Дзе жывуць студэнты? Як жывуць студэнты?

Некалькі дзён назад Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка пачаў засяленне ў студэнцкія інтэрнаты, якое закончыцца заўтра, 30 жніўня. А да гэтага студэнцкае жыллё было адрамантавана і прыведзена ў парадак, у тым ліку рукамі саміх студэнтаў, як гэта, дарэчы, адбываецца кожны год. Пакуль дзяўчаты і хлопцы працавалі ў сваіх інтэрнатах і на іншых аб’ектах універсітэта, “Настаўніцкая газета” паспела зазірнуць да іх і ўбачыць, як усё адбывалася, а таксама даведацца, як жыве студгарадок БДПУ і летам, і падчас навучальнага года.

Інтэрнат кожнаму першакурсніку

Начальніка студэнцкага гарадка педуніверсітэта Леаніда Сяргеевіча Пепіка я заспяваю цалкам паглыбленым у работу, але час для размовы ён знаходзіць, і першае, пра што расказвае, гэта пра добрую (ды што там — вельмі добрую) забяспечанасць будучых педагогаў месцамі ў інтэрнатах. БДПУ мае 8 інтэрнатаў у 3 раёнах Мінска: Ленінскім, Маскоўскім, Кастрычніцкім. Самы малады — інтэрнат № 8 кватэрнага тыпу на вуліцы Чурлёніса ў Студэнцкай вёсцы — здадзены ў эксплуатацыю ў 2011 годзе. Яшчэ 4 — калідорнага тыпу, 3 — блочнага.

Ва ўсіх інтэрнатах разам 3648 месцаў, і ўніверсітэт ужо на працягу многіх гадоў мае магчымасць забяспеч­ваць жыллём кожнага першакурсніка, які мае ў гэтым патрэбу, і амаль кожнага студэнта наогул — забяспечанасц­ь месцамі ў інтэрнатах тут складае больш за 90%. Такім паказчыкам могуць пахваліцца яшчэ некалькі УВА, у прыватнасці, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, не лічачы Ваеннай акадэміі, акадэмій сувязі і мастацтваў, авіяцыі і дзвюх-трох іншых устаноў, дзе месцы ёсць для ўсіх. Большасць жа навучальных устаноў сталіцы ўжо зараз мае магчымасць засяляць у інтэрнаты 70% сваіх студэнтаў, якім гэта неабходна.

У якіх жа пакоях, у якіх умовах жывуць будучыя педагогі? Перш за ўсё, кожны пакой разлічаны на 2—3 чалавекі, у інтэрнатах ёсць пакоі самападрыхтоўкі, трэнажорныя, актавыя залы, нават музычныя — там, дзе жывуць студэнты факультэта эстэтычнай адукацыі. У Вузаўскім завулку і на вуліцы Артылерыстаў, дзе размя­шчаюцца адразу 4 інтэрнаты, працуе сталовая, у інтэрнаце № 8 — кафэ.У кожным інтэрнаце таксама абсталяваны пральні, сушыльныя пакоі. А пасцельную бялізну і так мяняюць раз у 7 дзён, так што пральні патрэбны жыхарам інтэрнатаў, толькі каб мыць уласныя рэчы. Каму якое месца выдзеліць, у якім інтэрнаце будзе жыць канкрэтны студэнт, вырашаюць жыллёва-бытавыя камісіі факультэтаў і інстытутаў, якія ўзначальваюць дэканы факультэтаў і дырэктары інстытутаў. А ўваходзяць у камісіі члены прафсаюза, БРСМ, студэнцкі актыў, прадстаўнікі адміністрацыі.

Інтэрнаты педагагічнага ўніверсітэта пастаянна рамантуюцца і аднаўляюцца. Так, капітальны рамонт інтэрната № 5 адбыўся ў 2013 годзе, № 7 — у 2008 го­дзе, выканана цеплавая рэабілітацыя інтэрнатаў № 1 і № 4. Апошні з названых, дарэчы, самы стары — 1953 года пабудовы, але знаходзіцца ў добрым стане — адрамантаваны кухні, санвузлы, зроблена шмат іншага, летась тут цалкам замянілі мэблю, як і ў інтэрнатах № 3 і № 1, пачата яе замена ў інтэрнаце № 6. Сёлета праведзены рамонт інтэрната № 2: заменены дзвярныя блокі на 3, 4, 5 паверхах, дзверы і вокны ў холах, выдалены старыя ўбудаваныя шафы і заменены на сучасную мэблю, таксама набыты новыя сталы і крэслы, тумбачкі, выкананы іншыя работы. Усё зроблена за кошт рэспубліканскага бюджэту і ўласных сродкаў універсітэта.

Сваімі рукамі

Безумоўна, усе капітальныя работы ў інтэрнатах і іншых будынках універсітэта робяць прафесійныя будаўнікі, але многае выконваюць і студэнты, якіх прыцягваюць да рамонту ў рамках індывідуальнага працаўладкавання — па 40 чалавек у ліпені і ў жніўні. Іх епархія — касметычны рамонт і ўборка, як пакояў, так і месцаў агульнага карыстання і ў інтэрнатах, і ў вучэбных карпусах, таксама маладыя людзі добраўпарадкоўваюць універсітэцкі стадыён. Акрамя таго, дзяўчаты і хлопцы задзейнічаны на ўборцы і азеляненні тэрыторыі.

