15 гадоў назад міжнародная грамадская арганізацыя SOS-Дзіцячыя вёскі адным з кірункаў сваёй дзейнасці выбрала ўмацаванне сям’і і прафілактыку сацыяльнага сіроцтва. Арганізацыя пачала працаваць на тое, каб палепшыць сітуацыю ў сям’і і не дапусціць адабрання дзіцяці ад бацькоў. Разам з гэтым арганізацыя пачала актыўна прасоўваць ідэю аказання дапамогі дзецям і бацькам, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.
Сёння SOS-Дзіцячыя вёскі Беларусі — гэта не толькі цёплае сямейнае асяроддзе для дзяцей-сірот, але і значная падтрымка сем’ям. У рамках праграмы па ўмацаванні сям’і і прафілактыцы сацыяльнага сіроцтва спецыялісты арганізацыі імкнуцца дапамагчы бацькам з такіх сем’яў стаць больш упэўненымі ў сваіх сілах, каб яны здолелі выхоўваць дзяцей без пабочнай дапамогі.
Падрабязней пра дзейнасць, накіраваную на прафілактыку сацыяльнага сіроцтва, расказала генеральны дырэктар SOS-Дзіцячыя вёскі Таццяна Леанідаўна БУРАВА.
— Таццяна Леанідаўна, з чаго пачыналася развіццё праграм па прафілактыцы сіроцтва? Ці можам сёння назваць іх эфектыўнымі?
— Першы цэнтр — “Ранняе папярэджанне сацыяльнага сіроцтва” — у рамках рэалізацыі праграмы па ўмацаванні сям’і з’явіўся ў 2004 годзе ў SOS-Дзіцячай вёсцы Мар’іна Горка. Яго кліентамі сталі 15 сем’яў з 42 непаўналетнімі дзецьмі, якія пражывалі ў розных населеных пунктах Пухавіцкага раёна. У 2007 годзе з сем’ямі, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, сталі працаваць у сацыяльным цэнтры маці і дзіцяці імя Германа Гмайнера SOS-Дзіцячай вёскі ў Бараўлянах, а таксама ў сацыяльным крызісным цэнтры для жанчын SOS-Дзіцячай вёскі ў Магілёве. А ў 2013 годзе ў Мінску быў адкрыты сацыяльны цэнтр “Шчаслівы малыш”.
Усяго за ўвесь час дзеяння праграмы па ўмацаванні сям’і і прафілактыцы сацыяльнага сіроцтва ў SOS-Дзіцячыя вёскі Беларусі праз яе прайшло больш чым 3 тысячы сем’яў, якія выхоўваюць больш за 7 тысяч дзяцей. Пры гэтым за 15 гадоў працы было шмат розных гісторый. Напрыклад, працуючы з сям’ёй на працягу 2-х гадоў, бачылі, як за адзін тыдзень алкаголь разбураў усё, што стваралася сумеснай працай бацькоў і спецыялістаў. Былі і паспяховыя гісторыі, калі сям’я не толькі спраўлялася з крызісам, захаваўшы дзяцей, але і пачынала дапамагаць іншым такім жа сем’ям вырашыць іх праблемы.
У рамках праграмы дзіцяці і яго бацькам аказваецца розная дапамога, але часцей за ўсё псіхолага-педагагічная і сацыяльна-псіхалагічная. Сюды адносяцца індывідуальныя кансультацыі псіхолага, семінары і трэнінгі па выхаванні і развіцці дзіцяці, фарміраванні канструктыўных дзіцяча-бацькоўскіх адносін, пераадоленні сямейных канфліктаў, аднаўленні страчаных кантактаў з найбліжэйшым асяроддзем і інш.
Таксама аказваецца сацыяльная дапамога і падтрымка. Яна заключаецца ў садзейнічанні атрыманню льгот, кампенсацый і іншых выплат у адпаведнасці з заканадаўствам. Сацыяльная дапамога ўключае ў дадатак кансультацыі і трэнінгі для дзяцей і бацькоў па развіцці сацыяльных навыкаў, фінансавай дасведчанасці, пытаннях планавання сямейнага бюджэту і мерапрыемствы, накіраваныя на паляпшэнне дзіцяча-бацькоўскіх адносін. Нашы спецыялісты аказваюць у тым ліку і юрыдычную, матэрыяльную, падтрымку ў пытаннях захавання здароўя і інш.
