“У гэтай дзейнасці не можа быць разліку”

Шчыра кажучы, я не ведаю, што падштурхоўвае людзей да гэтай прафесіі — бацькоў-выхавальнікаў дзіцячага дома сямейнага тыпу. Хаця не, не так: не ведаю, дзе звычайныя людзі, як мы і вы, штодзень чэрпаюць сілы, каб быць адначасова клапатлівымі бацькамі для 10 дзяцей і бездакорнымі прафесіяналамі. Бо, гледзячы праўдзе ў вочы, такое замяшчальнае бацькоўства — гэта 24 гадзіны ў суткі “на вахце”, работа практычна без адпачынку і выхадных, нягледзячы на фармальна ўстаноўленыя нормы, штодзённыя стрэсы і непрадбачаныя сітуацыі, неабходнасць прытрымлівацца строга вызначаных рамак і да ўсяго гэтага нязменны ацэначны погляд усіх навакольных — ад суседзяў да ўлады.
Тым не менш штогод гэтая прафесійная супольнасць папаўняецца новымі людзьмі. Да замяшчальнага бацькоўства яны, як правіла, прыходзяць з пэўным жыццёвым і прафесійным вопытам. Нярэдка з даволі прывабных, на знешні погляд, працоўных месцаў. Што ж прымушае ці прыцягвае іх да гэтай прафесіі? Ці ўсім яна пад сілу? Якімі якасцямі неабходна валодаць, каб не сагнуцца пад грузам жыццёвых цяжкасцей дзіцячага дома сямейнага тыпу? Пра ўсё гэта мы запыталі ў Маргарыты Юр’еўны Галіноўскай, мамы-выхавальніцы дзіцячага дома сямейнага тыпу з Жодзіна Мінскай вобласці. Тым больш што і падстава для наведвання гэтай сям’і была выдатная — літаральна днямі Маргарыта Юр’еўна атрымала званне “Жанчына года”.

Дзень нараджэння адзін на ўсіх

Доўга шукаць неабходны адрас не прыйшлося. Яшчэ здалёк увагу прыцягнуў дом проста неверагодных памераў — здаецца, ён можа змясціць цэлы дзіцячы садок. “Толькі за ўтрыманне такой даміны можна даваць званне героя”, — жартуем мы з калегам і ідзём знаёміцца з Маргарытай Юр’еўнай і дзецьмі. Яны вялікай шумлівай кампаніяй сустракаюць нас ля ўвахода. Мы ж, нягледзячы на тое, што сустракаемся з гэтымі людзьмі ўпершыню, адразу адчуваем сябе як дома — спакойна і ўтульна. А праз пэўны час разумеем: сакрэт такой утульнасці — у гаспадыні гэтага дома. Далікатная, з нязменнай усмешкай, яна з чароўнай лёгкасцю адначасова вітае нас, вырашае нейкія хатнія справы і збірае дзяцей у школу. Зараз у Галіноўскіх сямёра школьнікаў. Усяго ж за гады замяшчальнага бацькоўства Маргарыта і Юрый сталі другімі бацькамі для 22 дзяцей.
— Насамрэч, даволі доўга ў сваім дарослым свядомым жыцці я была вельмі далёкай ад гэтай тэмы, — прыгадвае Маргарыта Юр’еўна. — З сістэмай адукацыі звязвалі хіба што адна родная дачка-школьніца ды праца бухгалтарам у гарадскім аддзеле адукацыі.
Менавіта на працы Маргарыта Юр’еўна паступова, праз работу з вяртаннем сродкаў абавязанымі асобамі, і даведалася больш падрабязна пра дзяцей, якім неабходна сям’я. І неяк разам з мужам вырашылі: а чаму б не дапамагчы хаця б аднаму дзіцяці — сілы і здароўе дазваляюць, неабходныя ўмовы для гэтага ёсць.
У аддзеле ж адукацыі, дзе Маргарыту Юр’еўну добра ведалі, калегі на гэта адказалі: “А чаму аднаму? Вы ж здолееце і большай колькасці дзяцей дапамагчы…”
Гэтыя слова спецыяліста па ахове дзяцінства, што напачатку нават крыху напалохалі, усё ж аселі дзесьці глыбока ў свядомасці і прымушалі Маргарыту Юр’еўну час ад часу вяртацца да сказанага. І так, паступова, у сям’і вырашылі пагадзіцца з прапановай.
— Была яшчэ доўгая працэдура ўзгаднення, навучання, фарміравання нашага дзіцячага дома сямейнага тыпу. Але рашэнне было прынята канчатковае, — прыгадвае зараз Маргарыта Юр’еўна.
Па дзіўным жаданні лёсу дзень нараджэння Маргарыты Галіноўскай — гэта адначасова яшчэ і дзень нараджэння іх дзіцячага дома: “Я выйшла з работы на вуліцу, чую, калега мне крычыць: “Рыта, віншую!” Думаю, з днём нараджэння віншуе, а аказалася, нас зацвердзілі на ролю бацькоў-выхавальнікаў дзіцячага дома сямейнага тыпу”.
З таго часу прайшло амаль 10 гадоў. Натуральна, пытаюся ў Маргарыты Юр’еўны, ці не пашкадавала калі аб прынятым рашэнні. На гэта яна не задумваючыся адразу адказвае:
— Ніводнага разу! Аб чым шкадую, дык толькі аб тым, што так позна даведалася пра такую магчымасць — быць мамай-выхавальніцай. Каб ведала раней — і занялася б гэтай справай значна раней.

