Навагодні баль таленавітай моладзі

Абласны навагодні баль для вучнёўскай і студэнцкай моладзі ўпершыню прайшоў у Магілёве.

Святочнае мерапрыемства аб’яднала 50 юнакоў і дзяўчат з усіх куткоў рэгіёна. Гэта навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй, вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, якія дасягнулі асаблівых поспехаў у вучобе, творчасці, спорце, навуковай і грамадскай дзейнасці. Баль стаў своеасаблівым заахвочваннем іх дасягненняў, матывацыяй на заваяванне новых вышынь.

Прыдняпроўскі край славіцца юнымі талентамі, моладдзю, якая сваімі справамі і здзяйсненнямі ўслаўляе родную вобласць. З надыходзячымі святамі адораных навучэнцаў шчыра павіншаваў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц.

— Клопат пра моладзь у нас заў­сёды ў прыярытэце. Таму па ініцыятыве прэзідэнта зараз падобныя святочныя мерапрыемствы праводзяцца не толькі ў нашым рэгіёне, але і па ўсёй рэспубліцы. На сённяшнюю ўрачыс­тасць з’ехаліся лепшыя прадстаўнікі моладзі. Кожны з вас ужо здзейсніў свае першыя важныя перамогі. Вамі па праве ганарыцца ўся Магілёўская вобласць, вашы баць­кі, родныя. Вашы дасягненні ў вучобе, поспехі ў спорце, творчасці — прыклад для аднагодкаў. Перад вамі вялікі шлях. Хай здзейсніцца ўсё, пра што вы марыце, хай чараўніцтва стане для вас рэальнасцю. А кіраўніцтва краіны будзе рабіць усё магчымае, каб вы маглі праявіць сябе і свае таленты, — адзначыў Леанід Канстанцінавіч.

— Раней мы ўсе думалі, што балі бываюць толькі ў казках. А зараз мы самі ўдзельнікі ўрачыстага балю. Гэта значыць, што ў свеце няма нічога немагчымага — варта толькі захацець. Мы бачым, колькі сіл прыкладае кіраўніцтва рэгіёна, каб маладое пакаленне магло адчуваць сябе тут упэўнена, рабіць свае першыя крокі ў самастойнае жыццё. Мы вельмі ўдзячны за гэта і абяцаем стаць грамадзянамі, годнымі сваёй Радзімы, — паабя­цала ад імя ўсёй моладзі навучэнка Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 1 Алена Дуплеўская, павіншаваўшы ўсіх прысутных з надыходзячымі Новым годам і Калядамі.

Пасля віншаванняў адбыўся і сам баль. Музычны тон мерапрыемству задаваў сімфанічны аркестр. З натхненнем і юнацкім запалам маладыя людзі танцавалі вальс, мазурку, паланэз. Танцы зменьвалі тэматычныя мізансцэны, гульні і творчыя замалёўкі. У перапынках сваімі выступленнямі прысутных радавалі харэаграфічныя і вакальныя калектывы магілёўскіх устаноў адукацыі і культуры. Была таксама праве­дзена спецыяльная навагодняя латарэя з розыгрышам запрашальных білетаў у тэатры, музеі і кіно.

Не абышлося на балі і без галоўных навагодніх персанажаў — Дзеда Мароза і Снягуркі. Казачныя героі зноў павіншавалі дзяцей і моладзь, пасля чаго ім былі ўручаны салодкія падарункі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.