Канфлікт з законам і страх пакарання: чаму дзеці збягаюць з закрытых школ?

Дзеці, якіх ізалююць у закрытыя навучальныя ўстановы, рэдка ў каго выклікаюць спачуванне. Што казаць: і школа, і нават бацькі, здаўшы непадкантрольнага падлетка спецыялістам, уздыхаюць з палёгкай. Хваляванне з’яўляецца толькі ў тым выпадку, калі адна за другой прыходзяць навіны, што дзеці збягаюць з закрытых школ і вучылішч. І, безумоўна, такія здарэнні выклікаюць шмат спрэчных пытанняў.

Хто вінаваты, што дзеці бягуць? Каб абмеркаваць гэтае і іншыя пытанні, мы звярнуліся да намесніка старшыні дабрачыннай грамадскай арганізацыі “Свет без межаў” члена камісіі па справах непаўналетніх пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь Аляксея Аляксандравіча АНАНЕНКІ.

— Аляксей Аляксандравіч, накіраванне ў спецыяльную закрытую ўстанову падлетак атрымлівае ў выключным выпадку. Тым не менш якія яшчэ спагнанні могуць быць накладзены на тых, хто знаходзіцца ў канфлікце з законам?

— Варта нагадаць, што ў Беларусі існуюць 4 закрытыя навучальныя ўстановы — 3 спецвучылішчы і 1 спецшкола. У трох такіх установах — Магілёўскай спецшколе, Магілёўскім вучылішчы дрэваапрацоўкі і Крывіцкім спецвучылішчы — на ўтрыманні знаходзяцца хлопчыкі, а ў Петрыкаўскім СПТВ лёгкай прамысловасці займаюцца перавыхаваннем дзяўчынак. Што тычыцца ўзросту дзяцей, то ў спецшколы трапляюць падлеткі з 11 да 14 гадоў, а ў СПТВ накіроўваюцца тыя, каму ўжо споўнілася 14. Зразумела, што катэгорыя дзяцей, якія трапляюць у СПТВ, асаблівая. Таму ў вучылішчах сфарміраваны групы для тых падлеткаў, у якіх ёсць праблемы з залежнасцямі рознага кшталту, а таксама асаблівасці ў псіхафізічным развіцці. На сёння ва ўсіх чатырох установах знаходзяцца каля 250 падлеткаў.

Калі гаварыць пра тое, як падлеткі трапляюць у закрытыя ўстановы, то тут усё зразумела. Але сама працэдура накіравання ў спецыяльныя закрытыя ўстановы займае нямала часу. Каб падлетак быў накіраваны ў такую ўстанову, ён павінен быць у канфлікце з законам. Дзіця жыве і паводзіць сябе так, што на яго звяртаюць увагу спецыялісты. Спачатку, безумоўна, школа заўважае пэўныя адхіленні ад норм. Затым дзіця здзяйсняе нешта, што трапляе пад прыкметы адміністратыўнага ці крымінальнага заканадаўства. Чаму прыкметы? Таму што ў асноўным установы закрытага тыпу прызначаны для дзяцей, якія не дасягнулі ўзросту выканання крымінальнай ці адміністратыўнай адказнасці. У адносінах да такіх дзяцей складаецца адмова на ўзбуджэнне крымінальнай справы, і дзіця накіроўваецца на камісію па справах непаўналетніх.

Увогуле, у адносінах да дзяцей, якія здзяйсняюць правапарушэнні, могуць быць прыняты тры рашэнні. Калі навучэнцы не ўступілі ва ўзрост адміністратыўнай ці крымінальнай адказнасці, але пры гэтым выяўлена, што бацькі ім не ўдзяляюць неабходнай увагі, іх могуць прызнаць асобамі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Пры адсутнасці станоўчай дынамікі можа прымацца рашэнне аб прызнанні такіх дзяцей асобамі, якія маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Затым адбываецца адабранне з сям’і. І ў рэшце рэшт выносіцца на абмеркаванне пытанне аб пазбаўленні бацькоў іх правоў.