— Па якіх прынцыпах сёння будуецца праграма па рабоце з сям’ёй? Што ляжыць у аснове кейс-менеджменту?
— Сістэма работы з сям’ёй, прынятай у SOS-праграму па ўмацаванні сям’і і прафілактыцы сацыяльнага сіроцтва, будуецца на працэдуры кейс-менеджменту (ад англ. — “кіраванне выпадкам”) — сацыяльнай тэхналогіі, якая дазваляе вывучаць патрэбы дзяцей і іх бацькоў, арганізоўваць і каардынаваць прадастаўленне ім паслуг, неабходных для вырашэння цяжкай жыццёвай сітуацыі. Акрамя гэтага, такая сістэма дазваляе весці маніторынг і ацэнку становішча кліента. Мэтай усёй работы з’яўляецца самастойная сям’я, якая здольна клапаціцца пра сваіх дзяцей і ствараць неабходныя ўмовы для іх паўнавартаснага развіцця.
Для нас важна, каб сям’я таксама была зацікаўлена ў змене да лепшага. Калі спецыяліст бачыць, што бацькі нічога не робяць для змены сваёй сітуацыі, адмаўляюцца супрацоўнічаць, мы спыняем праграму падтрымкі.
На практыцы большасць сем’яў вельмі хоча захаваць сваё дзіця. Часцей за ўсё бацькі ў нашых праграмах атрымліваюць комплексную падтрымку на працягу 1,5—2 гадоў, але бываюць выключныя выпадкі, калі гэты перыяд можа скласці і 4—5 гадоў. У нас таксама бывалі выпадкі паўторнага прыняцця сям’і (напрыклад, з-за вострай крызіснай сітуацыі ў сувязі са смерцю мужа ці жонкі). Але такая сітуацыя хутчэй выключэнне, чым заканамернасць, таму што больш чым 80% сем’яў, якія выйшлі з праграмы, здолелі пераадолець крызіс і выхоўваюць дзяцей у клапатлівай сямейнай атмасферы.
Вопыт дзеяння праграмы па ўмацаванні сям’і і прафілактыцы сацыяльнага сіроцтва ў SOS-Дзіцячых вёсках Беларусі сведчыць пра важнасць першачарговай увагі да пошуку і ўключэння эфектыўнага механізма ранняга ўмяшальніцтва ў сям’ю, пабудове дакладнай сістэмы дапамогі і падтрымкі ўсім яе членам. Дзякуючы выяўленню праблемы на пачатковым этапе, сям’я намнога прасцей прымае дапамогу, працягласць аказання якой мінімізуецца. Акрамя гэтага, работа групы спецыялістаў з пашыранай сям’ёй, максімальная мабілізацыя рэсурсаў усіх зацікаўленых асоб і арганізацый дае магчымасць дзецям расці ў роднай сям’і ў любові, павазе і бяспецы.
Галоўны прынцып нашай работы — індывідуальны падыход да кожнай сям’і і арыентацыя на стварэнне найбольш спрыяльных умоў для развіцця дзіцяці.
Часцей за ўсё з заклікам аб дапамозе звяртаюцца мамы. Таты прыходзяць радзей. Затое яны ў большасці выпадкаў дакладна ведаюць, якія навыкі ім трэба падцягнуць, з якімі цяжкасцямі разабрацца. Мужчыны звяртаюцца па юрыдычную дапамогу ці з просьбай прыняць іх на курсы для бацькоў, дзе спецыялісты навучаць эфектыўна ўзаемадзейнічаць з дзіцем.
— Аналізуючы сітуацыі, з якімі сутыкаецеся, ці можаце вылучыць асноўныя прычыны, па якіх у бацькоў не атрымліваецца захаваць дзяцей у сям’і? Хто (ці што) у гэтым вінаваты?
— Прычын, па якіх у бацькоў не атрымліваецца захаваць дзяцей у сям’і, многа. Адна з найбольш цяжкіх — злоўжыванне алкаголем адным ці абодвума бацькамі, вядзенне дарослымі асацыяльнага ладу жыцця. У нашай практыцы такіх сем’яў больш чым 20%. Дзеці вярталіся ў сям’ю пасля праходжання бацькамі лячэння ад алкагольнай залежнасці. Былі выпадкі, калі адзін з бацькоў не выконваў умовы і дзеці вярталіся толькі да аднаго з законных прадстаўнікоў.
