Навучыцца чуць дзяцей

Дзеці, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы ці пастаўлены на прафілактычны ўлік, летам патрабуюць асаблівай увагі. Менавіта для таго, каб зменшыць колькасць правапарушэнняў, а таксама папярэдзіць асацыяльныя паводзіны сярод падлеткаў, для іх у краіне ствараюцца абаронна-спартыўныя аздараўленчыя летнікі.

У ліпені такі летнік працаваў на тэрыторыі Усяжскай сярэдняй школы Смалявіцкага раёна. Вопыт арганізацыі “Патрыёта” — менавіта так называецца летнік — паказвае, што важным метадам у прафілактыцы супрацьпраўных паводзін з’яўляецца не толькі жорсткая дысцыпліна, але і ўменне чуць дзяцей і правільна заўважаць прычыну таго, што падштурхоўвае іх да супрацьстаяння закону.

На працягу змены, якая доўжылася 9 дзён, у палатачным абаронна-спартыўным летніку “Патрыёт” адпачылі 40 навучэнцаў з усяго раёна. Па словах начальніка летніка педагога дадатковай адукацыі Смалявіцкага раённага цэнтра дзіцячага турызму і краязнаўства Андрэя Мікалаевіча Ермаковіча, на працягу ўжо некалькіх гадоў гэтая лічба не мяняецца — яна ўстанаўліваецца загадзя, на момант фарміравання агульных спісаў дзяцей, якіх плануецца аздаравіць у летні перыяд.

“Абаронна-спартыўны палатачны летнік “Патрыёт” быў створаны ў першую чаргу з мэтай прафілактыкі правапарушэнняў падлеткаў. Згодна з нарматыўнымі дакументамі, у летніку 50% ад агульнай колькасці дзяцей павінны складаць падлеткі, якія знаходзяцца на прафілактычным уліку ў ІСН, астатняя частка непаўналетніх — дзеці, якія знахо­дзяцца ў сацыяльна небяспечным станові­шчы, а таксама выхоўваюцца ў мнагадзетных, апякунскіх і няпоўных сем’ях. Стварэнне падобных летнікаў — гэта цудоўная ініцыятыва, — кажа Андрэй Ермаковіч. — Падлеткі хаця б на 9 дзён могуць вырвацца з таго непазітыўнага, адмоўнага асяроддзя, у якім вымушаны знаходзіцца кожны дзень”.

Практыка правядзення палатачных абаронна-спартыўных кругласутачных летнікаў на тэрыторыі школ раёна дастаткова новая. Раней летнік для дзяцей, якія пастаўлены на ўлік у ІСН, арганізоўваўся на тэрыторыі ваеннай часці ў ваенным гарадку Печы. Падлеткі жылі ў казармах, а заняткі з імі праводзілі спецыялісты ведамства.

“Дзеці, якія ездзілі ў лагер, прахо­дзілі не толькі мінімальную ваенную падрыхтоўку, атрымлівалі веды аб службе ў арміі, але і мелі шанс выправіць свае паводзіны, — упэўнены начальнік летніка. — Зразумела, што тыя, хто знаходзіцца на ўліку ў ІСН, ужо маюць праблемы з законам, не ўме­юць сябе правільна паводзіць. А гэта значыць, што такіх дзяцей неабходна вучыць строгаму выкананню ўсіх правіл. Інакш непаўналетнія не будуць адчуваць розніцы паміж тым, як павінна быць, і тым, як яны сябе паво­дзяць. У падлеткаў кожны дзень у раскла­дзе — страявая падрыхтоўка, а таксама ўрокі па зборцы і стральбе. Гэта насамрэч была цікавая ініцыятыва, і дзецям яна падабалася. Потым адбыліся пэўныя змены, і профільны лагер у раёне пачалі арганізоўваць самастойна, але назву пакінулі першапачатковую — “Патрыёт”.

Тое, што месцам правядзення палатачнага летніка была выбрана Усяжская сярэдняя школа, не выпадковасць. Андрэй Мікалаевіч расказаў, што не кожная сярэдняя ўстанова адукацыі раёна можа забяспечыць дзяцей умовамі, неабходнымі для арганізацыі падобнага віду летніка.

