На працягу апошніх гадоў педагагічныя спецыяльнасці пачалі губляць прывабнасць. Навучэнцы, трымаючы ў руках атэстат з высокім балам, аддавалі перавагу больш перспектыўным спецыяльнасцям як у плане фінансаў, так і ў плане магчымасці развіцця кар’еры. У педагогіку, і гэта не сакрэт, па астаткавым прынцыпе часта ішлі тыя, хто не мог паступіць у іншыя УВА з-за нізкага бала ЦТ. Тым не менш педагогамі павінны быць разумныя, невыпадковыя людзі. Настаўнік — гэта той чалавек, ад якога ўжо сёння залежыць, наколькі інтэлектуальнымі і канкурэнтаздольнымі заўтра будуць нашы дзеці.
Для таго каб у спецыяльнасць прыходзілі матываваныя школьнікі, з імі неабходна праводзіць сур’ёзную прафарыентацыйную работу. Менавіта па гэтай прычыне ў краіне ў 2015 годзе была адноўлена падрыхтоўка навучэнцаў у профільных педагагічных класах.
З асаблівасцямі навучання па такім профілі не па чутках знаёмы ў сярэдняй школе № 126 Мінска.
Як прыцягнуць у педагогіку лепшых з лепшых і што для гэтага трэба? Пра гэта і не толькі расказвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 126 Мінска Алена Арнольдаўна МЕЛЬНІКАВА.
Сярэдняя школа № 126 Мінска мае некалькі профіляў навучання, і адзін з іх — педагагічнай накіраванасці.
Першыя педагагічныя класы тут з’явіліся ў 2015 годзе. Гэтаму паспрыяла тое, што навучальнай установе быў прысвоены статус школы-лабараторыі вучэбна-навукова-інавацыйнага кластара бесперапыннай педагагічнай адукацыі. І менавіта гэта дало штуршок таму, каб пачаць рыхтаваць матываваных дзяцей да педагагічнай і выкладчыцкай дзейнасці.
“Пасля прысваення школе статусу кластара бесперапыннай адукацыі мы пачалі цесна супрацоўнічаць з БДПУ імя Максіма Танка, — расказвае Алена Арнольдаўна Мельнікава. — Увогуле, супрацоўніцтва школы, будучых настаўнікаў з вядучай педагагічнай УВА краіны дало магчымасць навучэнцам прымаць актыўны ўдзел у шматлікіх канферэнцыях, алiмпiядах, акцыях, якія праводзіць універсітэт. А гэта цудоўная магчымасць для таго, каб пачаць спасцігаць прафесію настаўніка на іншым, не школьным, узроўні”.
Аляксандр ДАНІЛАЎ, 11 клас:
“Я планую паступаць у БДПУ імя Максіма Танка на факультэт сацыяльных тэхналогій. Дзякуючы навучанню ў педкласе, у нас ёсць магчымасць прымаць удзел у шматлікіх мерапрыемствах, якія праводзяцца сумесна з універсітэтам.
Больш за ўсё мне спадабаўся фарсайт-форум “Будучыя педагогі — аб тэхналогіях падрыхтоўкі паспяховага педагога”, што праводзіўся для навучэнцаў профільных класаў педагагічнай накіраванасці. Відавочна, на ім абмяркоўвалі разнастайныя адукацыйныя тэхналогіі, у тым ліку ўкараненне гульняў у школьнае навучанне”.
Як заўважыла Алена Мельнікава, акрамя праекта, накіраванага на папулярызацыю педагагічнай спецыяльнасці, развіццё педкласаў, школа ўдзельнічае яшчэ ў адной важнай інавацыйна-педагагічнай распрацоўцы. Ва ўстанове развіваюць эксперыментальны праект “Апрабацыя мадэлі дапрофільнай педагагічнай падрыхтоўкі навучэнцаў на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі”.