За час нашай працы, аналізуючы мэтавую групу і прычыны прыняцця іх у праект па ўмацаванні сям’і і прафілактыцы сацыяльнага сіроцтва, варта адразу звярнуць увагу на тое, што ў асноўным гэта спалучэнне дзвюх і больш прычын. Калі разглядаць усе выпадкі паасобку, то больш за 60% сем’яў, якія ўдзельнічаюць у праграме, маюць нізкі даход, патрэбу ў рамонце жылля ці не маюць уласнай жыллёвай плошчы. Больш за 20% сем’яў — тыя, у якіх бацька ці абодва з бацькоў маюць алкагольную залежнасць у мінулым. У 20% сем’яў на момант прыняцця ў праект бацькі ці адзін з іх не мае пастаяннага месца работы або працуе неафіцыйна. У 80% адзначаецца нізкі ўзровень дзіцяча-бацькоўскіх навыкаў. Каля 40% — мнагадзетныя сям’і. Каля 30% сем’яў, якія звярнуліся да нас, маюць у сям’і толькі аднаго з бацькоў. У 10% выпадкаў бацькі маюць інваліднасць ці выхоўваюць дзіця з інваліднасцю. Каля 15% прызнаюць наяўнасць гвалту ў сям. І каля 7% сем’яў, якія ўступілі ў праект, маюць дзяцей, якіх раней прызналі маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне.
Менавіта апошняя група сем’яў часта з’яўляецца адной з самых зацікаўленых у дапамозе. Каб вярнуць сваіх дзяцей, яны выконваюць усе патрабаванні дзяржаўнага плана абароны правоў і законных інтарэсаў непаўналетняга.
Асноўныя паслугі, якія атрымліваюць такія сем’і ў нас, — гэта сацыяльная і псіхалагічная падтрымка, кансультацыі псіхолага з дзецьмі (пасля вяртання з прытулку), трэнінгі і кансультацыі па наладжванні дзіцяча-бацькоўскіх адносін. Падчас знаходжання дзяцей у прытулку бацькі абавязаны кампенсаваць сродкі на іх ўтрыманне, часта гэтая сума складае большую частку бюджэту. Пасля вяртання малых у сям’ю ім патрабуецца дадатковая матэрыяльная падтрымка ў выглядзе адзення і абутку для дзяцей, гігіенічных сродкаў, а таксама харчавання для непаўналетніх.
У працэсе работы з дарослымі мы не шукаем вінаватых у сітуацыі, якая склалася. Для нас больш важна, як дапамагчы сям’і пераадолець крызіс і пакінуць дзіця ў сям’і.
Безумоўна, мы аналізуем прычыны, каб зразумець, як пабудаваць работу на папярэджанне і прадухіленне ўзнікнення такіх сітуацый у будучыні.
— У межах рэалізацыі праектаў вы супрацоўнічаеце з установамі адукацыі. Якія праблемныя моманты ўзнікаюць у такім узаемадзеянні?
— Арганізацыя ўдзяляе асаблівую ўвагу супрацоўніцтву з установамі адукацыі, іх развіццю і эфектыўнасці. Дзіця шмат часу праводзіць у школе ці ў дзіцячым садзе. Менавіта там яно вучыцца будаваць адносіны з навакольнымі і атрымлівае тыя вопыт і веды, якія неабходны яму для паспяховай будучыні.
Вельмі важна, каб дзіця не адчувала сябе ізаляваным, а расло і развівалася разам з аднагодкамі ў роўных умовах.
І тут узнікаюць пытанні адносна таго, што трэба зрабіць, каб любое дзіця, незалежна ад сваіх здольнасцей і магчымасцей, ад сацыяльнага становішча сям’і, мела магчымасць атрымаць якасную адукацыю. А як улічыць усе цяжкасці ў вучэбным працэсе, з якімі непаўналетнія сутыкаюцца, і, наадварот, разгледзець здольнасці і стварыць максімальныя магчымасці для іх развіцця?
