У 2014 годзе Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка выступіў з ініцыятывай увядзення профільнай педагагічнай падрыхтоўкі ў 10—11 класах. Ідэя знайшла падтрымку на дзяржаўным узроўні, і цяпер словазлучэнне “педагагічны клас” гучыць прывычна і ўсім зразумела. І ніхто, думаецца, не будзе аспрэчваць ролю гэтых класаў у прафарыентацыі школьнікаў на педагагічныя спецыяльнасці. Што паказала сістэма такой профільнай падрыхтоўкі і як яна развівалася, чаго дасягнула, “Настаўніцкай газеце” расказала кіраўнік Цэнтра развіцця педагагічнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка, які курыруе педкласы, Аляксандра Валянцінаўна ПАЗНЯК.
Рост у якасці і ў колькасці
— Цэнтр з’яўляецца структурным падраздзяленнем нашага ўніверсітэта, — гаворыць А.В.Пазняк, — але выконвае функцыі агульнарэспубліканскага, галіновага значэння. Мы каардынуем дзейнасць вучэбна-метадычнага аб’яднання па педагагічнай адукацыі і рэспубліканскага вучэбна-навукова-інавацыйнага кластара бесперапыннай педагагічнай адукацыі, які створаны ў 2015 годзе. У яго ўваходзяць усе суб’екты, якія маюць дачыненне да падрыхтоўкі педагагічных кадраў у нашай краіне: каледжы і ўніверсітэты, інстытуты развіцця адукацыі і Акадэмія паслядыпломнай адукацыі, школы і гімназіі, Нацыянальны інстытут адукацыі і інш. Таму менавіта наш цэнтр адказвае сёння і за навукова-метадычнае суправаджэнне профільнай педагагічнай падрыхтоўкі ў школах краіны.
У 2015/2016 навучальным годзе педагагічныя класы і групы былі адкрыты ва ўсіх рэгіёнах Беларусі: у пэўных школах, дзе шмат жадаючых, арганізоўвалі цэлыя педкласы; там дзе было нямнога жадаючых з розных класаў, — групы на паралелі; і нарэшце, у малакамплектных школах арганізоўваюцца міжшкольныя факультатывы. Першыя часы колькасць такіх класаў і груп імкліва расла (што зразумела), і ў 2016/2017 навучальным годзе ў параўнанні з папярэднім іх колькасць павялічылася больш, чым у два разы — у Беларусі працавала ўжо 319 педкласаў і груп, у якіх вучылася больш за 3500 падлеткаў.
— Пасля першага года работы мы правялі вялікае рэспубліканскае анкетаванне навучэнцаў гэтых класаў, а таксама педагогаў, — расказвае А.В.Пазняк, — і ўбачылі запыт на тое, каб фарміраваць у школьнікаў асэнсаваную скіраванасць на навучанне ў педагагічным класе (групе) ці на факультатыве яшчэ на ІІ ступені навучання. У цэнтры распрацавалі мадэль дапрофільнай педагагічнай падрыхтоўкі на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі, якая зараз апрабоўваецца на 15 рэспубліканскіх пляцоўках ва ўсіх абласцях і Мінску. Зразумела, такая работа вядзецца ў школах, дзе ёсць педагагічныя класы. Сёлета мы завяршаем гэты эксперыментальны праект. З 5 па 10 клас прадумана і апрабавана сістэма факультатыўных заняткаў агульнаразвіццёвага характару з акцэнтам на педагагічную дзейнасць, а таксама распрацавана адпаведная сістэма, у якой усё (дзейнасць настаўнікаў, вучняў, іх бацькоў) спрыяе асэнсаванаму выбару педагагічнага профілю на старшай ступені.
Вось так у школе ствараецца асяроддзе, якое спрыяе прафарыентацыі зацікаўленых вучняў на паступленне спачатку ў профільны педагагічны клас, а потым і ў педагагічныя УВА і каледжы. Вынікі, як сцвярджае кіраўнік цэнтра, радуюць, што паказвае пастаянная дыягностыка. Да таго ж на працягу апошняга года на кожнай з 15 эксперыментальных пляцовак праводзяцца семінары. Нядаўна адзін з іх адбыўся ў сярэдняй школе № 40 Гомеля, дзе сабралася больш за 50 чалавек — прадстаўнікі адміністрацыі, педагогі ўсіх школ вобласці, у якіх адкрыты педкласы.
