“Сітуацыя са злоўжываннем алкаголю ў Беларусі паступова паляпшаецца”, — сцвярджаюць медыкі. Не магу з імі не пагадзіцца, бо і я, і мае блізкія ды знаёмыя, з якімі даводзілася гутарыць на гэтую тэму, нязменна сыходзімся на тым, што п’яных на вуліцах цяпер бачым не так часта, як гэта было, напрыклад, у 90-я. Назіранне, канечне, не мае навуковай базы, але ў спецыялістаў ёсць і аргументы, і лічбы, якія яго пацвярджаюць. Праўда, яны абавязкова дадаюць: “Праблема п’янства і алкагалізму застаецца актуальнай”. І з гэтым таксама немагчыма не пагадзіцца, варта хаця б узгадаць, што большасць дзяцей, якія аказваюцца ў сацыяльных прытулках, трапляе туды менавіта з-за п’янства бацькоў.
Доказы і пацвярджэнні
— У нас рэгіструецца ўсё менш пацыентаў, якія знаходзяцца на дыспансерных уліках, — расказаў на сустрэчы з журналістамі ў Нацыянальным прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь загадчык Рэспубліканскага цэнтра наркалагічнага маніторынгу і прэвенталогіі РНПЦ псіхічнага здароўя Аляксей Аркадзьевіч Кралько. — За 8 месяцаў бягучага года першасных пацыентаў з’явілася на 6% менш, чым за той жа перыяд летась. Напэўна, гэтыя лічбы можна аспрэчваць, але мы бачым тэндэнцыю да станоўчай дынамікі.
Безумоўна, любая дынаміка са знакам “плюс” патрабуе замацавання. І прафілактыка злоўжывання алкаголю працягваецца, у тым ліку ў рамках Дзяржаўнай праграмы “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь” на 2016—2020 гг. Больш за тое, пачалася работа над новай праграмай, дзе прафілактыцы і лячэнню п’янства і алкагалізму будзе прысвечаны вялікі раздзел, магчыма, падпраграма ўключыць і пытанні прафілактыкі наркаманіі.
— Зараз мы адпрацоўваем кірункі Еўрапейскага плана дзеянняў па скарачэнні шкоднага ўжывання алкаголю. Гэта і прафілактыка на рабочых месцах, і прафілактыка ДТЗ, і абмежавальныя меры, і акцызная палітыка, і г.д., — дадае А.А.Кралько. — Усё больш і больш, канечне, актуалізуецца праблема прафілактыкі. Мы ў медыцынскім асяроддзі прыйшлі да разумення таго, што традыцыйныя метады прафілактыкі не заўсёды працуюць. Прафілактыка, як і лячэнне, павінна быць доказнай. У гэтым плане мы вельмі актыўна выкарыстоўваем міжнародныя падыходы.
Так, існуюць міжнародныя стандарты прафілактыкі наркаманіі, якія можна адносіць і да прафілактыкі алкагалізму, іншых залежнасцей. Яны заснаваны на аналізе, шматлікіх навуковых даследаваннях, якія даказваюць: па сутнасці, любая залежнасць мае адны і тыя ж механізмы развіцця, а прафілактыку трэба пачынаць яшчэ да нараджэння дзіцяці. Распрацаваны адпаведныя метады работы з цяжарнымі жанчынамі, з сем’ямі, якія плануюць мець дзяцей, асабліва з уразлівымі групамі насельніцтва. І гэта не класічная прафілактыка ў выглядзе гутарак, лекцый і інш., гэта самыя простыя, але, як даказана, і самыя эфектыўныя меры: даступнае медыцынскае абслугоўванне, рэгулярны патранаж дзяцей. Нават сам факт таго, што дзіця пастаянна наведвае школу, з’яўляецца элементам прафілактыкі залежнасцей. Гэта толькі маленькія прыклады доказнай прафілактыкі, мадэль якой распрацавана асобна для кожнага ўзросту — і для дзяцей, і для дарослых.
