Маладзёжны саміт па клімаце ААН, які ў канцы верасня прайшоў у Нью-Ёрку, сабраў для вырашэння сусветных актуальных праблем 500 юных актывістаў з розных краін. Усе яны абаронцы планеты ад змянення клімату. Самая вядомая актывістка — 16-гадовая шведка Грэта Тунберг, па ініцыятыве якой па ўсім свеце па пятніцах пад лозунгам #FridaysForFuture праводзяцца школьныя забастоўкі. Нам таксама ёсць кім ганарыцца: зялёны білет — запрашэнне на саміт — атрымала і беларуска Ірына Панядзельнік, якая стварыла і каардынуе ініцыятыву “Моладзь за ўстойлівае развіццё”.
Ці можна пры дапамозе пятнічных забастовак прыцягнуць увагу ўлады і грамадства не толькі да праблем, звязаных са змяненнем клімату, але і да такіх пытанняў, як беражлівасць, захаванне і эканомія прыродных рэсурсаў?
Пра гэта і многае іншае паразважала стваральнік і каардынатар ініцыятывы “Моладзь за ўстойлівае развіццё” Ірына ПАНЯДЗЕЛЬНІК.
Маладзёжны кліматычны саміт ААН — гэта выдатная пляцоўка і добры шанс для юных актывістаў руху па выратаванні клімату агучыць свае варыянты вырашэння тых глабальных праблем, якія сёння тычацца кожнага. 100 пераможцаў — уладальнікаў зялёных білетаў, сярод якіх і Ірына Панядзельнік, былі выбраны з ліку 7000 прадстаўнікоў ва ўзросце ад 18 да 29 гадоў.
“Пра конкурс заявак на атрыманне зялёных білетаў было аб’яўлена ў пачатку ліпеня ў Абу-Дабі, дзе генеральны сакратар ААН сабраў больш чым 1700 удзельнікаў, сярод якіх было многа маладых лідараў. Я адразу вырашыла, што хачу прыняць удзел у саміце, бо мне было што сказаць. Я напісала ліст, да якога прымацавала зялёнае CV. Гэта своеасаблівае рэзюмэ, дзе расказваеш, што робіш для вырашэння праблем, якія тычацца выкарыстання прыродных рэсурсаў, змянення клімату і г.д. У канцы жніўня мне прыйшоў адказ на ліст: я адна з тых 100 чалавек, якія паедуць на саміт”.
Зялёнае CV дзяўчыны ўтрымлівала інфармацыю не толькі пра мясцовыя ініцыятывы, але і пра міжнародныя. Ва ўсіх краінах ёсць маладзёжныя паслы Мэт устойлівага развіцця. У мінулым годзе Ірына пазнаёмілася з маладзёжным паслом з Польшчы, якая сумесна з пасламі са Славеніі і Чэхіі планавала арганізаваць кліматычную канферэнцыю. Пасля перагавораў да гэтых краін далучылася і наша, і як вынік — першая маладзёжная кліматычная канферэнцыя прайшла ў Мінску. Безумоўна, усё гэта Ірына пералічыла ў CV.
“На саміт ехала натхнёная, думала, што мы ўсе зможам выступіць, што будзе арганізаваны нэтворкінг, але, на жаль, гэтага не было, — расчаравана кажа Ірына. — Што тычыцца Грэты, на маладзёжным саміце яна паведаміла, што ўсё скажа па мерах у галіне змянення клімату дэлегацыям дзяржаў, якія прысутнічалі ў Нью-Ёрку: маладзёжны саміт праходзіў 23 верасня, а дарослы — 25 верасня. Вялікую павагу выклікала каманда Грэты. Яны робяць шмат для таго, каб да забастовак далучалася як мага больш людзей. Іх выступленне спадабалася ўсім. Дарэчы, на саміце праходзілі воркшопы. Падчас удзелу ў адным з мерапрыемстваў я пазнаёмілася са стваральнікам арганізацыі Climate Interactive. Сёння мы прымяняем сімулятар, які ім быў распрацаваны, для правядзення кліматычных урокаў у школе і ўніверсітэтах. Акрамя гэтага, мне пашанцавала пазнаёміцца з тымі людзьмі, якія распрацавалі інтэрактыўную карту па змяненні клімату, паглядзела, як мяняецца Сусветны акіян, а таксама пазнаёмілася з тымі, хто, як і я, выйграў зялёную карту”.
