Арганізацыя працы і адпачынку навучэнцаў з’яўляецца адной з галоўных задач летняй аздараўленчай кампаніі. Ідэальна, калі адпачынак і праца спалучаюцца. Дасягнуць такой раўнавагі можна ў лагерах працы і адпачынку. На сённяшні дзень летнікі такога профілю заваёўваюць у дзяцей усё большую папулярнасць. І зразумела чаму. Акрамя адпачынку, ЛПА даюць дзецям магчымасць зарабіць свае першыя грошы. Пералік работ, якія могуць выконваць школьнікі, не вельмі шырокі. Напрыклад, навучэнцы сярэдняй школы № 2 Смалявіч, у якой дзейнічае ЛПА “Юнацтва”, працуюць у мясцовай жыллёва-камунальнай гаспадарцы.
Пра тое, як арганізаваны працоўны дзень у “Юнацтве”, расказала начальнік лагера настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 2 Смалявіч Вольга Мікалаеўна Бальнікава.
Лагер працы і адпачынку “Юнацтва” дзейнічае ў сярэдняй школе № 2 Смалявіч ужо некалькі гадоў. Пастаянным работадаўцам для школьнікаў кожнае лета выступае Смалявіцкая жыллёва-камунальная гаспадарка. Нягледзячы на не вельмі шырокі спіс работ, які прапаноўвае арганізацыя, жадаючыя зарабіць грошы на прадастаўленых умовах знаходзяцца штогод.
“Дзеці самі прымаюць рашэнне, як правесці лета, і цудоўна, што ў падлеткаў сёння ёсць магчымасць выбару. Штогод нашы навучэнцы з задавальненнем запісваюцца ў школьны лагер працы і адпачынку. Як кажуць самі падлеткі, лета — цудоўная магчымасць, каб зарабіць першыя грошы, якія пасля можна патраціць на сябе. Згодна з заканадаўствам, перш чым прапанаваць школьнікам падпрацоўку, паміж нашай навучальнай установай і работадаўцам заключаецца дагавор аб пераліку работ, якія будуць прадастаўляцца навучэнцам, — тлумачыць сістэму арганізацыі працы Вольга Мікалаеўна Бальнікава. — Пасля таго як школа і ЖКГ падпісалі ўсе ўмовы, вызначыліся з рэжымам і правіламі работы, з кожным з навучэнцаў, хто выказаў жаданне быць залічаным у ЛПА, заключаюцца грамадзянска-прававыя дагаворы. Як правіла, гэта адбываецца напярэдадні, калі ўжо ёсць поўная інфармацыя аб лагеры. У ЛПА мы прымаем усіх жадаючых ва ўзросце 14—16 гадоў. Перш чым дзеці будуць залічаны ў лагер, яны павінны сабраць пэўны спіс дакументаў. Безумоўна, вельмі важна, каб вучні ў першую чаргу прайшлі медыцынскую камісію, таму што тых, хто мае супрацьпаказанні, у лагер залічыць не зможам. Медыцынская даведка павінна змяшчаць інфармацыю аб стане здароўя дзіцяці, а таксама заключэнне аб годнасці непаўналетняга да работы або да выканання вызначаных відаў работ, якія ажыццяўляюцца ў перыяд знаходжання ў ЛПА. Акрамя гэтага, абавязковай умовай, якая дае магчымасць быць залічаным у ЛПА, з’яўляецца заява аднаго з бацькоў (законных прадстаўнікоў) аб згодзе на выкананне дзіцем работ на ўмовах грамадзянска-прававога дагавора”.
Вольга Мікалаеўна расказала, што сёлета падчас змены ў “Юнацтве” працавалі 20 навучэнцаў з цяпер ужо 9—11 класаў. Падлеткі ў асноўным працавалі на праполцы клумб, а таксама прыбіралі прыдамавыя тэрыторыі, якія адносяцца да ўласнасці ЖКГ.