“Праект арыентаваны на навучэнцаў 5—9 класаў і, безумоўна, у пачатку дапамагае дзецям разабрацца з самымі простымі пытаннямі, напрыклад, у вызначэнні асабістых якасцей чалавека, — працягвае расказваць пра педагагічную праектную дзейнасць намеснік дырэктара. — Для 5—9 класаў важным з’яўляецца разуменне таго, як можна развівацца, рэалізоўвацца ў перыяд навучання ў школе і пасля яе заканчэння. Дзеці павінны ведаць, якімі якасцямі і ў якой прафесіі неабходна валодаць. Безумоўна, калі гаварыць пра спецыялізаваныя класы, для нас асноўнымі з’яўляюцца пытанні, што тычацца педагагічнай дзейнасці. Яшчэ ў малодшых класах навучэнцы разам з настаўнікамі спрабуюць зразумець, якім павінен быць будучы педагог, якія рысы характару, асабістыя якасці дапамогуць прыйсці ў прафесію і надоўга застацца ў ёй. Безумоўна, каб зразумець, наколькі для будучай прафесіі падыходзіць педагогіка, праводзяцца і педагагічныя пробы”.
Педагагічныя пробы ўяўляюць сабой элементы вучэбных заняткаў, якія праводзяць самі дзеці пад кіраўніцтвам настаўнікаў. Вучыцца вучыць школьнікі пачынаюць у 8 класе. Менавіта ў гэты час падлетак можа больш-менш дакладна зразумець, чаго б ён хацеў ад жыцця, ад будучай спецыяльнасці.
“Элемент пробнага ўрока навучэнцы распрацоўваюць разам з настаўнікамі, — працягвае Алена Арнольдаўна. — Безумоўна, пасля распрацоўкі пробы метад правядзення ўрока падрабязна абмяркоўваецца. Што тычыцца правядзення такіх заняткаў, то яны стаяць у раскладзе падчас тыдня самакіравання. У гэты перыяд урокі ў школе праводзяць старшакласнікі. Безумоўна, гэта дае цудоўную магчымасць пабыць у ролі сапраўдных настаўнікаў. Вучням, што нядзіўна, падабаецца такая форма ўзаемадзеяння. Яны з адказнасцю падыходзяць да правядзення ўрока па той ці іншай дысцыпліне. Атрымліваецца, што, дзякуючы праекту, у нас пераплятаецца паміж сабой некалькі кірункаў дзейнасці, сярод якіх — бесперапынная адукацыя навучэнцаў, настаўнікаў і падрыхтоўка будучых педагогаў”.
Валерыя ХАРКО, 11 клас:
“Я прыйшла вучыцца ў педклас невыпадкова. У маёй сям’і — цэлая дынастыя настаўнікаў. Мае прапрадзеды былі педагогамі, прадзядуля выкладаў у школе рускую мову і літаратуру. Бабуля на працягу 40 гадоў вучыла дзяцей рускай філалогіі. Мама працуе настаўніцай пачатковых класаў у маёй школе № 126.
Для мяне таксама заўсёды цікавымі былі руская мова і літаратура. Помню, як мама і бабуля часта бралі з сабой у школу і я з вялікім захапленнем слухала, што яны расказвалі вучням. Безумоўна, калі дазналася пра набор у педклас школы, вырашыла, што хачу пайсці на гэты профіль.
Калі расказала маме пра сваё жаданне быць настаўніцай, яна мяне падтрымала.
Вучыцца ў педкласе цікава. Больш за ўсё падабаюцца “Уводзіны ў педагогіку”, якія выкладаюцца 2 разы ў тыдзень, а таксама “Псіхалогія”. На гэтых уроках нам расказваюць, як паводзіць сябе з дзецьмі, іх бацькамі, а таксама дзеляцца некаторымі педагагічнымі сакрэтамі. Акрамя цікавых прадметаў, педклас дае магчымасць прымаць удзел у розных мерапрыемствах. Так, вясной мы ездзілі на другі турыстычны злёт педагагічных класаў. Там з намі праводзіліся трэнінгі па асабістым росце, псіхалагічныя заняткі, а таксама ўсялякія конкурсы. На сустрэчу прыязджаў міністр адукацыі Ігар Карпенка, і мы маглі задаць яму пытанні, якія нас цікавяць.
