Здаровая школа

Стварэнне ва ўстанове адукацыі здароўезберагальнага асяроддзя, распрацоўка і рэалізацыя мерапрыемстваў па захаванні і ўмацаванні здароўя, павышэнні ўзроўню фізічнага развіцця, фарміраванні ў дзяцей матывацыі адказнага стаўлення да свайго здароўя — задачы першарадныя. На нядаўнім пасяджэнні міжведамаснага савета па фарміраванні здаровага ладу жыцця, кантролі за неінфекцыйнымі захворваннямі, папярэджанні і прафілактыцы п’янства, алкагалізму, наркаманіі і злоўжывання тытунёвай сыравіны і тытунёвых вырабаў пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь была агучана цікавая інфармацыя па гэтых пытаннях.

Нашы дзеці

Першае, што прагучала ў інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, — звесткі пра стан здароў юных беларусаў, колькасць якіх ад 0 да 15 гадоў, дарэчы, зменшылася з 1970 года амаль на 1 млн і складае каля 1,7 млн. Зменшылася колькасць падлеткаў 15—17 гадоў і ў 2018 го­дзе склала 14,2% (2005 год — 23,6%). Пры гэтым дакладчык — намеснік міністра аховы здароўя Наталля Паўлаўна Жукава — заўважыла, што ў апошнія 6 гадоў адзначаецца станоўчая дынаміка павелічэння колькасці дзяцей, у тым ліку школьнага ўзросту.

Дынаміка стану здароўя беларускіх хлопчыкаў і дзяўчынак паказвае як станоўчыя, так і не самыя добрыя тэндэнцыі. Так, у апошнія гады дасягнута зніжэнне паказчыкаў дзіцячай смяротнасці, стабілізаваны паказчыкі захваральнасці дзяцей, захоўваецца высокі ўзровень імунізацыі малых (з 2005 года — 98%), зроблена нямала іншага.

Што ж непакоіць? Напрыклад, тое, што за апошнія 12 гадоў колькасць школьнікаў 1-й групы здароўя зменшылася з 27,2 да 25,2%, а колькасць дзяцей 3-й групы павялічылася з 11,8 да 15,5% (нагадаем, што да гэтай групы адносяцца ў асноўным дзеці з хранічнымі паталогіямі). Што самае непрыемнае — колькасць школьнікаў 1-й групы здароўя зніжаецца з узростам, колькасць тых, хто мае 3-ю групу, — расце. Вось, што гавораць даныя за 2018 год: 6-гадовых школьнікаў з 1-й групай здароўя 28,8%, 15—17-гадовых — 17,2%; дзяцей з 3-й групай здароўя сярод шасцігодак — 8,6%, сярод 15—17- гадовых падлеткаў — 19,6%. 

З узростам у дзяцей у групах 5—9, 10—14, 15—17 гадоў адзначаецца рост хвароб вока і яго прыдатачнага апарату, эндакрыннай сістэмы, псіхічных растройстваў, нервовай сістэмы, хвароб сістэмы кровазвароту, органаў стрававання, касцёва-мышачнай сістэмы. І калі ўрачы сцвярджаюць, што немалаважная роля ў фарміраванні здароўя дзяцей належыць школьнаму асяроддзю, спрачацца цяжка. Медыкі, прынамсі, лічаць, што яго ўклад у здароўе школьнікаў складае 20%.

Зноў звернемся да статыстыкі. А яна сведчыць, што за гады навучання ў школьнікаў ад 6 да 17 гадоў распаўсюджанасць парушэнняў вастрыні зроку павялічваецца амаль у 3 разы, паставы — у 2 разы. Праўда, паказчык распаўсюджанасці парушэнняў вастрыні зроку павышаецца (за 10 гадоў — на 9%, у 2018 годзе — 152,5 на 1000 абследаваных, у 2008 годзе — 136,4), паставы — зніжаецца (77,5 на 1000 абследаваных, у 2008 годзе — 101,9).