— Мы адыходзім ад старой савецкай чорна-белай мадэлі наркалогіі, калі адзіным крытэрыем прафілактыкі і лячэння быў паказчык “п’е — не п’е”. Сёння крытэрыі ацэнкі больш гнуткія — нават зніжэнне частаты ўжывання алкаголю, частаты рэцыдываў — гэта ўжо пэўны станоўчы вынік, — тлумачыць спецыяліст. — Гэты падыход мы выкарысталі пры распрацоўцы крытэрыяў ацэнкі эфектыўнасці медыка-сацыяльнай рэадаптацыі ў лячэбна-працоўных прафілакторыях.
Для лячэння алкагалізму ў Беларусі выкарыстоўваюцца ўсе вядомыя ў свеце традыцыйныя метады, упор апошнім часам робіцца на рэабілітацыю залежных, як медыцынскую, так і сацыяльную. Прычым вырашальную ролю тут адыгрывае сацыяльны этап, працяглая падтрымка пацыента. І тут, безумоўна, узрастае роля грамадскіх арганізацый, якія, між іншым, ахвотна ідуць насустрач дзяржаве ў гэтым пытанні. Так, яны дапамогуць сацыялізацыі пацыентаў эксперыментальнага рэабілітацыйнага цэнтра пры РНПЦ псіхічнага здароўя, які пазней, магчыма, будзе прымаць на лячэнне і хворых з алкагольнай залежнасцю.
Адзін з самых цікавых прыкладаў прафілактыкі ўжывання алкаголю і курэння сярод падлеткаў паказаў вопыт Ісландыі, які называюць ісландскім цудам. У маленькай краіне — каля 300 тысяч жыхароў — за 20 гадоў знізілі ўзровень курэння і ўжывання алкаголю сярод падлеткаў (краіна была адной з самых праблемных у гэтым плане) да 5% з 40% і больш і да 3% адпаведна. Тут павысілі ўзрост, з якога можна набываць алкаголь, да 20 гадоў, увялі забарону для непаўналетніх знаходзіцца на вуліцы пасля 22 гадзін зімой і 24 — летам, былі арганізаваны бацькоўскія патрулі. А калі высветлілася, што падлеткі п’юць і кураць ад нуды, урад вырашыў выдзяляць субсідыі непаўналетнім для заняткаў спортам у памеры прыкладна 300 долараў. У выніку і праблема залежнасцей стала куды менш вострай, і спартыўныя поспехі краіны ўражваюць. Напрыклад, ісландскія зборныя па гандболе і баскетболе ўваходзяць у 30 лепшых у свеце. Зараз 35 гарадоў Еўропы выкарыстоўваюць такія практыкі, адзін з іх — блізкі да нас Каўнас.
Сродкі і вынікі
Зусім нядаўна, у кастрычніку, была апублікавана справаздача Сусветнай арганізацыі аховы здароўя аб сітуацыі з прафілактыкай п’янства і алкагалізму ў Расійскай Федэрацыі. Правесці паралелі з суседняй дзяржавай, блізкай нам па культуры, у тым ліку па культуры піцця, заўсёды цікава. Асабліва, калі спыніцца на выніках мер кантролю над алкагольнай прадукцыяй, якія дзейнічаюць у Расіі і не ўсе ёсць у нас.
— Сусветная арганізацыя аховы здароўя прызнае поспехі абедзвюх краін па зніжэнні вельмі высокіх узроўняў ужывання алкаголю, з другога боку, адзначае, што ёсць магчымасці для ўдасканалення, — заўважае каардынатар праграм па грамадскім здароўі краінавага офіса СААЗ у Беларусі Валянцін Зігмундавіч Русовіч. — У прыватнасці, Беларусь магла б выкарыстаць паспяховы вопыт Расійскай Федэрацыі па ўкараненні абмежавальных мер продажу алкаголю для больш дынамічнага зніжэння агульнай смяротнасці, мужчынскай смяротнасці ад знешніх прычын.
