Netka.by:давярай і правярай

Два гады назад настаўніца фізікі Вольга Корсун купіла старэйшай дачцэ смартфон. Менавіта гэтая, здавалася б, звычайная пакупка дапамагла запусціць маштабны сацыяльны праект, які накіраваны на бяспеку дзяцей у інтэрнэце. Улічваючы, наколькі страшнымі з’яўляюцца пагрозы, з якімі ў апошнія гады сутыкаюцца непаўналетнія падчас “прагулак” па інтэрнэце, праект знойдзе сваю аўдыторыю.

Дарэчы, ёсць верагоднасць, што ўжо з наступнага навучальнага года ўрокі па “Інтэрнэт-бяспецы дзяцей у Беларусі” будуць выкладацца ў некаторых школах краіны. Але давайце аб усім па парадку.

Выкінь смецце з галавы

Падарунак, які Вольга зрабіла дачцэ, акрамя радасці дзяўчынкі падкінуў шмат пытанняў для самой мамы. Тым больш што дазваляць 7-гадоваму дзіцяці самастойна “гуляць” па інтэрнэце было страшна. У дзяцей няма ўнутранага “фільтра”, які б адсейваў віртуальнае смецце і не дазваляў перабіраць яго. Дзе ж тая мяжа, якую нельга дазваляць пераходзіць, каб дзеці не трапілі ў палон віртуальнага рабства?


“Зразумела, што ў інтэрнэце можна “наступіць” на ўсё, што заўгодна, — расказвае пра гісторыю ўзнікнення маштабнага праекта Вольга Корсун. — І мне як маме, якой неабыякавыя здароўе і псіхіка дзіцяці, было важна, каб у віртуальным свеце дачка была абароненай, выхоўвалася ў максімальна бяспечным асяроддзі. Менавіта па гэтай прычыне я пачала вывучаць усё, што толькі знаходзіла пра інтэрнэт-бяспеку. Шчыра кажучы, думала, што ў інтэрнэце будзе шмат даступнай інфармацыі пра бяспеку ў сетцы. Але што б вы думалі: на розных сайтах звесткі абсалютна розныя. Акрамя гэтага, інфармацыя была раскідана па розных сайтах. Карацей кажучы, арыентавацца ва ўсім гэтым было складана, таму што няма структуры. І менавіта гэта прымусіла распрацаваць уласны праект па інтэрнэт-бяспецы для дзяцей. А цяпер падумайце. Калі я “ўкладу” ў дачку асноўныя веды па бяспечных паводзінах у інтэрнэце, а яе сябры аб гэтым нічога ведаць не будуць, то ці атрымаецца стварыць бяспечнае асяроддзе? Відавочна, што не. А гэта значыць, што трэба было зрабіць так, каб пра рызыкі анлайну і сённяшнія магчымасці кантролю дзяцей у інтэрнэце ведалі як мага больш бацькоў”.

Дарэчы, разумніца мама расказала, што перад тым, як заняцца распрацоўкай праекта, яна праводзіла апытанне сярод бацькоў. “Якія пагрозы для дзяцей самыя небяспечныя?”, “Якія меры неабходна прыняць, каб ліквідаваць інтэрнэт-небяспеку?”, “Ці ёсць у дзяцей віртуальныя знаёмыя?” — на гэтыя і іншыя пытанні бацькі не маглі дакладна адказаць. А гэта пацвярджае толькі адно: мала хто з дарослых дакладна ведае, чым займаюцца дзеці ў інтэрнэце.

“Калі дачцэ споўнілася 8 гадоў, яна ўжо ўмела чысціць сваю гісторыю ў браўзеры, — працягвае Вольга. — Дзеці вывучаюць усё імгненна. Часам бацькі думаюць, што калі яны праглядзелі гісторыю, то могуць спаць спакойна, але гэта далёка не так. У нас з дачкой ёсць дамоўленасць, што яна ніколі нічога не выдаляе, а я маю права ў любы момант паглядзець яе тэлефон і актыўнасці. Не, я ні ў якім разе не палезу ў смартфон дачкі без яе ведама. Мы разам можам усё праверыць ці я сама, але з яе дазволу. Зразумела, гэта не будзе доўжыцца вечна. Пазней, калі зразумею, што дачка валодае асноўнымі ведамі наконт бяспечных паводзін у інтэрнэце, я не буду яе кантраляваць”.

Пасля таго як тэма работы па бяспечным інтэрнэце была акрэслена, Вольга пачала аналізаваць, структураваць і складваць інфармацыю ў адну папку. Менавіта гэта стала пачаткам напісання даведніка па інтэрнэт-бяспецы.

“Мне пашанцавала знайсці нераўнадушных дарослых, якіх таксама зацікавіла гэтая тэма, — дзеліцца ўражаннямі Вольга. — Да работы над праектам далучыліся кантэнт-менеджар Наталля Коцелева і вэб-дызайнер Пётр Зяньковіч, разам з якімі распрацавалі фактычна шматфункцыянальны інтэрнэт-партал. Акрамя гэтага, нашай невялікай дружнай камандзе дапамагаюць юрысты, IT-спецыялісты. Вялікую дапамогу аказваюць і дзіцячыя псіхолагі з Цэнтра дружалюбнага стаўлення да падлеткаў “Давер” пад кіраўніцтвам цудоўнага дзіцячага псіхолага Валянціны Шукан.

