх распрацаваў лепшыя праекты ў кірунку сацыяльнай прафілактыкі, стане вядома пасля таго, як з работамі пазнаёмяцца ўсе арганізатары і члены журы.
“Кожны год мы прыдумваем новыя намінацыі, таму што немагчыма выбраць з такога мноства работ лепшыя, — прызнаецца Наталля Міхайлаўна. — Упэўнена, што гэта правільна: у дзяцей павінна быць жаданне развіваць свае ідэі, удасканальваць іх. Жаданне, як правіла, з’яўляецца тады, калі на праект звяртаецца ўвага, калі дзяцей хваляць. Я заўсёды гавару, што дарогу адолее той, хто ідзе. Так яно і ёсць: дзякуючы тым, каго хвалюе сацыяльная тэма, прафілактыка, дзякуючы калегам, якія падтрымліваюць у гэтым кірунку, у нас атрымліваецца знаходзіць цікавыя ідэі і новыя магчымасці іх рэалізацыі. А гэта значыць, у нас ёсць магчымасць дапамагчы нашым дзецям зрабіць гэты свет крышачку лепшым”.
Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.