Здараецца і так, што бацькі ажыццяўляюць неабходны догляд у адносінах да непаўналетняга, школа таксама прымае пэўныя меры, але дзіця ніяк не ідзе на кантакт: дрэнныя кампаніі, звычкі, злоўжыванне некаторымі забароненымі рэчывамі. У такім выпадку камісія па справах непаўналетніх накіроўвае скаргу ў суд. І ўжо гэтая інстанцыя, разгледзеўшы ўсе аргументы, можа прыняць рашэнне аб накіраванні дзіцяці ў спецыяльную лячэбна-выхаваўчую ці спецыяльную вучэбна-выхаваўчую ўстанову.

Іншы шлях чакае тых, хто дасягнуў узросту 14—16 гадоў і ў гэты перыяд здзейсніў злачынства. У выніку распачынаецца крымінальная справа, і падлетак атрымлівае пакаранне, якое нават можа быць звязана з пазбаўленнем волі.

— Існуе стэрэатып, што змяшчэнне ў закрытыя школы — гэта метад пакарання. Неаднаразова на пасяджэннях камісій па справах непаўналетніх даводзілася слухаць абураных бацькоў, якія самі настойвалі на тым, каб іх дзіця адправілі ў СПТВ. Наколькі дзейсным з’яўляецца такі спосаб перавыхавання?

— Згодна з заканадаўствам, змяшчэнне дзяцей у закрытыя ўстановы — гэта не метад пакарання, а форма дапамогі. Хаця чамусьці дагэтуль нават некаторымі спецыялістамі такі спосаб уздзеяння на дзіця ўспрымаецца менавіта як пакаранне. Я шмат гадоў працаваў з такімі дзецьмі і звярнуў увагу на тое, што эфектыўнасць ад таго, што дзяржава расходуе на такіх дзяцей вялікія грошы, будзе вышэйшай, калі ў лёсе дзіцяці будзе ўдзельнічаць тая ўстанова адукацыі, да якой адносіцца дзіця, а таксама бацькі. Менавіта ў такім выпадку можна будзе гаварыць пра магчымасць перавыхавання.

З 2012 года мы пачалі запрашаць да ўдзелу ў гэтым працэсе сацыяльна-педагагічныя цэнтры, і сітуацыя палепшылася. Калі раней бацькі да дзяцей не прыязджалі, то цяпер штотыдзень па выхадных мама і тата знаходзяцца побач са сваім дзіцем. Увогуле, нашы спецыялісты некалькі гадоў працуюць на больш эфектыўны вынік, на тое, каб змяшчэнне і жыццё дзяцей у закрытых установах адбывалася правільна. Трэба разумець, што змяшчэнне дзіцяці ў спецыяльную ўстанову не з’яўляецца абмежаваннем для бацькоў у іх правах. Іншымі словамі, бацькі абавязаны выконваць свае бацькоўскія функцыі. Яны павінны цікавіцца жыццём дзіцяці, падтрымліваць з ім кантакты, забяспечваць яго тымі рэчамі, у якіх дзіця мае патрэбу ці якія проста могуць парадаваць яго. Часам мы нават рэкамендуем наступную схему: трацілі бацькі на дзіця пэўную суму — мэтазгодна аналагічную суму траціць і ў сітуацыі, калі яно знаходзіцца ў спецыяльнай выхаваўчай установе, — на падарункі, іншыя неабходныя рэчы. Установа закрытага тыпу таксама сочыць за тым, як бацькі кантактуюць з дзіцем.

Што тычыцца вузкіх спецыялістаў, якія працавалі з дзіцем, сям’ёй па месцы жыхарства, то задача спецыялістаў мясцовых СПЦ якраз у тым, каб забяспечыць падтрыманне кантактаў бацькоў з дзіцем. Вельмі часта здараецца, што дзіця трапляе ва ўстанову ў 13 гадоў, калі яно яшчэ сапраўды дзіця і знешне, і ў паводзінах, а дадому вяртаецца ўжо не маленькі хлопчык, а дарослы юнак, якога мама проста псіхалагічна не можа прыняць, не ведае, як з ім наладжваць кантакт. Старыя метады выхавання ўжо нядзейсныя. Вельмі важна, каб бацькі на працягу ўсяго часу знаходжання дзіцяці ў закрытай установе падтрымлівалі з ім кантакт.

