Ці лёгка быць маладым?

Як не памыліцца з выбарам прафесіі, асабліва калі яна тычыцца работы з дзецьмі? Як пераканацца ў тым, што выбар правільны, і хто можа дапамагчы ў гэтай няпростай справе? На гэтыя і іншыя складаныя пытанні шукалі адказы ўдзельнікі круглага стала, які прайшоў нядаўна ў рэдакцыі “Настаўніцкай газеты”: намеснік старшыні Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Валянціна Аляксееўна Ільіна; дацэнт Інстытута псіхалогіі БДПУ імя Максіма Танка Святлана Яўгенаўна Пакроўская; старшыня Савета маладых вучоных намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута агульнай неарганічнай хіміі НАН Беларусі Андрэй Іванавіч Іванец; намеснік старшыні Савета маладых вучоных навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Станіслаў Сцяпанавіч Юрэцкі; старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў БДЭУ Міхаіл Фляр’янавіч Барэйша; старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў БДПУ імя Максіма Танка Вольга Мікалаеўна Дымкова; старшыня Маладзёжнага савета Мінскай гарадской арганізацыі галіновага прафсаюза Таццяна Пятроўна Арлоўская; галоўны спецыяліст па рабоце з моладдзю ЦК Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Дзмітрый Уладзіміравіч Гарбачоў.

С.Пакроўская.

Святлана Яўгенаўна Пакроўская:

— Праблема выбару прафесіі ў юнацтве з’яўляецца важнай i сур’ёзнай. Таму прыемна, што гэтаму пытанню ў нашай краіне ўдзяляюць шмат увагі. У цэлым у нас вельмі добрая моладзь, з ёй трэба праца­ваць i дапамагчы знайсці сябе. Падрыхтоўкай спецыялiстаў займаюцца шмат уста­ноў вышэйшай адукацыі. Адна з iх — Інстытут псіхалогіі БДПУ. Увогуле,  у Iнстытуце псіхалогіі рыхтуюць псіхалагічна-дасведчаных людзей. Спе­цыяльнасць псiхолага, якую атрымліваюць нашы студэнты, насамрэч не толькi вельмі цікавая, але і запатрабаваная. Навучанне адбываецца па некалькіх спецыяльнасцях: педагагічная псіхалогія, сацыяльная псіхалогія, псіхалогія сямейных адносiн, псіхалогія прадпрымальніцкай дзейнасцi, практычная псiхалогiя.

Я кiрую студэнцкай навукова-даследчай лабараторыяй “Псiхалогiя прафесiйнага самавызначэння”. На адным з пасяджэнняў узнікла пытанне, што больш важна — прафесійнае ці асабістае самавызначэнне. Маладыя людзі гаварылі вельмі правільныя рэчы. Я абсалютна згодна з тым, што нельга ўвайсці ў прафесію, калі ты да яе проста не гатовы. Прафесія — гэта выдатны спосаб самарэалізацыі.

Большасць нашых студэнтаў вучацца на платнай аснове, i пасля заканчэння інстытута атрымліваюць свабодны дыплом, а значыць, маюць свабоднае працаўладкаванне. Ёсць таксама студэнты, якія сур’ёзна займаюцца навукай. Такую магчы­масць дае паступленне ў магістратуру, дзе існуюць два напрамкі навучання — практыка-арыентаваны і навуковы. Пасля магістратуры многiя выпускнiкi маюць магчымасць паступаць у аспiрантуру, займацца ва ўніверсітэце педагагічнай дзейнасцю. Для таго каб прасачыць іх прафесійны шлях, мы вядзём маніторынг.

Большасць маладых людзей знахо­дзяць месцы ў cicтэме адукацыi: школах i дашкольных установах. Безумоўна, пачынаючыя спецыялiсты сутыкаюцца з праблемамi. Бывае, што малады спецыяліст, адпрацаваўшы 2 гады па размеркаванні, адразу пасля вызначанага тэрміну сыходзіць з першага рабочага месца. Відавочна, што нармальнай з’явай з’яўляецца і змена прафесіі. Маладыя людзі шукаюць работу ўжо нават не па спецыяльнасці, а тую, дзе можна атрымліваць большую зарплату.

Замежныя даследаванні паказваюць, што пасля 7 гадоў працы пачынаецца эмацыянальнае выгаранне. Нават калі чалавек упэўнена рухаецца па кар’ернай лесвіцы, прафесійная дэфармацыя ўсё роўна развіваецца. Што тычыцца адаптацыі нашых выпускнікоў на рабочым месцы, то псіхолагі з гэтым не маюць праблем, ім прасцей за ўсіх.

