Асаблівая ўвага — дзецям з сацыяльна неабароненых сем’яў

Штогод для аздараўлення і адпачынку дзяцей у летні перыяд у краіне арганізоўваюцца шматлікія аздараўленчыя лагеры, але найбольш папулярнымі сярод школьнікаў з’яўляюцца менавіта профільныя лагеры, у якіх можна не толькі адпачыць, але і зарабіць грошы ці чаму-небудзь навучыцца. Дарэчы, праз месяц у Пінскім раёне пачне працаваць першы беларуска-польскі лагер, які навучыць дзяцей не толькі міжнароднай камунікацыі, але і агульным для ўсіх правілам бяспекі.
Больш падрабязна пра міжнародны лагер, а таксама тое, якой сёлета ў вобласці будзе аздараўленчая кампанія, расказвае намеснік начальніка аддзела сацыяльнай і выхаваўчай работы галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Ала Уладзіміраўна СЯНЬКЕВІЧ.

Даведка

У 2018 годзе льготныя пуцёўкі ў НДЦ “Зубраня” атрымалі больш за 1500 выдатнікаў вучобы, лідараў школьнага самакіравання, пераможцаў алімпіяд, спаборніцтваў, інтэ­лектуальных гульняў, творчых конкурсаў.
На працягу 2018 года за мяжой прайшлі аздараўленне 1472 дзіцяці, у тым ліку ў Італіі адпачылі 589 дзяцей, у Галандыі — 290 і ў Германіі 199 непаўналетніх. Па дагаворы, які быў падпісаны галоўным упраўленнем па адукацыі з англійскай дабрачыннай некамерцыйнай арганізацыяй Chernobyl Children’s lifeline, у 2018 годзе на аздараўленне ў Вялікабрытанію былі накіраваны 265 дзяцей з малазабяспечаных сем’яў і сем’яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.
Акрамя таго, больш за 27 тысяч дзяцей праходзяць аздараўленне на базе ўстаноў адукацыі ў перыяд восеньскіх, зімовых і вясенніх канікул.
У 2018 годзе на аздараўленне былі накіраваны 11 076 дзяцей ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў, якія пражываюць на забруджаных радыенуклідамі тэрыторыях вобласці.

—      Ала Уладзіміраўна, колькі лагераў працуе гэтым летам у вобласці і якія гэта лагеры? Якую колькасць дзяцей ахопіць сёлетняя аздараўленчая кампанія?

—         3 красавіка 2019 года было прынята рашэнне Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта № 201 “Аб арганізацыі аздараўлення і санаторна-курортнага лячэння насельніцтва Брэсцкай вобласці ў 2019 го­дзе”, у якім усім зацікаўленым службам да­дзены даручэнні па арганізацыі летняй аздараўленчай кампаніі бягучага года.

Брэсцкім абласным інстытутам развіцця адукацыі на сваёй базе з лютага па красавік 2019 года праводзілася курсавая падрыхтоўка кадраў (ад дырэктара да выхавальніка) для працы ў аздараўленчых лагерах вобласці. Для арганізатараў летняй аздараўленчай кампаніі ў красавіку быў праведзены абласны вучэбны семінар “Удасканаленне дзейнасці, выхаваўчага працэсу, механізмаў распрацоўкі і ўкаранення ў практыку работы сучасных педагагічных тэхналогій у выхаваўча-аздараўленчых установах адукацыі”.

У летні перыяд 2019 года плануецца азда­равіць у лагерах вобласці 63 000 дзяцей (у адносінах да 2018 года гэта 101,9%, тады адпачывалі ў лагерах 61 800 дзяцей). У тым ліку ў лагерах з дзённым знаходжаннем будуць адпачываць 41 200 чалавек (101,7% да 2018 года), з кругласутачным знахо­джаннем — 21 800 чалавек (102,3% да 2018 года). Штогод план па аздараўленні дзяцей Брэсцкай вобласці павялічваецца за кошт павелічэння запытаў бацькоў, якія жадаюць аздаравіць дзяцей.