Перад тым, як трапіць у закрытыя школы, дзеці знаходзяцца ў прыёмніку-размеркавальніку. Апынуўшыся там, дзеці адчуваюць стрэс: да рэжыму, які наладжаны ў гэтай сістэме, яны не прывыклі. І ўжо загадзя некаторымі прадумваецца метад далейшых паводзін. Ёсць падлеткі, якія любяць ствараць сабе крымінальны статус. Яшчэ адной праблемай з’яўляецца тое, што такія “аўтарытэтныя” дзеці спрабуюць ствараць свае законы. Падпарадкаванне кіраўніцтву ўстановы, добрыя ўзаемаадносіны з выхавальнікамі ў такіх дзяцей забаронены, і яны спрабуюць пераўпэўніць у гэтым іншых, больш слабых у псіхалагічным плане дзяцей.

— Праблема ўцёкаў з устаноў закрытага тыпу існавала заўсёды. Напрыканцы снежня з Магілёўскага спецвучылішча збеглі 6 падлеткаў, а тры гады назад усе сачылі за тым, як шукалі 34 “бегункоў” з гэтай жа ўстановы. Як лічыце, такія паводзіны падлеткаў — гэта спосаб звярнуць увагу на міжасобасныя канфлікты ці праблема хаваецца ў іншым?

— Ва ўсім свеце існуе такое азначэнне, як дынамічная бяспека. Гэта, з аднаго боку, вельмі давяральныя адносіны паміж кіраўніцтвам устаноў і выхаванцамі, а з другога — індывідуалізацыя падлетка. У еўрапейскіх закрытых школах дзеці ў пакоях жывуць па адным. Безумоўна, яны могуць жыць і па двое, калі гэта не будзе пагражаць дысцыпліне і бяспецы. А калі паміж падлеткамі назіраюцца напружаныя адносіны або відавочна нейкая змова, тады іх рассяляюць па розных пакоях і нават па розных будынках.

Сэнс дынамічнай бяспекі заключаецца ў тым, каб дзіця не баялася расказаць даросламу пра свае праблемы. Мы зараз навучаем такой сістэме супрацоўнікаў нашых закрытых школ.

У беларускіх закрытых школах пераважае статычная бяспека, рэгламентаваны парадак. Калі прааналізаваць апошнюю сітуацыю з Магілёвам, відавочна, што дзеці загадзя дамовіліся, калі будуць збягаць. Уцёкі не былі вынікам негатыўных адносін з боку кіраўніцтва. Раней дзеці ўцякалі па адной прычыне — хацелі дадому, таму што не бачылі сваіх бацькоў месяцамі. Безумоўна, калі зваротная сувязь з домам была, калі падлеткі атрымлівалі лісты ад родных, пасылкі, была і дысцыпліна ва ўстановах. Карацей кажучы, калі “закрытае” дзіця адчувала, што яно патрэбна, што яго не забылі і чакаюць, ніякіх уцёкаў яно не планавала. Адваротная сітуацыя з тымі, да каго ніхто не прыязджаў. Тым не менш для любога дзіцяці яго сям’я, мама самыя лепшыя.

Чаму збеглі гэтыя 6 падлеткаў? Магчыма, ва ўстанове была няправільна пабудавана сістэма бяспекі. А можа, дзеці хацелі скампраметаваць кагосьці з кіраўніцтва. На жаль, тыя, хто знаходзіцца ў закрытых установах, так могуць зрабіць. Не трэба думаць, што адабараныя з дому дзеці будуць удзячны за тое, што іх накіравалі туды, дзе яны вымушаны правесці, магчыма, не адзін год. Такія падлеткі доўга злуюцца і не хочуць правільна ўспрымаць рэальнасць.

