Школа для выхавальнікаў

Лета чакаюць усе. Перш за ўсё, зразумела, дзеля адпачынку. А многія яшчэ і дзеля таго, каб зарабіць, выбіраючы работу дома або за мяжой. Некаторым пры гэтым удаецца спалучыць работу і адпачынак. Напрыклад, тым, хто зможа трапіць у склад педагагічных атрадаў, якія працуюць за мяжой. Канечне, работа выхавальніка ў дзіцячым лагеры патрабуе спецыяльнай падрыхтоўкі і спецыяльных ведаў. Таму і магчымасць атрымаць такую падрыхтоўку набывае асаблівае значэнне. Вось мы і звярнуліся да тых, хто займаецца падрыхтоўкай маладых людзей для работы ў педагагічных атрадах у Беларусі і за мяжой, хаця і замежжа гэтае блізкае — Расія.

Базавая праграма

Першым маім суразмоўцам стаў цяперашні камісар Рэспубліканскага штаба студэнцкіх атрадаў ЦК ГА “БРСМ” Аляксандр Базук, які адначасова з’яўляецца камандзірам студэнцкага педагагічнага атрада “НЛА” (“Новы лідарскі атрад”) Віцебскага абласнога камітэта БРСМ. Нагадаю, што “НЛА” па выніках мінулага працоўнага семестра прызнаны адным з двух лепшых педатрадаў краіны нароўні з педатрадам “Палаючыя сэрцы” Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна.
Вось што расказаў Аляксандр:
— Будучых байцоў педагагічнага атрада мы вучылі па метадычнай праграме, якую распрацавала Ганна Аляксееўна Піменава, на той час метдыст аднаго з цэнтраў пазашкольнай работы, у 2003 годзе. Гэта і праграма лідар-змены для школьнікаў, і праграма падрыхтоўкі важатых для работы на гэтай змене. Зараз Ганна Аляксееўна працуе ў Казахстане па праграме ЮНІСЕФ і там праводзіць лідар-змены. Так што яе вопыт запатрабаваны не толькі ў Беларусі.
Мы яшчэ тады пачалі працаваць па гэтай методыцы, актыўна ўзяліся за стварэнне лідар-змены, работу з маладымі людзьмі, якія збіраліся працаваць важатымі, тады наш атрад называўся “СЛОН”. Пазней мы пачалі ездзіць на фестывалі педатрадаў. Апошні раз я быў на Усерасійскім злёце педагагічных атрадаў, што праходзіў на базе Усерасійскага дзiцячага цэнтра “Арляня”. Там атрымаў метадычныя распрацоўкі расійскіх калег, таму летась на падставе ўсяго гэтага стварыў праграму, распрацаваную менавіта для “НЛА”. Яна існуе і ў пашыраным, і ў больш кароткім варыянце.
Тым, хто хоча працаваць у педатрадзе, выдаецца канспект праграмы, потым чалавек праходзіць тэсціраванне. Затым з ім праводзяцца трэнінгі, каб зразумець, наколькі ён упісваецца ў калектыў, бо кожнага выбіраем дасканала, адказна. Ну і трэці этап — складанне праграмы змены.