Усё гэта, канечне, невыпадкова. Так, значна змяніўся лад жыцця малых. Самай вялікай праблемай для школьнікаў, упэўнены медыкі, стала неадпавед­насць рэжыму дня гігіенічным рэкамендацыям. Вось што паказалі сацыялагічныя даследаванні вучоных-гігіеністаў: у паловы дзяцей сон складае менш чым 8 га­дзін за суткі пры норме 9,5—10 гадзін; амаль палова малых не бывае штодня на адкрытым паветры; толькі кожны чац­вёрты штодня займаецца фізкультурай. Пры гэтым больш за 56% навучэнцаў ся­дзяць ля камп’ютара ад 1 да 3 гадзін, каля 24% — ад 3 да 5 гадзін (хлопчыкі 60% часу карыстання камп’ютарам марнуюць на гульні, дзяўчынкі палову часу бавяць у сацсетках). Не дзіўна, што такі лад жыцця прыводзіць да пагаршэння здароўя.

Справа агульная

Безумоўна, сядзець склаўшы рукі ў такой сітуацыі немагчыма. Сумесная работа міністэрстваў аховы здароўя і адукацыі пры падтрымцы органаў выканаўчай улады на месцах прынесла свой плён, у прыватнасці, у арганізацыі здароўезберагальнага асяроддзя. Значную ролю тут адыграла рэалізацыя шэрага мэтавых тэрытарыяльных праграм па прывядзенні ў належны санітарна-тэхнічны стан харчовых блокаў і санітарных вузлоў, мадэр­нізацыі электраасвятлення ў школах, забеспячэнні іх мэбляй. Напрыклад, у параўнанні з 2006 годам колькасць неадпаведных замераў штучнай асветленасці працоўных месцаў у школах зменшылася больш чым у 3 разы (з 18,3 да 5,4%). А ў пачатковыя класы набыты па 1—2 канторкі для дзяцей з парушэннямі паставы.

Ёсць і праблемы, якія ўсё яшчэ непакояць медыкаў. Гэта, напрыклад, заняткі ў другую змену — такіх школ пакуль больш за ўсё у Мінску і Брэсцкай вобласці. У сталіцы ў мінулым навучальным годзе так працавалі больш за 50% школ. Праблему з пераўкамплектаванасцю класаў пры невыкананні норм плошчы паступова ўдаецца вырашаць дзякуючы будаўніцтву новых школ. Так, да 2019/2020 навучальнага года ў розных рэгіёнах краіны ўведзены ў эксплуатацыю 7 новых устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, напрыклад, школа ў Магілёве больш чым на 1000 месцаў.

Вылучаюць медыкі і іншыя, яшчэ не да канца вырашаныя пытанні, над якімі неабходна працаваць, каб усюды ствараць здароўезберагальнае асяроддзе. Напрыклад, неабходна працягваць удасканальваць матэрыяльна-тэхнічную базу для фізічнага выхавання дзяцей — працягваць рамонты школьных стадыёнаў, спартыўных залаў, а таксама не дапускаць перавышэння максімальнай дапушчальнай тыднёвай вучэбнай нагрузкі, выкарыстання мэблі без уліку росту вучняў, паляпшаць арганізацыю харчавання школьнікаў і г.д.

Праекты агульныя і мясцовыя

Найбольш перспектыўнымі прафілактычнымі мерапрыемствамі па прафілактыцы захворванняў, фарміраванні здаровага ладу жыцця лічацца тыя, што заснаваны на міжведамасным супрацоўніцтве. Гэта, канечне, цалкам справядліва і тычыцца як рэспубліканскіх, так і рэгіянальных праектаў. На пасяджэнні міжведамаснага савета спецыялісты нагадалі, напрыклад, што зараз у рамках падпраграмы “Прафілактыка і кантроль неінфекцыйных захворванняў” Дзяржаўнай праграмы “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь” на 2016—2020 гады паспяхова рэалізоўваюцца міжведамасныя інфармацыйныя праекты “Здаровая школа”, “Здаровы клас”, “Школа — тэрыторыя здароўя”.