Работа з цяжкімі падлеткамі патрабуе шмат унутраных рэсурсаў. Мы ўжо многа гадоў сябруем са Швецыяй. І менавіта па шведскім прынцыпе ў Крывічах пабудавалі “Дом ля дарогі”. Сутнасць праекта заключаецца ў тым, што дзяцей, якія ў найбліжэйшы час з закрытай школы павінны адправіцца дадому, адсяляюць у асобны домік. Спачатку здавалася, што такая форма падрыхтоўкі падлеткаў да самастойнага жыцця сканструявана для таго, каб дапамагчы тым, хто канфліктаваў з законам, адаптавацца да сацыяльна-бытавога жыцця. Але цяпер відавочна: сістэма адсялення дзіцяці ад калектыву дапамагае ўбачыць не толькі тое, наколькі дзіця адаптавана да самастойнасці, але і тое, ці гатова яно расстацца з крымінальным жыццём. Дарэчы, перш чым падлетак пачне самастойнае жыццё, ён падпісвае дакумент, у якім прапісаны ўсе жорсткія, але справядлівыя правілы пражывання. І самым важным пунктам значыцца недапушчальнасць уцёкаў. У тым выпадку, калі дзіця ўцячэ, яго вернуць назад ва ўстанову, але ў адносінах да яго будзе прыменены больш жорсткі рэжым. Дзеці павінны разумець, што будучыня залежыць выключна ад іх саміх.

— Па якім прынцыпе павінна будавацца работа з падлеткамі, калі яны вяртаюцца дадому?

— Неабходна, каб дзіця візуальна ведала спецыяліста, напрыклад, у мясцовым СПЦ, да якога яно можа звяртацца пры ўзнікненні той ці іншай праблемы. 11 гадоў назад у рамках праекта “Падлеткі ў канфлікце з законам” з’явілася новая форма работы з выхаванцамі ўстаноў закрытага тыпу: прыцягненне валанцёраў — кантактных сяброў. Кантактны сябар цесна ўзаемадзейнічае з падлеткам, стараецца дапамагчы ў вырашэнні цяжкай жыццёвай сітуацыі, яны разам абмяркоўваюць праблемы.

Безумоўна, працаваць з “закрытымі” дзецьмі зможа не кожны. Тут неабходна быць цярплівым, а таксама мець вялікае жаданне вярнуць дзіця да нармальнага жыцця. Відавочна, што пакаранне як з’ява не можа перавыхаваць. Дзеці вельмі ўражлівыя. Ім неабходна дапамагаць ва ўсім. Таму мы, кантактныя сябры, павінны даць упэўненасць і на сваім прыкладзе паказаць, што ўсе негатыўныя моманты можна пакінуць у мінулым, а ў заўтрашні дзень, у будучыню можна пайсці без учарашніх праблем. На шчасце, у нас ёсць пазітыўныя прыклады, калі дзеці пасля закрытых устаноў прыходзяць дадому, пачынаюць добра вучыцца, а пасля паступаюць у прэстыжныя каледжы на добрыя спецыяльнасці.

— 5 гадоў назад у Магілёўскай спецшколе па ініцыятыве Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) і пры падтрымцы Міністэрства адукацыі быў зняты фільм “Анёлы не спяць”. Ці змагла дакументальная стужка звярнуць увагу на праблему сацыялізацыі “закрытых” падлеткаў?

— Фільм быў зняты, каб паказаць, што дзеці, якіх мы бачым на экране, звычайныя. Так, яны знаходзяцца ў закрытай школе, але ж яны не перастаюць быць дзецьмі. Праблема гэтых падлеткаў у тым, што ім у той ці іншай сітуацыі не хапіла ўвагі бацькоў, якія часцей за ўсё свае нездаровыя інтарэсы ставілі на некалькі прыступак вышэй, чым бяспечнае і здаровае дзяцінства ўласных дзяцей. І толькі ад нас залежыць, якой будзе іх будучыня. Выходзячы з закрытых устаноў, дзеці застаюцца сам-насам са сваім “я”. Ёсць тыя, хто спраўляецца з жыццём у соцыуме, не губляе сябе, а ёсць і такія, каму, на жаль, цяжка пачынаць жыццё з пачатку. Відавочна, што побач з імі павінны быць дарослыя, якім будзе неабыякавы лёс тых, хто быў у канфлікце з законам.

Гутарыла Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*