У лютым падобны семінар пройдзе таксма на Гродзеншчыне — у Слоніме, і эксперымент закончыцца, але цэнтр плануе прадоўжыць яго ў выглядзе інавацыйнага праекта, бо такая мадэль даказала сваю эфектыўнасць. Спецыялісты цэнтра спадзяюцца прыцягнуць да праекта больш школ, укараніць мадэль у шырокую практыку.
— Ёсць вялікая цікавасць да гэтай работы, — сцвярджае Аляксандра Валянцінаўна, — бо праект не створаны штучна ў кабінеце, а выкліканы жыццём, ён стаў адказам на запыт школ, дзе адкрыты педагагічныя класы.
У мінулым навучальным годзе колькасць педкласаў склала ўжо 441, а колькасць вучняў у іх вырасла да 4667. У бягучым годзе класаў 420 і вучацца ў іх 4400 дзяўчат і хлопцаў — хістанні ў межах 10% гавораць толькі пра стабілізацыю ў сістэме профільнай педагагічнай падрыхтоўкі школьнікаў.
Дарэчы, інфармацыю пра работу педкласаў і Цэнтра развіцця педагагічнай адукацыі ўсе зацікаўленыя могуць адшукаць на яго сайце “Педагагічныя класы”, вельмі, прынамсі, крэатыўным — ён сёлета прызнаны лепшым сайтам педуніверсітэта. Цэнтр, у прыватнасці, запрашае навучэнцаў педкласаў паўдзельнічаць у конкурсе на лепшае пытанне рэктару. У сакавіку, напярэдадні дня адкрытых дзвярэй універсітэта, аўтараў лепшых пытанняў запросяць на сустрэчу з Аляксандрам Іванавічам Жуком, каб яны маглі напрамую атрымаць адказы. Шмат іншых мерапрыемстваў цэнтр праводзіць сумесна з інстытутамі і факультэтамі для школьнікаў: праект “Студэнт на адзін дзень у БДПУ”, Рэспубліканскі конкурс праектаў для навучэнцаў педкласаў “Будучыя педагогі — пра школу будучыні” і інш.
Педагогам можаш ты не быць, а чалавекам — абавязаны
У 2017 годзе адбыўся першы выпуск педагагічных класаў — 1393 чалавекі, з якіх 369 чалавек (больш за 25%) паступілі ва ўстановы вышэйшай адукацыі, якія рыхтуюць спецыялістаў для сістэмы адукацыі. Праз год у беларускія УВА, што рыхтуюць педагогаў, паступілі 589 чалавек, на педагагічныя спецыяльнасці, унесеныя ў пералік для льготнага паступлення, залічаны 405 выпускнікоў педкласаў, з іх 243 чалавекі (47% з ліку выпускнікоў, якія атрымалі рэкамендацыі педсаветаў) скарысталіся правам ільготнага паступлення.
Што да іншых выпускнікоў педкласаў, то летась 989 з іх паступілі ў іншыя УВА нашай краіны, і такім чынам 75% выпускнікоў з профільнай педагагічнай падрыхтоўкай атрымліваюць вышэйшую адукацыю.
Аналізуючы гэтыя лічбы, важна не забываць, што выбар выпускнікамі педкласаў адпаведных спецыяльнасцей залежыць ад шэрага фактараў, сярод якіх наяўнасць у атэстаце адзнак не ніжэйшых за 7 па ўсіх вучэбных прадметах і не ніжэйшых за 8 па прадметах, якія адпавядаюць прадметам профільных уступных іспытаў, рэкамендацыя педагагічнага савета, якую атрымліваюць далёка не ўсе, неабходнасць адпрацоўкі па размеркаванні не меншай, чым 5 гадоў і г.д.
— Сацыяльныя эфекты ад профільнай педагагічнай падрыхтоўкі не абмяжоўваюцца толькі колькасцю тых, хто паступіў на адпаведныя спецыяльнасці, — пераканана мая суразмоўніца. — Дзякуючы ўвазе дзяржавы да педагагічнай прафілізацыі, ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі шырока папулярызуецца прафесія педагога. У навучэнцаў і бацькоў адраджаецца павага да працы педагога, сістэма профільнай падрыхтоўкі забяспечвае фарміраванне будучай педагагічнай эліты.