На патанненне кошту пуцёвак у аздараўленчыя лагеры выдзелена 6,8 млн рублёў са сродкаў рэспубліканскага бюджэту. Па даных райвыканкамаў, будуць арганізаваны 924 лагеры, з іх 723 — з дзённым і 201 — з кругласутачным знаходжаннем.

У летні перыяд 2019 года ў вобласці функцыянуе 21 стацыянарны аздараўленчы лагер на 3511 месцаў у змену (з іх 6 знаходзяцца ў ведамаснай падпарадкаванасці, 15 — у камунальнай уласнасці). Варта адзначыць, што 8 з 21 стацыянарнага аздараўленчага лагера, якія могуць размясціць 43% ад агульнай колькасці дзяцей, размешчаны ў Баранавіцкім раёне.

Арганізаваны лагеры ваенна-патрыя­тычнага і абаронна-спартыўнага профілю сумесна з вайсковымі часцямі і злучэннямі Міністэрства абароны, МУС, МНС, Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, куды ўключаюцца дзеці, у тым лiку тыя, якiя знаходзяцца на рознага віду ўліку. У 2018 го­дзе было арганізавана 60 такіх лагераў для 3333 дзяцей. І з кожным годам гэтая лічба павялічваецца.

У 2019 годзе такія лагеры ўжо арганізаваны і яшчэ будуць арганізаваны сумесна з в/ч 92504 у Брэсцкім раёне, з в/ч 74047 у Баранавічах. У дадатак да гэтага будуць працаваць кругласутачны ваенна-патрыятычны лагер на базе 38-й асобнай гвардзейскай Венскай Чыр­ванасцяжнай дэсантна-штурмавой брыгады і аздараўленчы кругласутачны лагер на базе мала­дзёжнага патрыятычнага цэнтра ў Брэсцкай крэпасці (чэрвень і ліпень).

Падчас арганізацыі рознага тыпу лагераў вялікая ўвага ўдзяляецца пытанням бяспекі і здароўя дзяцей. Работнікі службы па надзвычайных сітуацыях вобласці сумесна з прадстаўнікамі ўсіх зацікаўленых структур у рамках рэалізацыі праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Бяспека на трансгранічнай беларуска-польскай тэрыторыі” ўжо не першае лета праводзяць ва ўсіх дзіцячых лагерах прафілактычную акцыю “Канікулы без дыму і агню”, якая накіравана на пытанні бяспекі ў летнія месяцы.

Галоўнае ўпраўленне па адукацыі аблвыканкама сумесна з Брэсцкім упраўленнем МНС і Асводам праводзяць работу з дзецьмі па пажарнай бяспецы, бяспецы на вадзе, а таксама арганізоўваюць мера­прыемствы, накіраваныя на прафілактыку і супрацьдзеянне ўжыванню і распаўсю­джванню наркатычных сродкаў і курыльных сумесей. Для забеспячэння грамадскага парадку і правядзення мерапрыемстваў па прафілактыцы правапарушэнняў за ўсімі аздараўленчымі лагерамі вобласці замацаваны супрацоўнікі органаў унутраных спраў, а ў загарадных азда­раўленчых лагерах імі ажыццяўляецца кругласутачнае дзяжурства.

Увогуле, у вобласці прымаюцца выключныя меры, накіраваныя на гарантаванне бяспечных умоў падчас знаходжання дзяцей на аздараўленні.

—      Ці хапае сёння ў вобласці загараднай аздараўленчай базы, каб закрыць запатрабаванасць у кругласутачным аздараўленні дзяцей?

—         Для таго каб закрыць патрэбу ў кругласутачным аздараўленні дзяцей, існуючай у галіне загараднай аздараўленчай базы не хапае. Па гэтай прычыне задзейнічаем арандаваную базу. Брэсцкая воб­ласць займае лідзіруючыя пазіцыі па арганізацыі выхаваўча-аздараўленчых устаноў адукацыі (дзіцячых лагераў) на арандаванай базе, на базе школ, вучэбна-вытворчых камбінатаў, інтэрнатных устаноў, устаноў прафесійнай адукацыі.

