Нестандартная кампанія

Калі мы гаворым пра школьныя бізнес-кампаніі, то, хутчэй за ўсё, маем на ўвазе адну з тых, што размяшчаюцца ў школах Мінскай вобласці, — іх у рэгіёне сапраўды шмат. Узгадаем яшчэ пра Гродзенскую, Віцебскую ці іншую вобласць. Там таксама і гістарычныя помнікі, і сельскагаспадарчыя ўгоддзі, і цяпліцы, і лес — ёсць дзе разгарнуцца. А вось пра Мінск наўрад ці хто ўзгадае — у вялікім горадзе школьных бізнес-кампаній зусім мала (я, напрыклад, чула пра дзве). Адна з іх ужо некалькі гадоў дзейнічае ў сярэдняй школе № 86, што ў Партызанскім раёне сталіцы.

Як адшукаць сваю нішу?

Што ж, сапраўды, расаду ў сталічнай школе вырошчваць умовы не заўсёды дазваляюць, сельгаспрадукцыю — тым больш, на кожны гістарычны маршрут знойдзецца турфірма. Але сваю нішу адшукаць можна, калі ёсць жаданне і цікавасць. Першай такую ціка­васць да стварэння школьнай бізнес-кампаніі ў Партызан­скім раёне праявіла начальнік упраўлення па адукацыі адміністрацыі раёна Людміла Анатольеўна Філіповіч і звярнулася з гэтай ініцыятывай да дырэктара сярэдняй школы № 86 Наталлі Анатольеўны Івашкевіч і намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Вадзіма Аляксандравіча Зайцава. Было гэта каля 3 гадоў назад — і з таго часу кампанія жыве, працуе, развіваецца.

Курыруе яе з самага пачатку Вадзім Аляксандравіч, і гэта не проста так. Педагог-гісторык, выкладчык сацыяльна-палітычных дысцыплін, які скончыў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка, мае яшчэ адукацыю ў галіне кіравання персаналам, атрыманую ў БНТУ, і вопыт адпаведнай работы ў адной з беларускіх кампаній.

З чаго пачынаць, В.А.Зайцаў разумеў без падказак: трэба адшукаць канкурэнтаздольную бізнес-ідэю. Дапамог аформіць яе ўдзел у бізнес-канферэнцыі, на якую запрасіла маладзёжная сацыяльная служба Партызанскага раёна Мінска. Намеснік дырэктара вывучаў вопыт калег з Віцебскай вобласці, з Расіі, нарматыўныя дакументы. Пазней і сам падрыхтаваў даследаванне па рабоце школьных бізнес-кампаній на грант Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта.

А пасля вывучэння рынку паслуг і прапаноў, аналізу сітуацыі ў Мінску нарадзілася ідэя стварыць у школе бюро нестандартных віншаванняў. Многія хочуць дарыць не стандартныя падарункі, паштоўкі, а такія, якіх ні ў кога ніколі больш не будзе. Сёння, як напісана ў бізнес-плане кампаніі, з блізкіх аналагаў праекта існуюць толькі event-агенцтвы, якія займаюцца арганізацыяй мерапрыемстваў, але не аказваюць дадатковых паслуг, якія прадугледжвае праект. Акрамя таго, агенцтвы маюць пэўныя мінусы: банальныя сцэнарыі, адносна высокія цэны, адсутнасць гарантыі належных вынікаў. Амбіцыі ў школьнай кампаніі, як бачыце, вялікія. Але навошта пачынаць справу, калі не арыентавацца на высокія вынікі, пагадзіцеся?

Мы можам!

Затраты таксама падлічылі загадзя: яны невялікія, бо матэрыялы патрэбны самыя простыя, пло­шчы свае, жаданне працаваць ёсць. Зноў жа, як сказана ў бізнес-плане, падобныя праекты (на момант стварэння кампаніі) на рынку Беларусі адсутні­чаюць, што дазваляе забяспечыць канкурэнтаздоль­насць. Дадатковая перавага — адсутнасць неабходнасці ўтрым­ліваць вялікую колькасць супрацоўнікаў. На пастаяннай аснове ў кампаніі працуе мінімум персаналу, іншых прыцягваюць па меры неабходнасці і іх уласнага жадання. Зараз, напрыклад, у бюро нестандартных віншаванняў 11 супрацоўнікаў плюс тыя, хто далучаецца да іх час ад часу.

Асноўная прадукцыя школьнай бізнес-кампаніі — паштоўкі, прычым нярэдка з уласнымі вершамі, сувеніры, тут яшчэ прапануюць арыгінальныя відэавіншаванні, правядзенне свят, некаторыя іншыя паслугі.

Грошай, праўда, за сваю работу школьнікі не атрымліваюць, але заказчыкі дзякуюць ім экскурсіямі, матэрыяламі для новых вырабаў, школе — пэўнай шэфскай дапамогай, неабходным абсталяваннем, напрыклад. Так, добрыя адносіны склаліся з адной кампаніяй таксі, для якой школьнікі рабілі прома-прадукцыю ў выглядзе аўтамабіляў. Таксама яны выконвалі заказы да Дня медыцынскага работніка, Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, Дня настаўніка, 8 Сакавіка, запрашальныя білеты на канцэрты, вырабы з дрэва для падарункаў і г.д.