В.Дымкова.

Вольга Мікалаеўна Дымкова:

— У студэнтаў, будучых педагогаў, таксама ёсць адаптацыйны перыяд, які пачынаецца з псіхалагічных трэнінгаў. Іх, дарэчы, праводзяць высокакваліфікаваныя спецыялісты.

Прыкметна, што на працягу многіх гадоў у нас усе без выключэння студэн­ты забяспечваюцца месцамі ў інтэрнатах.

Важна, што ўжо 2 гады запар да нас прыходзяць абітурыеты, якія скончылі педагагічныя класы. Менавіта гэтыя маладыя людзі ў параўнанні з астатнімі найбольш падрыхтаваныя і сацыяльна матываваныя. З 1 курса яны ўжо выбіраюць кірункі для дзейнасці, займаюць актыўную пазіцыю: становяцца старастамі груп, прымаюць удзел ва ўсемагчымых мерапрыемствах. Так, дзякуючы актыўнаму ўдзелу ў жыцці ўніверсітэта, у мінулым годзе ў Дзень настаўніка 5 студэнтаў 1 курса былі адзначаны Мінскім абласным камітэтам прафсаюзаў, атрымалі граматы. Дарэчы, усе маладыя людзі з’яўляюцца выпускнікамі педкласаў. Адзін са студэнтаў увайшоў у склад прафесійнага бюро, стаў намеснікам старшыні прафсаюзнай арганізацыі аднаго з факультэтаў.

Увогуле, калі дзеці мэтанакіравана прыходзяць у прафесію, гэта цудоўна. Яны з самага пачатку ведаюць, да чаго трэба імкнуцца, якія перспектывы адкрывае перад імі прафесія. Акрамя вучобы, студэнтам выпадае магчымасць прымаць удзел у шматлікіх мерапрыемствах, якія арганізуе ўніверсітэт. Так, у нас існуе цікавая традыцыя —  правя­дзенне “зорных” паходаў. Сёлета стартаваў 53-ці паход.

Зыходзячы з вопыту і назіранняў, магу сказаць, што актыўная жыццёвая пазіцыя з’яўляецца немалаважнай падчас навучання ва ўніверсітэце. Так, перад Новым годам ва ўніверсітэт прыязджала адна з былых студэнтак, якая размеркавана ў брэсцкую школу. Яна прыйшла і сказала, што вельмі рада, што падчас навучання была ў прафсаюзе. Дзякуючы гэтаму, стала больш кантактнай, навучылася размаўляць з лю­дзь­мі і цяпер свабодна будуе адносіны з навучэнцамі і іх бацькамі, а таксама лёгка ідзе на кантакт з кіраўніцтвам школы. Увогуле, трэба памятаць, што за кожным вялікім настаўнікам стаіць такі ж вялікі педагог.

М.Барэйша.

Міхаіл Фляр’янавіч Барэйша:

— У студзені 2016 года на пленуме Цэнтральнага камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі быў створаны маладзёжны савет, які сёння мае два кірункі дзейнасці: работа са студэнцкай моладдзю і работа з маладымі спецыялістамі.

Мы займаемся маніторынгам праблем, якія сёння існуюць у нашай галіне. Маладзёжныя саветы створаны ва ўсіх рэгіёнах краіны. Кіраўнікі саветаў уваходзяць у склад маладзёжнага савета нашага галіновага прафсаюза. Відавочна, што яны займаюцца вырашэннем праблем, якія існуюць у маладых спецыялістаў, а таксама ўносяць прапановы ў Цэнтральны камітэт прафсаюза, Міністэрства адукацыі, каб зрабіць жыццё і работу маладых педагогаў больш лёгкімі. Маладзёжныя саветы, якія створаны ў рэгіёнах, не толькі акумулююць праблемы маладых спецыялістаў, але і дапамагаюць у адаптацыі, а таксама праводзяць шматлікія мерапрыемствы непасрэдна пад эгідай прафсаюза і маладзёжнага савета. Варта адзначыць, што члены рэгіянальных прафсаюзных саветаў рэгіёнаў уключаюцца ў кіруючыя органы галіновага прафсаюза.

Т.Арлоўская.

