Што пасееш, тое і пажнеш

Ці магчыма патанніць школьнае харчаванне, але пры гэтым зрабіць яго больш якасным? І што для гэтага трэба? У Чавускай абласной сярэдняй школе са спецыялізаванымі па спорце класамі знайшлі дзейсны спосаб, як сэканоміць грошы і разам з гэтым пашырыць асартыментнае меню для навучэнцаў. На тэрыторыі навучальнай установы пабудавалі птушнік і сховішча для агародніны. І цяпер, дзякуючы вядзенню ўласнай гаспадаркі, у сталовай заўсёды гатуецца ежа са свежых і натуральных прадуктаў.

Пра асаблівасці арганізацыі харчавання і вядзенне гаспадаркі нам расказала намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Святлана Аляксандраўна Дзямідава.

Меню для спартсменаў

Пяць гадоў назад Чавуская школа-інтэрнат была перайменавана ў Чавускую абласную сярэднюю школу. З таго часу навучальная ўстанова жыве другой гісторыяй.

“Нашы дзеці — гэта навучэнцы 5—11 класаў, і класы ў нас спецыялізаваныя па спорце, — расказвае Святлана Аляксандраўна. — Што тычыцца спецыялізацый, дзеці займаюцца біятлонам і цяжкай атлетыкай”.

Дарэчы, Чавуская абласная сярэдняя школа — адзіная на Магілёўшчыне агульнаадукацыйная навучальная ўстанова, у якой дзеці прафесійна займаюцца спортам. Сёння ў школе вучацца і выхоўваюцца крыху больш за 80 дзяцей. Усе яны прайшлі адбор у спецыялізаваныя па спорце класы па кірунках “біятлон” і “цяжкая атлетыка”.

“5 гадоў назад наша школа змяніла статус і стала абласной сярэдняй школай, — працягвае расказваць пра ўстанову намеснік дырэктара. — Раней у нас выхоўваліся толькі дзеці-сіроты, а сёння яны жывуць у школе разам з дзецьмі з поўных сем’яў і таксама займаюцца спортам. Усяго ў нас вучыцца і выхоўваецца 81 дзіця, 14 з якіх маюць статус дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Усе яны жывуць у прыёмных і апякунскіх сем’ях па асноўным месцы жыхарства.

У нашых дзяцей асаблівы расклад, паколькі ў сваёй дзейнасці мы робім акцэнт на спорт. Справа ў тым, што 4 гадзіны ў дзень дзеці прысвячаюць трэніроўкам. Урокі ў школе пачынаюцца ў 8.20. У 10 гадзін, пасля двух урокаў, пачынаецца першая трэніроўка. У 12 гадзін падлеткі зноў разыходзяцца па класах і вучацца да 16 гадзін. Пасля ўрокаў у раскладзе яшчэ адна 2-гадзінная трэніроўка. Дарэчы, трэніруюць дзяцей выкладчыкі дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы”.

Рэжым дня ў выхаванцаў, калі дадаць да звычайных урокаў трэніроўкі, вельмі насычаны. І лагічна, што з улікам энергазатрат сістэма харчавання ў спартсменаў павінна адрознівацца ад той, па якой складзена меню для навучэнцаў агульнаадукацыйных школ. Каб узбагаціць меню, пашырыць аб’ём гатовых страў і патанніць харчаванне, Чавуская абласная сярэдняя школа ўдзя­ляе вялікую ўвагу развіццю гаспадарчай дзейнасці. У прыватнасці, для патаннення харчавання дзяцей пабудаваны свой птушнік, у якім налічваецца 80 кур-нясушак, а таксама 50 бройлераў.