Напрыклад, сёлета арганізавана работа абласных аздараўленчых лагераў на арандаванай базе ў Брэсцкім абласным кадэцкім вучылішчы. У ім размясціўся аздараўленчы лагер з кругласутачным знахо­джаннем ваенна-патрыятычнага профілю для 210 дзяцей. У Брэсцкім абласным ліцэі імя П.М.Машэрава працуе абласны аздараўленчы лагер з кругласутачным знаходжаннем для 70 дзяцей — пераможцаў раённых, абласных і рэспубліканскіх алімпіяд па вучэбных прадметах і інш.

—      Ведаю, што ў лагерах працы і адпачынку Брэсцкай вобласці штогод аздараўляецца найбольшая коль­касць навучэнцаў па краіне. У дадатак да гэтага, менавіта Брэсцкая воб­ласць адзіная, што выкарыстоўвае для арганізацыі ЛПА ўстановы прафесійна-тэхнічнай адукацыі.

—         Так, як і раней, асаблівая ўвага і ў бягучым годзе ўдзелена арганізацыі лагераў працы і адпачынку, у якіх сёлета плануецца аздаравіць 2360 дзяцей. Для арганізацыі ЛПА былі далучаны 12 устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі. У дадатак да гэтага ў Брэсцкай вобласці з кожным годам павялічваецца пералік профіляў, напрамкаў дзейнасці аздараўленчых лагераў для азда­раўлення дзяцей узросту 15—17 гадоў. Асаблівая ўвага штогод удзяляецца аздараўленню дзяцей з сацыяльна неабароненых катэгорый. У летні перыяд 2019 года будуць аздароўлены  больш чым 1400 дзяцей-сірот, больш за 600 дзяцей-інвалідаў і больш чым 1400 непаўналетніх, якія стаяць на індывідуальным прафілактычным уліку і знаходзяцца ў са­цыяльна небяспечным становішчы.

—      З 30 ліпеня па 17 жніўня ў Пін­скім раёне ўпершыню будзе праца­ваць беларуска-польскі лагер — першы міжнародны лагер у вобласці. Якім па профілі ён стане? Як прахо­дзіў адбор дзяцей у лагер з беларускага і з польскага боку? Як у лагеры будзе пера­адольвацца моўны бар’ер?

— Міжнародны аздараўленчы кругласутачны лагер “Выратавальнік” будзе арганізаваны на базе рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра “Світанак”. У “Выратавальніку” будуць аздараўляцца навучэнцы Брэсцкай вобласці і навучэнцы з Рэспублікі Польшча. Лагер будзе функцыянаваць пры падтрымцы арганізацыі “Добраахвотныя пажарныя”, а таксама РАНС Пінскага раёна і пажарнай службы Рэспублікі Польшча. Стварэнне такога лагера — гэта ініцыятыва галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама. На гэта нам спатрэбілася 2 гады. Для арганізацыі карыснага адпачынку і наладжвання і падтрымання  добрасуседскіх сувязей з Польшчай адгукнулася добраахвотная каманда “Столпна” з гора­да Мендзыжэц-Падляскі (Ochotnicza Straż Pożarna “Stołpno” w Międzyrzecu Podlaskim) Бяльскага павета Люблінскага ваяводст­ва. Пятнаццаць падлеткаў юных пажарных і пяць дарослых прадстаўнікоў команды Рэспублікі Польшча прыедуць да нас для ўдзе­лу ў “Выратавальніку”. Ад нашай краіны пры­маць удзел у лагеры будуць падлеткі, якія наведваюць уста­новы дадатковай адукацыі турыстычнага профілю, а таксама група беларускіх фіналістаў і прызёраў ІV Міжнароднага конкурсу дзіцячых малюнкаў на пажарную тэму, які праводзіцца арганізацыяй “Добраахвотныя пажарныя”, а таксама ўдзельнікі команды турыстычнага злёту “Выратавальнік”, які арганізоўвае Міжнародны валанцёрскі цэнтр юных ратавальнікаў-пажарных еўрарэгіёна “Буг”.