Запусціць поўнамаштабны партал для бацькоў плануецца гэтай вясной, але netka.by ўжо сёння актыўна тлумачыць дарослым, як трэба вучыць дзяцей бяспецы. Спецыяльна для гэтага на сайт была загружана метадычка “Навучыце сваіх дзяцей бяспечнаму і культурнаму ладу жыцця ў інтэрнэце”. У ёй падрабязна расказваецца пра інтэрнэт-залеж-насць, а таксама абмяркоўваюцца найбольш вострыя і актуальныя на сёння пытанні наконт таго, як дзіцяці паводзіць сябе, калі ў сябры ў сацыяльных сетках “дадаюцца” незнаёмцы, як растлумачыць дзецям, якую асабістую інфармацыю нельга выстаўляць у адкрыты доступ, і г.д. Акрамя гэтага, у сацсетках актыўна функцыянуюць групы, дзе выкладаецца актуальная і карысная інфармацыя па інтэрнэт-бяспецы, абмяркоўваюцца вострыя і спрэчныя пытанні.

“Упэўнена, бацькам неабходна мець уяўленне аб патэнцыяльных пагрозах, з якімі сутыкаюцца нашы дзеці, — тлумачыць Вольга. — Безумоўна, пакуль што наш прадукт далёкі ад ідэальных форм, але мы працуем над ім, “лепім”, і аналагу гэтаму няма. На нашым сайце можна адразу азнаёміцца з асноўнымі непрыемнасцямі інтэрнэту: доступ да непажаданага кантэнту (парнаграфія, азартныя гульні, гвалт і інш.), падазроныя паведамленні, якія патрабуюць прадаставіць канфідэнцыяльную інфармацыю, і інш. Дарэчы, шляхі вырашэння праблем у нас таксама распісаны”.

Важным пунктам сацыяльнага ўзаемадзеяння і зваротнай сувязі паміж аўтарамі праекта і чытачамі з’яўляецца тое, што на сайце бацькі могуць задаць свае пытанні наконт праблемнай сітуацыі. Іх абавязкова перададуць спецыялістам, якія пракансультуюць тут і зараз.

Асцярожна! Булінг!

Дарэчы, у Вольгі ўжо ёсць свае маленькія навучэнцы. Актыўная мама правяла ў адной са школ некалькі ўрокаў. Але перш чым пасадзіць дзяцей за парты і пачаць выкладаць новую дысцыпліну, яна правяла сярод чацвёртакласнікаў анкетаванне.

“Мяне цікавіла многае, — з запалам расказвае Вольга. — Пасля ўжо, аналізуючы адказы, зразумела, што чацвёртакласнікі праводзяць у інтэрнэце больш чым 2 гадзіны ў дзень. А на летніх канікулах увогуле не вылазяць са смартфонаў і планшэтаў. Гэта пярэчыць здаровым нормам. Дарэчы, перад зімовымі канікуламі, напярэдадні навагодніх свят, я прысвяціла ўрок інфармацыйнаму смеццю. Навучэнцаў папрасіла размаляваць навагоднія цацкі згодна з іх густам. Але было адзінае патрабаванне да ўсіх: напісаць на ёлачных цацках важную ўстаноўку — “думай сваёй галавой”. Гэты просты выраз насамрэч вельмі глыбокі па сваім сэнсе. Ён нагадвае, што нават у віртуальным свеце трэба паводзіць сябе сур’ёзна”.

Аўтар праекта не па чутках ведае, што дзеці ў інтэрнэце адчуваюць сябе свабоднымі і незалежнымі, дарослымі. Усёдазволенасць, упэўненасць застацца незаўважанымі і пазбегнуць пакарання дазваляюць дзецям шукаць прыгоды. Сёння гэта стала штуршком да развіцця кібербулінгу, з’явы, у аснове якой ляжыць прыніжэнне, цкаванне ў сацсетках. Дзеці, якія становяцца ахвярамі цкавання, часта нават не здагадваюцца, хто іх крыўдзіць. Менавіта па гэтай прычыне такі від прыніжэння вельмі небяспечны.

“Займацца кібербулінгам нельга, — канстатуе Вольга Корсун. — Але дзеці гэтага могуць не разумець, таму што ім бацькі нічога не тлумачылі. А чаму не тлумачаць бацькі? Усё банальна і проста: дарослыя аб гэтым нічога не ведаюць, таму што дзеці такой інфармацыяй не дзеляцца. На сваіх уроках часта нагадваю наступнае важнае правіла: не пішы тое, чаго не зможаш сказаць у вочы”.