“Дзякуючы таму, што гадуем кур-нясушак, яйкі мы ўвогуле не купляем, яны ў нас свае. І гэта цудоўна. Што тычыцца бройлераў, мяса таксама сваё, але яго хапае на пэўны час. Напрыклад, за лета бройлеры выраслі, мы атрымалі мяса. Гатуем з яго да таго часу, пакуль не скончыцца. Пасля таго, як запасы заканчваюцца, безумоўна, робім закупкі. Час ад часу бывае так, што паспяваем за сезон выгадаваць бройлераў яшчэ раз. Для нас наяўнасць свайго свежага мяса з’яўляецца вельмі важнай. Паколькі школа ў нас агульнаадукацыйная, значыць, нормы харчавання для нашых дзяцей разлічаны як для агульнаадукацыйнай школы з кругласутачным знаходжаннем. Дзякуючы сваёй гаспадарцы, удаецца рабіць харчаванне больш танным. За кошт эканоміі, напрыклад, з тых грошай, якія маглі быць патрачаны на мяса, мы купляем іншыя прадукты, пашыраем меню”.

Дапамогу ў будаўніцтве птушніка школе аказалі спонсары з Канады. 20 гадоў назад яны ўпершыню прыехалі ў Чавусы, пазнаёміліся з дзецьмі, якія пражываюць у зоне радыеактыўнага забруджвання, і прапанавалі сябраваць.

“Нашы сябры з Канады прыязджаюць у Чавусы 2 разы на год, — працягвае Святлана Аляксандраўна. — Напрамкі ў нашага супрацоўніцтва розныя, але асноўны ўхіл, безумоўна, робіцца на развіццё спартыўнай школы. Напрыклад, у гэтым верасні падчас чарговага прыезду канадскія трэнеры вазілі нашых выхаванцаў у Лядовы палац у Шклоў. Дарэчы, у нас сярод навучэнцаў сфарміравана хакейная каманда, у іх нават свая форма. Дзякуючы падтрымцы канадцаў, у нас на тэрыторыі школы будзе пабудавана лядовая пляцоўка. Безумоўна, кожную зіму мы самі залівалі каток, але гэта быў звычайны адкрыты каток. Цяпер жа у нас з’явіцца крытая лядовая пляцоўка. Праектна-каштарысная дакументацыя ўжо гатова, засталося ўзгадніць некаторыя фінансавыя моманты — і будзем будаваць. Дарэчы, канадцы дапамагаюць нам не толькі ў спорце. Дзякуючы спонсарскай дапамозе, мы змаглі палепшыць бытавыя ўмовы пражывання навучэнцаў у інтэрнатах”.

Усё натуральнае, сваё

Развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы Чавускай абласной сярэдняй школы ў галіне сельскай гаспадаркі таксама пачалося дзякуючы сябрам з Канады. За час супрацоўніцтва ў школе пабудаваны модуль для ўтрымання курэй, устаноўлены тры вялікія цяпліцы, а таксама куплены трактар МТЗ з навясным абсталяваннем, які прызначаны для апрацоўкі зямлі. “Штогод мы засейваем бульбай гектар зямлі, без трактара ніяк не абысціся, — працягвае С.А.Дзямідава. — Дарэчы, бульбы нам хапае на год. Акрамя гэтага, вырошчваем моркву, буракі, цыбулю. Іх таксама хапае на год. Яшчэ адзін вялікі ўчастак адведзены пад капусту”.

Святлана Аляксандраўна расказала, што, акрамя модуля для птушак, на тэрыторыі школы быў пабудаваны і модуль для гадавання свіней. На жаль, гэтым відам гаспадаркі займаліся толькі адзін сезон.

“Пакуль што мы не займаемся развя­дзеннем парасят, спыніліся толькі на курах, і з імі праблем няма. Яек у нас штодня дастаткова”, — гаворыць намеснік дырэктара.

Па падліках, уласная прадукцыя дазваляе сэканоміць прыкладна 13% ад штодзённых грашовых норм. На першы погляд, працэнт невялікі. Але дзякуючы такой разумнай эканоміі ўдаецца павялічыць норму выдачы садавіны, спажыванне якой для дзяцей заўсёды з’яўляецца неабходным і карысным. У меню, дзякуючы эканоміі, з’явілася больш салатаў.

