Новы вопыт кожны дзень

Ахова інтарэсаў і правоў дзяцей — клопат і абавязак кожнага дарослага. Але, у першую чаргу, тых, хто закліканы займацца гэтым па прафесіі, — педагогаў, супрацоўнікаў службаў СППС, інспекцый па справах непаўналетніх і г.д. Аляксей Аляксандравіч Кобызеў, лепшы сацыяльны педагог Мінска, займаецца сваёй справай не першы год, робіць яе сумленна і з вялікай цікавасцю, таму і аддача ёсць.

…У тэатральнай зале Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі праходзіў фінал гарадскога конкурсу прафесійнага майстэрства “Сталічны педагог — сталічнай адукацыі” ў намінацыі “Педагог сацыяльны”. Каля мяне сядзелі старшакласнікі, якія бурна і заўзята рэагавалі на выступленне свайго педагога, доўга апладзіравалі, ускоквалі, карацей, хварэлі з усіх сіл. Якога канкурсанта яны падтрымлівалі, здагадацца было няцяжка — сацыяльнага педагога з сярэдняй школы № 137 імя П.М.Машэрава Аляксея Аляксандравіча Кобызева.

Свой шлях

Зразумела, што гэты педагог у сваёй школе любімы, у вачах вучняў мае вялікі аўтарытэт і карыстаецца іх усялякай падтрымкай. А перадаць рэакцыю балельшчыкаў на аб’яву аб тым, што А.А.Кобызеў стаў лепшым сацыяльным педагогам Мінска, я нават не бяруся.

І вось мы сустракаемся з Аляксеем Аляксандравічам у яго рабочым кабінеце, у школе, дзе ён працуе ўжо восем гадоў пасля заканчэння Расійскага дзяржаўнага сацыяльнага ўніверсітэта ў Мінску па спецыяльнасці “Спецыяліст па сацыяльнай рабоце, менеджменце сацыяльнай сферы” і непрацяглай работы ў іншай галіне.
— Паспрабаваў працаваць па другой сваёй спецыяльнасці “Менеджмент”, але хутка зразумеў, што гэта не маё, — расказвае А.А.Кобызеў. — Думаў працаваць у тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, але спыніўся на рабоце ў школе, прыйшоў на субяседаванне, усё склалася. Праўда, на пачатак маёй работы тут было каля 1,5 тысячы навучэнцаў, цяпер, у сувязі з капітальным рамонтам, прыкладна 500, у наступным годзе будзе ўжо крыху больш. Адпаведна і сацыяльныя педагогі былі два, цяпер я адзін плюс педагог-псіхолаг. Зразумела, працуем разам, але і свае, асобныя напрамкі вядзём.

Бацькі

Напрамак па рабоце з сям’ёй сацыяльна-псіхалагічная і педагагічная служба 137-й школы рэалізоўвае праз пасяджэнні кансультацыйнага цэнтра для бацькоў “Гармонія”. Цэнтр працуе на базе школы ў рамках шостага школьнага дня, звычайна пасяджэнні праходзяць раз у месяц. Сярод тэм, якія плануюцца загадзя, — праблемы бацькоўска-дзіцячых адносін, розныя віды залежнасцей, прававая і педагагічная дасведчанасць законных прадстаўнікоў непаўналетніх і г.д.

Асобна Аляксей Аляксандравіч таксама ў рамках шостага школьнага дня арганізоўвае для бацькоў лекторыі-практыкумы. Нельга выхаваць дзіця без работы з бацькамі, упэўнены педагог, асноўны выхаваўчы патэнцыял, канечне, у сям’і.

— Размаўляючы з бацькамі, зразумеў, што многія не ўяўляюць, як правільна паводзіць сябе з падлеткамі, — заўважае педагог. — Не ведаюць, як размаўляць з сынам або дачкой, якія пачынаюць аддаляцца ад мамы і таты. У бацькоў узнікае сапраўдная паніка, я гэта ўбачыў і выйшаў на такую форму работы. Каб яе ўдасканаліць, пайшоў пазалетась на гадавыя курсы павышэння кваліфікацыі па рабоце з падлеткамі. І гэта дапамагло: дадало як тэарэтычных ведаў, так і практычных навыкаў. Адчуваю сябе ўпэўнена, займаючыся праблемамі сваіх вучняў і іх сем’яў.

Плюс, канечне, самаадукацыя, спецыяльная літаратура, да якой Аляксей Аляксандравіч звяртаецца пастаянна, і шчыра кажа, што на мастацкія творы часу не застаецца. Яго настольныя кнігі — “Залежнасць і сузалежнасць”, “Групавая работа” і г.д. Прафілактыка проціпраўных, дэвіянтных паводзін падлеткаў — адна з галоўных задач сацыяльнага педагога, таму і кнігі такія.