Апошні від работ, заўважу, супрацоўнікі студгарадка і яго жыхары выконваюць адмыслова — сёлета інтэрнат № 1 БДПУ перамог у раённым аглядзе-конкурсе на лепшае добраўпарадкаванне і кветкавае афармленне інтэрнатаў, прысвечаным Году малой радзімы (Кастрычніцкі раён) у намінацыі сярод інтэрнатаў устаноў адукацыі сярэдняга і вышэйшага звяна. Перамога ў гэтай намінацыі, трэба сказаць, не першая — пятая запар і, мяркуючы па стаўленні супрацоўнікаў і студэнтаў да такой работы, не апошняя. Як, верагодна, і перамога ў конкурсе Ленінскага раёна на лепшы студэнцкі інтэрнат у мінулым годзе інтэрнатаў № 7 і № 5 у Кастрычніцкім раёне. Інтэрнат № 7 тады ж стаў 3-м у гарадскім этапе конкурсу.

За 20 рабочых дзён кожны студэнт на падсобных і рамонтных работах зарабляе 265 рублёў, плюс кожны з іх гарантавана атрымлівае месца ў інтэрнаце. І хаця, як я ўжо гаварыла, забяспечанасць інтэрнатамі ў педагагічным універсітэце вельмі добрая, яна ўсё ж пакуль не стапрацэнтная, таму такое заахвочванне мае вялікае значэнне. Хаця, абышоўшы некалькі інтэрнатаў, дзе на той момант былі ў разгары рамонтныя работы, я пераканалася, што частка студэнтаў, якія і так забяспечаны месцамі ў інтэрнатах, вырашылі папрацаваць: па-першае, дзеля магчымасці зарабіць, па-другое, каб не сумаваць летам, а з карысцю праводзіць канікулы. У жнівеньскай групе студэнтаў было ажно 14 чалавек, якія ўдзельнічалі ў рамонце інтэрнатаў трэці год запар.

Дружна — не грузна

Плата за інтэрнат, на мой погляд, вельмі разумная. Так, за месца ў інтэрнаце калідорнага тыпу студэнт БДПУ плаціць 10 рублёў 20 капеек, блочнага — 20 рублёў 40 капеек і кватэрнага тыпу — 30 рублёў 40 капеек у месяц. Іншаземныя студэнты, а тут вучацца хлопцы і дзяўчаты з Туркменістана і Кітая, поўнасцю пакрываюць выдаткі на сваё пражыванне — ад 35 да 70 рублёў у месяц. Самая вялікая сума пры гэтым атрымліваецца ў ацяпляльны сезон. Інтэрнатамі забяспечаны 100% іншаземцаў.

Аплата пражывання задавальняе нашых студэнтаў (як думаю, і замежных), у чым я пераканалася, размаўляючы з дзяўчатамі, якія ўдзельнічалі ў рамонце і добраўпарадкаванні некалькіх інтэрнатаў. Дарэчы, гэтымі работамі на працягу года займаюцца так ці інакш усе жыхары інтэрнатаў, нават іншаземцы.

Такім чынам, разам з намеснікам начальніка студэнцкага гарадка Аленай Сяргееўнай Чурыла заходзім у інтэрнат № 5. Дзве дзяўчыны фарбу­юць сцены ў адной з кухань. Знаёмімся: Дзіяна Малевіч вучыцца на 4 курсе Інстытута інклюзіўнай адукацыі, жыве ў гэтым жа інтэрнаце. Рамонтам займаецца ўжо трэці год, адзначае, што за гэты час, можна сказаць, набыла спецыяльнасць маляра, а гэта і добра: у жыцці спатрэбіцца. Прыехала дзяўчына з Чэрвеня Мінскай вобласці. Яе сяброўка і аднагрупніца Юлія Кавалькова працуе на рамонце інтэрната другі год, прыехала з Гомельшчыны — са Жлобіна. Сяброўкі дружна кажуць, што жыць у “пяцёрачцы” вельмі камфортна, асабліва радуе, што інтэрнат блочнага тыпу.

— Працаваць пайшла таму, што мне неабходны інтэрнат, прыехала ў Мінск з вёскі Светлы Бор Пухавіцкага раёна, — расказвае другакурсніца Вера Багандава, якая вучыцца ў Інстытуце псіхалогіі. — Вось фарбую сцены. Атрымліваецца нядрэнна, як бачыце.

Дзяўчына, што працуе разам з Верай у інтэрнаце № 3, Ксенія Кіркіж, перайшла ўжо на 3 курс фізіка-матэматычнага факультэта. З інтэрнатам у віцяблянкі ўсё добра, а працуе проста таму, што працуе: было б сумна ся­дзець усё лета дома. Яна і летась працавала ўсе канікулы, толькі ў педагагічным атрадзе.

Рушым далей. У інтэрнаце № 2 падчас маёй экскурсіі праходзіць капітальны рамонт, але многае ўжо зроблена. Дзесьці на паверхах працуюць будаўнікі, манціруюць дзверы і г.д., дзесьці студэнткі ўжо мыюць вокны, падлогу, праціраюць мэблю.

Нарэшце падыходзім да інтэрната № 1, дзе ля ўвахода бачым азеляненне і ўпрыгажэнні, дзякуючы якім інтэрнат зусім нядаўна стаў лепшым у адпаведным раённым аглядзе-конкурсе. Дзве дзяўчыны фарбуюць дах дэкаратыўнага доміка ля ўвахода ў інтэрнат. Яшчэ адна студэнтка праполвае кветнік. Між іншым студэнты кожнага факультэта, якія жывуць у інтэрнаце, зрабілі аўтарскі кветнік, што, канечне, вельмі паспрыяла ўпрыгажэнню тэрыторыі. Унутры ж будынка работы амаль закончаны, і ён радуе вока свежымі фарбамі (на кожным паверсе — свой колер) і цалкам абсталяванымі пакоямі. Да пачатку засялення ўсе інтэрнаты выглядаюць не горш і гатовы прымаць насельнікаў.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Юліі СКУРАТОВІЧ.