“Штодзень, перш чым пайсці на работу, мы з навучэнцамі збіраліся ў школе, — працягвае Вольга Мікалаеўна, — і кожную раніцу абмяркоўвалі асновы бяспекі. Для мяне важна, каб дзеці ведалі, што рабіць у той ці іншай сітуацыі. Як сябе паводзіць падчас выканання работ, правілы дарожнага руху, а таксама правілы супрацьпажарнай бяспекі — усё гэта падлеткам трэба паўтараць не адзін раз. Важна, каб дзеці запаміналі такую інфармацыю. Самы эфектыўны спосаб запамінання, на мой погляд, праз апытанне. Калі бачу, што навучэнцы арыентуюцца ў правілах, даю ім распісвацца ў пратаколах, і толькі пасля гэтага выходзім на работу. Дарэчы, супрацоўнікі ЖКГ, якія курыравалі дзейнасць школьнікаў, таксама праводзілі з дзецьмі інструктаж па ахове працы і пярвічны інструктаж на працоўным месцы, якія ўключаюць пытанні аховы жыцця і здароўя, выкананне рэжыму работы і інш.”.
Начальнік лагера расказала, што сёлета навучэнцы, якія запісаны ў ЛПА, былі падзелены на дзве групы, кожную з якіх суправаджаў адзін педагог. У той час калі першая група працавала ў цэнтры горада, другая частка дзяцей была задзейнічана на гаспадарчых аб’ектах у адным з раёнаў горада.
“Кожны дзень на месцы працы нас чакаў замацаваны за дзецьмі супрацоўнік ЖКГ. Ён вызначаў пералік работ, якія неабходна выканаць за ўстаноўлены час, а працуем мы, як і дазволена заканадаўствам, 2 гадзіны 18 мінут, — кажа В.Бальнікава. — Работу дзеці выконвалі з рэгламентаванымі перапынкамі. Кожную гадзіну навучэнцам давалася 10—15 мінут для адпачынку”.
Адчуць сябе акцёрам
Нягледзячы на дакладны кірунак, у ЛПА, як і ў звычайным аздараўленчым школьным лагеры, падлеткі таксама маюць магчымасць цікава і з карысцю правесці час. Кожны дзень пасля абеду для дзяцей праводзіліся шматлікія мерапрыемствы, сярод якіх інтэлектуальныя і спартыўныя гульні, экскурсіі, а таксама сустрэчы з цікавымі людзьмі.
“Нашы дзеці вельмі любяць фізкультуру і спорт, таму шматлікія спартландыі, велапрагулкі і паходы заўсёды ёсць у праграме, — заўважае начальнік лагера. — Акрамя гэтага, важным кірункам дзейнасці ў ЛПА з’яўляецца прафарыентацыя. Нягледзячы на тое, што зараз лета, тэма пошуку сябе і выбару прафесіі з’яўляецца актуальнай. Напрыклад, на мінулым тыдні мы хадзілі ў раённае аддзяленне Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Ратавальнікі размаўлялі з падлеткамі і аб правілах бяспекі, і аб прафесіі. Дзецям паказалі машыны, на якіх спецыялісты выязджаюць на выклік, а таксама расказалі пра прынцып работы супрацоўнікаў МНС. Парадавала, што падлеткі задавалі шмат пытанняў аб дзейнасці ратавальнікаў. Усё ж такі для таго, каб аддаць выбар той ці іншай прафесіі, з ёй трэба хоць крыху азнаёміцца, убачыць прынцып работы на свае вочы”.
Шмат мерапрыемстваў у лагеры праводзілася па кірунку “Мая малая радзіма: эстафета карысных спраў”. Пешая экскурсія па горадзе, віктарына “Ведай свой край”, гутарка “Героі Вялікай Айчыннай вайны” таксама выклікалі цікавасць сярод дзяцей.
“Сёлета наша краіна святкавала важную дату — 75 гадоў з дня вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а таксама 45-годдзе з дня прысваення Мінску статусу горада-героя, таму мы не маглі абмінуць гэтую тэму, — канстатуе Вольга Бальнікава. — У рамках мерапрыемстваў, прысвечаных Вялікай Перамозе, была арганізавана віктарына “Ведай сваіх герояў”. Падчас яе правядзення мы з навучэнцамі ўспаміналі не толькі агульную гісторыю, але і важныя для нашай краіны, і вобласці ў прыватнасці, падзеі перыяду вайны. Спадабалася дзецям і экскурсія па памятных месцах Смалявіч. Іх у нас нямнога, але пра кожнае ёсць што расказаць. Увогуле, у гэтую змену большая частка мерапрыемстваў была патрыятычнага кірунку”.