А вопыт Расіі па ўкараненні пэўных абмежаванняў паказвае, што рэзка скарачаецца колькасць выпадковых атручванняў алкаголем, змяншаецца ўжыванне як зарэгістраванага, так і незарэгістраванага алкаголю. Нагадаем, што ў апошнія гады ў суседняй дзяржаве быў зацверджаны і рэалізаваны шэраг мер, рэкамендаваных Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя ў якасці дзейсных або эканамічна рацыянальных. У прыватнасці, Расія паступова падняла акцызы на алкагольную прадукцыю, ужо ў 2003 годзе ўвяла мінімальную рознічную цану на гарэлку і рэгулярна павышае яе, распаўсюдзіла гэты падыход на іншыя спіртныя напіткі, пачала ўкараняць у нацыянальным маштабе комплексную забарону на начны гандаль алкаголем навынас, у некаторых рэгіёнах увяла яшчэ больш строгія абмежаванні, узмацніла правілы, што тычацца свабодных ад алкаголю грамадскіх месцаў і маркетынгу алкагольнай прадукцыі.
— З 2003 па 2016 год у Расійскай Федэрацыі адбылося рэзкае зніжэнне ўзроўню ўжывання алкаголю — на 43%, з іх зарэгістраванага алкаголю — на 40%, незарэгістраванага — на 48%, — паведамляе В.З.Русовіч. — Смяротнасць ад усіх прычын знізілася, а працягласць жыцця павялічылася і дасягнула рэкордных значэнняў. З 2003 па 2016 год сярэдняя працягласць жыцця мужчын вырасла на 9 гадоў, жанчын — на 6 гадоў і склала адпаведна 68 і 78 гадоў.
Варта дадаць, што гэтыя лічбы супастаўныя з данымі па Беларусі: мужчыны ў нас жывуць у сярэднім 69 гадоў, жанчыны — 79 (СААЗ прызнае смерці раней за 70 гадоў заўчаснымі). Але і гэта яшчэ не ўсё. Колькасць суіцыдаў у Расіі за названы перыяд сярод мужчын знізілася на 62%, колькасць выпадковых атручэнняў — на 73%, колькасць забойстваў — на 79%, смяротнасці ў ДТЗ — на 55%, патапленняў са смяротным канцом сярод мужчын — на 53%, смярцей на пажарах — на 23%. Выдатны станоўчы эфект, што і гаварыць.
З пункту гледжання Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, не існуе бяспечнага ўзроўню ўжывання алкаголю. У ідэале чалавек не павінен піць, а ў рэальнасці кожнаму неабходна памятаць, што ўзровень ужывання алкаголю з мінімальнай рызыкай складае да 2 стандартных адзінак мужчынам, жанчынам — да 1 стандартнай адзінкі, пры гэтым мінімум 2 дні ў тыдзень алкаголь нельга ўжываць наогул. Стандартная адзінка — гэта бакал, чарка ці нешта іншае, што ўтрымлівае 10 г чыстага алкаголю. Для моцных спіртных напіткаў гэта, напрыклад, вельмі маленькая чарка — 35 мл, для піва — бакал 0,33 л, для сухога віна — 110—120 мл: 6 адзінак алкаголю за адзін прыём для мужчын і 4 адзінкі для жанчын — шкоднае ўжыванне і небяспека інтаксікацыі.
Беларусь, на жаль, па многіх гэтых паказчыках зараз прайграе Расіі. Так, па даных за 2017 год, ад выпадковых атручэнняў алкаголем на 100 тысяч насельніцтва адпаведнага ўзросту ў нашай краіне памерлі 20,3 чалавека, у Расіі — 10,5; ад самазабойстваў — 25,4, у суседняй краіне — 17,8, хаця раней лічбы былі на нашу карысць, хоць і значна большыя, канечне. Дзеля справядлівасці скажу, што пэўныя паказчыкі і зараз у нас лепшыя, напрыклад, па колькасці няшчасных выпадкаў, звязаных з транспартнымі сродкамі.