Таццяна Пятроўна Арлоўская:

— Маладзёжныя саветы маюць вельмі важную мэту — дапамагчы маладому спецыялісту замацавацца на сваім рабочым месцы. Ідэальна, калі гэта будзе першае рабочае месца, але, на жаль, не заўсёды так атрымліваецца.

Гісторыя маладзёжнага савета Мінскай гарадской арганізацыі прафсаюза пачалася 5 гадоў назад. У 2014 годзе на першых рабочых месцах замацаваліся 50,4% ад агульнай колькасці тых маладых людзей, якія былі размеркаваны. У 2017 годзе такой моладзі было ўжо амаль 60%. Так, 10% — гэта не так і многа, але, калі ўлічыць, што паказчыкі тычацца выключна Мінска, можна сказаць, што лічба добрая. Такім чынам, перад намі стаяц­ь некалькі задач. У першую чаргу мы павінны праінфармаваць, даць параду наконт таго, што рабіць у той ці іншай спрэчнай сітуацыі. Безумоўна, у маладога настаўніка могуць быць непаразуменні з кіраўніком навучальнай установы, а таксама часта ўзнікаюць жыллёвыя праблемы. З усім гэтым мы можам дапамагчы, даць параду. Для таго каб будучыя выкладчыкі разумелі, што існуе арганізацыя, у якую можна звярнуцца па параду, у жніўні право­дзяцца сустрэчы з маладымі кадрамі, дзе тлумачацца ўсе аспекты ўзаема­дзеяння. У верасні камітэт па адукацыі, МГІРА, а таксама прафсаюзы праводзяць сустрэчу пад назвай “Ці лёгка быць маладым?”. Падчас яе настаўнікаў кансультуюць юрыст, эканаміст і іншыя спецыялісты.

Безумоўна, на такіх тэматычных су­стрэчах гаворым і пра сацыяльныя гарантыі, якія моладзі дае менавіта праф­саюз. Напрыклад, калі малады педагог мае дыплом з адзнакай, яму павышаецца тарыфная стаўка, аклад на 10%. Пасля таго, як малады чалавек адпрацаваў 2 гады і плануе застацца ў школе яшчэ на адзін год, ён атрымлівае павышэнне тарыфнай стаўкі 1 разраду. У 2017 годзе тарыфная стаўка складала 34 рублі.

У настаўнікаў ёсць магчымасць прымаць удзел у конкурсах прафесійнага майстэрства, а гэта дазваляе крыху павысіць зарплату. Акрамя рэспубліканскіх спаборніцтваў, настаўнікі могуць прымаць удзел і ў міжнародных прафесійных спаборніцтвах, адным з якіх з’яўляецца конкурс “Педагагічны старт”, на які прымаюцца эсэ, сачыненні на вызначаную тэму. Безумоўна, такія ініцыятывы з боку настаўнікаў заахвочваюцца і прафсаюзам, і кіраўніком навучальнай установы. Увогуле, усё прапісана ў калектыўным дагаворы.

Яшчэ адным цікавым кірункам дзейнасці, які дае магчымасць пашы­рыць кола знаёмстваў, назапасіць вопыт, з’яўляюцца камандзіроўкі. Яны арганізуюцца не толькі па нашай краіне, педагогі выязджаюць і за мяжу. Цікавым з’яўляецца конкурс “Малады — маладому”. На працягу 2 гадоў  у настаўнікаў ёсць магчымасць вывучаць замежныя мовы.

Цудоўна, што ў маладых педагогаў хапае сіл на многае. Маладым усё цікава, а значыць, будучыня за імі, цікаўнымі і таленавітымі.

Дарэчы, сёння фарміруецца новы фармат педагогаў, гэта зусім іншыя людзі, яны амбіцыйныя і ведаюць, чаго хочуць.

А.Іванец.

Андрэй Іванавіч Іванец:

— Прафарыентацыя пачынаецца нават не ў старшых класах школы, а значна раней, у пачатковай школе. І ў прафесіі вельмі важна сустрэцца з патрэбным чалавекам, з цікавым педагогам, бо гэта выбар ладу жыцця, упэўне­насць у сваіх сілах і жаданне іх прымяняць. Хачу асабліва падкрэсліць: якую б сістэму адукацыі ні стварала дзяржава, прафсаюзы, грамадскасць, без настаўнікаў, адданых сваёй прафесіі, нічога не атрымаецца.