Конкурс і прафесія

— Вось конаўка, якую вучні мне падарылі яшчэ ў кастрычніку на дзень нараджэння, — расказвае Аляксей Аляксандравіч. — Тут надпіс: “Самаму лепшаму сацыяльнаму педагогу”. Тады я нават і ў раённым конкурсе яшчэ не ўдзельнічаў, а дзеці, можна сказаць, угадалі наперад маю перамогу. Хаця, шчыра кажучы, я больш прывык удзельнічаць у конкурсах з дзецьмі, іх рыхтаваць да спаборніцтваў. Аказалася, што быць канкурсантам цяжэй, чым быць трэнерам. Асэнсаваў гэта ў працэсе ўдзелу ў конкурсе “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі”. А дапамаглі мне нашы вучні Арцём Шымановіч, Стас Чыжоў, Ліза Барышава, Карына Красоўская і іншыя. Ну якая перамога без маіх вучняў?

Дапамагла і падтрымка навучэнцаў, і ўпэўненасць як адміністрацыі школы (дырэктара Ірыны Валер’еўны Ларчанка, педагога-арганізатара Хрысціны Сяргееўны Гара), так і раённага ўпраўлення адукацыі, асабліва начальніка ўпраўлення выхаваўчай і ідэалагічнай работы, аховы дзяцінства Вольгі Міхайлаўны Батура. Гэта, прызнаецца А.А.Кобызеў, добра падштурхнула да актыўнай падрыхтоўкі, і ў выніку ён заняў першае месца ў Першамайскім раёне.

— Арганізацыя раённага этапу конкурсу — вялікі плюс, — сцвярджае Аляксей Аляксандравіч. — Робіш вывады, аналізуеш, што было добра, што дрэнна. І, безумоўна, дапамаглі спецыяльныя тыднёвыя курсы для фіналістаў пры Мінскім гарадскім інстытуце развіцця адукацыі.

А потым пачаліся тры туры гарадскога конкурсу. Пасля першага ў прафесійных спаборніцтвах засталося 12 педагогаў, пасля другога — 6. З некаторымі сваімі калегамі-сапернікамі А.А.Кобызеў быў знаёмы раней, але з большасцю пазнаёміўся падчас конкурсу. Быў, дарэчы, адным з самых вопытных удзельнікаў, нягледзячы на свае 32 гады, — вельмі “маладым” атрымаўся сёлетні конкурс.

— Не толькі дзякуючы перамозе, але і аналізуючы ўвесь свой шлях у прафесіі, разумею, што знаходжуся на сваім месцы, — гаворыць педагог. — Калі бачу, што вучням цікавыя мерапрыемствы, якія я праводжу, разумею: гэта маё. Ды і побач з дзецьмі адчуваю сябе зусім маладым, атрымліваю ад іх энергію, пазітыў. А каб не адстаць, стараюся пастаянна павышаць узровень сваіх ведаў, бо свет мяняецца і падлеткі зараз зусім іншыя, чым былі 10 гадоў назад. Цяпер, напрыклад, лічу вельмі надзённымі групавыя формы работы. Самаразвіццё для мяне надзвычай актуальнае.

Падлеткі

Безумоўна, як і для любога педагога, асноўная работа майго суразмоўніка — работа з дзецьмі. З імі ён сустракаецца на кожным перапынку, каб бачыць сваіх падапечных пастаянна, адсочваць дынаміку іх паводзін. І тэмай выступлення на адным з этапаў гарадскога конкурсу Аляксей Аляксандравіч выбраў прафілактыку проціпраўных і рызыкоўных паводзін у працэсе пераходу ад вучэбных задач да творчай адукацыйнай дзейнасці.

Такая тэма ўзнікла невыпадкова: яшчэ раней педагог стварыў творчае аб’яднанне школьнікаў, у якім прапрацоўвае праблемы сваіх вучняў у рамках групавой работы. Уключаны ў групу і звычайныя падлеткі, і схільныя да рызыкоўных або проціпраўных паводзін.

— Я бачу, што такім хлопцам і дзяўчатам неабходна замяшчаць негатыўны сацыяльны вопыт нейкім іншым, станоўчым, сацыяльнай дзейнасцю, — тлумачыць А.А.Кобызеў. — А паколькі асноўны ўплыў на падлеткаў аказваюць равеснікі, то аднагодкі іх і перавыхоўваюць.

Трэба сказаць, што так яно і атрымліваецца. Пра гэта можна меркаваць хаця б па такім прыкладзе: летась у спартыўна-патрыятычнай гульні “Арляня” інтэграваная група пад кіраўніцтвам педагога заняла першае месца ў горадзе. Было няпроста — не хавае педагог. Складаных дзяцей цяжка ўключыць у агульную работу з-за іх недысцыплінаванасці і асаблівай эмацыянальнасці. У выніку спрацаваліся: два хлопцы, якія стаялі на ўліку, сталі лепшымі ў спорце, дзяўчынка цудоўна спявала.

Зараз у школе два навучэнцы, у адносінах да якіх праводзіцца індывідуальна-прафілактычная работа з боку інспекцыі па справах непаўналетніх, і адзін, які стаіць на ўліку па сацыяльна небяспечным становішчы. З імі і з іх бацькамі спецыялісты СППС і класныя кіраўнікі працуюць пастаянна па індывідуальным карэкцыйным плане. І, канечне, СППС працуе з замяшчальнымі сем’ямі, якіх у школе 3, а калісьці даходзіла і да 15.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.