“Лёгкіх дзяцей у нас не бывае”

Вось тут і прыйшоў час пагаварыць пра тое, што ж прыцягвае ў гэтай прафесіі? Якія сакрэты дазваляюць на працягу многіх гадоў, нягледзячы на ўсе цяжкасці, нечаканасці, па-ранейшаму знаходзіць сілы для кожнага дзіцяці.
— Напэўна, у мяне занадта развіты мацярынскі інстынкт, — з усмешкай заўважае Маргарыта Юр’еўна. — Ён і дае жаданне і сілы быць з гэтымі дзецьмі. Псіхолагі нам кажуць: “Вы на працы — не пражывайце іх жыццё!” Але як гэта магчыма? Гэта ж нашы дзеці: мы засынаем і прачынаемся з думкамі пра іх, іх патрэбы. У гэтай дзейнасці не можа быць разліку — прафесійнага, матэрыяльнага ці якога іншага. Калі ты душой не гатовы да прыняцця ў сям’ю любога дзіцяці, якім бы яно ні было, рана ці позна ты ўсё роўна “пралічышся”. А там — і прафесійнае, эмацыянальнае выгаранне, і неверагоднае расчараванне.
Разам з тым Маргарыта Юр’еўна прызнае: аднаго жадання стаць замяшчальнымі бацькамі мала.
— Ёсць розныя тыпы бацькоў, сем’яў. Напрыклад, ёсць адкрытыя сем’і — гатовыя да знешняга ўплыву, і закрытыя, якія не жадаюць нікога пускаць у свой маленькі свет. Такія і многія іншыя асаблівасці абавязкова павінны ўлічвацца пры адборы замяшчальных бацькоў. Аднаго высакароднага парыву недастаткова, неабходна ўвесь час вучыцца — і на ўласным вопыце, і чытаючы літаратуру, і слухаючы спецыялістаў. Бо лёгкіх дзяцей у нас не бывае. Кожнае з іх прайшло надзвычай складаны шлях. У кожнага з іх — свой боль.
Вось адзін з выхаванцаў Галіноўскіх пасля адбірання з роднай сям’і да прыходу ў іх сям’ю змяніў тры іншыя. І толькі тут, здаецца, прыжыўся. У іншай выхаванкі на яе вачах памерла маці, і дзяўчынка, не жадаючы з ёй развітвацца, нават схавала цвікі ад труны, па-дзіцячы мяркуючы, што гэта дапаможа ёй быць разам з мамай. Яшчэ адзін хлопчык выдатна ведае, што непадалёк Жодзіна жывуць яго сваякі — сястра, бацькі, цёткі, але ніхто з іх не жадае ўзяць яго да сабе.
— Вось скажыце, хопіць звычайнага жыццёвага, бацькоўскага вопыту, каб дапамагчы малым перажыць усе гэтыя траўмы і адкрыта глядзець на свет? — задае рытарычнае пытанне Маргарыта Юр’еўна. І дадае: — Да таго ж людзі часта памыляюцца, думаючы, што ў гэтай дзейнасці яны будуць займацца выключна дзецьмі. Насамрэч, гэта не так. Калі ты бярэш на выхаванне сацыяльнага сірату — а іншых у нас і не бывае, лічы, што бярэш апеку і над яго сваякамі. Прычым яны далёка не заўсёды будуць рады гэтай апецы.
Таму мы пастаянна звяртаемся па дапамогу да спецыялістаў — аналізуем, абмяркоўваем праблемы разам, шукаем выйсце. Штосьці бяром ад псіхолагаў — заўсёды паведамляем ім пра нестандартныя сітуацыі. Абапіраемся і на ўласны вопыт і дакладнае бачанне таго, што адбываецца з дзіцем. Літаратуры ў гэтай сферы хапае, але яна агулам расказвае пра дзіцячыя траўмы. А яны, гэтыя траўмы, у кожнага хоць і падобныя па знешніх абставінах, насамрэч, розныя — па ўспрыманні сітуацыі дзіцем, спалучэнні з моцнымі і слабымі бакамі асобы дзіцяці.