Мы ў Савеце маладых навукоўцаў разумеем, як важна своечасова заўважыць здольнасці ў чалавеку, працуем і са школьнікамі, і са студэнтамі, з Мін­скім гарадскім інстытутам развіцця адукацыі, Miнскiм дзяржаўным  палацам дзяцей і моладзi, арганізоўваем конкурсы для малодшых школьнікаў, потым — для старшых, працуем з УВА, праводзячы разам міжнародныя турніры. З БДУ, напрыклад, мы сёлета бу­дзем праводзіць ужо 5-ы Міжнародны студэнцкі турнір прыродазнаўчых дысцыплін, які аб’ядноўвае на адной пляцоўцы фізікаў, хімікаў, біёлагаў. І, канечне, працуем з магістрантамі Iнстытута падрыхтоўкi навуковых кадраў акадэмii навук, бо кожны рыхтуе кадры для сябе, таму мы імкнёмся разабраць лепшых яшчэ “куранятамі”.

Пры гэтым са студэнтамі старшых курсаў, лічу, працаваць позна, бо пераканаць старшакурснікаў, што іх далейшы шлях — навука, надзвычай складана. Штогод праз структуру акадэміі навук праходзяць больш за паўтысячы найбольш матываваных студэнтаў, якiя выконваюць у нашых навуковых установах курсавыя і дыпломныя работы. У тых, хто звярнуўся да навукі на 1 курсе, ёсць шанс у ёй застацца; тыя навучэнцы, хто прыйшоў да яе на стадыі абароны дыплома, такія шансы амаль страцілі. Старшакурснікі цудоўна разумеюць: праз паўгода-год яны атры­маюць дыплом, будуць працаваць. А выбар прафесіі навукоўца патрабуе значна большага часу.

Моладзь цяпер цікавіць не што будзе заўтра, а што будзе сёння. Чалавеку, лічу, важна не тое, якая ў яго будзе даплата як у маладога спецыяліста, а што ён атрымае ўвогуле, якiя ўмовы рэалiзацыi патэнцыялу яму прапа­нуюць i якую ён будзе атрымліваць зарплату. У навуцы ўзровень зарплат напрамую залежыць ад запатрабаванасцi вынiкаў тваёй працы, i сёння дзяржава скіроўвае навуку на самаакупнасць. І маладыя спецыялісты, якія прыходзяць у акадэмію навук, павінны разумець, што іх заробак зале­жыць ад цэлага шэрага фактараў, ад таго, у якую лабараторыю яны трапяць, у які калектыў, наколькі хутка ўвальюцца ў тэматыку. Магчымасць працаваць па міжнародных праектах, напрыклад, атрымліваць за гэта адпаведныя грошы, трэба яшчэ зарабіць — валодаць пэўнымі кампетэнцыямі ў канкрэтнай тэматыцы. У самым лепшым выпадку толькі праз год-два малады навуковец зможа знайсці сваё месца ў лабараторыі, не з пункту гледжання проста работы, а ўкладу ў значныя праекты.

Трэба адзначыць, што не кожны сёння застаецца ў навуцы. І з майго пункту гледжання гэта нармальна: я за тое, каб у навуцы не заставалася выпадковых людзей. Няхай чалавек як мага раней зразумее, што гэта не яго, чым потым жыве з адчуваннем чагосьці страчанага. І я не настойваю на тым, каб людзі назаўсёды замацоўваліся, заставаліся на адным месцы, я за  мабільнасць. Галоўнае, каб увасабляліся два моманты: чалавек заставаўся ў сваёй спецыяльнасці (на любой рабоце па сваім напрамку) і каб працаваў на Радзіме. Трэба думаць, як зрабіць так, каб нашы вучоныя, якія вучацца за мяжой, заставаліся ў беларускай навуцы, захоўваючы мабільнасць.

Сённяшнія маладыя людзі рэалісты, арганізацыя вольнага часу, дапамогі, лічу, не самае галоўнае для іх. Важна даць ім магчымасць рэалізавацца прафесійна. І справа не столькі ў зарплаце, а ў тым, каб у вучоных была магчымасць працаваць у калектыве, які дасць неабходную навуковую школу, матэрыяльна-тэхнічную базу, а таксама мiжнародныя сувязi, інакш немагчыма рэалізаваць свой творчы і навуковы патэнцыял. Сёння рабіць навуку без мiжнароднай кааперацыi i сучаснага абсталявання немагчыма.

С.Юрэцкі.