Сёння наша арганізацыя супрацоўнічае з 14 установамі адукацыі. Сярод іх ёсць установы дашкольнай, агульнай сярэдняй, а таксама спецыяльнай адукацыі. Спецыялісты ўсіх навучальных устаноў адзначаюць шэраг цяжкасцей, з якімі даводзіцца сутыкацца. Сярод найбольш частых праблем называюцца абмежаваныя магчымасці для аказання дадатковай падтрымкі дзецям з асаблівымі патрэбамі, недастатковасць рэсурсаў для выкарыстання інавацыйных тэхналогій, для таго каб зрабіць працэс навучання для ўсіх дзяцей больш інтэнсіўным і займальным. Акрамя гэтага, цяжкасці выклікае абмежаваны доступ да прафарыентацыйных паслуг, створаных у камерцыйных цэнтрах. Безумоўна, не хапае педагогаў, а ў тых, якія ёсць, не заўсёды высокі ўзровень спецыяльных ведаў. І самае важнае, спецыялістам нярэдка не хапае спецыяльных навыкаў падтрымкі бацькоў.
У пачатку кожнага навучальнага года SOS-Дзіцячыя вёскі арганізоўваюць рабочыя сустрэчы ва ўстановах адукацыі. Падчас іх правядзення абмяркоўваюцца праблемныя пытанні, вырашэннем якіх трэба будзе займацца ў найбліжэйшы час установе адукацыi і Дзіцячай вёсцы разам. Мы складаем план сумеснай работы на найбліжэйшы год. Паколькі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу з’яўляюцца дзеці, бацькі і педагогі, неабходна, каб усе яны атрымалі падтрымку.
Напрыклад, праблема гатоўнасці да навучання ў школе першакласнікаў вырашаецца не толькі праз індывідуальныя заняткі псіхолага з дзецьмі, але і з дапамогай заняткаў на камандаўтварэнне ў класе, а таксама пры дапамозе школьных акцый. Чым хутчэй дзіця пазнаёміцца і пасябруе са сваімі аднакласнікамі, тым хутчэй знікнуць трывога і няўпэўненасць, адчуванне адзіноты. Бацькі ў гэты перыяд таксама хвалююцца, але разам з гэтым могуць прад’яўляць занадта высокія патрабаванні да дзіцяці ці да настаўнікаў. Для іх арганізоўваюцца спецыяльныя сустрэчы, заняткі па павышэнні псіхолага-педагагічных кампетэнцый, сумесныя заняткі з дзецьмі і інш. Для спецыялістаў школы праводзіцца дадатковае навучанне па вузкіх прафесійных тэмах, яны знаёмяцца з эфектыўнымі метадамі і прыёмамі ў навучанні дзяцей.
— На жаль, бываюць выпадкі, калі дзіця застаецца без бацькоў і пападае ў прыёмную сям’ю. Як у прыёмных сем’ях адбываецца сацыялізацыя дзіцяці? Якія праблемы часцей за ўсё патрабуюць вырашэння з дапамогай вашых спецыялістаў?
— У нашай краіне шмат робіцца для таго, каб дзіця мела магчымасць расці ў сям’і. І калі гэта немагчыма ажыццявіць у роднай сям’і, застаецца варыянт альтэрнатыўнага сямейнага ўладкавання — апека, усынаўленне або прыёмная сям’я.
У прыёмных сем’ях адбываецца сацыялізацыя праз тое, што дзіця, пражываючы там, засвойвае знутры сістэму адносін паміж усімі яе членамі. Гэта той вопыт, які немагчыма засвоіць тэарэтычна, як гэта было ў інтэрнатных установах. Напрыклад, у нас была дзяўчынка, вельмі паспяховая ў плане вучобы, займалася ў лепшай гімназіі горада і выхоўвалася ў інтэрнатнай установе. Яна не ведала простых для сямейнага дзіцяці рэчаў, не магла адкрыць слоік варэння, не ведала, як пасмажыць яечню, таму што прывыкла атрымліваць гатовыя парцыённыя стравы.
У сям’і дзіця мае магчымасць пабыць у большай колькасці сацыяльных роляў, кантактуе з вялікай колькасцю звычайных людзей. Гэта калі параўноўваць з дзіцем, якое жыве ў інтэрнаце.
