У хованкі з ценем

Псіхіка — гэта вельмі складаная для разумення і ўвогуле непрадказальная з’ява. Нават дарослы і на першы погляд псіхалагічна ўстойлівы чалавек ніколі не можа спрагназаваць, якімі будуць яго паводзіны, калі баланс унутраных сіл і эмоцый парушыцца. З дзіцячым светаўспрыманнем усё намнога складаней. Здаровае дзіця за перыяд дзяцінства перажывае 6 крызісаў. І вельмі важна, каб падчас кожнага з іх яно ведала, да каго можа звярнуцца па параду. Клубок канфліктаў і праблем абавязкова павінен быць разматаны, таму што адна зачэпка — і нітка можа парвацца. А значыць, наступствы могуць быць непрадказальнымі.

На жаль, не заўсёды блізкія людзі могуць прыйсці на дапамогу дзецям. І не з-за таго, што бацькам ці настаўнікам няма часу паслухаць і даць параду. Прычына банальная: дзеці саромеюцца размаўляць з дарослымі, ім прасцей выказацца незнаёмаму чалавеку, чым вывернуць душу перад роднымі. 

Для таго каб дапамагаць дзецям пераадольваць эмацыянальныя і псіхалагічныя крызісы, у нашай краіне працуе рэспубліканская тэлефонная лінія даверу. Пра прынцыпы работы гэтай службы расказвае кансультант Вольга Васільеўна НАВУМЕНКАВА.

— Вольга Васільеўна, што стала перадумовай для стварэння ў краіне тэлефона даверу? Наколькі правільна аказваць дапамогу завочна?

— Дзіцячая тэлефонная лінія дзейнічае ў краіне ўжо 20 гадоў. Акрамя гэтага, з 2017 года псіхолагі працуюць на тэлефоннай лініі па недапушчэнні насілля 8-801-100-1611.

На лініі працуюць толькі практыкуючыя медыцынскія псіхолагі. У нас ніколі не было ні валанцёраў, ні добраахвотнікаў. І гэта правільна. У адпаведнай структуры павінны працаваць людзі з вышэйшай псіхалагічнай адукацыяй, якія прайшлі стажыроўку па тэлефонным кансультаванні. Мы не бачым суразмоўніка, а значыць, павінны вельмі хутка арыентавацца, з кім маем справу, і разумець, як можам дапамагчы. Здараюцца выпадкі, калі дзіця тэлефануе з выдуманай праблемай. Нават у такім выпадку мы павінны з ім паразмаў­ляць і зматываваць на будучыню, калі раптам такая ці падобная праблема ўзнікне, трэба набраць тэлефон службы даверу. Мы цудоўна разумеем, што такія званкі накіраваны на прашчупванне глебы. І калі з дзіцем не вельмі добра размаўляць, наступны раз яно можа, маючы праблему, не звярнуцца на лінію.

Першапачаткова ж лінія была створана для таго, каб аказаць дапамогу непаўналетнім, якія маюць у ёй патрэбу, але не могуць вочна звярнуцца па кансультацыю. Ёсць мноства прычын, па якіх дзеці не могуць звярнуцца да псіхолага. Напрыклад, падлетак, які з’яўляецца інвалідам-калясачнікам ці пакутуе на ДЦП, не дабярэцца да спецыялізаванай установы. Але большасць проста не могуць размаўляць з рэальным дарослым. Дзецям цяжка глядзець спецыялісту ў вочы, адкрывацца яму. Затое раска­заць аб праблеме, калі цябе не бачаць, а толькі чуюць, намнога прасцей. Часта падлеткі тэлефануюць і расказваюць сваю сітуацыю ад імені сяброўкі ці знаёмага. Гэта таксама дазваляе пераступіць бар’ер недаверу, страху. І гэта яшчэ раз гаворыць аб тым, што падлеткі вельмі асцярожна адносяцца да сваіх траўм, а таксама да людзей, якім давяраюць праблему.

Другая прычына, па якой была створана рэспубліканская лінія, тычыцца ў пэўнай ступені кожнага з бацькоў. Не заўсёды ў дарослых ёсць магчымасць і час, каб выслухаць сваіх дзяцей, разабрацца ў праблеме і даць параду ці адвесці да спецыяліста, калі відаць, што патрэба ў гэтым ёсць.

Наша служба з’яўляецца неабходнай, таму што на яе могуць тэлефана­ваць і дзеці, і падлеткі, а таксама іх баць­кі ці тыя дарослыя, якія зацікаўлены ў дапамозе пэўнаму дзіцяці.

— Дзеці якога ўзросту часцей за ўсё маюць патрэбу ў вырашэнні крызіснай сітуацыі?