Станіслаў Сцяпанавіч Юрэцкі:

— Хачу дадаць: у тым, што тычыцца замацавання кадраў, у нас ёсць пэўная спецыфіка.Так, Інстытут сацыялогіі НАН Беларусі перыядычна праводзіць апытанні аспірантаў і маладых вучоных. Высвятляецца, што матэрыяльны фактар, безумоўна, мае важнае значэнне, але стаіць па значнасці толькі на 3-м месцы. На 1-м і 2-м — цікавасць да навуковых даследаванняў і магчымасць самарэалізацыі ў сценах акадэміі навук.

Я і са свайго вопыту, са зносін з лю­дзь­­мі ведаю — тыя, хто памылкова прыходзіць у навуку, шукаючы толькі матэрыяльных выгод, пасля магістратуры ў аспірантуру, як правіла, не паступаюць. Таму яшчэ адна з нашых задач — падтрымаць у маладых лю­дзей цікавасць да навукі, бо па-рознаму, нават у аспірантаў, могуць складвацца адно­сіны з навуковымі кіраўнікамі і з тэматыкай даследаванняў.

А з моладдзю ў нас працавалі заў­сёды, пачынаючы з савецкіх часоў. Навукоўца можа зразумець толькі навуковец, таму работа Савета маладых вучоных тут неабходна. Гэта навуковыя мерапрыемствы, якія маладыя вучоныя арганізоўваюць самі для сябе. Нам, зразумела, дапамагаюць фінансава, але тэматыку выбіраем самі, і кіраўніцтва НАН Беларусі нас падтрымлівае.

Важнасць работы з маладымі вучонымі дыктуецца ў тым ліку неабходнасцю захавання непарыўнай сувязі паміж навуковымі кадрамі розных пакаленняў.

В.Ільіна.

Валянціна Аляксееўна Ільіна:

— Я абсалютна згодна са Святланай Яўгенаўнай наконт таго, што да нас прыходзіць цудоўная моладзь. Трэцяя частка членаў галіновага прафсаюза — гэта навучэнцы. Прафсаюз у жыцці цяперашняга пакалення робіць вельмі многае, у тым ліку і для прафарыентацыі, замацавання ў прафесіі. Мы якраз за тое, каб у педагогіцы складваліся працоўныя дынастыі, нават выдалі кнігу “Прафесія вечнай маладосці” пра педагагічныя дынастыі, што ёсць у Беларусі. Сем’і педагогаў  ушаноўваюць ва ўсіх універсітэтах, падчас любых свят. Што такое педагагічная дынастыя? Гэта таксама адзін са шляхоў прафарыентацыі, магчымасць асэнсаванага выбару прафесіі.

Прафсаюз выдаў кнігу “Педагогі ў франтавой гімнасцёрцы”, каб заха­ваць трыдыцыі і памяць для педагагічнай моладзі, гэта таксама важна. Да таго ж мы пастаянна праводзім сумесныя пасяджэнні ветэранаў педагагічнай працы і маладых членаў прафсаюза. Акрамя таго, падняццю прэстыжу прафесіі педагога спрыяе тое, што на Беларускім тэлебачанні па ініцыятыве Федэрацыі прафсаюзаў выходзіць перадача “Народная раніца”, героямі якой становяцца і педагогі, нават тыя, хто прысутнічае за нашым круглым сталом, я маю на ўвазе Андрэя Іванавіча.

Хачу таксама падтрымаць Вольгу Дымкову, якая гаварыла пра педагагічныя класы. Яны і сапраўды дапамагаюць заахвочваць моладзь да атрымання педагагічнай прафесіі. Але нельга забываць і пра тое, што пасля атрымання прафесійнай адукацыі моладзі патрэбна жыллё. Калі хлопец ці дзяўчына паступілі ў педуніверсітэт пасля заканчэння педкласа, то яны, як правіла, і працаваць вяртаюцца на малую радзіму, а значыць, пытанне з жыллём хаця б на пэўны час вырашаецца.

Многія праблемы навучэнцам і маладым спецыялістам дапамагае вырашыць прафсаюз. У пагадненні паміж Міністэрствам адукацыі і галіновым прафсаюзам  устаноўлены дадатковыя меры матэрыяльнага стымулявання працы, у тым ліку павышэнне тарыфнай стаўкі (аклада) і прадастаўленне дадатковага заахвочвальнага адпачынку пры заключэнні кантрактаў, іншыя гарантыі работнікам з ліку выпускнікоў. Такая норма прапісана ва ўсіх абласных (Мінскім гарадскім), раённых, гарадскіх пагадненнях, калектыўных дагаворах уста­ноў адукацыі.