Праблемай узнікнення булінгу ў інтэрнэце занепакоены і міжнародныя арганізацыі, дзейнасць якіх накіравана на абарону правоў дзіцяці. Дарэчы, кампанія Microsoft праводзіла апытанне па праблеме булінгу. Як аказалася, амаль кожнае другое з апытаных дзяцей ва ўзросце ад 8 да 17 гадоў паведаміла, што ў пэўны час станавілася ахвярай цкавання. Больш за ўсё эмацыянальна і псіхалагічна пакутуюць дзеці ва ўзросце ад 9 да 12 гадоў.

“Часта падлеткі ўцягваюцца ў кібербулінг з-за таго, што ім сумна, — тлумачыць Вольга. — У аснове з’явы ляжыць не жаданне прынесці некаму боль, а імкненне павесяліцца. Але ёсць і такія падлеткі, хто можа спецыяльна даводзіць чалавека да нервовага зрыву. Відавочна, што гэта можа прывесці нават да суіцыду. Для мінскіх школ праблема кібербулінгу таксама з’яўляецца актуальнай. Гэтая тэма нават абмяркоўвалася на агульным бацькоўскім сходзе школ Цэнтральнага раёна. Ёсць выпадкі, калі мінскія падлеткі білі іншых школьнікаў, здымалі ўсё гэта на відэа, а пасля выкладвалі ролікі ў сетку. Безумоўна, і тых, хто наносіў удары, і “відэааператараў” з лёгкасцю вызначылі. Пакаранне панеслі не толькі яны, але і іх бацькі. Такім чынам, што рабіць, калі дзеці сталі ахвярамі віртуальнага цкавання? Варта расказаць ім, як правільна рэагаваць на крыўдныя словы і ваказванні. Памятайце: той, хто раздражняе, будзе існаваць да таго часу, пакуль вы будзеце раздражняцца. Як толькі вы перастанеце рэагаваць на булінг, — цкаванне тут жа згасне”.

Узаемнае навучанне і адзін крок да поспеху

Ужо ў новым навучальным годзе, з верасня, Вольга Корсун і яе каманда пачнуць праводзіць урокі ў некаторых звычайных школах, а таксама арганізуюць адкрытыя заняткі для бацькоў. Значным багажом папоўніцца і сайт netka.by. З’явіцца там даведнік па актыўных рэальных гульнях. “Мы дададзім новыя раздзелы ў праект і раскажам, як не падхапіць інтэрнэт-вірусы, як правільна спампоўваць музыку і г.д., — дзеліцца планамі Вольга Корсун. — У нас “паселяцца” форумы, тэсты на веданне правіл бяспекі ў інтэрнэце для дзяцей і іх бацькоў, гульні і шмат іншай карыснай інфармацыі. Дарэчы, мы стварылі гадавы каляндар, кожны пэўны месяц якога прысвечаны канкрэтнаму правілу інтэрнэт-бяспекі. Каляндар можна бясплатна спампаваць і карыстацца ім у школе падчас правядзення інфармацыйных гадзін. З цягам часу ў нас будуць з’яўляцца ўсё новыя і новыя праекты, якія можна будзе выкарыстоўваць на ўроках. Для гэтага будзем пашыраць каманду. Зараз, напрыклад, хацелася б знайсці добрага ілюстратара, які б мог прыгожа аформіць важную для дзяцей інфармацыю. Згадзіцеся, тое, што праілюстравана, лепш запамінаецца”.


У планах Вольгі Корсун — арганізаваць у школах сістэму ўзаемнага навучання. Справа ў тым, што з падлеткамі, навучэнцамі старшых класаў, працаваць цяжэй, чым з малодшымі школьнікамі. Але правілы паводзін у інтэрнэце старшакласнікі таксама павінны ведаць. Для таго каб і іх задзейнічаць у бяспечных уроках, падлеткам будзе прапанавана прыняць удзел у праекце, расказаць малодшым асноўныя правілы мірнага карыстання інтэрнэтам. Расказваючы навучэнцам пачатковай школы пра законы бяспечнага інтэрнэту, старшакласнікі таксама будуць іх запамінаць.

“Я ведаю, што наш праект будзе карысны для ўсіх, — упэўнена Вольга. — Мы жывём у прагрэсіўным свеце, дзе ўсё хутка мяняецца. Электронныя носьбіты інфармацыі запаўняюць нашу прастору. І ўсё ў ёй быццам бы ідэальна, але не хапае аднаго — упэўненасці ў бяспецы. Усё гэта мы абавязкова створым”.

* * *

Праект “Інтэрнэт-бяспека дзяцей у Беларусі” — з’ява актуальная і неабходная. Памятаеце, як амаль два гады назад абмяркоўвалася тэма суіцыдальных гульняў? І калі адны дзеці ігнаравалі суіцыдальныя пагрозы, якія ляцелі ў іх адрас, то другія, схільныя да ўнушэння, пад віртуальным наглядам кіраўніка праходзілі гульню да канца…

Відавочна, што праект навучыць быць пільнымі ў адносінах да інфармацыі, якая вентылюецца ў інтэрнэце. А гэта, безумоўна, дапаможа засцерагчы дзяцей ад траўмы, зберагчы не толькі іх псіхіку, але і нервы бацькоў.

Наталля САХНО.
Фота з архіва Вольгі КОРСУН і сайта netka.by.