“Лагер на працягу некалькіх гадоў “падарожнічаў” са школы ў школу, але ніяк не мог асесці на адным месцы, — працягвае тлумачыць начальнік “Патрыёта”. — Каб стаць пастаяннай пляцоўкай для базы летніка, навучальнай установе неабходна было выканаць шэраг умоў. У першую чаргу патрабавалася месца, дзе б можна было разбіць палатачны лагер, а яно павінна адпавядаць усім правілам бяспекі. У выніку падышла ўсяжская школа. Тут і сталовая побач, і спартыўная зала. Акрамя гэтага, непадалёк навучальнай установы знаходзіцца стадыён, куды дзеці з задавальненнем ходзяць займацца, а таксама фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Увогуле, умовы пражывання дзяцей у летніку вельмі добрыя, наш палатачны гарадок разбіты ў са­дзе школы. Што тычыцца каардынацыі дзейнасці летніка, гэтым займаецца ўпраўленне па адукацыі, спорце і турызме Смалявіцкага райвыканкама, а грашовыя сродкі на работу і функцыянаванне “Патрыёта” выдзяляе Рэспубліканскі цэнтр па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні.”.

Як запісацца на наступнае лета?

Стэрэатыпы, калі чуеш пра падлеткаў з сацыяльна небяспечных сем’яў, ствараюць перад вачыма не зусім ідэальныя малюнкі. Але часта нашы меркаванні памылковыя.

“Дзеці, якія адпачываюць у “Патрыёце”, нядрэнныя, але, як лічаць многія, ім проста калісьці не пашанцавала з бацькамі, — працягвае расказваць А.Ерма­ковіч. — Сярод тых, хто трапіў у ІСН на ўлік, не ўсе злосныя парушальнікі закона. Дзеці часта становяцца ахвярамі нашых памылак. Магчыма, у некаторых з дзяцей ёсць праблемы ў сям’і, і пэўныя ўчынкі з боку непаўналетняга, якія ён здзяйсняе і тым самым выклікае наша абурэнне, — гэта сігнал, які сведчыць пра тое, што на дзіця трэба звярнуць увагу, дапамагчы яму. Безумоўна, ёсць і дзеці, якія насамрэч патрабуюць кантролю з боку адпаведных структур, але іх не так многа. Так, між намі ёсць непаразуменні, але яны ўзнікаюць з-за дробязей, мы хутка ўсё выпраўляем. Менавіта па гэтай прычыне я не стаўлю перад сабой мэту заняцца іх поўным перавыхаваннем. Я стаўлю перад сабой задачу аздаравіць падлеткаў, паказаць ім, як можна правесці час з карысцю. Вялікую ўвагу ў летніку ўдзяляем харчаванню дзяцей з небяспечных сем’яў. Таму што, на жаль, падлеткі, якія растуць у такіх сем’ях, рэдка бачаць дома тыя прысмакі, якія гатуе для іх шэф-кухар сталовай усяжскай школы. Дарэчы, па маіх назіраннях, сёлетняя змена была як ніколі дружнай. Дзеці адразу знайшлі паразуменне паміж сабой і нават зараз, праз некаторы час пасля закрыцця летніка, падтрымліваюць зносіны. Многія яшчэ падчас знаходжання ў “Патрыёце” пыталіся, як можна запісацца на наступнае лета, — ім хочацца вярнуцца сюды ў такім жа складзе”.

Паколькі “Патрыёт” — летнік раённы, і ў ім адпачываюць дзеці не толькі са Смалявіч, але і раёна, арганізацыі вольнага часу непаўналетніх удзялялася вялікая ўвага з боку шматлікіх гарадскіх устаноў. Праграма летніка была пабудавана такім чынам, каб за 9 дзён падлеткі змаглі максімальна карысна адпачыць.

“Вольны час дзяцей стараліся арганізаваць так, каб ім пасля было што ўспомніць, — кажа Андрэй Мікалаевіч. — Мы стараліся напоўніць праграму летніка цікавымі і пазнавальнымі экскурсіямі і сустрэчамі. Запамінальнай стала паездка ў Жодзіна ў цэнтр патрыятычнага выхавання дзяцей “Вектар”. Там, дарэчы, ёсць вучэбныя цэнтры казарменнага тыпу, па якіх нам арганізавалі экскурсію. Дзецям было цікава паглядзець на тыя ўмовы, у якіх выхоўваюцца іх аднагодкі”.

Андрэй Мікалаевіч расказаў, што ў летніку вялікая ўвага ўдзяляецца спорту. Тры разы на ты­дзень падлеткам арганізоўвалі паездку ў басейн, а валейбол, баскетбол, тэніс, футбол на стадыёне, гульні ў шашкі і шахматы — кожны дзень.

