Пачаць з сябе, навучыць іншых

Выходжу ў двор свайго дома — бачу кантэйнеры па асобным зборы смецця, заходжу ў найбліжэйшы гаспадарчы магазін — на лесвіцы заўважаю ёмістасць з адпрацаванымі элементамі сілкавання, прыязджаю ў камандзіроўку — у школе звяртаю ўвагу на энергазберагальныя лямпачкі. Прыемна. Але непрыемна, калі бачу, як у кантэйнер для збору, напрыклад, пластыку, людзі выкідваюць усё без разбору, а батарэйкі выносяць разам з іншым смеццем — вучыцца правільнаму стаўленню да збору і перапрацоўкі другасных матэрыяльных рэсурсаў многім беларусам яшчэ доўга. Прасцей, думаю, з маладым пакаленнем, асабліва калі пачынаць яго навучанне як мага раней, паказваючы добры ўласны праклад.

Ад “Энергамарафону” да “зялёнай” школы

Настаўніца фізікі сярэдняй школы № 94 Мінска Алена Алегаўна Масюкова так і робіць — вучыць, паказвае прыклад і… вучыцца сама.

— У праектах па энергазберажэнні я з 2012 года, — расказвае педагог. — Тады я, праўда, працавала яшчэ ў гімназіі № 11, мы з дзецьмі ўдзельнічалі ў Рэспубліканскім конкурсе “Энергамарафон” і выступілі вельмі паспяхова — атрымалі дыплом І ступені на гарадскім этапе конкурсу, на якім прадставілі мой праект па энергазберажэнні. Удзельнічалі таксама ў іншых праектах і конкурсах, малюнак адной з маіх вучаніц нават увайшоў у каляндар, які выдае Дэпартамент па энергаэфектыўнасці, стварылі ў гімназіі стэнд па зберажэнні рэсурсаў. У гэты перыяд я наладжвала кантакты з арганізацыямі, якія займаюцца пытаннямі эканоміі рэсурсаў, экалогіі і інш.

Пазней, калі былі распрацаваны Мэты ўстойлівага развіцця і Беларусь прыняла на сябе абавязак па іх дасягненні, А.А.Масюкова зацікавілася імі і пачала прасоўваць гэтую тэму, працуючы ўжо ў 94-й школе. І ўжо тут настаўніца разам з вучнямі абараніла праект “Ратуем планету” зноў жа на конкурсе “Энергамарафон”, каманда атрымала сертыфікат на 10 тысяч рублёў для правядзення энергаэфектыўных мерапрыемстваў. За гэтыя грошы школа набыла энергаэфектыўныя жарачныя шафы і халадзільнік.

Алена Алегаўна працягвае працаваць са школьнікамі — разам з вучнямі яна наведвае спецыялізаваныя выставы, цікавіцца ўсім, што мае дачыненне да энергазберажэння і Мэт устойлівага развіцця. А потым настаўніца адшукала трэнінг школы экалагіста “Зялёны драйвер”. Гэтая расійская анлайн-школа рыхтуе экалагістаў — людзей з “зялёным” мысленнем, якія яго і прасоўваюць, але атрымаць яе сертыфікат нават базавага ўзроўню не так проста. Працуе яна пад дэвізам “Думай глабальна, дзейнічай лакальна”.

— Калі б не водпуск, я, канечне, не справілася б, — гаворыць А.А.Масюкова. — Атрымала сертыфікат базавага ўзроўню, чаго цалкам хапае для работы са школьнікамі, магчыма, калі-небудзь выйду на ўзровень экатрэнера — гэта прафесія, якую прыдумалі заснавальнікі школы — Раман Саблін і Аляксандр Башкірцаў, іх трэнінгі запатрабаваны і за мяжой, яны часта там выступаюць. Я вучылася ўвесь жнівень, заданняў было вельмі многа, спраўляліся не ўсе мае аднакурснікі. Я ж працавала ў звязцы з дзвюма жанчынамі з Расіі — уся вучоба заснавана на рабоце ў камандзе. Мы актыўна задзейнічалі сацыяльныя сеткі. Я ў асноўным карысталася рэсурсам “Укантакце”, каб мае вучні маглі бачыць, што я раблю. Калі мы з напарніцамі выканалі ўсе заданні, то аказалася, што ўвайшлі ў топ-10 і атрымалі падарункі.