Узаемная павага і давер

Маргарыта Юр’еўна не хавае: праблем у арганізацыі замяшчальнага бацькоўства сёння хапае, дзесьці — заканадаўчага характару, дзесьці — правапрымяняльнага.
— Але ўсё гэта вырашальна. Пры адной умове: наяўнасці надзейнага тылу — спецыялістаў па ахове дзяцінства, — заўважае жанчына. — Часта калегі скардзяцца на работу апекі. У нас жа ніколі не было канфліктных сітуацый — разумеем адно аднаго з паўслова. Калі здараюцца нейкія праблемы з дзіцем — паводзіны, учынкі, — нам не ставіцца гэта ў віну, маўляў, бацькі недапрацавалі. Мы разам шукаем метады ўздзеяння і спосабы вырашэння сітуацыі. Але гэта схема дзейнічае толькі пры ўмове, што ты таксама паважаеш гэтых спецыялістаў і давяраеш ім.
Дзякуючы такому ўзаемадзеянню, удаецца вырашаць практычна ўсе пытанні.
— Так, напрыклад, нам ніколі сілком не навязвалі дзяцей. Наша меркаванне аб неабходнасці прыходу ў сям’ю яшчэ аднаго дзіцяці заўсёды ўлічвалася, — адзначае Маргарыта Галіноўская. — І гэта правільна. Я магу падладзіцца пад любое дзіця. Але не пад кожнае могуць падладзіцца нашы дзеці. Часта не ў бацьках справа, калі выяўляецца, што ў замяшчальнай сям’і не ладзяцца адносіны. Часта прачына ў тым, што пад адным дахам аб’ядноўваюць несумяшчальных дзяцей. Бацькі перад гэтым бездапаможныя. Дзяцей трэба падбіраць — і па ўзросце, і па характары, і па паводзінах.
Што ж да неабходнасці быць на працы фактычна 24 гадзіны ў суткі на працягу ўсяго года, то на гэта Маргарыта Юр’еўна з нязменнай усмешкай адказвае:
— У мяне ёсць дзеці, з якімі я магу адпачыць. Такія дзеці ёсць у кожнай сям’і. Так што ў мяне і ў гэтым сэнсе ёсць добры тыл. А гэты тыл мы выхоўваем самі. Не ўсе дзеці могуць стаць такімі надзейнымі памочнікамі. Але сярод 10 дзяцей ты заўсёды можаш выбраць тых, на каго можна спадзявацца. Такім чынам, заўсёды можна арганізаваць сваё камфортнае жыццёвае асяроддзе.

Алена МАРКЕВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.