“Каб зразумець, на якой колькасці звычайных, даступных для вырошчвання культур нам удаецца эканоміць, хачу звярнуць увагу, колькі ўласнай прадукцыі нарыхтавана за апошні час. Так, мінулай восенню мы нарыхтавалі 10 194 кг на суму 4319,07 руб. У спісе сельскагаспадарчай прадукцыі — капуста, бульба, цыбуля, морква, агуркі, памідоры, буракі, парэчкі, яблыкі, алыча. Сёлета па стане на верасень сабрана 5785 кг на суму 2937,75 руб. Але гэта з улікам таго, што не ўсё сабрана. Напрыклад, капуста, морква і буракі яшчэ растуць. Пачнём іх збіраць з надыходам моцных замаразкаў. Гэта робіцца для таго, каб лепш і даўжэй усё захоўвалася. А тое, што трэба для гатавання ежы, напрыклад, на сёння ці заўтра, мы ідзём і бяром на агаро­дзе і адразу гатуем. Зімой варым кампоты з уласных сухафруктаў.”

Уся сабраная прадукцыя захоўваецца на тэрыторыі школы ва ўласным сховішчы для агародніны. Там бульба, морква і іншая кругласезонная садавіна ляжаць цэлы год. Дарэчы, частку агуркоў і капусту, ураджай якіх заўсёды багаты, у школе засольваюць у бочкі і квасяць.

“У нас заўсёды атрымліваюцца смачныя агуркі і капуста, — з гордасцю адзначае С.А.Дзямідава. — Але ад метадаў такой загатоўкі капусты мы ўжо адыходзім. Вельмі складана з уласнай прадукцыяй, згатаванай такім спосабам, вытрымаць тэхналогію сертыфікацыі па ўзроўні кіслотнасці”.

Ва ўстанове створана бракеражная камісія, якая штодня кантралюе закладку сырой прадукцыі, а таксама якас ць гатовай ежы. У абавязкі камісіі ўваходзіць таксама кантроль за ўмовамі захоўвання атрыманых прадуктаў, іх рэалізацыяй згодна з тэрмінам прыдатнасці. Што тычыцца харчавання навучэнцаў, яно арганізавана на аснове прыкладных двухтыднёвых рацыёнаў.

“Прыкладныя двухтыднёвыя рацыёны распрацоўваюцца ў школе і праходзяць санітарна-гігіенічную экспертызу ў цэнтры гігіены і эпідэміялогіі, — тлумачыць асаблівасці Святлана Аляксандраўна. — Зразумела, што прыкладныя рацыёны распрацоўваюцца з улікам рацыянальнага размеркавання агульнай каларыйнасці сутачнага рацыёну па прыёмах ежы, а таксама на аснове аптымальных суадносін харчовых рэчываў — бялкоў, тлушчаў і вугляводаў”.

Дарэчы, тым дзецям, якія на выхадных застаюцца ў школе, распісваецца меню на суботу і нядзелю. Фінансуецца яно поўнасцю за кошт спонсараў з Канады. Як расказала Святлана Аляксандраўна, большасць навучэнцаў, якія жывуць далёка ад Чавус, не маюць магчымасці бываць дома так часта, як бы хацелася. Тыя дзеці, чые бацькі жывуць недалёка, часцей бачацца з роднымі.

“Бацькі, якія жывуць у блізкіх да Чавускага раёнах, часта прыязджаюць наведаць сваіх дзяцей, — запэўнівае С.А.Дзямідава. — Але падлеткі, якія радзей бачацца з мамамі і татамі, не засмучаюцца: зараз столькі сродкаў сувязі, што звязацца і пабачыцца з роднымі перастала быць праблемай. Дарэчы, дарослыя, якія прыязджаюць у школу, з цікавасцю знаёмяцца з нашай гаспадаркай. Мамы і таты хвалююцца, яны хочуць быць упэўнены, што іх дзеці жывуць у добрых умовах, добра харчуюцца. І пасля таго, як на ўласныя вочы бачаць, што дзеці сытыя, хваляванне праходзіць”.

Увогуле, правільная арганізацыя харчавання і распарадак дня важныя для кожнага навучэнца, а для спартсменаў — тым больш. Зразумела, што школа не заўсёды зможа кантраляваць звычкі сваіх навучэнцаў. Але падштурхнуць дзяцей да здаровага выбару пад сілу кожнаму.

Наталля САХНО.