І гэта не адзіныя плюсы, якія, на думку спецыяліста, даюць педкласы. Такая ўпэўненасць, прынамсі, пацвярджаецца данымі маніторынгу, праведзенага Цэнтрам развіцця педагагічнай адукацыі. А вынікі наступныя: са з’яўленнем педкласаў ва ўстановах адукацыі станоўча мяняецца атмасфера школьнага жыцця, узрастае актыўнасць і ініцыятыўнасць навучэнцаў, павышаецца самапавага педагогаў. Ва ўстановах вышэйшай адукацыі актуалізуецца задача абнаўлення зместу і тэхналогій работы з новай катэгорыяй студэнтаў як найбольш актыўных, матываваных, падрыхтаваных.
Ну і не варта забываць пра развіццё ў школьнікаў камунікатыўных навыкаў, эмацыянальнага інтэлекту, здольнасці працаваць у камандзе, стрэсаўстойлівасці і г.д. Акрамя таго, педагагічная прафілізацыя стварае ўмовы для паглыбленага самапазнання: выяўленне школьнікамі сваіх схільнасцей і інтарэсаў. Вынікі маніторынгу, у прыватнасці, сведчаць, што 52% старшакласнікаў вельмі падабаецца вучыцца ў педкласах, астатнія не шкадуюць, што прайшлі такую падрыхтоўку. І пры гэтым больш за 80% апытаных упэўнены: заняткі ў гэтых класах карысныя для асобаснага развіцця.
Не маглі спецыялісты цэнтра пакінуць без увагі і вынікі дзвюх уступных кампаній (2017 і 2018 года), у якіх удзельнічалі выпускнікі педагагічных класаў. На субяседаваннях падчас прыёмных кампаній абітурыенты прадстаўлялі партфоліа “Я — педагог”, якое складалі, калі вучыліся ў педкласах, уключаючы ўсе вынікі факультатыўных заняткаў і педагагічных проб. Галоўнай жа перавагай такіх выпускнікоў спецыялісты цэнтра лічаць тое, што гэтыя маладыя людзі паспрабавалі сябе ў педагагічнай рабоце, маюць практычны вопыт.
І праяўляюць сябе профільна-арыентаваныя студэнты з лепшага боку. Напрыклад, у мінулым навучальным годзе сярэдні бал атэстата выпускнікоў педкласаў, якія паступілі ў БДПУ, склаў 8,7, а па выніках летняй сесіі сярэдні бал студэнтаў з іх ліку склаў 7,5. Для параўнання: сярэдні бал студэнтаў у цэлым — 6,8; студэнтаў з ліку медалістаў/выдатнікаў, залічаных ва ўніверсітэт таксама без экзаменаў, — 7,8. Нельга не заўважыць і высокую сацыяльную актыўнасць такіх студэнтаў, амаль усе яны, напрыклад, становяцца валанцёрамі.
— Назапашаны вопыт, праведзены аналіз работы педкласаў, паступлення яго выпускнікоў прымушае задумацца над далейшым развіццём і ўдасканаленнем педагагічнай прафілізацыі ў школе.
Свае прапановы па ўдасканаленні прафарыентацыйнай работы з навучэнцамі Цэнтр развіцця педагагічнай адукацыі накіраваў у галіновае міністэрства. Сярод прапаноў — стварэнне банка даных педагогаў, якія эфектыўна працуюць у педкласах і могуць распаўсюджваць свой вопыт; забеспячэнне рэгулярнага павышэння кваліфікацыі педагогаў, якія вядуць факультатыў “Уводзіны ў педагагічную прафесію”, і інш. У самім БДПУ плануюць сёлета правесці ІІІ Міжнародную канферэнцыю “Педагагічныя класы: вопыт і перспектывы”.
— Але самы эфектыўны матывуючы фактар выбару прафесіі педагога навучэнцамі педагагічных класаў — педагогі-прафесіяналы, якія з’яўляюцца прыкладам правільнага прафесійнага выбару і паспяховай самарэалізацыі, — заўважае Аляксандра Валянцінаўна.
Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва Цэнтра развіцця педагагічнай адукацыі.