— Узроставы дыяпазон тых, хто мае патрэбу ў дапамозе, пастаянны. Згодна з заканадаўствам, наша служба дапамагае дзецям да 18 гадоў. Самаму маленькаму дзіцяці, якое самастойна патэлефанавала на лінію, было 6 гадоў. У астатніх выпадках з пытаннямі аб маленькіх дзецях тэлефанавалі бацькі, яны кансультаваліся наконт таго, як, напрыклад, паво­дзіць сябе з дзіцем дашкольнага ўзросту тады, калі бацькі вырашылі скасаваць шлюб. І пытанні тычыліся не спрэчак, з кім застанецца сын ці дачка, а таго, як адаптаваць іх да змен, як будаваць адносіны з тым з бацькоў, хто пакінуў сям’ю. Бацькі тэлефануюць яшчэ і тады, калі іх дзеці ўступаюць у класічны пераходны ўзрост. Зразумела, у такі час у сям’і ўзнікаюць размовы наконт паступлення, прафесійнага самавызначэння. Яшчэ адным адгалінаваннем лініі з’яўляецца крызісная дапамога. На яе пераадрасоўваюцца пытанні, якія патрабуюць экстраннай псіхалагічнай дапамогі. 

Тым не менш у большасці сваёй з намі размаўляюць падлеткі 12—16 гадоў. Час ад часу ў іх асяроддзі ўзні­каюць праблемы з тым, што яны не могуць уладкавацца на падпрацоўку. Мы тлумачым, што не займаемся працаўладкаваннем, але спрабуем разабрацца, чаму дзіця так матывавана на работу, для чаго яму гэта трэба. Увогуле, першапачаткова крызісны кірунак лініі быў створаны для падлеткаў, якія знахо­дзяцца ў цяжкім стане. Да такога стану адносяцца наяўнасць у падлетка суіцыдальных думак, намеру, вяла цякучы суіцыд ці сітуацыі пасля парасуіцыду. Такія званкі ёсць, на жаль.

Некалькі гадоў назад быў выпадак, калі на лінію да псіхолага патэлефанавала дзяўчынка, якая знаходзілася ў стане цякучага суіцыду. Яна выпіла шмат таблетак, папрасіла нас выклікаць хуткую дапамогу. Дзяўчынка адчувала, што губляе прытомнасць, і прасіла кансультанта з ёй размаўляць, каб дачакацца ўрачоў. Інструктавалі, як адчыніць дзверы, каб урачы маглі, калі нешта здарыцца, зайсці самастойна ў кватэру. Потым кансультант размаўляла з медыкамі, паведаміла, якія прэпараты выпіла дзяўчынка. Асаблівасцю нашай работы з’яўляецца тое, што наша служба ананімная. Мы ніколі нікому — ні бацькам, ні школе — не паведамім пра выпадак, у якім дапамагалі дзіцяці. Таму калі падлетак жадае застацца невядомым, схавацца за ценем, то мы не дапаможам, нашы рукі звязаны. У выпадку з дзяўчынкай усё прайшло насуперак правілам, бо непаўналетняя самастойна паведаміла свой адрас.

Зразумела, мы не сочым за далейшым лёсам непаўналетніх, наша служба выключна інфармацыйна-асветніцкая, дапамагаем тут і зараз. Мы вельмі ўдзяч­ны, калі тыя, хто звяртаўся на лінію, пасля тэлефануюць і дзякуюць за дапамогу. Такія званкі ёсць і ад бацькоў, і ад дзетак.

Найбольш уразлівай катэго­рыяй дзяцей з’яўляюцца падлеткі. З якімі праблемамі на лінію часцей за ўсё яны звяртаюцца?

— У падлеткаў на першым месцы былі і застаюцца праблемы ва ўзаемаадносінах з равеснікамі. Гэтая праблема заўсёды была і будзе актуальнай, і яна ўключае вялікую колькасць падпунктаў. Дзеці перажываюць, калі з імі не размаўляюць, не сябруюць з-за таго, што яны не так выглядаюць. Неабходнасць у сябрах, у кантакце з аднагодкамі ў падлеткаў адчуваецца вельмі востра.

На другім па папулярнасці месцы стаіць праблема ўзаемаадносін з аднакласнікамі, аднагрупнікамі. Адносіны ці непаразуменне з настаўнікамі знахо­дзяцца на трэцім месцы. Праблемы з бацькамі займаюць чацвёртую пазіцыю ў спісе актуальных і вострых праблем. І замыкаюць спіс праблемы, пытанні прафесійнага самавызначэння, пра якія ўжо згадвала. Дзеці хвалююцца з-за выбару прафесіі. Ёсць званкі, калі тэлефануюць  падлеткі і кажуць, што ім ужо 14 гадоў, а з будучыняй, з тым, кім быць, яны яшчэ не вызначыліся.

