Ранцы — лягчэй, піца — радзей

Не так даўно, гаворачы пра падрыхтоўку да новага навучальнага года, міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Сяргей Аляксандравіч Маскевіч адзначыў, што адна з галоўных задач сучасных устаноў адукацыі — захаванне здароўя навучэнцаў. Зразумела, што ў вырашэнні гэтай задачы задзейнічаны ўсе — і бацькі, і педагогі, і медыкі. Так, пастанова Міністэрства аховы здароўя № 63, прынятая гэтым летам, уносіць шэраг змяненняў у санітарныя нормы і правілы. У прыватнасці новаўвядзенні тычацца вагі ранцаў і партфеляў навучэнцаў (без падручнікаў), іх змесціва, а таксама ўдакладняюцца пэўныя моманты па харчаванні дзяцей ва ўстановах адукацыі, вызначаныя ранейшымі дакументамі.

Груз навукі

Такім чынам, раней нормы па вазе камплектаў падручнікаў з пісьмовымі прыладамі, нагадаю, былі большымі на паўкіло. Зараз жа яны для вучняў трэцяга і чацвёртага класаў павінны важыць не больш за 2 кілаграмы, пятых і шостых — да 2,5 кілаграма, сёмага і восьмага — да 3-х, дзявятага — адзінаццатага — да 3,5 кілаграма. Што да камплектаў самых малодшых школьнікаў, то яны, як і раней, не могуць важыць больш чым 1,5 кілаграма. Рэгулюецца і вага партфеляў без кніг, сшыткаў і іншых школьных прылад — да 700 грамаў для навучэнцаў пачатковай школы і да 1 кілаграма для вучняў сярэдняга і старшага звёнаў.
— Мы лічым, што зніжэнне вагі можа быць і большым, — гаворыць загадчык аддзялення гігіены дзяцей і падлеткаў Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ала Антонаўна Малахава, да якой мы звярнуліся за каментарыем. — Па фізіялагічных нормах лічыцца, што дзіця можа пераносіць на адлегласць да двух кіламетраў груз, які складае не больш за 10% ад масы яго цела. Зыходзячы з гэтых пазіцый яшчэ ў савецкі час была вызначана маса ранцаў з пісьмовымі прыладамі. Калісьці мы крыху павысілі гэтыя паказчыкі ў санітарных нормах: былі вымушаны так зрабіць, бо, зыходзячы з масы камплекта падручнікаў, якая вызначаецца іншымі нормамі і правіламі, інакш не атрымлівалася. Цяпер жа мы хочам усё паставіць на свае месцы і, акрамя зніжэння норм па вазе ранцаў, будзем устанаўліваць новыя нормы па масе асобных падручнікаў.
Што да вагі сумак без падручнікаў, спецыяліст гаворыць, што беларускія вытворцы названы нарматыў і так выконваюць, выпускаюць ранцы нават меншай вагі — напрыклад, 600 грамаў для малодшых школьнікаў (гігіеністы праводзілі на гэты конт спецыяльную экспертызу). Імпартныя пастаўкі, зразумела, таксама павінны адпавядаць усім прынятым у нашай краіне нормам, мець неабходныя дакументы.
Хто ж павінен кантраляваць вагу партфеляў беларускіх школьнікаў? Як гаворыць Ала Антонаўна, у адпаведнай пастанове галоўнага санітарнага ўрача краіны аб падрыхтоўцы да новага навучальнага года ўвага акцэнтуецца менавіта на тым, што кантраляваць масу ранцаў павінны ў школе, ствараючы пры гэтым умовы для таго, каб дзеці не былі вымушаны насіць цяжкія сумкі. Санітарныя нормы і правілы прадугледжваюць наяўнасць месцаў для захоўвання прылад для ўрокаў працы, дадатковых заняткаў, магчыма, спартыўнай формы. Спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, канечне, праводзілі адпаведныя даследаванні і бачылі, што дзеці нярэдка прыносяць у школу велізарныя тамы для дадатковага чытання. Дзіцяці сказалі прынесці кнігу — яно і бярэ дома тое, што ёсць. Бацькі школьнікаў, зразумела, ведаюць гэта і не могуць быць задаволены падобнай сітуацыяй. Ды і для настаўнікаў такое становішча, несумненна, не тайна.
— А можна зрабіць інакш, — заўважае А.А.Малахава. — У пачатку навучальнага года кожнае дзіця прыносіць сваю кнігу (падпісаную) і пакідае яе ў класе. Так ствараецца часовая класная бібліятэчка. А ў канцы навучальнага года дзеці забіраюць кнігі дамоў. Дадатковыя дапаможнікі, рабочыя сшыткі таксама можна захоўваць у класе.
Палепшыць сітуацыю маглі б і дадатковыя камплекты падручнікаў, якія застаюцца ў школе, і пастаяннае адсочванне таго, што носіць дзіця ў сваім партфелі, ці не застаюцца там падручнікі, якія патрэбны былі ўчора. Работа па змяншэнні масы школьных рукзакоў дасць неабходны эфект, калі будзе весціся на ўсіх узроўнях: рэгламентацыі, кантролю з боку настаўнікаў, бацькоў, стварэння адпаведных умоў у школах. Усё для захавання здароўя дзіцяці, бо наколькі пастаяннае нашэнне грузаў, якія перавышаюць фізіялагічныя нормы, шкоднае для пазваночніка, для паставы, ведаюць, думаю, усе.
Між іншым мая суразмоўніца адзначыла, што месцаў для захоўвання рэчаў няма прыкладна ў палове нашых школ. Згодна са зменамі ў санітарных правілах ад 2012 года, ячэйкі або шафы павінны быць ва ўсіх школах-новабудоўлях і для старшых школьнікаў.
Са згаданага вышэй даследавання, якое праводзілася ва ўсіх абласцях краіны і Мінску, спецыялісты высветлілі, што найбольшую вагу носяць на сабе пяці-, шасці- і сямікласнікі. А лішняя маса ў сярэднім складае 1,5 кілаграма. Старшыя школьнікі пры гэтым нярэдка самі аблягчаюць свае рукзакі, выкладваючы з іх пэўныя кнігі: маўляў, буду карыстацца тым, што прынясе сусед па парце, спецыяльна дагаворваюцца, хто што прынясе. Малодшыя школьнікі такога сабе не дазваляюць — баяцца заўваг настаўнікаў.
Выкарыстанне электронных сродкаў навучання можа, канечне, дапамагчы знізіць вагу ранцаў, але, калі яго не абмяжоўваць, шкодна паўплывае на зрок. Так што зніжаць вагу падручнікаў усё роўна неабходна. Ну і, безумоўна, важна выбраць для школьніка менавіта рукзак, а не сумку праз адно плячо, якая псуе паставу. Але гэта ўжо тэма для асобнай гаворкі. У любым выпадку рызыкі для здароўя дзіцяці павінны быць мінімальнымі.