Што тычыцца апошняга з названых праектаў, то ў мінулым навучальным го­дзе ён праводзіўся ў 842 школах, у ім удзель­нічалі больш за 409 тысяч навучэнцаў (у 2017/2018 навучальным годзе праект ахопліваў 737 школ). Самымі актыўнымі ўдзельнікамі праекта “Школа — тэрыторыя здароўя” сталі ўстановы адукацыі Гродзеншчыны, дзе ў ім задзейнічаны 65,5% школ, і Мінска — 62,6%. Арганізатары праекта, між іншым, вылучаюць з усёй колькасці такіх школ тыя, што прапагандуюць здароўе (2,3%), школы, якія садзейнічаюць умацаванню здароўя (62,3%), і, нарэшце, школы здароўя (35,4%).

Што асабліва радуе медыкаў, дык гэта тое, што школы здароўя ўносяць значны ўклад у вырашэнне праблемы гіпадынаміі дзяцей. Робіцца гэта праз правядзенне агульнашкольных дынамічных перапынкаў з удзелам старшакласнікаў і вучняў сярэдніх класаў. Такія перапынкі арганізоўваюцца ў выглядзе танцаў, флэш-мобаў, на іх выкарыстоўваюцца скакалкі, дарожкі здароўя і іншы інвентар. Таксама ў школах праводзяць фізкультхвілінкі, у тым ліку і для прафілактыкі парушэнняў зроку, далу­чаюць навучэнцаў разам з бацькамі да масавых спартыўных мерапрыемстваў у шосты школьны дзень і г.д. Сярод лепшых прыкладаў — некаторыя школы Мінска, Астраўца, Маладзечна, Светлагорска і інш.

У мінулым навучальным годзе быў праведзены Рэспубліканскі конкурс на лепшую рэалізацыю праекта “Школа — тэрыторыя здароўя”, у фінальным этапе якога ўдзельнічалі 36 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Пераможцы былі вызначаны ў 8 наміна­цыях. Так, у намінацыі “Лепшая ўстанова адукацыі, якая спрыяе арганізацыі рацыянальнага харчавання школьнікаў” лепшай стала Полацкая дзяржаўная гімназія № 1 імя Францыска Скарыны. А срэдняя школа № 2 Горак прызнана пераможцай у намінацыі “Школа, якая спрыяе ўмацаванню здароўя, рэалізуе мерапрыемствы па фарміраванні культуры здароўя і матывацыі да ЗЛЖ у сістэме “педработнікі — навучэнцы — бацькі”.

З ліпеня 2016 года ў Беларусі рэалізоўваецца праект Расійскай Федэрацыі і Еўрапейскага рэгіянальнага бюро Сусветнай арганізацыі аховы здароўя “Развіццё сеткі школ здароўя ў краінах Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі ў 2016—2020 гг.”. У ім задзейнічаны 10 беларускіх устаноў адукацыі (гімназіі №№ 24 і 50 Мінска, сярэдняя школа № 1 Ашмян, сярэднія школы №№ 10 і 14 Маладзечна і інш.). Ва ўсіх гэтых установах, трэба заўважыць, у 2017 годзе расійскія спецыялісты праводзілі маніторынг. І ўсе школы і гімназіі атрымалі высокую ацэнку. Гэтыя і некаторыя іншыя ўстановы (напрыклад, гімназія № 1 Горак) з’яўляюцца пілотнымі праектамі і метадычнымі цэнтрамі, вопыт якіх могуць укараняць іншыя школы.

Праводзяцца ў нашай краіне і рэгіянальныя прафілактычныя праекты па фарміраванні здаровага ладу жыцця ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі — усяго іх каля 40. І ў кожным закладзены пасыл: наша здароўе ў нашых руках, галоўнае — ставіцца да яго адказна, не забываць аб прафілактыцы. Важна таксама пераходзіць ад удалых праектаў да змен у паводзінах і мысленні людзей, каб ЗЛЖ быў нормай жыцця кожнага, каб нашы дзеці, як прагучала на пасяджэнні міжведамаснага савета, былі не толькі адукаванымі, але і здаровымі. Школьнае асяроддзе ў стане паспрыяць гэтаму.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з адкрытых крыніц інтэрнэту.