Што тычыцца паступлення — планую пайсці на рускую філалогію”.
У школе ўжо адбыліся 2 выпускі педагагічных класаў. Пасля таго як дзеці заканчваюць навучанне па адпаведным профілі, педагагiчны савет выдае накіраванне для паступлення ў БДПУ імя Максіма Танка. Відавочна, што залічваюць маладых людзей студэнтамі 1 курса без сертыфікатаў цэнтралізаванага тэсціравання. Дастаткова мець высокі бал атэстата (7 па ўсіх прадметах і не ніжэй за 8 — па профільных), прайсці сумоўе па педагогіцы і псіхалогіі, а таксама быць матываваным.
“У клас педагагічнай накіраванасці прыходзяць падлеткі, зацікаўленыя прафесіяй, — працягвае намеснік дырэктара. — Іх не вельмі многа, але ім падабаецца педагогіка. Такім чынам, штогод у БДПУ паступаюць 5—7 чалавек. Што тычыцца навучання па профілі, падлеткі, выбіраючы кірунак, павінны вызначыцца з профільнымі прадметамі, якія будуць неабходны для паступлення ва ўніверсітэт. Менавіта па гэтых прадметах сярэдні бал павінен быць ад 7 і вышэйшым. Увогуле, гэта агульнае патрабаванне для залічэння ў клас профільнай формы і навучання ў ім. Профільнае навучанне ўведзена ў 10 і 11 класах. У 10 класе яно ажыццяўляецца па другой мадэлі (група навучэнцаў базавага ўзроўню адукацыі па ўсіх прадметах і група навучэнцаў профільнага ўзроўню адукацыі па матэматыцы і рускай мове, а таксама педагагічнага кірунку), у 11 — па трэцяй мадэлi профiльнага навучання (з профільным узроўнем навучання па матэматыцы і рускай мове, рускай мове і біялогіі ўсіх навучэнцаў класа і групай педагагічнай накіраванасці; увесь клас лічыцца профільным). Кожную вясну напрыканцы навучальнага года школьнікі прымаюць удзел у фестывалі “Я — будучы педагог”. Для гэтага навучэнцы 5—9 класаў рыхтуюць праекты, якія адлюстроўваюць іх стаўленне да будучай прафесіі. На працягу года яны даследуюць шмат тэм, звязаных з педагогікай. Каб зразумець, ці насамрэч настаўніцтва — гэта тое, з чым можна звязаць будучыню, школьнікі аналізуюць асабістыя якасці, прафесійныя схільнасці, расказваюць пра спецыяльнасці бацькоў, а таксама разважаюць, якім павінен быць будучы настаўнік. Навучэнцы педагагічных груп 10—11 класаў рыхтуюць творчую прэзентацыю свайго педагагічнага крэда і праекты па тэме “Мая прафесійная дзейнасць у школе будучыні”.
Святлана ДУЛЕВІЧ, 11 клас:
“Мне было цікава, што такое педагагічны клас, што там вывучаюць, для чаго ён патрэбны. Безумоўна, педклас дае ўнікальную магчымасць паспрабаваць сябе ў ролі настаўніка, зразумець, наколькі гэтая прафесія падыходзіць ці не, а таксама, як у выпадку з нашым класам, адкрыць у сабе новыя таленты. Напрыклад, раней многія мае аднакласнікі не любілі прымаць удзел у мерапрыемствах, а зараз усё змянілася. Падчас падрыхтоўкі сцэнарыяў сярод нас знайшліся не толькі тыя, хто добра піша іх, але і, аказваецца, выдатна спявае і малюе.