Пасля гэтага як сертыфікаваны спецыяліст Алена Алегаўна вырашыла арганізаваць экасуполку ў сваёй школе — і з верасня тут дзейнічае аб’яднанне “Школа экалагіста”, да работы якой цалкам падыходзіць ужо названы прынцып — “думай глабальна, дзейнічай лакальна”. У экакаманду, дарэчы, уваходзяць не толькі старшыя школьнікі, але і два педагогі, акрамя самой А.А.Масюковай. Экалагісты стараюцца жыць па пэўных прынцыпах: асобны збор адходаў, энерга- і водазберажэнне, адказнае спажыванне, экаваланцёрства і г.д. Усе гэтыя ідэі сфармулявала ў сваім праекце Алена Алегаўна, на іх арыентуе сваіх аднадумцаў — як юных, так і сталых.

У праекце таксама ёсць частка, прысвечаная прычынам экалагічных праблем, уздзеянню чалавека на клімат, тлумачэнню паняцця “экалагічны абавязак”, іншыя часткі, а галоўнае, тут выкладзены простыя і даступныя кожнаму прапановы па паляпшэнні сітуацыі: саджаць дрэвы, з’ядаць прадукты, не чакаючы, пакуль яны сапсуюцца, зменшыць спажыванне і г.д. Праект А.А.Масюкова выкарыстоўвае для заняткаў на факультатыве.

Аб’яднанне “Школа экалагіста” ўзнікла не на роўным месцы, а на добра падрыхтаванай глебе. Так, летам настаўніца арганізавала і правяла з падлеткамі акцыю па ўборцы тэрыторыі і сартаванні смецця. Працавалі на экалагічнай сцяжыне, якая знаходзіцца недалёка ад школы, смецце змаглі рассартаваць таксама побач, бо тут ёсць кантэйнеры для асобнага збору. Так і прыбралі тэрыторыю, і школьнікі атрымалі карысныя навыкі, пра што, я ўпэўнена, расказалі бацькам, сябрам, знаёмым, тым самым паспрыяўшы распаўсюджванню “зялёных” ведаў, ідэй эканоміі і беражлівасці. Цяпер вучні збіраюцца прайсціся ўздоўж блізкага канала, таксама сабраць і рассартаваць смецце — такая работа іх зацікавіла, яны ўжо разумеюць яе важнасць і каштоўнасць.

У школе і па-за ёй


— Чаму я займаюся гэтым? — перапытвае ў мяне Алена Алегаўна. — Спачатку было проста цікава, потым пачытала пра змяненне клімату, Мэты ўстойлівага развіцця, зразумела, што планета проста гіне. Як кажуць мае вучні: “Калі не мы, то хто?”

Усе акцыі, дасягненні і перамогі экакаманды і яе кіраўніка прадстаўлены на спецыяльным банеры. Ёсць у школе і стэнд з правіламі экапаводзін, арганізаваны экалагічны куток. Тоня Перацяцька і Міраслава Статкевіч з 9 “А” гатовы расказаць з дапамогай гэтых стэндаў і дапаможнікаў кожнаму, напрыклад, малодшым школьнікам, як правільна збіраць у сябе дома другасныя матэрыяльныя рэсурсы, як рыхтаваць іх да перапрацоўкі, у якія кантэйнеры выкідваць, а пункты збору адходаў можна адшукаць, напрыклад, праз мабільны дадатак “Зялёная карта”. Пра асобны збор смецця і яго перапрацоўку ў Беларусі дзяўчаты ведаюць калі не ўсё, то ўжо вельмі многае. Магчыма, у хуткім часе змогуць падзяліцца сваімі ведамі з навучэнцамі суседняй 93-й школы — ёсць намер запрашаць яе навучэнцаў да сябе.