У асноўным праблемы ў сацыялізацыі ўмоўна можна падзяліць на два блокі: псіхалагічныя і сацыяльныя пытанні. У нашай практыцы бацькі звяртаюцца з праблемамі па адаптацыі дзяцей з іх эмацыянальнымі праблемамі (страхі, агрэсіўныя паводзіны), з нізкай самаацэнкай дзіцяці, прапрацоўкай дзецьмі псіхатраўміруючага жыццёвага вопыту, які быў атрыманы да размеркавання ў прыёмную сям’ю. Дзеці, якія перажылі страту біялагічнай сям’і, маюць парушэнне прыхільнасці, гэта значыць, ім складаней будаваць даверныя адносіны з дарослым, які пра іх клапоціцца. Нярэдка адбіваюцца наступствы папярэдніх зносін з бацькамі.
Часам існуе неразуменне індывідуальна-псіхалагічных асаблівасцей дзяцей-сірот педагогамі ў школе. Ад прыёмных бацькоў патрабуюць несці адказнасць за непаспяховасць дзіцяці ў вучэбнай дзейнасці як за роднае дзіця, якое з нараджэння выхоўвалася ў гэтай сям’і. На гэтым фоне ўзнікаюць канфліктныя сітуацыі або стыгматызацыі дзяцей-сірот.
Часта замяшчальныя бацькі адчуваюць цяжкасці падчас кантактаў прыёмнага дзіцяці з яго біялагічнымі бацькамі і сваякамі. Біялагічныя бацькі часта даюць дзіцяці нерэалістычныя абяцанні кшталту “я цябе хутка забяру, перастану піць, змяню сітуацыю”, а пасля такіх гучных заяў знікаюць з жыцця непаўналетняга. Затым зноў з’яўляюцца — і ўсё пачынаецца спачатку. Таксама біялагічныя сваякі могуць канкурыраваць з замяшчальнымі бацькамі, падтрымліваючы непрымальныя ў прыёмнай сям’і правілы, а таксама настройваюць дзіця супраць прыёмных бацькоў.
Што тычыцца сацыяльных пытанняў, нярэдка замяшчальныя бацькі не валодаюць нюансамі ў заканадаўстве, якое тычыцца правоў і гарантый дзяцей-сірот, не заўсёды ведаюць свае абавязкі ў рэалізацыі іх жыллёвых правоў. А такіх абавязкаў шмат. Трэба дзяцей паставіць на чаргу маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, на прызнанне жылых памяшканняў непрыдатнымі для пражывання, а таксама заняцца рэгістрацыяй дзяцей у жыллі прыёмных бацькоў і інш.
Мы часта сутыкаемся з тым, што людзі хочуць узяць у сям’ю прыёмнае дзіця, да канца не ўсведамляючы ўсю адказнасць і тыя цяжкасці, з якімі давядзецца сутыкнуцца. Таму важна кіравацца не ілюзіямі, марамі ці жалем да бедных сірот, а цвяроза падумаць, ці зможаце выхоўваць дзіця, якое перажыло разрыў з роднымі бацькамі. Ці зможаце вы прыняць дзіця з усім яго складаным вопытам? Ці зможаце займацца выхаваннем дзяцей практычна ў кругласутачным рэжыме, без выхадных? Ці будзеце гатовы будаваць кантакт з біялагічнымі сваякамі дзіцяці? Ці гатовы працаваць без атрымання хуткага бачнага выніку?
Увогуле, выхаванне прыёмнага дзіцяці — гэта заўсёды складаны працэс як для малыша, так і для прыёмных бацкоў. Усе сем’і праходзяць дастаткова доўгі і складаны перыяд адаптацыі, калі трэба мяняцца і падстройвацца адно да аднаго, вучыцца разумець і прымаць. І ў тым ліку трэба вучыцца расставацца з ілюзіямі і неапраўданымі чаканнямі. Добра, калі бацькі звяртаюцца па дапамогу, знаходзяцца ў групе падтрымкі прыёмных сем’яў, бо пытанняў узнікае шмат ужо ў працэсе жыцця з дзіцем.
Партнёрства, супрацоўніцтва і ўзаемадзеянне ўсіх зацікаўленых бакоў — гэта асноўны сакрэт поспеху. Якім бы ні быў доўгі шлях, калі бачыш, як мяняецца дзіця, як мяняюцца яго вочы, разумееш, што гэтым можна любавацца бясконца.
Гутарыла Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.