Акрамя гэтага, вельмі падабаецца, калі мы ездзім на лекцыі на філфак БДПУ. Мы чуем, бачым, як працуюць студэнты, і разумеем: каб трапіць у іх лік, неабходна добра вучыцца, працаваць над кожным прадметам. І, паверце, у педагагічным класе нельга не працаваць. Каб паступіць, да гэтага трэба імкнуцца”.
У школе штогод праводзіцца “Зорны паход” — фестываль, на які да навучэнцаў прыязджаюць студэнты Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ. Паколькі ў школе ёсць інтэграваныя класы, у якіх вучацца дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, сяброўства і ўзаемадзеянне з выкладчыкамі і студэнтамі інстытута з’яўляецца вельмі важным і актуальным. Акрамя гэтага, школа прымае ўдзел у настаўніцкай і вучнёўскай канферэнцыях па профільнай педагагічнай адукацыі.
Як расказала Алена Арнольдаўна, самымі доўгачаканымі для навучэнцаў педкласаў з’яўляюцца дні, калі школьнікі ў суправаджэнні педагогаў ездзяць у БДПУ на лекцыі. Атмасфера, якая пануе ў аўдыторыі, а таксама размовы з выкладчыкамі, студэнтамі дазваляюць яшчэ больш пераканацца, што будучая спецыяльнасць выбрана правільна, свядома.
Настасся ЗОТКІНА, 10 клас:
“У нас у педагагічным класе на павышаным узроўні выкладаюцца руская мова, матэматыка і педагогіка. Мяне цікавіла ў першую чаргу матэматыка. А паколькі мае мама і бабуля — настаўніцы, я вырашыла паспрабаваць сябе ў педкласе. Акрамя гэтага, вялікае задавальненне прыносіць работа з людзьмі. У мяне ўжо быў вопыт работы дзіцячым аніматарам. Пасля гэтага зразумела, што хачу працаваць менавіта з дзеткамі. А паколькі я з дынастыі педагогаў і настаўніцтва прываблівае, вырашыла, што буду паступаць у адпаведную профільную УВА.
Прафесія педагога — гэта няпростая, але вельмі цікавая і захапляльная праца”.
“Вучням вельмі падабаецца прымаць удзел у акцыі “Студэнт на адзін дзень”, — працягвае Алена Арнольдаўна, — гэта дае магчымасць не толькі адчуць сябе студэнтам, але і завесці новыя знаёмствы. Дарэчы, прымаючы дзяцей у верасні ў будучыя педагогі, запрашаем у госці выкладчыкаў і студэнтаў БДПУ. Увогуле, кіраўніцтва школы разумее: чым больш мы будзем расказваць навучэнцам пра педагогіку, тым больш дакладным будзе іх уяўленне пра будучую прафесію. Нашы дзеці прымаюць актыўны ўдзел і ў адкрытым злёце педагагічных класаў, які праводзіцца ў лагеры “Лідар”. А ў лютым, ужо літаральна праз некалькі дзён, паедзем у “Зубраня” ў якасці валанцёраў і выхавальнікаў. Калі ж закранаць тэму прафарыентацыі, педагагічных класаў, то, лічу, вельмі добра, калі ёсць магчымасць адабраць для педагогікі лепшых вучняў. У настаўніцтве не павінна быць выпадковых людзей. Увогуле, у кожнай прафесіі павінны быць свае людзі. І было б цудоўна, калі б у школах нашай краіны існавалі класы рознага кірунку. Напрыклад, мы рыхтуем будучых педагогаў, а нехта робіць ухіл на інжынерныя спецыяльнасці. Тым не менш, працуючы з будучымі настаўнікамі, мы верым, што прэстыж гэтай прафесіі ўзрасце і ў педагагічных УВА будуць вучыцца здольныя, таленавітыя і разумныя хлопцы і дзяўчаты”.
Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.