Прывяду прыклад: з маладымі спецыялістамі кантракты пры прыёме на работу могуць быць заключаны з іх пісьмовай згоды ў межах максімальнага тэрміну дзеяння на час, не меншы за тэрмін абавязковай работы па размеркаванні і пры накіраванні на работу. Кантракты заключаюцца пры ўмове павышэння тарыфнай стаўкі (аклада) не больш чым на 50% і прадастаўлення дадатковага заахвочвальнага адпачынку да 5 каляндарных дзён. А калі яшчэ і калектыў добра сустрэне пачаткоўца, то ўсё, лічу, у яго прафесійным жыцці складзецца.

Дадам яшчэ, што ўсе членскія ўзносы, якія студэнты збіраюць у свае прафсаюзныя арганізацыі, у гэтых арганізацыях і застаюцца, праўда, гэты парадак тычыцца толькі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Студэнты і іншыя навучэнцы ўдзельнічаюць у размеркаванні месцаў у інтэрнатах, у пытаннях па арганізацыі гарачага харчавання, удзельнічаюць у сустрэчах з рэктарамі, задаюць ім любыя праблемныя пытанні. Моладзь задае іх і старшыні ФПБ. Так, 28 снежня Міхаіл Сяр­геевіч Орда наведаў  Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, сустракаўся з прафсаюзным актывам, і студэнты задалі яму шмат пытанняў — наконт праезду ў грамадскім транспарце, напрыклад. Міхаіл Сяргеевіч, дарэчы, узяў гэтае пытанне на кантроль.

Што тычыцца нашага прафсаюза, то мы плануем узмацніць работу з магістрантамі, аспірантамі, маладымі вучонымі. Андрэй  Іванавіч своечасова ўзня­ў гэтае пытанне, магчыма, неабходны і змены ў Працоўным кодэксе, вяртанне, напрыклад, творчых адпачынкаў навукоўцам. Верагодна, у галіновым прафсаюзе мы створым камісію па рабоце з навуковай моладдзю. Ёсць пытанне і па аплаце працы, яго таксама не пакінем без увагі.

Д.Гарбачоў.

Дзмітрый Уладзіміравіч Гарбачоў:

— Стымуляванне маладых спецыя­лістаў — важная справа, ад гэтага нам нікуды не пайсці. ЦК Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі выплачвае аднаразовыя дапамогі актывістам прафсаюзнага руху, і гэта для многіх важна. Я як магістрант БНТУ, які зусім нядаўна быў студэнтам, ведаю, што сучасным студэнтам важны момант прызнання іх дасягненняў у ганаровай атмасферы. Малады чалавек адчувае сваю значнасць, карыснасць, важнасць сваёй работы, калі яго ўзнагароджваюць. Ведаю дзяўчыну, якая была актывісткай студэнцкага прафсаюзнага руху. Цяпер яна педагог, працуе ў каледжы і ўсё гэтак жа актыў­на задзейнічана ў жыцці прафсаюзнай арга­нізацыі. Чалавек разумее, што можа далей развівацца і ў прафесіі, і ў грамадскай дзейнасці.

У 2018 годзе выплаты, пра якія я гаварыў, атрымалі 22 чалавекі, і не толькі студэнты УВА, а і навучэнцы ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі. А ёсць яшчэ і стыпендыя Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, якую студэнт можа атрым­ліваць на працягу года за выдатную вучобу і актыўную прафсаюзную дзейнасць. Матывацыя да развіцця ёсць, і яна працуе — і матэрыяльная, і маральная.

Святлана Яўгенаўна Пакроўская:

— Прафесія настаўніка, выкладчыка цудоўная, унікальная. І менавіта педагогі ствараюць нашу будучыню, навуковы патэнцыял. Нельга забываць, што суадносіны матэрыяльнага і асабістага будуць існаваць заўсёды. Якім бы ні быў добрым калектыў, ёсць моманты, якія трэба ўмець прафесійна вырашаць. Таму спадзяёмся, што прафсаюз зверне ўвагу на такі важны аспект, як павышэнне заработнай платы для псiхолагаў сістэмы адукацыi, а таксама настаўнікаў. Маладым cпецыялicтам неабходна мець матывацыю, каб застацца ў прафесіі. І, згадзіцеся, аб якіх бы плюсах мы ні гаварылі, зарплата — вельмі важны складнік.

Марына ХІДДЖАЗ,
Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.