Пакуты па фаст фудзе

Акрамя зніжэння вагі ранцаў, пастанова Міністэрства аховы здароўя № 63 уносіць і такое змяненне для школ, як абмежаванне продажу да двух разоў на тыдзень высокакаларыйных мучных страў: піцы, смажанак, сасісак у цесце і інш. Гэта значыць, што ў адзін з дзён школьнага тыдня ў буфеце будуць прадавацца смажанкі (скажам, у аўторак), у другі (напрыклад, чацвер) — піца, а не ўсё разам і адначасова, як гэта было раней.
Акрамя таго, у асартымент буфетаў уводзіцца гематаген (дэфіцыт жалеза сустракаецца ў нашых дзяцей нярэдка, гэта даказана). Яго продаж таксама павінен ажыццяўляцца не больш чым два разы на тыдзень, каб пазбегнуць перадазіроўкі жалеза, ды і пра тое, што гематаген салодкі, таксама не трэба забываць.
— Санітарныя нормы і правілы былі перапрацаваны ў нашай краіне яшчэ ў 2012 годзе. Сёлета прыняты новыя законы аб гандлі і грамадскім харчаванні, фізічнай культуры і спорце, — гаворыць Ала Антонаўна Малахава. — І мы, у адпаведнасці з даручэннем урада, прывялі свае дакументы ў адпаведнасць з гэтымі законамі, адначасова ўдакладнілі правілы 2012 года. Так з’явіўся пункт пастановы № 63 Міністэрства аховы здароўя аб замене вострых прыпраў на смакаараматычныя дабаўкі, раней была проста тэхнічная памылка па гэтым пункце, якую зараз выправілі. А пытанне аб залішняй вазе дзяцей у чарговы раз узнікла летась на сумеснай калегіі міністэрстваў аховы здароўя і адукацыі. Ды і пры праверках харчаблокаў нашы спецыялісты бачаць, як шмат там гатуюць піц, смажанак, булачак. Я сама ў Віцебску бачыла, як хлопчык выходзіў са школы з чатырма сасіскамі ў цесце, нёс іх дадому, відаць, ён так харчуецца пастаянна.
Прынамсі, спынімся на даных пра салодкае, мучное, фаст фуд і падобную ежу. Як вядома, яе пастаяннае ўжыванне ў сукупнасці з іншымі фактарамі можа прывесці да атлусцення. Сусветная арганізацыя аховы здароўя яшчэ ў 1998 годзе вызначыла распаўсюджанне атлусцення як глабальную эпідэмію. А ў 2010 годзе колькасць дзяцей з залішняй вагой у свеце перавысіла 42 мільёны.
У Беларусі ж з 2000 па 2012 год захваральнасць дзяцей на атлусценне вырасла з 219,4 выпадка на 100 тысяч кантынгенту да 471,6. Сярод падлеткаў ад 15 да 17 гадоў у 2012 годзе паказчык склаў 1027,5 выпадка на 100 тысяч у параўнанні з 805,1 яшчэ ў 2010 годзе. Колькасць дзяцей з лішняй вагой у Мінску за дванаццаць гадоў вырасла амаль у два разы. Пры гэтым каля 80% дзяцей з атлусценнем рызыкуюць застацца такімі і ў сталым узросце. Спалохацца, а галоўнае — прыняць рашучыя меры, ёсць ад чаго.
Да таго ж медыкі адзначаюць рост колькасці дзяцей з ускладненнямі атлусцення — цукровым дыябетам другога тыпу, іншымі эндакрыннымі захворваннямі, артэрыяльнай гіпертэнзіяй. Так, штогод рэгіструецца прыкладна 150 новых выпадкаў цукровага дыябету. Пры гэтым дзеці на перапынках выстройваюцца ў чэргі, каб набыць менавіта булачкі, сасіскі ў цесце і падобныя стравы.
Выконваць палажэнні пастановы школьныя буфеты абавязаны праз 15 дзён пасля яе прыняцця, а прынялі яе 29 ліпеня. На практыцы, канечне, усё пачнецца 1-га верасня. Санітарна-гігіенічныя службы збіраюцца строга сачыць за выкананнем новых абмежаванняў.

Марына ХІДДЖАЗ.