Акрамя гэтага, у нас ёсць сезонныя тэлефанаванні, звязаныя з тымі ці іншымі падзеямі. Калі быў усплёск “сініх кітоў”, праблем, звязаных з ужываннем спайсаў, падлеткі званілі і пыталіся, як сябе адгарадзіць ад гэтага, як не трапіць у небяспечныя сувязі. Безумоўна, у кожнага дзіцяці ёсць акаўнты ў сацсетках, таму страх пасябраваць не з тым чалавекам, групай выклікаў непакой. Навучэнцы цікавіліся, ці не будуць іх у прымусовым парадку накіроўваць на дыягностыку да псіхолагаў, каб вызначыць схільнасць да актуальных на той час праблем.

Былі выпадкі, калі падлеткі званілі і гаварылі, што хочуць схадзіць да псіхолага, а бацькі супраць гэтага. Мы давалі інфармацыю наконт таго, што з 14-гадовага ўзросту дзіця можа самастойна хадзіць да псіхолага, псіхіятра ці псіхатэрапеўта без прадастаўлення такой інфармацыі бацькам, але пытанні лячэння або шпіталізацыі павінны вырашацца толькі з дазволу бацькоў ці законных прадстаўнікоў непаўналетняга. 

— За апошнія гады тэлефон даверу мяняўся некалькі разоў. Як гэта паўплывала на колькасць зваротаў?

— Так, за апошнія гады тэлефон рэспубліканскай службы даверу мяняўся некалькі разоў. Гэта прывяло да таго, што колькасць зваротаў зменшылася на 5—7%. Безумоўна, бацькі і школы не паспяваюць звяртаць на гэта ўвагу, таму дзеці застаюцца непраінфармаванымі. Але ў кожнай школе ў кабінеце псіхолага ці на стэндзе з агульнай інфармацыяй павінен быць нумар тэлефона службы даверу. Мы не ведаем, што і ў які момант адбываецца ў галаве дзіцяці. У яго павінен быць шанс звярнуцца па дапамогу тут і зараз, калі яно само гэтага хоча.

— Ці часта здараюцца выпадкі, калі тэлефонная дапамога не можа замяніць вочную кансультацыю?

— Безумоўна, такія выпадкі здараюццца. І іх многа. Напрыклад, тэлефануе падлетак, які расказвае, што мяняе ўжо не першую школу, не прыжываецца ў калектыве. Такі навучэнец можа быць як ахвярай, так і агрэсарам, але часцей за ўсё ён ахвяра. Сітуацыі, якія прымушаюць мяняць навучальныя ўстановы, ідэнтычныя. Падчас размовы з дзіцем бачым, што ў некаторых момантах, здарэннях хлопчык таксама вінаваты. Але аб гэтым у нас не прынята гаварыць, мы не павінны вінаваціць падлетка, таму рэкамендуем яму звярнуцца па дапамогу да рэальнага псіхолага. Такім чынам, арыентуем, што пытанне, з якім звярнуўся школьнік, дастаткова складанае для тэлефона даверу, а падчас работы з псіхолагам можна пакрокава разабрацца, што адбываецца ў канфліктнай сітуацыі, што трэба змяніць ва ўзаемаадносінах з дзецьмі, каб было камфортна ў класе. Дарэчы, тэлефануюць нам і настаўнікі, якія не ведаюць, як паводзіць сябе ў той ці іншай сітуацыі з пэўным навучэнцам. У такім выпадку тлумачым, што размова праз тэлефон не самы ўдалы фармат вырашэння праблемы. Мы не бачым дзіцяці, не чуем яго, а выслухваем толькі адзін бок канфлікту.

— Вольга Васільеўна, які крызісны выпадак згадваеце і сёння? І ці можна поўнасцю засцерагчы ад іх дзяцей?

— Безумоўна, менавіта крызісныя выпадкі запамінаюцца на больш доўгі перыяд. Самым цяжкім быў званок ад дзяўчынкі, патэнцыяльнай суіцыдніцы. Размова з ёй вялася ноччу на працягу 5 гадзін. Дзяўчынка сядзела на даху дома і расказвала, што нікому не патрэбна. Я тлумачыла, што зараз яна нам патрэбна, што яе жыццё вельмі каштоўнае для нас. Увогуле, цяжкасць крызісных званкоў у тым, што дзіця, знаходзячыся ў складаным эмацыянальным стане, можа проста пакласці тэлефоннную трубку і я перазваніць не змагу. Таму мы не павінны дазволіць, каб тэлефонны званок абарваўся. Наступны этап — паспраба­ваць прывесці дзіця ў нармальны эмацыя­нальна-псіхалагічны стан. Пасля 5 га­дзін размовы мы паклалі трубкі. Упэўненасці ў тым, што змагла дапамагчы дзяўчынцы, не было. Але праз 4 месяцы яна мне перазваніла.

Для таго каб было менш неабдуманых учынкаў, за якія пасля можна расплачвацца ўсё жыццё, людзі не павінны баяцца размаўляць аб цяжкасцях. Памятайце, праблемы існуюць для таго, каб іх вырашаць.

Гутарыла Наталля САХНО.