Польскі бок сумесна з пажарнымі Пінскага РАНС акрамя ўдзелу ў лагеры будзе праводзіць майстар-класы па выратаванні ў створаных небяспечных сітуацыях, а таксама па мерах абароны ад рознага роду стыхій. Акрамя гэтага, дзяцей навучаць правілам паводзін у складаных умовах, а таксама раскажуць і навучаць, як папярэджваць і не дапускаць падобныя фактары рызыкі.

І польскія калегі, і пажарная служба Пінскага РАНС пры падтрымцы Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС прадаставяць для працы лагера неабходнае абсталяванне, надзейныя і якасныя пажарна-тэхнічныя сродкі індывідуальнай абароны ратавальніка-пажарнага. Такім чынам, работа ў лагеры будзе накіравана на навучанне правільным дзеянням у надзвычайных сітуацыях і аказанне першай медыцынскай дапамогі пацярпелым, арганізацыю вольнага часу дзяцей і падлеткаў, прапаганду бяспечнага і здаровага ладу жыцця, а таксама на выхаванне ў падлеткаў псіхалагічнай устойлівасці да экстрэмальных сітуацый, цярпення, вытрымкі, смеласці, рашучасці, вынослівасці, пачуцця калектывізму.

Што тычыцца камунікацыі, праграмай лагера прадугледжана мінімальнае навучанне дзяцей польскай і рускай мове ў гульнявой форме. Упэўнена, калі падлеткі зацікаўлены, захопленыя і знаходзяцца на адной хвалі, моўнага бар’ера адчувацца не будзе.

Дарэчы, у “Світанку” ў мінулым годзе быў пабудаваны новы спартыўны комплекс з абсталяваным скаладромам, на якім з падлеткамі будуць таксама праводзіцца заняткі.

—      Сёлета ў некаторых аздараўленчых лагерах падчас змен будзе арганізавана навучанне па праекце адукацыйнага ІТ-лагера. На развіццё якіх кампетэнцый будуць накіраваны такія заняткі?

—         У ліпені — жніўні ў аздараўленчых лагерах “Арляня”, “Салют” і дзіцячым рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтры “Колас” Брэсцкай вобласці кампанія МТС сумесна з адукацыйным цэнтрам Парка высокіх тэхналогій арганізуе вучэбныя заняткі па праекце адукацыйнага IT-лагера. Да ўдзелу ў занятках будуць запрошаны больш за 100 дзяцей ва ўзрос­це 6 —15 гадоў з катэгорыі дзяцей-сірот, а таксама дзяцей, якія засталіся без апекі баць­коў, непаўналетніх, якія знахо­дзяцца ў сацыяльна небяспечным станові­шчы, а таксама дзеці з малазабяспечаных сем’яў.

На занятках дзеці атрымаюць магчымасць развіць свае навыкі ў канструяванні і робататэхніцы, будуць вывучаць пытанні кібербяспекі, пазнаёмяцца з тэхналогіямі дапоўненай віртуальнай рэальнасці і пашыраць кругагляд у высокатэхналагічных прафесіях.

—      Ала Уладзіміраўна, як сёлета вызначаўся кошт пуцёвак у лагеры рознага тыпу? У якім памеры вызначана бацькоўская даплата за аздараўленчы лагер і якая сума дзяржаўных датацый?

—         Сярэдні кошт пуцёўкі ў кругласутачны 18-дзённы аздараўленчы лагер складае 423 рублі, датацыя дзяржавы — 196 рублёў. Што тычыцца бацькоўскай даплаты, яна складае сёлета 227 рублёў. Сярэдні кошт пуцёўкі ў дзённы лагер на 18 дзён складае 122 рублі, пра гэтым датацыя дзяржавы — 81 рубель, а значыць, бацькоўская даплата складзе 41 рубель.

На патанненне кошту пуцёвак у аздараўленчыя лагеры для дзяцей работнікаў бю­джэтнай сферы, на даплату да поўнага кошту пуцёвак для інвалідаў да 18 гадоў, для дзяцей-сірот, на набыццё пуцёвак для выхаванцаў школ-інтэрнатаў і іншых сацыяльна неабароненых катэгорый прадугледжана 358,4 тысячы рублёў са сродкаў мясцовага бюджэту.

Гутарыла Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.