Чаму ў Азёрах эканомяць грошы і гатуюць драчону без экзотыкі?

Ідэальнай сістэма школьнага харчавання можа стаць толькі тады, калі два галоўныя і найбольш важныя складнікі — патанненне харчавання і павышэнне якасці згатаваных страў — будуць узаемадапаўняць адзін аднаго. Але для ўсяго патрэбны рэсурсы, і самым галоўным з’яўляецца жаданне самой школы павысіць узровень якасці харчавання для навучэнцаў.

Прыкладам такой навучальнай установы з’яўляецца Азёрская дзяржаўная санаторная школа-інтэрнат Гродзенскага раёна, якая знайшла правільную формулу здаровага харчавання.

Агарод па-галандску

Азёрская школа — не звычайная ўстанова. Сюды на 9 месяцаў прыязджаюць школьнікі, якія маюць праблемы з апорна-рухальным апаратам. І паколькі навучальная ўстанова з’яўляецца санаторнай, увага пытанням арганізацыі правільнага і здаровага харчавання тут удзялялася заўсёды.


— Наша школа з’яўляецца санаторнай з 1969 года, і пачынаючы з таго часу і да гэтага дня мы практыкуем здаровае харчаванне, — расказвае дырэктар школы Іна Яўгенаўна Бірэта. — Гэта ў апошнія некалькі гадоў пачалі актыўна абмяркоўваць правільнае харчаванне, а ў Азёрах да гэтага прывыклі ўжо даўно.

Тры гады назад Азёрская санаторная школа-інтэрнат удзельнічала ў беларуска-галандскім праекце. Сэнс двухбаковай супрацоўніцкай праграмы заключаўся ў тым, што галандцы прывезлі ў школу высакаякаснае насенне са 100-працэнтнай усходжасцю. Важна, што новыя, чыстыя культуры вырошчвалі без прымянення хімікатаў і штучных угнаенняў. Дарэчы, тое што галандскі ўраджай, які вырас у гродзенскіх агародах, не ўтрымлівае нітратаў і пестыцыдаў, пацвердзіў і санітарны кантроль. А самі галандцы на працягу ўраджайнага сезона некалькі разоў прыязджалі ў Азёры і кантралявалі правільнасць догляду ўраджаю.

— Праект рэалізоўваўся на працягу трох гадоў, — расказвае пра экалагічны эксперымент дырэктар школы. — Наш уд зел у праекце закончыўся, а жаданне працаваць па новых тэхналогіях засталося. Галандцы навучылі нас экалагічнаму земляробству. І ўжо трэці год запар мы самі для сваіх дзяцей вырошчваем экалагічна чыстую прадукцыю. Тым больш што ёсць умовы для вырошчвання агародніны. Наяўнасць свайго агарода дазваляе зрабіць харчаванне для школьнікаў больш танным, і якасць ад гэтага не пакутуе, а наадварот, знаходзіцца на даволі высокім узроўні. На пачатку вясны калектыў займаецца пасадкай неабходных культур, а напрыканцы жніўня, збіраем ураджай. Летам на агародзе таксама хапае работы. Усе культуры трэба даглядаць, паліваць. І дзякуючы таму, што ў школе працуюць нераўнадушныя людзі, нам удаецца вырасціць і бульбу, і буракі, і капусту, і інш. Карацей кажучы, нашы дзеці недахопу ў вітамінах не адчуваюць і заўсёды накормленыя.

З улікам сёлетняга ўраджаю, які сабралі ў Азёрах, школе ўдалося сэканоміць даволі значную суму. Як падлічыла бухгалтар Валерыя Валер’еўна Торч, на куплі агародніны сэканомлены 6624 рублі. А гэта значыць, што гэтыя грошы будуць патрачаны на закупку іншых прадуктаў, неабходных дзецям.


— Дзякуючы таму, што эканомім на куплі агародніны, мы можам купіць сваім дзецям, а іх у нас 160 чалавек, больш сезоннай садавіны, — тлумачыць Валерыя Торч. — Акрамя гэтага, набываем глазураваныя сыркі, гематаген. І калі іншыя школы нічога, акрамя кефіру, на другое снеданне сваім выхаванцам прапанаваць не могуць, то мы можам замяніць гэты кісламалочны прадукт ёгуртам. Калі б сістэма патаннення харчавання за кошт уласнай прадукцыі не была наладжана, наўрад ці можна было б штодня забяспечваць дзяцей садавіной ці тварожнай прадукцыяй. Таму можна смела сказаць, што школьны зямельны ўчастак нас корміць!