Моладзь — за ўстойлівае развіццё
Тэма змянення клімату пачала хваляваць Ірыну, калі яна атрымлівала другую вышэйшую адукацыю. У той жа час дзяўчыну зацікавіла і ўстойлівае развіццё краіны. А калі яна пайшла вучыцца ў магістратуру, то яшчэ больш паглыбілася ў тэму: азнаёмілася з канцэпцыяй МУР — і спрабавала ўсё гэта аб’яднаць з праблемамі міжнароднага гандлёвага права.
“Усё гэта супала з тым, што неяк ва ўніверсітэце ў Маскве, дзе атрымлівала другую адукацыю, я ўбачыла, што ў іх вядзецца раздзельны збор смецця. Акрамя гэтага, даведалася, што ў суседняй краіне працуе анлайн-арганізацыя “Адкрытая школа ўстойлівага развіцця”. Гэта буйны рэсурсны цэнтр, які распаўсюджвае і тлумачыць інфармацыю пра адпаведныя мэты. Наступным прыемным адкрыццём для мяне стала тое, што ў Расіі кожны год праводзіцца экалагічны фестываль “ВузЭкоФест”, у якім прымаюць удзел 57 вышэйшых навучальных устаноў з усёй краіны — ад Калінінграда да Уладзівастока. На працягу 2 тыдняў маладыя людзі праводзяць шмат мерапрыемстваў як на гарадскіх пляцоўках, так і непасрэдна ва ўніверсітэтах. Такім чынам яны спрабуюць папулярызаваць экалагічны рух, наладзіць узаемаадносіны з мясцовай уладай, каб і яна далучылася да вырашэння глабальных праблем”.
Ідэю па арганізацыі фестывалю прыродазберагальнага кірунку Ірына прывезла ў Мінск. Тут яна пачала звяртацца да рэктараў універсітэтаў з прапановай далучыцца да экалагічнага фестывалю. Падчас размоў з актыўнымі студэнтамі дзяўчына даведалася, што ў БДУ і БДПУ імя Максіма Танка дзейнічаюць зялёныя ініцыятывы. Яны падтрымалі ідэю актывісткі па стварэнні экалагічнага фестывалю. Цяпер штогод у красавіку ўніверсітэты разам праводзяць шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на паляпшэнне навакольнага асяроддзя ў краіне і ўкараненне канцэпцыі зялёнага ўніверсітэта.
“Прыемна, што хаця б у дзвюх УВА штосьці рабілі для таго, каб змяніць экалагічную сітуацыю. Ва ўсіх астатніх універсітэтах ініцыятыву неабходна было вырошчваць, — кажа Ірына. — Год назад мы правялі першы “ВНУЭкаФэст”, да якога далучыліся БДУІР і БДУКіМ”.
Адной з важных тэм, развіццём якой Ірына ганарыцца, стаў праект “Моладзь за ўстойлівае развіццё”. Працуючы над яго канцэпцыяй, дзяўчына хацела данесці да падлеткаў і маладых людзей, вырашэнне якіх задач хаваецца за МУР. Ініцыятыва з’яўляецца міжнародным партнёрам глабальнага апытання My World — 2030 і членам маладзёжнага аддзялення Сеткі па пошуку рашэнняў у галіне ўстойлівага развіцця (SDSN Youth).
“Многія не разумеюць, у чым сэнс МУР, — дзеліцца назіраннямі Ірына. — Людзі бачаць каляровы арнамент, пад якім пазначана, што гэта маюцца на ўвазе МУР. Але ў чым сэнс гэтых ромбікаў? У МУР, у кожнай з 17, ёсць яшчэ і свае адасобленыя задачы і індыкатары. Каб прыцягнуць да гэтага ўвагу моладзі, год назад, восенню, я ўпершыню арганізавала мерапрыемствы ў рамках ACT4SDGS — Глабальнага тыдня дзеянняў па дасягненні МУР. У верасні ініцыятывы і арганізацыі па ўсім свеце рыхтуюць мерапрыемствы па прасоўванні МУР у іх краінах.
Усяго за тыдзень было праведзена некалькі мерапрыемстваў. Напрыклад, фіка — адно з іх — гэта шведскі падвячорак. Яго мы правялі разам з Цэнтрам шведскіх даследаванняў. Падчас мерапрыемства я расказвала пра МУР. Дарэчы, менавіта Швецыя з’яўляецца перадавой краінай па дасягненні МУР, але разам з гэтым ні адна краіна яшчэ не дасягнула іх. Што тычыцца Беларусі, то яна, згодна з індэксам МУР, займае 23-е месца, і гэтым мы ганарымся. Безумоўна, асноўная мэта, якую я ставіла перад сабой, калі арганізоўвала ініцыятыву па МУР, — знайсці валанцёраў, якія таксама распаўсюджвалі б інфармацыю пра Мэты. Такіх людзей у нас мала, але ўсе яны зацікаўлены ў тым, што мы робім”.