Дзяўчаты, прынамсі, здольны паказаць і тое, што можна зрабіць з адходаў сваімі рукамі — закладкі, чахлы для мабільных тэлефонаў, упрыгажэнні для навагодняй ёлкі і г.д. Такія экспанаты таксама прадстаўлены на адпаведным стэндзе. Іх дэманстравалі раней на школьнай выставе не толькі каб паказаць, што і як можна перапрацаваць, а дзеля паступовага фарміравання экалагічнай свядомасці як кожнага чалавека паасобку, так і грамадства ў цэлым.

Дзевяцікласнікі Іван Куракоў, Іван Навумовіч, Дзмітрый Лепушэнка, пра якіх настаўніца фізікі гаворыць, што гэта будучы фізмат БДУ, пад яе ж кіраўніцтвам у рамках праекта “Інтэграцыя 3D-тэхналогій у адукацыйную прастору” стварылі план па перапрацоўцы пластыку і яго далейшым прымяненні ў якасці асноўнага матэрыялу для стварэння мадэлей на 3D-прынтары. Са стварэннем аб’ектаў (а прынтар у школе ёсць) хлопцам дапамог якраз-такі фізічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў асобе яго супрацоўніка Аляксандра Кавалёва. Пластык для мадэлей пакуль купілі, але збіраюць і ў школе — гэта пластыкавыя бутэлькі, якія можна перапрацаваць у тонкую пластыкавую нітку, якая і з’яўляецца матэрыялам для 3D-прынтара.

Вытворчасць, як запэўніваюць юныя экалагісты, безадходная і экалагічная. Апарат для перапрацоўкі бутэлек пазычылі, прыдумаўшы, як яго можна выкарыстаць у школе, заадно пазбавіўшы ўстанову ад адходаў. У планах — набыць свой экструдар — той самы апарат для размякчэння матэрыялаў, у прыватнасці пластыку.

Пакуль школьнікі зрабілі пробныя ўзоры — бірульку для ключоў і аправу для акуляраў, прычым перапрацаваны пластык цяпер падлягае раскладанню. А ў прынцыпе, з яго можна хоць дамы будаваць. Будучыя фізікі, магчыма, гэтым калісьці і зоймуцца, а пакуль вучацца на маленькіх мадэлях, распрацавалі, напрыклад, мадэль нерухомага блока, бруска для практычных заняткаў па фізіцы (пакуль, праўда, іх не надрукавалі, але збіраюцца), і, як гаворыць іх настаўніца, на ўроках гэтыя рэчы вельмі патрэбныя і куды больш зручныя, чым драўляныя. З праектам па перапрацоўцы пластыку А.А.Масюкова збіраецца выступіць на конкурсе сацыяльных праектаў Social Weekend.

Зразумела, у школе ўстаноўлены кантэйнеры для асобнага збору адходаў — шкла, паперы і пластыку, тут адмовіліся ад выкарыстання пластыкавых шкляначак, дзеці ходзяць з бутэлькамі, лямпачкі замянілі на энергазберагальныя. А батарэйкі Алена Алегаўна збірае сама — дзеці і супрацоўнікі прыносяць, набіраецца пэўная іх колькасць, і настаўніца вывозіць элементы сілкавання ў пункт збору другаснай сыравіны. Рэчы, якія ўжо не патрэбны дома, напрыклад, тканіну з бабулінага куфра, дзеці таксама прынеслі ў школу — яна вельмі спатрэбілася на занятках гуртка “Умелыя рукі”.

Канечне, калі б такія ініцыятывы не падтрымлівала кіраўніцтва школы на чале з дырэктарам Таццянай Мікалаеўнай Міхновай, яны б не былі настолькі заўважнымі і пастаяннымі. Але падтрымка ёсць, і школа становіцца ўсё больш эканамічнай і экалагічнай — і вучні, і педагогі, і бацькі паступова прымаюць новыя ініцыятывы, новы лад жыцця, бо дзеці, канечне, далучаюць татаў і мам да сваіх інтарэсаў. А пад Новы год у школе правядуць экалагічна зберагальную акцыю, накіраваную спецыяльна на татаў і мам.


Адчыняючы дзверы кабінета фізікі, каб выйсці, я бачу перад вачыма плакат з надпісам “Выходзіш з кабінета — патушы святло”. Просты, але важны напамін: пачні з сябе, і змены да лепшага будуць.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.