Акрамя агарода, смачна кормяць і кухары, якія працуюць у школьнай сталовай. Тут пякуць булачкі без дабаўлення хімічных складнікаў, што дае магчымасць не хвалявацца аб уплыве гатовага прадукту на арганізм дзіцяці. Напрыклад, калі выпякаць булачку самім, на выхадзе яна абыдзецца школе ў 22 капейкі, а не ў 40, як магло б быць, калі б інтэрнат набываў здобу ў хлебазавода. Важным момантам патаннення харчавання з’яўляецца яшчэ і тое, што неабходную прадукцыю — мяса, малочныя прадукты — азёрская школа-інтэрнат закупляе адразу ў пастаўшчыкоў, а не праз пасрэднікаў, якія нацэньваюць тавар на 13 працэнтаў. Такі разумны падыход таксама дазваляе эканоміць грашовыя сродкі, а значыць, рабіць харчаванне больш танным.

Сэканоміць, каб накарміць

Маніторынг з’яўляецца важнай часткай арганізацыі якаснага харчавання школьнікаў, таму ў Азёрах сочаць за ўсімі аспектамі: і за эканамічным складнікам, і за якасцю згатаванай прадукцыі.

Як растлумачыла Валерыя Валер’еўна, грашовая норма на харчаванне маленькага дзіцяці на дзень складае 4,47 рубля. Бывае так, што ў некаторыя дні, дзякуючы наяўнасці ўласных прадуктаў, з выдаткаванай грашовай нормы застаецца астатак. А гэта значыць, што на наступны дзень яго даплюсуюць да нормы. І дзіця атрымае, напрыклад, на падвячорак не толькі малако і пячэнне, але і гематаген.


— Штогод да нас у школу прыязджае шмат навучэнцаў, і ўсе яны маюць асабістыя гастранамічныя перавагі, — працягвае дырэктар. — На працягу двух тыдняў — а менавіта на такі час распісваецца меню — прыглядаемся да дзяцей, сочым, якая страва ім больш па душы. Гэта так званы перыяд адаптацыі. Безумоўна, напачатку вельмі складана прывучыць выхаванцаў да іншага харчавання. У першыя дні навучэнцы нават спрабуюць есці так, як рабілі гэта дома, напрыклад, бралі катлету, клалі на кавалак хлеба і елі. Але дзякуючы таму, што кухары ў нас гатуюць ежу па здаровых рэцэптах, стравы вельмі хутка, літаральна праз 2 тыдні, знаходзяць аўтарытэт сярод дзяцей. Драчона, бабка па-азёрску, суфле — гэта самыя любімыя стравы, усё проста і ніякай экзотыкі. Пасля заканчэння другой чвэрці, перад Новым годам, праводзім анкетаванне, якое паказвае, наколькі дзеці задаволены тым, чым іх кормяць.

Харчаванне пад кантролем

Праблемы з апорна-рухальным апаратам, а таксама захворванні касцёва-мышачнай тканкі, з якімі прыязджаюць у школу дзеці, абумоўліваюць рэжым, а таксама рацыён харчавання. Упор робіцца на прадукты, якія ўтрымліваюць кальцый, а гэта малако і 70 грамаў тварагу штодзённа. Кормяць у школе-інтэрнаце 5 разоў у дзень, гэта дапамагае пазбавіць дзяцей звычкі перакусваць чым-небудзь шкодна-смачным. Вялікім плюсам санаторнай школы з’яўляецца і тое, што тут няма буфета, а гэта значыць, што ніякіх сасісак у цесце і беляшоў, абсмажаных у вялікай колькасці алею, тут не знойдзецца. Няма ў пакоях дзяцей і халадзільнікаў, каб не было спакусы схаваць за ёгуртам каўбасу ці прадукты, якія хутка псуюцца.

За харчаваннем школьнікаў вельмі пільна сочаць урачы, у тым ліку ўрач-дыетолаг. Змесціва тумбачак у пакоях навучэнцаў заўсёды “фільтруецца” на наяўнасць забароненых прадуктаў, да якіх адносяцца чыпсы, цукеркі і іншыя шкоднасці. Калі гаварыць пра дзяцей-алергікаў, то ў школе ёсць магчымасць арганізаваць дыетычны стол, калі такая неабходнасць узнікне. Але, як паказвае практыка, дзяцей, якія не пераносяць пэўныя прадукты, прыязджае мала.

Булён з зеляніны і суфле з любоўю

Урач-дыетолаг азёрскай школы-інтэрната Руслана Іванаўна Клімовіч расказала, што для гатавання ежы закупляецца толькі тая прадукцыя, якая адпавядае тэхнічнаму рэгламенту Мытнага саюза. За якасцю ўласнай школьнай прадукцыі сочыць санстанцыя.