У спісе абавязковых мерапрыемстваў у ЛПА значацца і сустрэчы з супрацоўнікамі органаў унутраных спраў. Частым госцем у лагеры была начальнік ІСН Смалявіцкага РАУС Ала Русановіч, якая праводзіла з дзецьмі размовы прафілактычнага кірунку.
“З інспекцыяй па справах непаўналетніх мы супрацоўнічаем вельмі актыўна, — працягвае Вольга Мікалаеўна. — Начальнік ІСН і на працягу навучальнага года, і падчас канікул не забывае пра нас. Увогуле, лічу, што сумесныя мерапрыемствы, якія арганізоўвае школа і ІСН, будуць даваць большы выхаваўчы эфект, чым калі б мы працавалі самастойна”.
Выхаваўчыя мерапрыемствы праходзілі не толькі ў школе, але і ў маладзёжным цэнтры “Смародзіна”. Вопытныя і крэатыўныя супрацоўнікі цэнтра праводзілі для падлеткаў шматлікія квесты і віктарыны, майстар-класы па акцёрскім майстэрстве.
“Дзеці маглі праявіць сябе не толькі ў працы, але і ў творчасці, — заўважае В.Бальнікава. — Увогуле, уменне пераключацца з аднаго віду дзейнасці на другі вельмі важнае. Мерапрыемствы, якія дапамагалі арганізоўваць супрацоўнікі цэнтра творчасці, давалі магчымасць падлеткам раскрыцца, стаць больш смелымі, не баяцца праяўляць свае эмоцыі перад равеснікамі”.
У адказе за горад і яго чысціню
Дзённыя лагеры працы і адпачынку, безумоўна, з’яўляюцца для дзяцей цудоўнай школай фінансавай дасведчанасці: акрамя магчымасці зарабіць, падлеткі вучацца самастойна распараджацца сваімі грашыма. 9-класнікі Аляксей Кішкурна і Андрэй Логвінаў праводзяць лета ў “Юнацтве” ўжо не першы год. На пытанне, чаму вярнуліся, адказваюць коратка і зразумела: “Падабаецца”.
“Пытанне наконт таго, як правесці лета, які лагер выбраць, нават не ўзнімалася, — кажа Андрэй Логвінаў. — Большасць аднакласнікаў адразу, як стала вядома, што прымаюцца заяўкі ў “Юнацтва”, запісаліся. Я не выключэнне. Рэжым работы лагера пабудаваны вельмі зручна. Раніцай мы працуем, а пасля абеду праводзяцца розныя мерапрыемствы. Безумоўна, больш за ўсё падабаюцца спартыўныя спаборніцтвы. Што тычыцца работы, мне падабаецца тое, што мы наводзім парадак у родным горадзе. Грошы, якія зараблю, планую патраціць на сябе, куплю што-небудзь для школы”.
Дарэчы, як абяцаюць у ЖКГ, за 15 рабочых дзён, пакуль доўжыцца змена, дзеці могуць зарабіць 90 рублёў, гэта значыць, што 3 гадзіны 36 мінут, на працягу якіх дазволена працаваць, каштуюць 7 рублёў. Што тычыцца бацькоўскай даплаты за лагер, сёлета яна склала 25 рублёў — гэта грошы, якія здаваліся за харчаванне. Астатняя сума — датацыя дзяржавы.
“Грошы, якія зарабляем, безумоўна, невялікія, але прыемна, што яны зароблены самастойнай працай, — дзеліцца думкамі Аляксей Кішкурна. — Яшчэ падабаецца, што ў лагеры сабраліся многія аднакласнікі, з якімі сябруем. У наступным годзе таксама планую запісацца ў “Юнацтва”. Усё ж такі гэта лепш, чым сядзець дома і не ведаць, чым заняцца. А тут мы не толькі адпачываем, але і дапамагаем свайму гораду станавіцца больш чыстым. Пасля таго як прыбіраем раён ад смецця і на свае вочы бачым, як востра стаіць пытанне экалогіі, больш не хочацца смеціць там, дзе жывём”.
Наталля САХНО.
Фота аўтара.