“Задача любога летніка — аздараўленне дзяцей, — працягвае А.Ермаковіч. — Таму заняткі фізкультурай павінны быць пастаяннымі. Наш летнік абаронна-спартыўны, а значыць, тыя, хто тут адпачывае, павінны быць гатовыя да штодзённых трэніровак. Любы від спорту загартоўвае характар, працуе на карысць дзіцяці. Шашкі, шахматы — гэта таксама спорт, але інтэлектуальны. Прыемна назіраць, як дзеці самі, без усялякіх прапаноў з нашага боку, садзяцца за стол і гу­ляюць адно з адным. Гэта фарміруе ўседлі­васць і, безумоўна, вучыць лагічна і паслядоўна мысліць.

Мокрая “вайна”, турыстычны квест

Нягледзячы на тое, што кожнае лета ў “Патрыёт” прыязджаюць новыя дзеці, у праграму будучай змены кіраўніцтва летніка стараецца ўносіць нешта новае. Сёлета адзін з сюрпрызаў падлеткам падрыхтавала МНС Смалявіцкага раёна. У лагер адначасова прыехалі 3 пажарныя машыны. Безумоўна, спачатку дзеці не разумелі, што адбываецца.

“Ратавальнікі зрабілі сюрпрыз, пры­гналі машыны для таго, каб дзеці пася­дзелі за рулём, пазнаёміліся з прынцыпам работы службы, — тлумачыць Андрэй Ермаковіч. — Паколькі ў нас у летніку ў асноўным адны падлеткі, з якіх большасць — хлопчыкі, ім было вельмі цікава палазіць па машынах, паразмаўляць са спецыялістамі. Потым, калі кожны адчуў сябе крыху пажарным, ратавальнікі прапанавалі пастраляць вадой па мішэнях. Ратавальнікі расказалі дзецям, што зараз у раёне пажаранебяспечнае становішча, таму трэба заўсёды быць на пагатове, запраўленымі вадой. Хлопцы і дзяўчаты з вялікай ахвотай бралі ў рукі шланг і стралялі вадой. Гэта прынесла многа радасці. Потым яшчэ доўга ўспаміналі гэтую мокрую “вайну”.

Запомніліся падлеткам і гульня-квест, якую арганізавалі супрацоўнікі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Смалявіч, а таксама турыстычная сцежка, падчас праходжання якой трэба было выконваць шматлікія заданні, накіраваныя на арыентаванне на мясцовасці, і за гэта атрымліваць балы.

“Цікавыя мерапрыемствы праводзілі і супрацоўнікі цэнтра экалагічнага выхавання дзяцей. Безумоўна, такія летнікі, як наш, павінны курыравацца і супрацоўнікамі міліцыі, таму што большасць дзяцей, якія адпачываюць у “Патрыёце”, — іх выхаванцы. Падчас наведвання летніка з дзецьмі праводзяцца прафілактычныя гутаркі, правяраюцца ўмовы іх пражывання. Прадстаўнікі міліцыі сочаць за тым, каб у летніку паміж непаўналетнімі не ўзнікала ніякіх канфліктаў. Таму вельмі важна, што ў ІСН сітуацыю кожнага дзіцяці ведаюць і прыязджаюць нам дапамагаць”.

Наяўнасць псіхолага ў летніку для дзяцей і падлеткаў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы і на ўліку ў ІСН, таксама абавязковая. Таму псіхолагі часта прыязджалі для таго, каб правесці дыягностыку непаўналетніх. Спецыяліст заўважае змены ў паводзінах дзяцей, іх стаўленне адно да аднаго і можа паўплываць на вырашэнне некаторых спрэчных момантаў, якія ўзнікаюць паміж непаўналетнімі. Калі самастойна вырашыць праблему не атрымліваецца, тады ў лагер выклікаюць начальніка ІСН. Але, як заўважыў Андрэй Мікалаевіч, такой патрэбы яшчэ не ўзнікала.

У летніку дзеці адчуваюць свабоду, яны вырываюцца з тых умоў, дзе ім жыць не вельмі лёгка. Безумоўна, не ў кожнага з падлеткаў дома цяжкая атмасфера, але бацькі большасці з іх паказваюць сваім дзецям не той прыклад і сцэнарый, па якім трэба жыць. Размаўляючы адно з адным, дзеці вучацца камунікацыі, яны бачаць, што галоўнае ў іх узросце — гэта ўзаемавыручка і ўменне дапамагаць. Тое, якім будзе іх жыццё і якія лю­дзі будуць побач заўтра, залежыць толькі ад іх сённяшніх.

Наталля САХНО.
Фота аўтара.