— Правяраецца, каб у прадукты не дабаўлялася пальмавае масла і іншыя шкодныя рэчывы, — тлумачыць Руслана Іванаўна. — Але мы сваім дзяцям імкнёмся даваць толькі самае лепшае. Калі гаварыць пра салодкія вырабы, то купляем толькі зефір, мармелад. Выпечка, пра якую ўзгадвалі, даецца па выхадных. З мінулага года пачалі ўводзіць у меню адвар шыпшыны і мёд, які з’яўляецца крыніцай карысных рэчываў. Калі набываем дзецям вафлі, глядзім, каб яны былі без патакі. Даецца навучэнцам і дзіцячая каўбаса, якая не ўтрымлівае дабавак, кансервантаў і араматызатараў. Але каўбасныя вырабы даюцца не часцей, чым 1 раз у тыдзень. Абавязковы прадукт для харчавання нашых дзяцей — рыба, якая з’яўляецца цудоўнай крыніцай кальцыю. А кальцый вельмі неабходны, калі ёсць праблемы з апорна-рухальным апаратам, у прыватнасці, калі выяўлены скаліёз. Працуем мы па двухтыднёвым меню, і дзеці ведаюць, што і ў які дзень будзе згатавана. Увогуле, харчаванне ў школе поўнасцю збалансавана па вугляводах, бялках і тлушчах. Меню для ўсіх трох узроставых катэгорый адно і тое ж, толькі норма выхаду гатовай порцыі розная. Так, напрыклад, навучэнец трэцяй узроставай групы — 14—17 гадоў — атрымлівае ў дзень 3200 ккал. Калі гаварыць пра любімыя стравы, то ўсім без выключэння падабаецца суфле. Яно ў нас сапраўды смачнае, таму што гатуецца з любоўю!

У меню дзяцей абавязкова прысутнічаюць салаты і супы. Раней першае гатавалася выключна на агародніне і ўяўляла сабой лёгкі міксавы булён з вялікай колькасцю зеляніны. І толькі ў апошнія гады ў супы сталі дабаўляць мяса. Пасля гэтага дзеці пачалі з’ядаць усё! Салаты таксама знаходзяцца ў прыярытэце. Ніякага маянэзу ў іх складзе няма, усё гатуецца выключна па нормах правільнага харчавання з дабаўленнем аліўкавага алею ці смятаны. Для прыгатавання ежы выкарыстоўваюцца толькі карысныя, звыклыя для беларусаў прыправы, такія як кроп, пятрушка, базілік і лаўровы ліст. Ніякай усходняй экзотыкі на кухні няма.

Штодня на працягу ўсяго навучальнага года ў школе праводзіцца С-вітамінізацыя харчавання. Вітамінізуюцца першыя і трэція стравы. Для таго каб зрабіць суп, кісель ці кампот удвая карыснымі, дадаецца аскарбінавая кіслата. На кожную ўзроставую групу вызначана свая норма вітаміну С. Такі падыход дазваляе ўзмацніць імунітэт. Асабліва актуальнай вітамінізацыя прадуктаў з’яўляецца зараз, напярэдадні зімы.

Іна Берэта ўпэўнена, што здаровае харчаванне можна арганізаваць і без вялікай колькасці кухонных гаджэтаў. Для гатавання ежы ў харчаблоку санаторнай школы ёсць гарача-духавыя шафы, а тэхналогіі гатавання дазваляюць захаваць усю карысць прадуктаў. Асноўнымі спосабамі гатавання страў з’яўляюцца варка, тушэнне, прыпусканне і запяканне. У Азёрах выкарыстоўваюцца толькі здаровыя метады гатавання. У найбліжэйшых планах — закупка параканвектаматаў.

Год жыцця ў інтэрнаце дае свае вынікі. Дзеці, якія напачатку круцілі носам, спрабавалі ўпотай заварваць “Ралтон” і адмаўляліся ад школьнай ежы, едуць дадому іншымі людзьмі. Безумоўна, яны падрастаюць, набіраюць вагу, але галоўным паказчыкам удзячнасці з’яўляюцца іх словы падзякі за ўсё, і асабліва за суфле.

Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

P.S. Падчас экскурсіі па школе мы зайшлі і ў харчаблок, дзе якраз гатаваўся абед. Як думаеце, што было ў якасці другой стравы? Так, суфле. У сталовую зазірнулі школьнікі і, убачыўшы, што на сталах ужо стаіць іх любімая ежа, пачалі аб гэтым паведамляць астатнім, хто яшчэ не паспеў падбегчы да дзвярэй. Мы з фотакарэспандэнтам таксама пакаштавалі суфле, каб зразумець, што гэта за такая чароўная страва, ад якой усе ў захапленні. Дык вось, суфле — гэта насамрэч вельмі смачна. З задавальненнем прыязджалі б у школу на такія правільныя абеды! Шкада толькі, што ад Мінска далекавата.