Сёлета, як расказаў Аляксандр Базук, у атрадзе “НЛА”, работу якога ён працягне курыраваць, збіраюцца крыху змяніць праграму лідар-змены, якую вырашылі назваць “Хачу быць важатым”. Работа са школьнікамі ад 14 гадоў і старэй (а ў асобных выпадках і з больш юнымі навучэнцамі) пойдзе ў кірунку падрыхтоўкі для працы ў педагагічных атрадах так, каб выпускнікі школ прыходзілі ў студэнцкую аўдыторыю падрыхтаванымі да работы ў такіх атрадах.
— Дзякуючы гэтаму, мы зможам папулярызаваць работу ў студэнцкіх атрадах, заахвоціць школьнікаў да паступлення на педагагічныя спецыяльнасці, — дадае мой суразмоўнік. — Плюс, паступіўшы ва ўстанову вышэйшай адукацыі, маладыя людзі будуць загадзя ведаць, што такое студэнцкі атрад, як яго арганізаваць, як працуюць камандзір і камісар атрада, — карацей кажучы, імкнёмся развіваць студатрадаўскі рух у Беларусі. Так, збіраемся вучыць школьнікаў праектнай дзейнасці, каб яны ўмелі правільна ствараць праекты. Калі сустракаліся з дзецьмі на вясенніх канікулах, заўважылі, што яны не зусім разумеюць, як гэта рабіць. Калі абласная змена пройдзе ўдала, пазней рэалізуем ідэю падрыхтоўкі школьнікаў да работы ў педатрадах на базе Нацыянальнага дзіцячага цэнтра “Зубраня” ў наступным годзе.
У Віцебскай вобласці базай для абкаткі новага праекта, хутчэй за ўсё, застанецца лагер “Арляня”, што ў Бешанковіцкім раёне, хаця, магчыма, педатрадаўцы паедуць і ў іншыя летнікі. Раней яны праводзілі лідар-змены ў іншых лагерах Віцебшчыны — “Лясная паляна”, “Бярозка”, “Прамень”, “Чайка” і г.д. Звычайна на такой змене працуюць чалавек 10—15 педатрадаўцаў, адпачываюць прыкладна сто дзяцей.
Дарэчы, самыя зацікаўленыя школьнікі, якія адпачывалі на падобных лідар-зменах, стаўшы студэнтамі, плаўна ўваходзілі ў склад педагагічнага атрада. Як гаворыць А.Базук, 99% цяперашніх педатрадаўцаў — яго былыя выхаванцы. Напрыклад, камісар атрада “НЛА” Настасся Яленская, якая вучыцца на гістарычным факультэце Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава, калісьці была байцом атрада. Як і Іван Пчолка, які ўжо скончыў каледж пры ВДУ і сёлета паступае ў гэты ўніверсітэт, або як Юлія Чунаева, студэнтка факультэта педагогікі і псіхалогіі ВДУ імя П.М.Машэрава. Наогул жа сярод байцоў атрада нямногія (тры чалавекі) маюць ці атрымліваюць педагагічныя спецыяльнасці. Нават сам Аляксандр мае акцёрскую адукацыю (скончыў БГАМ) i шмат гадоў працаваў у віцебскім тэатры імя Якуба Коласа, астатнія набываюць неабходныя навыкі праз вучобу ў “НЛА”.
Акрамя таго, сёлета ў “НЛА” пачалі рыхтаваць важатых для работы ў Расіі. Магчыма, ужо надыходзячым летам байцы педагагічнага атрада накіруюцца ў суседнюю краіну, хутчэй за ўсё, у Маскоўскую вобласць.