Самы вялікі ўрок у свеце
У сваёй дзейнасці Ірына прапаноўвае шмат ідэй па развіцці адукацыйных праектаў у школе, якія таксама накіраваны на знаёмства навучэнцаў з Мэтамі ўстойлівага развіцця, а значыць, і на вырашэнне сацыяльных і эканамічных пытанняў, таму што МУР — гэта не толькі экалогія.
Адзін з такіх праектаў — прасоўванне ў школах краіны “Самага вялікага ўрока ў свеце”. Тыя, хто далучыўся да міжнароднай ідэі, за 45 мінут — а менавіта столькі доўжыўся ўрок — даведаліся пра першыя крокі, якія могуць дапамагчы зрабіць планету больш чыстай, а людзей — адказнымі за ўстойлівае развіццё сваіх гарадоў.
“У нашай краіне ініцыятыву правядзення “Самага вялікага ўрока” падтрымалі нацыянальны каардынатар па дасягненні МУР, а таксама Міністэрства адукацыі і Міністэрства замежных спраў. Нягледзячы на гэта, да ідэі ЮНІСЕФ прыслухалася вельмі мала школ, — заўважае Ірына. — Тым не менш нават праводзячы ўрок па абслуговай працы, можна расказаць дзецям пра восьмую мэту — дастойную работу і эканамічны рост. А калі мы прыходзім у школу, якая згаджаецца на супрацоўніцтва, то таксама праводзім урокі. Напрыклад, адзін з іх быў прысвечаны мэце адказнага спажывання. Падчас гэтага ўрока можна гаварыць пра смецце, яго раздзельны збор, а таксама закранаць іншыя пытанні, якія тычацца эканоміі прыродных рэсурсаў. Цікавы ўрок атрымліваецца і па 13-й мэце — барацьба са змяненнем клімату. Безумоўна, першае, што ў межах мэты № 13 хочуць абмеркаваць навучэнцы, гэта Грэта, яе рух. Падчас работы над гэтай жа мэтай праводзім “Бінга”— гульню, у якой дзеці павінны па кожным з пытанняў звярнуцца да аднакласнікаў, запісаць іх адказ, а пасля прасунуць сваю версію, правільную. Пытанні, якія прапаноўваем школьнікам, нескладаныя, напрыклад, ці адчуваюць яны, што клімат мяняецца, і г.д. Для падлеткаў праводзім мадэляванне, якое дазваляе ўбачыць, як адпаведныя дзеянні нашай краіны ўплываюць на выкід вуглякіслага газу ў атмасферу”.
Сёлета Ірына атрымала сертыфікат ад Сеткі ААН па пошуку рашэнняў у галіне ўстойлівага развіцця. Гэта глабальная ініцыятыва, зразумела, працуе на пошук рашэнняў для дасягнення адпаведных задач. Адзін з цікавых праектаў, якія падтрымлівае Сетка, — Global Schools. У анлайн-партфелі праекта — шэраг распрацаваных урокаў для навучэнцаў з 1 па 11 клас па ўсіх тэмах. Пасля перакладу дысцыплін з англійскай мовы на рускую ініцыятыва “Моладзь за ўстойлівае развіццё” будзе шукаць сярод сярэдніх навучальных устаноў краіны тыя школы, якія захочуць далучыцца да праекта.
“Урокі, якія прапаноўвае Сетка па пошуку рашэнняў, інтэрактыўныя і закранаюць разнастайныя тэмы, — расказвае І.Панядзельнік. — Безумоўна, мы не можам дзяліць Мэты ўстойлівага развіцця на важныя і не вельмі. Але пытанні, якія тычацца эканоміі і беражлівасці, павінны разглядацца пастаянна, таму што ў гэтай сферы мы знаходзімся штодзень. Напрыклад, на ўроках геаграфіі было б цудоўна правесці інтэрактыў па змяненні клімату, раздзельным зборы смецця, а таксама расказаць дзецям пра Парыжскае пагадненне, таму што гэта важны сусветны дакумент. Увогуле, мы гатовы дапамагаць школам з правядзеннем такіх урокаў, таму што зацікаўлены, каб дзеці і маладыя людзі вучыліся быць адказнымі ў першую чаргу за сябе. Толькі ад іх залежыць, у якім свеце мы будзем жыць заўтра, па чыстых ці забруджаных вуліцах будзем хадзіць і якім паветрам будзем дыхаць”.
Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.