Калі параўнаць даныя СААЗ па Расіі з данымі па Беларусі, то высветліцца: агульнае ўжыванне алкаголю на 1 жыхара, старэйшага за 15 гадоў, у Беларусі крыху меншае, чым ў Расіі, — 11,2 л (у Расіі — 11,7 л), але ў Расійскай Федэрацыі менш ужываюць незарэгістраванага алкаголю.
Вопыт і прыклады
Карціна, што і гаварыць, вымалёўваецца непрывабная. Плюс важна ўлічваць, што на афіцыйным уліку залежных ад алкаголю зараз у Беларусі стаяць каля 156 тысяч чалавек, але, як вядома, далёка не ўсе залежныя трапляюць на такі ўлік. Лічыцца, што па наркаспажыўцах афіцыйныя лічбы можна памнажаць на 7, па хранічных спажыўцах алкаголю такіх даных няма, але СААЗ па разліковых даных лічыць, што людзей з алкагольнай залежнасцю ў Беларусі сярод мужчын 19%, сярод жанчын — 3,8%. Калі дадаць тых, хто яшчэ не мае залежнасці, але ў каго ўжо ёсць шкодны тып ужывання алкаголю, то можна гаварыць, што 33% мужчын увойдуць у абагульненыя даныя, як і 6,2% жанчын. Між іншым у Беларусі ўжо існуе практыка, калі праблемы з ужываннем алкаголю ў пацыентаў па методыцы Сусветнай арганізацыі аховы здароўя вызначаюць участковыя ўрачы, а не нарколагі. Пакуль гэты вопыт існуе ў адной паліклініцы, але яго плануецца распаўсюдзіць, каб як мага раней дапамагаць людзям з такімі праблемамі.
Як можна змяніць сітуацыю, зразумела з вопыту той жа Расіі — краіны, якая традыцыйна лічыцца адной з тых, дзе алкаголю ўжываюць вельмі многа. Але пералічаныя вышэй і іншыя меры, як бачна, прыносяць плён. У нас і акцызы на алкаголь меншыя (бутэлька гарэлкі, напрыклад, у Расіі каштуе на 26% даражэй, чым у Беларусі па даных за 2017 год), у краіне-суседцы ўведзена трайная адказнасць за продаж алкаголю непаўналетнім — адказнасць нясуць прадавец, дырэктар магазіна і ўладальнік, прычым штрафы для прадаўца даходзяць да 800 умоўных адзінак у пераліку, для дырэктара — да 3 тысяч у.а., для юрыдычнай асобы — да 8 тысяч долараў. У Беларусі штрафуюць толькі прадаўца на 20—50 базавых велічынь (ад 500 да 1300 рублёў). У нас не забаронены начны продаж алкаголю, няма абмежаванняў продажу на запраўках і некаторых іншых мер, якія ўведзены ў Расіі.
А вось пакаранне за ваджэнне аўтамабіля ў нецвярозым стане ў Беларусі больш жорсткае. І лячэбна-працоўныя прафілакторыі, як і так званыя выцвярэзнікі, у нас ёсць. ЛПП, прынамсі, захаваліся толькі ў 3 рэгіёнах — Беларусі, Туркменістане і Прыднястроўі, спецізалятары (выцвярэзнікі) таксама з’ява ўнікальная.
Паўстае, канечне, пытанне аб тым, колькі страчвае дзяржбюджэт ад абмежавальных мер. Статыстыка гаворыць, што ніколькі, даходы нават павялічваюцца. Так, у 2014 годзе, на піку антыалкагольнай палітыкі ў Расіі, калі акцызы на алкаголь выраслі на 25%, продажы гарэлкі знізіліся на 22%, паступленні ў бюджэт павялічыліся на 7%. Праўда, за кошт інфляцыі спіртныя напіткі паступова становяцца больш даступнымі.
Марына ХІДДЖАЗ.