Летнія канікулы — час адпачынку, падарожжаў, экскурсій, новых уражанняў і знаёмстваў. Купанне ў вадаёмах, катанне на веласіпедах, начлег у палатцы, раскладзены касцёр, закінуты кар’ер, будаўнічыя пляцоўкі, лес, поле, навальніца… Усё гэта разам з прыроднымі ўмовамі можа несці пагрозы.
Дзеці часта сутыкаюцца з небяспечнымі сітуацыямі і становяцца ахвярамі ўласнай бестурботнасці і легкадумнасці. Каб адпачынак быў прыемным і запамінальным, неабходна быць уважлівымі, абачлівымі і асцярожнымі, памятаць пра небяспеку, якая можа чакаць на кожным кроку. Дробязей у гэтай справе няма. Акрамя таго, нельга забываць і пра бяспечныя паводзіны ў сацыяльных сетках і інтэрнэце, пры сустрэчах з незнаёмымі людзьмі.
— Пытанні бяспекі жыццядзейнасці дзяцей і прафілактыкі дзіцячага траўматызму знаходзяцца на пастаянным кантролі, — гаворыць загадчыца сектара па ахове дзяцінства аддзела па адукацыі Маларыцкага райвыканкама Алена Горбік. — Гэта прыярытэтны напрамак работы, прычым не толькі ў перыяд летняй аздараўленчай кампаніі. Сёння працягваецца абласная прафілактычная акцыя “Бяспека ў нашых руках”, якая праводзіцца ў цесным узаемадзеянні з раённым аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, РАНС, РАУС, БРСМ, раённай арганізацыяй Асвод, аддзелам пагранічнай службы “Маларыта”, Маларыцкай цэнтральнай раённай бальніцай і Маларыцкім раённым цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі. Кожная сустрэча дашкольнікаў і вучняў з супрацоўнікамі зацікаўленых ведамстваў і арганізацый — гэта яшчэ адзін крок да бяспечнага і шчаслівага дзяцінства. Толькі сумесная работа можа навучыць дзяцей, як пазбягаць надзвычайных сітуацый ці выходзіць з іх з найменшымі стратамі.
У аздараўленчых лагерах раёна створаны максімальна бяспечныя ўмовы для дзяцей, накіраваныя на папярэджанне няшчасных выпадкаў, выхаванне ўсвядомленых і адказных адносін да пытанняў асабістай бяспекі.Так, у аздараўленчым лагеры “Равеснік” і зменах, арганізаваных на базе Маларыцкага раённага цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі ў вёсцы Олтуш, праводзяцца адпаведныя тэматычныя дыскусіі, гутаркі, гульні, віктарыны, выставы малюнкаў і інш. Нядаўна там адбыліся сустрэчы, дзе абмяркоўваліся пытанні крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці за незаконны збыт, выраб, перапрацоўку, набыццё, захоўванне, перавозку ці перасылку наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў ці іх аналагаў. Асноўная ўвага падчас мерапрыемстваў была накіравана на наступствы залежнасці ад псіхатропных рэчываў і іх уплыў на здароўе. У рамках сустрэч дэманстраваліся і абмяркоўваліся тэматычныя відэаматэрыялы.
Нядаўна ў гарадскім парку Маларыты адбылося цікавае мерапрыемства, падчас якога для хлопчыкаў і дзяўчынак працавалі шматлікія тэматычныя пляцоўкі. Яны дапамаглі не толькі пашырыць свой кругагляд і задаволіць цікавасць, але і навучылі бяспечным паводзінам. Так, на пляцоўцы “Пагранічная” дэманстраваліся ўзбраенне і спецсродкі, працавалі кінолагі, на пляцоўцы “Бяспечная” можна было патрымаць у руках зброю, на пляцоўцы “Кніжная” — пагартаць часопісы і кнігі. Асаблівую цікавасць у дзяцей выклікалі пляцоўкі “Пажарная” і “Здароўе”.
— Дзеці — наша багацце, бясцэнны дар, — адзначае Алена Горбік. — Дзеля іх мы жывём і працуем. Дарослыя павінны штодзень акружаць дзяцей увагай і клопатам, вучыць дабрыні, спагадзе, шчырасці і чалавечнасці, ствараючы для гэтага бяспечныя ўмовы.
Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.