Важацкая акадэмія

Выканаўчы дырэктар Лігі добраахвотнай працы моладзі Таццяна Кузьміна расказала пра Акадэмію важацкага майстэрства, якая ўжо не першы год працуе пры гэтай арганізацыі. Заўважу, што работа лігі ўключана ў комплекс мер па рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі.
— Удзельнікаў нашых атрадаў (сэрвіснага і педагагічнага) мы набіраем у Беларусі, а працуюць яны за мяжой, у тым ліку ў міжнародных лагерах, — расказвае Таццяна. — У спартыўна-аздараўленчым комплексе “Змена”, што ў Краснадарскім краі, ўжо восем гадоў дзейнічае наш педагагічны атрад “Resпублика”. У нас ёсць цэлы курс падрыхтоўкі маладых людзей да работы ў гэтым лагеры, і не абавязкова студэнтаў. Толькі ў гэты атрад набіраем 500 чалавек, прычым па вялікім конкурсе. Сёлета, напрыклад, ён склаў 4,5 чалавека на месца для работы ў ліпені — жніўні. Працуюць нашы “выхаванцы” і ў другім лагеры Краснадарскага краю, але там людзей трэба не так многа.
Як расказала Т.Кузьміна, Акадэмія важацкага майстэрства, якую абавязкова заканчвае кожны, хто прайшоў конкурс і хоча працаваць з дзецьмі, складаецца з трох этапаў-крокаў. Трапляюць у яе і тыя, хто самастойна знайшоў звесткі пра Лігу добраахвотнай працы моладзі, і тыя, хто даведаўся пра яе на сустрэчы з прадстаўнікамі арганізацыі ў сваёй навучальнай установе. Такія сустрэчы нярэдка праходзяць у розных УВА, прычым у лізе не арыентуюцца менавіта на педуніверсітэты (летась з Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта было 23 удзельнікі атрада “Resпублика”, сёлета будзе больш), працуюць са студэнтамі любых навучальных устаноў.
Галоўнае, як кажа мая суразмоўніца, — крэатыўнасць, актыўнасць, адказнасць, пэўныя здольнасці. Сама Таццяна Кузьміна трапіла ў лігу як звычайны ўдзельнік. Прайшла навучанне, працавала і цяпер працуе ў САК “Змена”.
Вучоба ж у Акадэміі важацкага майстэрства пачынаецца са “Школы важатых”, дзе вучацца навічкі. Тут хлопцы і дзяўчаты (здараецца, і людзі даволі сталага ўзросту) праходзяць чатыры трэнінгі, накіраваныя на практыку.
— На гэтых трэнінгах мы даём самыя разнастайныя веды — ад тлумачэння таго, хто такі важаты і што ад яго патрабуецца, да ведаў па дзіцячай псіхалогіі, канфлікталогіі, — тлумачыць Таццяна. — З навічкамі працуе трэнерская група, якую мы падрыхтавалі тут, у лізе. Гэта і наш дырэктар Вольга Шмігельская, і я, і людзі, якія самі прайшлі навучанне і працавалі ў аздараўленчых лагерах. Галоўнае, чаму імкнёмся навучыць кожнага, — канкрэтныя практычныя веды, бо з тэорыяй добраахвотнікі могуць пазнаёміцца і самі, звярнуўшыся да дапаможнікаў. Расказваем, напрыклад, як адказваць на самыя нечаканыя дзіцячыя пытанні, як паводзіць сябе ў розных сітуацыях.
Пасля чатырох крокаў-трэнінгаў навучэнцы “Школы важатых” пераходзяць да практычных заняткаў. Гэта “Гульнятэка” і “Очумелые ручки”. Будучыя важатыя вучацца таму, у якія гульні можна пагуляць з дзецьмі і чым іх заняць. Затым праводзіцца “Вяровачны курс” з выездам на прыроду і фестываль важатых, які сёлета пройдзе 10 мая, а пачаўся курс “Школы важатых” у сакавіку. Падчас фестывалю будучыя важатыя не толькі паказваюць свае творчыя нумары, выконваюць пэўныя заданні, але і здаюць экзамен. Адзнакі, дарэчы, атрымліваюць падчас навучання ў залікова-працоўную кніжку, пазней у іх з’яўляюцца адзнакі аб рабоце ў лагеры. А скарыстаць кніжку можна і потым для работы ў іншых лагерах, па іншых праграмах.
Другі этап навучання ў Акадэміі называецца “Пяць зорак”. Гэта курс для тых, хто раней скончыў “Школу важатых”, працаваў у лагеры і хоча папрацаваць яшчэ. Праграма “Пяці зорак” складаецца з субяседавання з адным з кіраўнікоў лігі, абавязковага выканання некаторых добрых спраў, куратарства над навічкамі. Пры гэтым тое, што чалавек працаваў у лагеры, вучыўся ў “Школе важатых”, не дае яму пераваг, ён усё роўна праходзіць праз агульны конкурс.
Акрамя таго, Акадэмія важацкага майстэрства мае магчымасць даць дадатковую падрыхтоўку фізрукам і плаўрукам, культарганізатарам, кіраўнікам гурткоў, аніматарам, фатографам, харэографам. З жадаючымі прайсці такія курсы працуюць спецыялісты, студэнты адпаведных устаноў вышэйшай адукацыі. Так, з жадаючымі стаць харэографамі ў дзіцячых лагерах займаюцца студэнты ўніверсітэта культуры.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіваў Лігі добраахвотнай працы моладзі і атрада “НЛА”.