З самага пачатку работы ў жадаючых папрацаваць недахопу не было, тут задзейнічаны навучэнцы 7—11 класаў. На рукі юныя супрацоўнікі атрымліваюць дагавор, у якім прапісаны іх абавязкі, рэжым работы, абавязкова сваю згоду даюць бацькі. У кампаніі прадугледжаны пасады дырэктара, дызайнераў, вядучых, спецыялістаў па вырабе сувенірнай прадукцыі. Вельмі дапамагаюць настаўнікі працы. Так, Алена Васільеўна Нагорная, якая выкладае тэхнічную працу ў хлопчыкаў, шмат дапамагае з вырабам тых жа сувеніраў з драўніны, іншых. Яна, канечне, як ніхто, ведае сваіх самых умелых, самых творчых навучэнцаў, якія часта ўдзель­нічаюць у конкурсах, і заўсёды дапамагае Вадзіму Аляксандравічу падабраць кадры для кампаніі, паказвае, як лепш выканаць той або іншы выраб. Сёлета да яе далучаецца новы выкладчык працы Настасся Расціславаўна Стальмачонак. Справа пойдзе яшчэ спрытней.

І, канечне, навучэнцы маюць магчымасць па­знаё­міцца з гісторыямі арганізацыі бізнесу рэальнымі бізнесменамі, задаць ім пытанні, задумацца над сваёй будучыняй.

— Аб праекце я даведалася, калі ён толькі задумваўся, ад Вадзіма Аляксандравіча. Мне тады было ўсяго 13, — расказвае адзінаццацікласніца Эліна Барысенка. — Раблю паштоўкі, ідэі для іх мы распрацоўваем самі, і мне гэта падабаецца. Для мяне важна сустракацца тут з сябрамі і займацца творчасцю.

Кацярыне Шэлест, таксама адзінаццацікласніцы, асабліва запомнілася, як рабілі сувеніры для таксі, якія потым вадзіцелі дарылі кліентам, што ехалі сем’ямі. Сустрэчы з прадпрымальнікамі (адна з іх была для ўсіх жадаючых навучэнцаў школы), работа з кліентамі таксама не прайшлі дарма — веды і ўменні карысныя, спатрэбяцца ў дарослым жыцці.

Дзевяцікласніцы Софія Свінабаева і Настасся Страхава толькі прыйшлі ў кампанію, але ведаюць пра яе даўно. Кажуць, што любяць нешта рабіць сваімі рукамі, тым больш што, навучыўшыся, можна рабіць тыя ж паштоўкі дома.

Цяпер і ў будучыні

Пакуль жа бізнес-кампанія з 86-й школы паспела прыняць удзел у Рэспубліканскім конкурсе “100 ідэй для Беларусі”, дзе выйшла на гарадскі этап, прэзентавала сваю прадукцыю на мінулагодняй жнівеньскай гарадской канферэцыі педагагічных работнікаў. Выязджалі прадстаўнікі кампаніі і ў некаторыя школы Партызанскага раёна, дзяліліся вопытам.

— Работа ў бізнес-кампаніі вельмі пашырае кругагляд школьнікаў, — дзеліцца яшчэ адным назіраннем за работай бюро нестандартных віншаванняў дырэктар школы Н.А.Івашкевіч. — Гэта ў многім звязана з перспектывамі працаўладкавання дзяўчат і хлопцаў у будучыні. Працуючы ў кампаніі, яны даведваюцца, што такое кадравыя пытанні, службовыя абавязкі, службовая інструкцыя, справаводства. Многія гэтым цікавіліся. Бізнес-кампанія дапамагае юнакам стаць крыху больш дарослымі, бо мала хто з іх уяўляе, што такое працаваць, мець працоўную кніжку або падпісваць дагавор.

Не менш, можа, нават і больш важным Наталля Анатольеўна лічыць тое, што праект займае дзяцей карыснай справай у вольны час. І ў гэтым дапамагаюць навучэнцы педагагічных класаў — там вучацца актыўныя і матываваныя падлеткі, якія і самі ідуць у кампанію, і іншых да справы далучаюць, у тым ліку дзяцей, якія стаяць на розных відах уліку.

Было б зусім добра, каб кампаніі дапамаглі юрысты, і школа намагалася атрымаць іх дапамогу. Пакуль не атрымалася, але, хочацца спадзявацца, гэта яшчэ наперадзе. Як наперадзе і больш блізкія задумы, бо праект развіваецца. Так, сёлета В.А.Зайцаў разам з намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце Аленай Уладзіміраўнай Навіцкай рыхтуюць новую ідэю для школы і бізнес-кампаніі — увядзенне ў яе работу прынцыпу “роўны вучыць роўнага”. Так і дзецям будзе цікавей, і новае пакаленне супрацоўнікаў кампаніі падрыхтаваць можна, у прыватнасці, дырэктара кампаніі з ліку школьнікаў — кіраваць калектывам таксама трэба вучыцца, а Вадзім Аляксандравіч застанецца яе куратарам. Плануюць школьныя бізнесмены і стварэнне сваіх груп ва “УКантакце” і “Аднакласніках”, у тым ліку для рэкламы паслуг і прадукцыі бюро нестандартных віншаванняў. Пакуль жа асноўную рэкламу ім забяспечваюць сарафаннае радыё і ўдзел у мерапрыемствах.

…На лагатыпе кампаніі, які распрацавалі навучэнцы, — першыя літары з яе назвы і выявы хлапушак, канфеці — карацей, свята. Гэтае свята доўжыцца, кампанія бачыць перспектывы, а значыць, ідэя апраўдала сябе — і ў вялікім горадзе можна адшу­каць сваю нішу, заахвоціць школьнікаў працаваць, ства­раць, дзей­нічаць.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота аўтара.